21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Куплю паношанае адзенне для другога дзiцяцi,

25.08.2009 21:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Дэмаграфiчная бяспека

альбо Чаму ў нас няма айчыннага «сэканд хэнда»?

Мая суседка, убачыўшы аб’яву на дзвярах «Second Hand» аб тым, што, магчыма, магазiн хутка будзе закрыты, ускрыкнула: «Ну вось, з брацiкам для Дашы прыйдзецца пачакаць!» Як жа так, кажу, няўжо на такое важнае рашэнне можа паўплываць iснаванне магазiна паношанага адзення? «Ну калi сур’ёзна, дык не, — засмуцiлася мацi двухгадовай дзяўчынкi. — Калi «так» здарыцца, то не наяўнасцю магазiна буду кiравацца, але...» Адным словам, 23-гадовая жанчына бачыла ў магчымым закрыццi магазiна пэўную праблему, а я вырашыла разабрацца, якая можа быць сувязь памiж «дэмаграфiчным пытаннем» i магазiнамi эканом-класа.

Суседка патлумачыла прычыну сваёй трывогi:

— Муж зарабляе 350—400 тысяч рублёў, ды я атрымлiваю дапамогу на дзiця 50 тысяч. За гэтыя грошы нам трэба аплацiць камунальныя паслугi, электрычнасць i тэлефон. Потым адкласцi на харчаванне. Акрамя гэтага, Дашулi патрэбны вiтамiны. Самы танны слоiчак вiтамiннага сiропу каштуе 10 тысяч, на месяц яго не хапае. А калi малая, не дай Бог, захварэе, то за лекi аддам амаль палову дзiцячай дапамогi. Так што грошай на новае адзенне ў нас не застаецца. У «Second Hand» я купляю вопратку добрай якасцi, яркую i прыгожую, прычым адносна танна. Там я магу апрануць малую на адзiн сезон за 50—55 тысяч. У ЦУМе я столькi ж аддам толькi за касцюмчык i адну сукенку. А яшчэ ж трэба дзiця абуць, купiць яму кнiжку або цацку...

Падазраю, што сем’яў з падобным на Таццянiн бюджэтам у нас нямала. Прычым у асноўным гэта менавiта маладыя сем’i, дзе муж або жонка яшчэ i вучацца, або проста не паспелi набыць прафесiйны вопыт, якi дазволiць зарабляць больш. Разам з тым, для жанчын гэта якраз той перыяд, калi з’яўленне другога дзiцяцi найбольш верагоднае i зручнае. Пра гэта кажуць i ўрачы: маўляў, чым маладзей жанчына, тым лепей яе здароўе, а значыць, ёй лягчэй зацяжараць i вынасiць здаровае дзiця. Ды i само жыццё за тое: яшчэ свежы ў памяцi вопыт догляду за немаўляткам, на працы — няма чаго пакуль губляць, дзецям з такiм невялiкiм адрывам ва ўзросце лягчэй расцi разам, ды i магчымасць «хутка адстраляцца», як кажуць у народзе, прываблiвае... Прываблiвала б! Калi б не фiнансавае «але». На жаль, менавiта яно, ды яшчэ «кватэрнае пытанне» (вырашэнне якога таксама залежыць ад наяўнасцi грошай) часта дыктуюць свае ўмовы маладой сям’i ў планаваннi колькасцi дзяцей.

Канешне, гэта няправiльна. Правiльна было б кiравацца ў такiх рэчах галоўным чынам любоўю. Але ад сучаснага практыцызму збегчы нялёгка. Здавалася б, якая рознiца, як апранута дзiця (магчымы ж яшчэ «савецкi варыянт» даношвання за стрыечнымi братамi i ўнукамi суседкi, не толькi «другiя» рукi, а яшчэ i «чацвёртыя» i нават «пятыя»), галоўнае, каб не было ў яго недахопу ўвагi i ласкi бацькоў. Аднак людзi, якiя працуюць з дзецьмi, канстатуюць рэчы даволi жорсткiя.

