Веснiцы
Алесь КАСЦЕНЬ
Простыя рэчы Маладое пакаленне гараджан, напэўна, i не ведае значэння гэтага слова. У гарадскiх паселiшчах з iх шматкватэрнымi дамамi нi платоў, нi веснiц няма. Толькi калi на дачы. Але там i платы ўжо платамi не назавеш — агароджы, ды i веснiцы ў iх найчасцей каваныя, якiя могуць шмат расказаць аб гусце гаспадара, яго дастатку, а то i характары — фанабэрыстым цi не зусiм.А яшчэ ж нейкiя сто гадоў таму ў беларускай вёсцы платы менавiта плялiся, адсюль i назва, са спецыяльна нарэзаных галiн хмызняку. Ну а веснiцы ў iх — гэта ўжо як прыдумае гаспадар, на колькi ў яго хапае матэрыялу, спрыту. Прычым у беларускай вясковай гаспадарцы iснавалi два вiды веснiц, адны, так бы мовiць, парадныя з вулiцы ў двор, i другiя, гаспадарчыя з двара ў агарод, у поле. Былi яшчэ веснiчкi, вузкiя дзверцы ў плоце, якiя, як правiла, выводзiлi ў агарод. Як адзначаюць даследчыкi, у расiйскiх вёсках такое заўсёднае агароджванне платамi не было распаўсюджана. Там былi iншыя традыцыi, iншая сiстэма гаспадарання з абшчынай, кругавой парукай i больш мiрскiм ладам самога жыцця вёскi. Але веснiцы былi i там. Яны паказвалi дастатак гаспадара, яго месца на вёсцы i месца яго двара ў парадку вясковай вулiцы. У савецкiя часы была добрая песня на ваенную тэматыку. Там ёсць i радкi: Я хожу в хороший час заката У тесовых новеньких ворот. Может быть сюда знакомого солдата Ветерок попутный занесет. Мы бы с ним припомнили, как жили, Как теряли трудным верстам счет. За Победу мы б по полной осушили, За друзей добавили еще. Рускi паэт-песеннiк Аляксей Фацьянаў, аўтар гэтых радкоў, вельмi дакладна падкрэслiў тут псiхалагiчныя нюансы. Прыйшоў з фронту чалавек на вёску. Трэба пачынаць новае жыццё. А на душы ж яшчэ свята, хочацца нечага адметнага. Вось i з’яўляюцца «новенькие тесовые ворота». Дарэчы, «тес» — па беларуску дошкi. I ў нашых суседзяў вароты ставiлi глухiя, з высокiх дошак. Паэт трапна падмецiў жаданне чалавека не толькi сустрэць брата-франтавiка, але i паказаць яму гэтымi варотамi, што зажыў няблага, становiцца на ногi. Будзе, канешне, i чарка ў хаце , магчыма, спевы пад трафейны акардэон. Дарэчы, калi яшчэ школьнiкам упершыню трапiў у Полацк, там у раёнах прыватных забудоў здзiвiлi якраз гэтыя высокiя, шчыльна збiтыя з дошак веснiцы. Вiдаць уплыў блiзкага суседа. Беларус жа ў нашых мясцiнах на вёсцы абгароджваўся таму, што трэба было берагчы жывёлу, не пускаць яе ў патраву ў свой агарод, у агарод суседа. Было i такое, што шмат дзе па вёсках ставiлi плот i веснiцы i пры ўездзе на вясковую вулiцу. У Алеся Якiмовiча ёсць такiя радкi: «Сонца ўжо звярнула з поўдня, калi з веснiц вёскi паказалася чарада кароў». Сённяшняя вёска, безумоўна, iншая, толькi дзе-небудзь у самай глыбiнцы, ля старой i найчасцей нежылой хаты можна ўбачыць плецены, сцямнелы i паўзгнiлы плот. Ды i веснiц, самiх платоў становiцца значна менш, што прыводзiць да неўразумення. У адзiнокiх пенсiянераў рукi не даходзяць, ды i сiлы няма. Але ўзяць сярэднюю гаспадарку, дзе ёсць яшчэ каму працаваць. Так, той кавалак зямлi, дзе гаспадыня вырошчвае гароднiну, дзе растуць нейкiя кусты ягад — на лета агароджваецца. Чаму — зразумела. Ад кур, якiя ад восенi да вясны ходзяць на свабодзе. Цiкавая адметнасць: на вёсцы агароджваюць пасевы, каб не псавалi iх куры. I галоўны клопат гаспадынi летам, калi займаецца яна праполкай, а потым спяшаецца цi то да каровы, цi паварочаць сена — не забыць прычынiць надзейна веснiчкi. Iнакш куры здратуюць усё. А ў маленькiх гарадках летам курэй агароджваюць у загоны, каб