Малочны максiмум
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Праз пяць гадоў сярэднi надой на Мiншчыне павiнен дасягнуць 8 тыс. лiтраў
Малочны рынак застаецца надзвычай перспектыўным, паколькi гэтая прадукцыя — адзiн з асноўных кампанентаў «харчовага кошыка» кожнага спажыўца. Сусветная вытворчасць «белага золата», паводле розных ацэнак, складае каля 550—570 мiльёнаў тон. За апошнiя гады гэты ўзровень практычна не змянiўся, аднак попыт на малочную прадукцыю застаецца традыцыйна высокiм. У структуры сусветнага рынку большую частку займаюць неразведзенае, сухое абястлушчанае малако i сыры. Зразумела, што гэта, так бы мовiць, «глабальныя» пазiцыi, у межах якiх пастянна праводзiцца работа па ўдасканаленню асартыменту. «Адваяваяць» свой сегмент рынкавай прасторы вытворцам становiцца ўсё цяжэй, паколькi попыт i прапанаванне ў шэрагу выпадкаў збалансаваныя. У Беларусi вытворчасцю малака займаюцца пераважная большасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Яшчэ некалькi гадоў таму гэтая галiна перажывала далёка не лепшыя часы — адбывалася скарачэнне пагалоўя кароў, змяншэнне iх прадукцыйнасцi, «згортванне» аб’ёмаў вытворчасцi. Сёння сiтуацыя змянiлася: паводле меркавання спецыялiстаў Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, у малочнай жывёлагадоўлi зараз адбываецца сапраўдны «рэнесанс». Аб’ёмы вытворчасцi стабiльна павялiчваюцца: у 2002 годзе агульны паказчык склаў 3,01 мiльёна тон, у 2003 г. — 3,04, у 2004-м — 3,75, а летась было атрымана больш чым 4 млн тон. Сярэднi надой малака ад каровы за мiнулы год склаў 3684 лiтры. Такiм чынам, больш чым на 400 л удалося перавысiць узровень 1990 г., якi доўгi час заставаўся недасягальным. Як паведамiлi ў Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання, аб’ём вытворчасцi малака за мiнулы год павялiчыўся на 16 працэнтаў. Станоўчая дынамiка Чвэрць валавой прадукцыi сельскай гаспадаркi забяспечваецца гаспадаркамi Мiнскай вобласцi. Па малаку гэтая лiчба складае 26,7 працэнта, мясу жывёлы i птушкi — 24,2, збожжу — 25,8, цукровых бураках — 21,8, бульбе — 26,4 працэнта. Аграпрамысловыя прадпрыемствы цэнтральнага рэгiёна ўпэўнена трымаюць лiдарства па вытворчасцi збожжа, бульбы, агароднiны, малака i мяса. Сельгаспрадпрыемствы Мiнскай вобласцi з’яўляюцца асноўнымi пастаўшчыкамi харчавання для патрэб жыхароў сталiцы. На працягу мiнулага года ў Мiнск паступiла 52,72 тысячы тон мяса (47,8 працэнта агульнага аб’ёму спажывання) i 346,42 тыс. тон малака (62,2 працэнта). Зразумела, што ад вынiкаў развiцця аграпрамысловага комплексу цэнтральнага рэгiёна напрамую залежыць агульная сiтуацыя ў сельскагаспадарчай галiне. АПК Мiншчыны ўпэўнена «набiрае абароты». Не з’яўляецца выключэннем i малочная жывёлагадоўля — развiццю гэтай галiны ў цэнтральным рэгiёне ўдзяляецца сур’ёзная ўвага. У Мiнскай вобласцi летась выраблена 1,126 мiльёна тон «белага золата», што на 188 тысяч тон (на 20 працэнтаў) больш, чым было атрымана ў 2004 годзе. Сярэднi надой малака ад каровы на Мiншчыне склаў 4082 лiтры. Гэта лепшы паказчык сярод усiх рэгiёнаў. — Значны рост вытворчых паказчыкаў у малочнай жывёлагадоўлi адбыўся на працягу апошнiх трох гадоў, — заўважае галоўны саветнiк старшынi Мiнскага аблвыканкама, доктар сельскагаспадарчых навук Уладзiмiр Iофе. — Мяркуйце самi: калi з 1999 па 2003 гады сярэднi