— На жаль, такая праблема, як сацыяльная няроўнасць, iснуе i сярод малых, — расказала педагог-псiхолаг Святлана, якая ў абмен на шчырасць папрасiла не называць яе прозвiшча. — З сямi гадоў яны пачынаюць адрознiваць адзiн аднаго па вопратцы. Пачынаецца ўсё з фламастараў i заканчваецца джынсамi. У пачатковай школе дзецi сацыяльную няроўнасць успрымаюць на ўзроўнi самаацэнкi, гэта значыць чым горшая вопратка, тым нiжэй самаацэнка. Толькi пасля 4—5-га класаў яны разумеюць, што iх бацькi проста бяднейшыя за некаторых iншых. I тады ўзнiкае агрэсiя, зайздрасць, замкнёнасць. Наогул дзецi з малазабяспечаных сем’яў часцей пакутуюць ад неўрастэнii i няўмення кантактаваць з равеснiкамi. Адносiны настаўнiка да дзiцяцi таксама стымулююцца ў плане матэрыяльным. Я маю на ўвазе, што калi бацькi могуць дазволiць сабе дапамагаць школе, купiць, напрыклад, шпалеры цi шторы ў клас, то i адносiны настаўнiка да iх дзiцяцi (часцей за ўсё несвядома) будуць больш лаяльнымi.

А цяпер паспрабуем прыкiнуць, колькi застаецца ў сям’i грошай на вопратку i дапамогу школе, калi яна рашылася на другое дзiця. Калi даход сям’i з чатырох чалавек (працуючы бацька, мацi ў водпуску па догляду дзiцяцi, немаўля i старэйшае дзiця-першакласнiк) роўны прыкладна 100 доларам на чалавека (а гэта трохi нiжэй мiнiмальнага спажывецкага бюджэту i разам з тым параўнальна нямала — 880 тысяч), то пасля аплаты камунальных паслуг, тэлефона (стацыянарнага), электраэнергii, пакупкi гiгiенiчных сродкаў (у тым лiку памперсаў) i прадуктаў харчавання застаецца прыкладна 350 тысяч рублёў. I гэта пры эканомii. Напрыклад, у выпадку, калi нованароджанае дзiця ссе матчына малако, а памперсы на яго адзяваюць толькi падчас сну i прагулак, калi садавiну купляюць толькi дзецям, а з тэлефона не звоняць праз «8». Што, скажам прама, не зусiм рэальна. Калi яшчэ адняць кошт праязнога бiлета для бацькi (26 400 — на два вiды транспарту), то застаецца трохi больш за 300 тысяч. Многа гэта цi мала, мяркуйце самi. Вось некаторыя цэны на новыя тавары айчыннай вытворчасцi. Сярэднi кошт паўзункоў — 10 500 рублёў, кофтачкi — 8 400, касцюмчыка вытворчасцi «Свiтанак» — 36 400, шапачкi — 4 310, шкарпэтак — 1 800, трыкатажнага касцюмчыка — 25 900, слiнючкi — 5 150 рублёў. Усё гэта для немаўляцi, якому на месяц патрэбна (пры ўмове, што памперсы толькi на сон i прагулку) сама мала 6 камплектаў «паўзункi-кофтачка». Прычым спярша адзежу прыйдзецца аднаўляць кожны месяц, а потым раз на два месяцы, але яна будзе даражэйшай, ды i спатрэбiцца нешта iншае, а нечага, напрыклад, слiнючак i кофтачак — больш... Атрымлiваецца толькi на немаўля, толькi на паўсядзённую вопратку — прыкладна 200 тысяч рублёў у месяц. Вось i застаецца на старэйшае дзiця, скажам, першакласнiка, ды на дарослых разам каля 100 тысяч на ўсё пра ўсё. Тут ужо будзеш думаць: фламастары купляць першакласнiку або калготкi i цi даваць на рамонт класа i колькi... А многiя ж маладыя сем’i яшчэ выплачваюць спажывецкiя крэдыты: на пральную машыну-аўтамат, на халадзiльнiк, некаторыя — на кватэру.

Вось чаму ў нас многiя не грэбуюць апранацца ў «Second Hand». Аднак няўжо замежныя не новыя рэчы — адзiнае выйсце? Чаму б не стварыць на Беларусi айчынныя «Другiя рукi»? Думка гэтая не новая. Нешта падобнае спрабавала зрабiць грамадская арганiзацыя «Чырвоны Крыж».

