Выбары ва Украiне
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
Палiтычны гандаль непазбежны
Паводле папярэднiх падлiкаў, партыя рэгiёнаў В. Януковiча набрала больш за iншых галасоў i ўпэнена лiдзiруе. Другое месца ў каманды экстравагантнай Ю. Цiмашэнка, а прапрэзiдэнцкi блок «Наша Украiна» В. Юшчанкi толькi трэцi. Далей iдуць сацыялiсты (лiдар А. Мароз), кампартыя (лiдар П. Сiманенка) i «Народная апазiцыя» (лiдар Н. Вiтрэнка). У мiнулую нядзелю грамадзяне Украiны зноў прайшлi суровую школу дэмакратыi, павысiлi сваю выбарчую квалiфiкацыю i ўзбагацiлi сябе новым вопытам парламентарызму. Упершыню галасаванне ў Вярхоўную Раду праходзiла па прапарцыянальнай сiстэме. 450 дэпутатаў выбiралiся па партыйных спiсах тэрмiнам на 5 гадоў. Упершыню выбаршчыкi сутыкнулiся з такой новай з’явай, як партыi-аднадзёнкi, створаныя непасрэдна пад гэтыя выбары. Упершыню гэта былi самыя дарагiя выбары за ўсю гiсторыю сучаснай Украiны: эксперты называюць сумы ў сотнi мiльёнаў долараў ЗША. У сярэднiм адзiн дэпутацкi мандат пацягнуў на 2,5 млн долараў. У барацьбе за iх змагалiся 45 палiтычных блокаў i партый, кожная з якiх заманьвала выбаршчыка сваiм рэцэптам народнага шчасця. Бiтва за галасы суправаджалася чорным i белым пiярам, вайной кампраматаў, блытанiнай у выбарчых спiсах, шчодрай раздачай абяцанкаў на любы густ i г.д. Адкуль такая актыўнасць? Згодна з палiтычнай рэформай, пасля гэтых выбараў цэтр улады ў краiне перамесцiцца ў парламент, а лiдары яго фракцый стануць надзвычай уплывовымi людзьмi. А ў постсавецкай Украiне палiтык i багаты чалавек сталi словамi-сiнонiмамi. Яшчэ не скончыўся канчатковы падлiк галасоў, як пачаўся палiтычны гандаль. Закулiсная праца ў разгары. Так, партыя рэгiёнаў В. Януковiча — першая па атрыманых галасах. Але яна не стане галоўнай у парламенце ў тым сэнсе, што будзе мець права на манаполiю фармiравання ўрада i вылучэнне свайго лiдара прэм’ер-мiнiстрам. Паслявыбарны расклад сiл не дазваляе нiводнай з палiтычных партый, якiя прайшлi ў Вярхоўную Раду, дамiнаваць над канкурэнтамi. А гэта значыць: непазбежны палiтычны гандаль з тымi людзьмi, якiх не прымае душа, сэрца i розум. Вось ён, горкi прысмак палiтыкi, калi ў першую чаргу важны вынiк, а не тлумачэннi, чаму ён не атрымаўся. Таму не выключаецца сiтуацыя, што зноў колiшнiя саюзнiкi па Майдану В. Юшчанка i Ю. Цiмашэнка, сцяўшы зубы, зноў аб’яднаюцца супраць В. Януковiча. Каб дзеючаму прэзiдэнту захаваць нават не поўны кантроль над выканаўчай уладай i пазбегнуць цеснага супрацоўнiцтва з заклятым сапернiкам i канкурэнтам, трэба iсцi на кантакт з паплечнiкамi Ю. Цiмашэнка. Тая не супраць, але настойвае на заключэннi саюзнiцкага мемарандума. Можна толькi ўявiць, як праявiць сябе i распарадзiцца новымi куды больш шырокiмi паўнамоцтвамi кiраўнiка ўрада «аранжавая прынцэса». Але В. Януковiч стрэляны верабей, у яго, думаецца, ёсць свае хатнiя нарыхтоўкi, i партыя рэгiёнаў паспрабуе не ўпусцiць свой шанц i выцiснуць максiмум з атрыманай перамогi. Можа, скажам, зацiкавiць i прыцягнуць на свой бок лiдараў iншых парламенцкiх партый. Ужо мiнулай ранiцай В. Януковiч заявiў аб гатоўнасцi ўзяць на сябе адказнасць за фармiраванне ўрада. Не думае ўхiляцца ад гэтай пачэснай адказнасцi i Ю. Цiмашэнка, якая, мiж iншым, на адным з перадвыбарных мiтынгаў заявiла, што ў выпадку яе вяртання ў крэсла прэм’ер-мiнiстра яна анулюе газавае пагадненне з Расiяй. Не пакiдае надзеi прызначыць свайго чалавека на пасаду кiраўнiка ўрада В. Юшчанка. Карацей, ва Украiне пасля выбараў закручваецца новая захапляльная палiтычная iнтрыга. А што насельнiцтва? Цi не чакаюць яго новыя расчараваннi, як пасля 15-месячнага кiравання краiнай каманды В. Юшчанкi? P.S. Учора на 16.20 было апрацавана 33,66 працэнта пратаколаў участковых выбарчых камiсiй: Партыя Рэгiёнаў набрала 26,1 працэнта галасоў, Блок Юлii Цiмашэнка — 23,96 працэнта, Блок «Наша Украiна» — 16,75 працэнта, Сацыялiстычная партыя Украiны — 7,24 працэнта, Камунiстычная партыя — 3,44 працэнта галасоў. Гэтыя 5 партый пераадольваюць бар’ер у 3 працэнты галасоў, якi дае iм права прэтэндаваць на месцы ў Вярхоўнай Радзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палiтычны гандаль непазбежны
|
|