надой малака ад каровы павялiчыўся з 2156 да 2725 лiтраў, то зараз гэты паказчык ужо перасягнуў 4-тысячную мяжу. А 5 раёнаў Мiншчыны атрымалi ў сярэднiм больш чым па 5 тыс. лiтраў малака ад каровы: Нясвiжскi — 5631 л, Смалявiцкi — 5645 л, Мiнскi — 5333 л, Клецкi — 5312 л, Слуцкi — 5108 л. Раней такiя паказчыкi шмат каму падавалiся недасягальнымi, а зараз яны сталi рэальнасцю. У сувязi з чым мне ўспамiнаецца, як пяць гадоў таму праходзiла выязное пасяджэнне Мiнскага аблвыканкама. Адзiн з пунктаў павесткi дня — перспектывы развiцця малочнай жывёлагадоўлi. Падчас яго абмеркавання ў старшынi аблвыканкама Мiкалая Дамашкевiча ўзнiкла слушнае пытанне: а чаму ў вобласцi толькi адна гаспадарка атрымлiвае па 5 тысяч лiтраў малака ад каровы ў год? Такая тады складвалася сiтуацыя, з гэтага ўзроўню i «стартавалi». Дарэчы, за савецкiм часам пяцiтысячны надой лiчыўся рэкордным — за такое дасягненне старшынi калгаса зорку Героя Сацыялiстычнай працы давалi. А зараз на Мiншчыне каля 70 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якiя пераўзышлi гэты паказчык. Адчувальны прагрэс, хiба не так? Перспектыўная галiна Па вынiках мiнулага года амаль 40 працэнтаў аграпрамысловых прадпрыемстваў цэнтральнага рэгiёна атрымалi па больш чым па 4 тысячы лiтраў малака ад каровы. На 27 фермах надоена звыш 7 тыс. лiтраў. I сярод iх ёсць свае лiдары: напрыклад, на МТФ «Кунцаўшчына» агракамбiната «Ждановiчы» летась ад кожнай каровы атрымалi па 9322 лiтры малака, на МТФ «Жажэлка» эксперыментальнай базы «Жодзiна» — 8857, МТФ «Цэнтр» 1-й Мiнскай птушкафабрыкi — 8044 л. Такiя паказчыкi адпавядаюць сусветнаму ўзроўню вытворчасцi. — У Беларусi, паколькi яна пераважна з’яўляецца зонай рызыковага земляробства, вельмi перспектыўна развiваць малочную жывёлагадоўлю, — перакананы дырэктар рэспублiканскага унiтарнага сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства «1-я Мiнская птушкафабрыка» Генадзь Дзямiдчык. — Раслiнаводства павiнна працаваць на патрэбы жывёлагадоўлi. Зямля — аснова вытворчасцi, яе неабходна рацыянальна, па-гаспадарску выкарыстоўваць. I ўвесь час актыўна працаваць над тым, каб змяншаць затраты. Усё, у рэшце рэшт, вырашае менавiта эканомiка. У нашай гаспадарцы мы рацыянальна спалучаем птушкагадоўлю i жывёлагадоўлю. Гэтыя дзве галiны актыўна развiваюцца. Напрыклад, за мiнулы год мы ў сярэднiм атрымалi каля 7 тысяч лiтраў малака ад каровы, а валавая вытворчасць склала 7,4 тысячы тон. I гэта далёка не мяжа — мы будзем рухацца далей. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы складае 2,5 тысячы галоў, з iх больш чым 1 тыс. кароў. На селекцыйнай ферме 1-й Мiнскай птушкафабрыкi (усяго на сельгаспрадпрыемстве тры МТФ) 200 кароў. Надой зараз складае 26 лiтраў малака ў дзень. «Гэта ў сярэднiм, — кажа галоўны заатэхнiк 1-ай Мiнскай птушкафабрыкi Валянцiн Дубоўскi. — Ёсць каровы, якiя даюць i па 47, i па 50 лiтраў малака ў дзень». Стабiльна нарошчваюць аб’ёмы вытворчасцi малака i ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Войкава» Мiнскага раёна. Апошнiм часам сярэднi надой малака ад каровы тут штогод павялiчваецца на 600—900 лiтраў. Летась атрымалi больш чым 6 тыс. лiтраў. У гаспадарцы апраўдана робяць стаўку на развiццё сучаснай малочнай жывёлагадоўлi. Вялiкае значэнне тут надаецца належнаму вырошчванню маладняка — трэба