— Гадоў пяць таму, калi ў нас быў недахоп гуманiтарнай дапамогi з-за мяжы, мы спрабавалi арганiзаваць «айчынную гуманiтарку», — расказаў старшыня Мiнскай гарадской грамадскай арганiзацыi «Чырвоны Крыж» Яўген Козак. — Але з гэтым звязана мноства праблем. Напрыклад, трэба арандаваць памяшканне, куды людзi прывозiлi б непатрэбную iм вопратку, затым трэба арганiзаваць санiтарную апрацоўку, а потым рассартаваць вопратку. Усё гэта патрабуе дадатковых выдаткаў, якiя нам няма адкуль узяць, бо мы не маем права рэчы прадаваць — толькi раздаём.

Сёння ў «Чырвонага Крыжа» замежнай гуманiтарнай дапамогi дастаткова. Толькi гэта мала суцешыць Дашыну мацi, бо яе сям’я не адносiцца да катэгорыi, якой дапамагае «Чырвоны Крыж». Гуманiтарную дапамогу там бясплатна раздаюць iнвалiдам, шматдзетным малазабяспечаным сем’ям, адзiнокiм мацi, адзiнокiм старым i асобам, якiя не маюць пастаяннага месца жыхарства.

Атрымлiваецца, што людзi, якiя зарабляюць крыху больш, чым «мала», але ўсё ж такi недастаткова, не абароненыя. А гэта ж тыя, хто працуе, тыя, хто не сядзiць у чатырох сценах. Гэта тыя маладыя мужчыны i жанчыны, якiя iмкнуцца быць добра апранутымi, добра выглядаць (а тут i парфума, i касметыка, i цырульня), мець больш высокi сацыяльны статус. Вось таму яны i не нараджаюць. Таму яны памiж другiм дзiцём (апошнiм часам нярэдка i першым) i працай, кар’ерным ростам, магчымасцю павышэння заробку — выбiраюць апошняе. I не судзiць тут трэба, а, у сiтуацыi дэмаграфiчнага крызiсу, шукаць выйсце i для гэтай (не багатай i не беднай) праслойкi насельнiцтва.

Адзiн з варыянтаў выйсця знайшлi ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны Фрунзенскага раёна Мiнска. Работнiкi цэнтра збiраюць адрасы ў людзей, якiя гатовы аддаць непатрэбную iм вопратку, i раздаюць гэтыя адрасы тым, каму дапамога патрэбная.

— Такiя рэчы, канешне, адрознiваюцца ад «замежнай гуманiтаркi», — прызнаецца Вера Кукушкiна, мацi шасцярых дзяцей, якая скарысталася названай паслугай тэрытарыяльнага цэнтра. — Напрыклад, фiрменная дзiцячая майка, нават ношаная, не расцягнецца, не згубiць колер, пакуль яе будуць насiць усе мае дзецi па чарзе. А майка, якую я ўзяла ў людзей, калi пратрымалася сезон, i то добра. Iншая справа, калi адзежу аддаюць забяспечаныя людзi, вось тады, канешне, яна нiчым не адрознiваецца ад «гуманiтаркi».

Iснуе яшчэ адзiн стары добры спосаб набыць нядорага дзiцячую вопратку: па аб’явах у газетах. Але з цаной тут — як пашанцуе. Адны прададуць камбiнезон за сорак тысяч, другiя за сорак долараў. Да таго ж гэты спосаб зручны толькi для жыхароў сталiцы. З раёна ў Мiнск за вопраткай па аб’яве не паедзеш, па-першае, шлях даражэй абыдзецца, па-другое, не бачыш, што табе прапануюць.

Усё ж лiчу: тое, што ў нас не наладжаны збор паношаных рэчаў у насельнiцтва, — вялiкая хiба. Калi б гэта было дакладна арганiзавана, стала добрым тонам, цi модай — вызваляць свае гардэробы ад «баласту» на карысць iншых людзей, — выйгралi б i тыя, хто аддае, i тыя, каму аддаюць. А калi б гэта яшчэ i набыло камерцыйны iнтарэс у станоўчым сэнсе гэтага слова, то не было б такой вострай залежнасцi ад пастаўшчыкоў замежнага «сэканд хэнду». Зрэшты, хай не напрамую, хай ускосна, усё гэта толькi было б на карысць нараджэння другога дзiцяцi ў «сярэдняй» сям’i.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
альбо Чаму ў нас няма айчыннага «сэканд хэнда»?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика