Людзi просяць не вiдовiшчаў, а работы
Вольга ШУТАВА
Нечасовыя цяжкасцi пасёлка
У Арэхаўскiм сельскiм Савеце Аршанскага раёна нарколаг праводзiў гутарку з жанчынамi, якiя злоўжываюць алкагольнымi напоямi. На ўлiку ў нарколага iх — ужо 13. Чарговая сустрэча была арганiзавана па iнiцыятыве мясцовай улады з той нагоды, што расце колькасць жанчын, якiя цягнуцца да выпiўкi. У сельсавеце, аналiзуючы каранi гэтай з’явы, называюць шэраг прычын яе з’яўлення. Адна з iх — беспрацоўе. Афiцыйна ўзровень беспрацоўя ў Арэхаўску — 4,3 працэнта. У Цэнтры занятасцi на ўлiку стаiць 58 чалавек. З iх — 88 працэнтаў — жанчыны, 30 — моладзь. Высокi ўзровень жаночага беспрацоўя спецыялiсты Цэнтра занятасцi тлумачаць тым, што ў Арэхаўску прадпрыемствы арыентаваныя ў асноўным на мужчынскую працу. Прадпрыемства, дзе пераважалi работнiцы-жанчыны, закрыта больш за дзесяць гадоў назад. У структуры беспрацоўных з той пары значная частка непрацуючых. Гэтыя людзi як правiла маюць адну прафесiю i невысокую квалiфiкацыю. З тых, хто стаiць на ўлiку ў Цэнтры занятасцi, амаль 40 працэнтаў маюць агульную сярэднюю адукацыю i 15 працэнтаў — няпоўную сярэднюю. Гарадскi пасёлак Арэхаўск вырас з рабочага пасёлка энергетыкаў у сувязi з пачаткам будаўнiцтва БелДРЭС (1927 год). I цяпер тут самае прэстыжнае прадпрыемства БелДРЭС, дзе занята звыш 300 чалавек. Ёсць яшчэ КУСП «Цяплiчны» (звыш 300 чалавек), iльнозавод (132 чалавекi), сельскагаспадарчае прадпрыемства «Маяк камуны», бальнiца, школа, участак электрасетак. Быццам бы шмат прадпрыемстваў i ўстаноў. Ды толькi на працу змаглi ўладкавацца 1300 чалавек, а працаздольных 1850. Пражываюць жа ў пасёлку каля трох тысяч жыхароў. Пра недахоп рабочых месцаў у Арэхаўску разважае старшыня сельскага Савета Вячаслаў Бондараў. — У свой час (больш за дзесяць гадоў таму) у пасёлку функцыянаваў завод «Лантан», выпускаў кандэнсатары. На заводзе было звыш 700 рабочых месцаў, працавалi пераважна жанчыны i мелi добры заробак. Цяпер «Лантан», лiчы, закрыты. Утрымлiваюць там дзеля прылiку чалавек 50 з мiзэрным заробкам. Карпусы завода апусцелi i не выкарыстоўваюцца. У значнай ступенi ў Арэхаўску па гэтай прычыне незанятасць больш жаночая, чым мужчынская. Старшыня сельсавета не адну папку чыстай паперы перавёў на допiсы ў розныя мiнiстэрствы i ведамствы. Ездзiў туды з прадстаўнiкамi адмiнiстрацыi завода. Пры сустрэчах i ў пiсьмах даводзiў, што завод трэба перапрафiляваць, адкрыць хоць якую вытворчасць мiнiмум месцаў на 250. Тады менш будзе п’янства i злачынстваў, прыпынiцца адток моладзi з Арэхаўска. А калi ж неспрыяльная абстаноўка захаваецца яшчэ гадоў на пяць, то ў пасёлку застануцца толькi пенсiянеры. Лiчбы пацвярджаюць такую перспектыву: у 1969 годзе ў Арэхаўску пражывала 5,3 тысячы жыхароў, у 1998-м — 3,6 тысячы, у 2006-м — менш за 3 тысячы. Пакуль не «прабiў» старшыня сельсавета нiякай вытворчасцi, застаецца ўсе па-ранейшаму. Праўда, мясцовая ўлада намагаецца згладзiць становiшча. Напрыклад, адкрылi рынак, каб жыхары маглi рэалiзаваць тое, што вырасцiлi на ўчастках i сабралi ў лесе: грыбы, ягады, лекавыя травы. Рэалiзуюць тавары на рынку i прадпрымальнiкi з мясцовых. Але гэта — кропля ў моры. Тым часам канкурэнцыя на адно рабочае месца расце на ўсiх прадпрыемствах i ўстановах. Не хапае ўжо