працаваць на перспектыву. «Камбiкорм у нас уласнай вытворчасцi, — кажа галоўны заатэхнiк СВК «Войкава» Надзея Буцько. — Якасць малака вельмi добрая — сёлета ўсё яно было прынята на Мiнскi малочны камбiнат №3 вышэйшым сортам (за мiнулы год адпаведны паказчык склаў 98 працэнтаў)». Заробкi — ад прадукцыi. Такi тут прынцып. Даяркi ў гаспадарцы ў сярэднiм атрымлiваюць больш чым па паўмiльёна рублёў. Лепшыя, канешне, маюць больш. Зразумела, што ў лiк перадавiкоў iмкнуцца трапiць усе... Малако ў каровы на языку? — Зараз у Мiнскай вобласцi 277 тысяч кароў — самы вялiкi статак сярод усiх рэгiёнаў, — адзначае Уладзiмiр Iофе. — I мы нiякiм чынам не ставiм задачу змяншаць пагалоўе, гэта было б грубай памылкай. Статак i так зменшыўся ў 1990-я гады, калi проста бяздумна выразалi жывёлу. Асноўная стаўка робiцца на павышэнне прадукцыйнасцi. Нясвiжскi раён па праву лiчыцца ў цэнтральным рэгiёне адным з лiдараў у развiццi малочнай жывёлагадоўлi. Валавая вытворчасць «белага золата» з 2000 па 2005 гады тут узрасла ў 1,7 раза — з 56,3 да 76,8 тысячы тон. За гэты час сярэднi надой малака ад каровы павялiчыўся з 3,4 да 5,6 тыс. лiтраў. — На дасягнутым не спыняемся, — адзначае намеснiк начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Iван Крупко, — сёлета паказчыкi павялiчваюцца. У параўнаннi з такiм жа перыядам мiнулага года валавая вытворчасць малака павялiчылася на 15,3 працэнта (рост «заважыў» больш чым 1,6 тысячы тон). Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы зарабляюць добрыя грошы: напрыклад, толькi за мiнулы год агульная рэнтабельнасць жывёлагадоўлi склала 21 працэнт, а агульны прыбытак ад гэтай дзейнасцi — 29 мiльярдаў рублёў. Нават па найбольш «праблемнаму» напрамку — вытворчасцi ялавiчыны — чатыры гаспадаркi без страт працуюць. А рэнтабельнасць вытворчасцi малака адна з самых высокiх — летась яна склала 42 працэнты. Вiдавочна, што грошы, якiя ўкладваюцца ў перспектыўнае развiццё малочнай жывёлагадоўлi, прыносяць адчувальную аддачу. Дык чаму ж не працаваць у такiх умовах? Эканамiчны iнтарэс, як вядома, — рухавiк прагрэсу. Аднак для таго, каб у поўнай меры рэалiзаваць вытворчы патэнцыял i атрымаць прыбытак, неабходна стварыць належныя ўмовы. — У малочнай жывёлагадоўлi адбываецца своеасаблiвая навукова-тэхнiчная рэвалюцыя, — заўважае Уладзiмiр Iофе, — iнтэнсiфiкацыя вытворчасцi, якая рэальна дазволiць вывесцi галiну на якасна новы тэхналагiчны ўзровень. Увасабляецца комплексная сiстэма мерапрыемстваў, мы адкiнулi аднабаковы падыход. Зараз змяняецца структура кармоў. Для вытворчасцi вялiкай колькасцi малака карова павiнна спажыць неабходную колькасць энергii. Таму iнтэнсiўная малочная жывёлагадоўля немагчыма без канцэнтрыраваных кармоў. Гэта адзiн з асноўных фактараў. Раней лiчылася, што дастаткова карову як належыць накармiць i яна дасць шмат малака. Зараз уяўленнi змянiлiся — малако ў каровы не столькi на языку. Даказана, што, калi дасягнуты аптымальны ўзровень кармлення, то ад яго якасцi прадукцыйнасць залежыць толькi на 30—35 працэнтаў. Столькi ж прыпадае на долю генетычных фактараў, правядзення селекцыйнай работы. А астатняе дасягаецца за кошт утрымання, даення i абслугоўвання жывёлы. Як бачым, ад селекцыi надзвычай многае залежыць. Гэты фактар, на жаль, доўгi час быў неацэнены. Канадцам не прайграём Самай высокапрадукцыйнай