не лезлi ў шкоду. Але чаму ж на вёсцы так менее платоў i веснiц? Тлумачэнне адно: сучасная тэхнiка iх i на дух не прымае. Калi раней селянiн адкрываў веснiцы i заганяў у двор свайго каня, то цяпер, каб уехаць камбайну цi трактару ў дварышча, праехаць на прысядзiбныя ўчасткi, не тое што веснiц — некалькiх пралётаў плоту не хапае. У старажытнасцi магнаты, багатыя шляхцiчы вялiкае значэнне надавалi веснiцам пры ўездзе на iх двор, сядзiбу, тэрыторыю палаца. Дыхтоўныя спецыялiсты займалiся гэтым. Уключалi веснiцы i герб, якi належаў гэтым гаспадарам. Саступiлi даўно ў мiнулае часы магнатаў i шляхецкiх родаў, не так i шмат засталося на нашай зямлi старажытных сядзiб. Але дзе-нiдзе выявы гербаў застаюцца. Што ж да правiнцыйных гарадкоў-райцэнтраў, якiя разбудавалiся, выраслi ўжо ў пяцiдзесятыя гады ХХ стагоддзя, то тут цi ў Паставах, цi Браславе, цi ў Докшыцах можна назiраць тры асноўныя тэндэнцыi. Першыя перасяленцы з вёсак пры ўзвядзеннi платоў i веснiц аддавалi перавагу найперш штыкетнiку, як таннаму i даступнаму матэрыялу. Але штыкетнiкаў сёння ў райцэнтрах паменела. Яны недаўгавечныя. Сталi гаспадары найбольш аддаваць перавагу сеткам, плеценым з дроту, спачатку самаробным. Iх не так i складана рабiць, асаблiва з падатлiвага алюмiнiевага дроту, а потым i купленым, якiя былi надзейней. Адпаведнымi былi i веснiцы, веснiчкi для ўваходу чалавека праз iх. Праўда, тут ужо гаспадар праяўляў свой густ, уплятаючы ў веснiцы нейкi ўзор. Яны, гэтыя веснiчкi, мiж iншым, лёгка здымалiся. I да гэтага часу ў моладзi захаваўся звычай на Куццю перад Новым годам па старому стылю, перад Калядамi варажыць, а потым хадзiць па вулiцах. Знятыя ў гэтыя ночы вароты, бывала, знаходзiлi праз некалькi вулiц ад хаты. Гэта незласлiвая ўвогуле забава. Але многiя гаспадары, выходзячы ранiцай з хаты, бачылi ды i бачаць яшчэ сёння голыя слупкi, дзе стаяў учора драцяны плот. Гэта ўжо злодзеi-металашукальнiкi, асаблiва медзi цi алюмiнiю. Ну i трэцяе — новыя беларусы, дакладней людзi сярэдняга класа, якiя маюць магчымасць весцi будаўнiцтва сваiх сядзiб дзесьцi ў апошнiя паўтары дзесяцiгоддзi. Тут у адносiнах да платоў можна сказаць, што яны пачалi насiць не столькi агараджальны, колькi дэкаратыўны характар. I адпаведна веснiцы — каваныя, вараныя, але абавязкова з металу. У нашым рэгiёне такая мода пайшла з Глыбокага. I сёння ўжо ў кожным райцэнтры шмат такiх прыўкрас. Гэтыя людзi, заводзячы невысокiя, пераважна мураваныя платы i плоцiкi, такiя ж невысокiя веснiцы, нiбы прапануюць суседзям i прахожым зазiрнуць у iх дварышчы: пабачыць i зялёныя, прыгожа выкашаныя палянкi замест бульбы цi гуркоў, самi будынкi ў два-тры паверхi, талеркi антэн на iх, шыкоўныя машыны ля гаражоў. У маiх Паставах ёсць толькi тры-чатыры збудаваннi апошняга часу, якiя абнесены шчыльным, больш чым двухметровым плотам, дзе i праз шчылiну не пабачыш, што там, унутры. Вiдаць, кожны мае права рабiць сваю крэпасць на свой капыл. У апошнi час i мясцовыя ўлады ў раённых гарадках схiляюцца да ўзвядзення платоў, асаблiва па цэнтральных вулiцах. Тут перавага аддаецца цi жалезабетону, цi зноў жа штыкетнiку, але фiгурна выразанаму. I вельмi шмат дзе гаспадар, вяртаючыся дадому, адчыняе спачатку веснiцы плота, якi ўзведзены камунальнай службай, а потым веснiцы свайго плота, якi ён не спяшаецца здымаць. Таксама яго права. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладое пакаленне гараджан, напэўна, i не ведае значэння гэтага слова. У гарадскiх паселiшчах з iх шматкватэрнымi дамамi нi платоў, нi веснiц няма
|
|