рабочых месцаў медсёстрам, прадстаўнiкам тэхнiчных прафесiй. Чэргi, конкурсы ёсць нават на адно вакантнае месца санiтаркi ў бальнiцу i сацыяльнага работнiка па абслугоўванню састарэлых людзей на даму. У большасцi сваёй маладыя людзi гатовы на любую працу, ды не заўсёды ўладкоўваюцца. Праўда, нi адзiн з суразмоўцаў не пажадаў назваць сваё прозвiшча ў газеце, не жадаючы выносiць уласныя праблемы на агульнае абмеркаванне. Дзяўчына, па прафесii медсястра, атрымала размеркаванне ў бальнiцу ў прыгарадзе Вiцебска. Але заробку не хапала, каб заплацiць за кватэру i харчаванне. Таму вымушана была вярнуцца дадому, у Арэхаўск, дзе мела сваё жыллё. I тры гады пакутавала ў пошуках працы. Працавала нянечкай, потым яе звольнiлi, бо ва ўстанове скарачалi работнiкаў (яна ж нядаўна ўладкавалася). Затым падмяняла некалькi разоў жанчын, якiя знаходзiлiся ў дэкрэтным водпуску, на розных работах. I нарэшце ў конкурсе медсясцёр на адно месца перамагла. Яе залiчылi медсястрой у штат бальнiцы. Вельмi радавалася, што ўладкавалася на работу па спецыяльнасцi. Лiчыць, што ёй пашанцавала. Заробак — 200 тысяч рублёў. Яе сяброўка, 22 гады, аграном па спецыяльнасцi, пасля тэхнiкума працуе на льнозаводзе рабочай у тры змены, дзе цяжкая праца, холадна ў цэхах. Жанчынам прыходзiцца пераносiць грузы, працаваць на зношаных механiзмах. За мiнулы год на прадпрыемстве было два выпадкi траўматызму работнiкаў. I заробак пры цяжкiх умовах работ — крыху больш за сто тысяч рублёў, на якiя немагчыма пражыць да наступнай зарплаты. Тым не менш, дзяўчына працуе. Дарэчы, як сказалi ў аддзеле кадраў iльнозавода: iдуць да iх працаваць i маладыя, i пажылыя. Праўда, i цякучасць кадраў значная. Час ад часу патрабуюцца механiзатары i падсобныя рабочыя, але гэтыя вакансii хутка запаўняюцца. Працяглы час не запоўнены толькi вакансii iнжынера i вядучага механiка. Яшчэ адна сацыяльная група, дзе высокi ўзровень беспрацоўя — гэта грамадзяне перадпенсiйнага ўзросту. Жанчына (51 год) расказала, што яе звольнiлi з работы па скарачэнню штатаў. Працавала на ўчастку жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Лiчыць, што ў яе мала шанцаў уладкавацца на працу ў гэткiм узросце. Калi i адкрываецца вакансiя, то аддаюць перавагу маладым. Яна на працягу года была беспрацоўнай. Цяпер працуе на прадпрымальнiка. Зарабляе сцiпла, толькi на харчаванне. Мужчына пасля пяцiдзесяцi, якi адбываў пакаранне ў калонii, паведамiў, што з яго мiнулым на працу ўладкавацца немагчыма. Ён стамiўся хадзiць па iнстанцыях. Бачыць на будучае два варыянты iснавання: бамжаваць цi з’ехаць на заробкi ў Расiю. На заробкi выязджаюць шмат хто з мужчын. Ёсць выпадкi, калi i гiнуць там, i прападаюць без вестак. Мой субяседнiк выбраў iснаванне бамжа. Жыве ў сваёй кватэры. Не плацiць за камунальныя паслугi. У кватэры адключылi ўсё, што можна: ваду, газ. Ды прыстасаваўся жыць i ў такiх умовах. Шмат хто з беспрацоўных Арэхаўска чакае пачатку веснавых палявых работ на цяплiчным камбiнаце, дзе ёсць шанц уладкавацца на сезон: садзiць расаду, потым даглядаць пасадкi i ўбiраць ураджай. Будзе работа, будзе i заробак. Але гэта часова. Таму праблемы, звязаныя з беспрацоўем, у пасёлку застаюцца. Аршанскі раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нечасовыя цяжкасцi пасёлка
|
|