Абароненая старасць
Iнга МIНДАЛЁВА
ЗВЫЧАЙНЫЯ КЛОПАТЫ На тэрыторыi Крывiцкага сельсавета Мядзельскага раёна Мiнскай вобласцi пражывае 2400 чалавек. Кожны трэцi ўжо дасягнуў пенсiйнага ўзросту. З iх 480 адзiнока пражываючых, 70 адзiнокiх, 80 iнвалiдаў, 15 удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны.— Натуральна, да такiх людзей патрэбна адносiцца з павышанай увагай i клопатам, бо яны належаць да сацыяльна неабароненай катэгорыi, — патлумачыў старшыня Крывiцкага пасялковага Савета дэпутатаў Уладзiмiр Зiнкевiч. — Многiя пытаннi нам вырашаць прасцей, таму што Крывiчы да 1961 года з’яўлялiся раённым цэнтрам, i з тых часоў захавалi ўсю адпаведную iнфраструктуру, неабходную для нармальнай жыццядзейнасцi чалавека. У нас працуюць бальнiца, аптэка, Дом культуры, цэнтр рамёстваў, пажарная ахова, школа, участак дарожна-рамонтнага будаўнiчага ўпраўлення, участкi цепласетак, электрасувязi. Усе гэтыя арганiзацыi — i буйныя, i невялiкiя — маюць у сваёй гаспадарцы некалькi коней i адпаведныя тэхнiчныя сродкi (плугi, культыватары) для апрацоўкi прысядзiбных «сотак». Свае агародзiкi ёсць у кожнай арганiзацыi, у кожнага крывiча. Нават у старэнькай адзiнокай бабулькi ўсё роўна будзе пасаджана сотак 10 бульбы i яшчэ трошкi адведзена пад агуркi i капусту. Безумоўна, гэта добрая падтрымка для сцiплага вясковага бюджэту, а калi ёсць лiшкi, якiя можна прадаць, дык яшчэ i прыбытак. Калi некаму з мясцовых жыхароў, у тым лiку i пенсiянеру, патрэбна дапамога (конь, тэхнiка) у правядзеннi пасяўных цi ўборачных сельскагаспадарчых работ, ён можа атрымаць яе ў любой з вышэйазначаных арганiзацый (ДРБУ, бальнiцы, школе i г.д.) Толькi заяўку лепш аформiць загадзя, каб не ствараць чаргу. Значную падтрымку ў гэтым накiрунку аказвае жыхарам сельсавета i мясцовы СВК «Беларусь». — Сваiм землякам гаспадарка дапамагае тэхнiкай, угнаеннямi, зернем, — гаворыць старшыня СВК «Беларусь», дэпутат раённага Савета Наталля Бялоўская. — Асаблiва ўважлiва мы ставiмся да патрэб нашых ветэранаў працы, сённяшнiх пенсiянераў. Яшчэ 6 гадоў таму ў нашай гаспадарцы працавала 360 чалавек. I гэта была стабiльная лiчба. Сёння ў СВК засталося толькi 130 работнiкаў. Астатнiя выйшлi на пенсiю. Калi чалавек усё жыццё адпрацаваў, напрыклад, паляводам, як ён без падтрымкi пражыве на сваю сцiплую пенсiю? Мы дапамагаем iм з пасадкай i ўборкай сельгаспрадукцыi. I аплату за гэтыя паслугi бяром па мiнiмуму. СВК нясе страты, аднак павышаць цэны мы не будзем. Галоўнае для нас — падтрымаць людзей, якiя аддалi свае лепшыя гады калгасу. Акрамя падрыхтоўкi да пасяўных работ, адным з найбольш важных для крывiцкiх пенсiянераў з’яўляецца пытанне забяспечанасцi палiвам. Нарыхтаваныя на зiму запасы заканчваюцца, а веснавога цяпла яшчэ трэба дачакацца. — Нiякiх праблем тут не ўзнiкае, — падкрэслiў Уладзiмiр Зiнкевiч. — Нi з транспартам, нi з брыкетам, нi з дровамi. Прывозiм проста ў двор, калi трэба — тут жа i паколем. Заказ можна зрабiць праз старасту альбо напрамую па тэлефоне (тэлефон сёння ёсць у кожным з 14 населеных пунктаў сельсавета, абавязкова — у кожнага ветэрана Вялiкай Айчыннай). Iнвалiды i ўдзельнiкi вайны па аплаце за палiва маюць 50-працэнтную скiдку. Што датычыцца забяспечанасцi транспартам, то гэты сацыяльны стандарт у сельсавеце выконваецца амаль што на 200 працэнтаў. Побач чыгунка, плюс «маршруткi» iндывiдуальных прадпрымальнiкаў па пяцi асноўных накiрунках (па раёне, на Мiнск, на Маладзечна, на Вiлейку), якiя ходзяць па некалькi разоў у дзень. Пашанцавала Крывiчам i з медыцынскiм абслугоўваннем. Ёсць тут i палiклiнiка, i бальнiца, ды яшчэ i месцяцца абедзьве ў адным будынку. Тым, каго накiравалi з палiклiнiкi на стацыянарнае лячэнне, далёка iсцi не трэба. Зараз на сацыяльных ложках у бальнiцы знаходзяцца двое састарэлых, якiх перавезлi сюды на зiму. «Самiм сябе даглядаць iм ужо цяжка, асаблiва ў халады, — тлумачыць Уладзiмiр Аляксандравiч, — а тут чыста, цёпла i медыцынскае абслугоўванне на ўзроўнi». Тым састарэлым, якiя самi не заўсёды могуць пра сябе паклапацiцца, але пераязджаць са сваёй хаты катэгарычна адмаўляюцца, на дапамогу прыходзяць сацыяльныя работнiкi. Iх на тэрыторыi Крывiцкага сельсавета 10. У кожнага па 10 «падшэфных» пенсiянераў. Робяць сацработнiкi ўсё, што патрэбна па гаспадарцы: вады з калодзежа нацягаць, дроў прынесцi, лекi з аптэкi цi прадукты з магазiна даставiць, падлогу памыць, жывёлу пакармiць i г.д. I за ўсё пра ўсё чалавек плацiць 6 тысяч у месяц. Прымальная цана, нават для вясковага пенсiянера. На тэрыторыi сельсавета ёсць i маланаселеныя вёсачкi са жменькай жыхароў. Напрыклад, Дзянiсава, дзе на ўвесь населены пункт — тры адзiнока пражываючыя бабулькi, альбо Слабодка з дзвюма пенсiянеркамi. — Яны сам-насам са сваiмi праблемамi не застаюцца, — запэўнiў старшыня сельсавета. — Iх рэгулярна наведвае стараста, прыязджае аўталаўка. Дарогi абавязкова чысцяцца, каб заўсёды да гэтых населеных пунктаў быў вольны праезд. Увогуле, адзначу, што ўсе састарэлыя жыхары нашага сельсавета своечасова атрымлiваюць неабходную падтрымку i дапамогу. Нiводнай скаргi на нашу працу з iх боку не паступала. Мядзельскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Крывiцкага сельсавета Мядзельскага раёна Мiнскай вобласцi пражывае 2400 чалавек. Кожны трэцi ўжо дасягнуў пенсiйнага ўзросту
|
|