пародай у свеце апраўдана лiчыцца галшцiна-фрызская. Асновай для яе стварэння была галандская жывёла, якая завезена перасяленцамi ў Паўночную Амерыку ў 1621 годзе. У вынiку карпатлiвай селекцыйнай работы ўдалося дасягнуць найвышэйшых вынiкаў. Жывёлам гэтай пароды належыць большасць рэкордаў — напрыклад, ад каровы па мянушцы Бiчэр Арлiнда Элен за 1982 год атрымалi больш чым 26 тысяч лiтраў малака. Малочная прадукцыйнасць племянной часткi галшцiна-фрызаў у ЗША дасягае 9 тыс. лiтраў, а ў Канадзе (дзе налiчваецца 1,2 млн кароў) — 9,7 тыс. лiтраў. — Да такiх вынiкаў гэтыя краiны iшлi на працягу дзесяцiгоддзяў, — кажа генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Бел-Сiмекс», доктар бiялагiчных навук Iван Кысса. — Тут назапашаны самы перадавы вопыт, якi сведчыць аб тым, што для павелiчэння прадукцыйнасцi ў малочнай жывёлагадоўлi разам з выкарыстаннем iнтэнсiўных тэхналогiй неабходна павышаць патэнцыял жывёлы праз прагрэсiўныя метады селекцыi. Яны прадугледжваюць шырокае выкарыстанне генетычнага фонду лепшай сусветнай пароды — галшцiна-фрызскай. Такi вопыт вядзення жывёлагадоўлi прымяняецца ў Японii, Германii, Францыi, Iзраiлi, Швецыi, Iталii, дзе ўзровень надояў складае 8—11 тыс. лiтраў на карову. За кароткi перыяд прадукцыйнасцi 7—8 тыс. лiтраў дасягнулi шэраг еўрапейскiх краiн, такiх, як Венгрыя, Чэхiя, Славакiя, Усходняя Германiя. Адпаведная сiстэма работы дазволiла прыбалтыйскiм краiнам, Ленiнградскай i Маскоўскай абласцям наблiзiцца да ўзроўню 6 тыс. лiтраў малака на карову. Такi вопыт укараняецца i ў Беларусi, аднак, на жаль, пакуль неапраўдана марудна. За выключэннем, хiба што, Мiнскай вобласцi, дзе да правядзення адпаведнай работы ставяцца надзвычай сур’ёзна. Функцыя нашага прадпрыемства — аказваць гаспадаркам дапамогу ў стварэннi высокапрадукцыйных статкаў. Мы на працягу амаль трох гадоў пастаўляем у Беларусь генетычны матэрыял быкоў галшцiна-фрызскай пароды канадскай селекцыi. Асноўныя спажыўцы — гаспадаркi Мiнскай вобласцi. Тое, што адбылося ў цэнтральным рэгiёне за апошнiя пяць гадоў у такой надзвычай няпростай галiне, як жывёлагадоўля, сапраўды ўражвае. Вобласць зрабiла адчувальны крок наперад — з апошнiх пазiцый яна выйшла ў лiдары i ўпэўнена рухаецца наперад. Вялiкая заслуга ў гэтым, канешне, належыць старшынi аблвыканкама Мiкалаю Дамашкевiчу. Ён вельмi глыбока займаецца пытаннямi развiцця жывёлагадоўлi. Супрацоўнiцтва з канадскiмi спецыялiстамi скiравана на павышэнне генетычнага патэнцыялу жывёлы. Высокапрадукцыйныя статкi ствараюцца ў лепшых гаспадарках, якiя дасягнулi пэўных вынiкаў у вядзеннi малочнай жывёлагадоўлi. Iнакш кажучы, iдзе карпатлiвая «канструктарская работа» з выкарыстаннем генетычнага фонду свету. Яе каардынацыяй у цэнтральным рэгiёне займаецца РУСП «Мiнскае племпрадпрыемства». — Перад жывёлаводамi Мiншчыны пастаўлена надзвычай адказная задача — да 2010 года сярэднi надой малака ад каровы павiнен скласцi 8 тыс. лiтраў, — адзначае генеральны дырэктар РУСП «Мiнскае племпрадпрыемства» Васiль Казакевiч. — Рост генетычнага патэнцыялу немагчымы без далейшага ўдасканальвання селекцыйна-племянной работы. Мы шчыльна супрацоўнiчаем з беларускiмi навукоўцамi, а таксама шырока выкарыстоўваем генетычныя фонды галшцiнскай пароды паўночна-амерыканскай селекцыi. Таксама завезены племянныя быкi з Венгрыi i Швецыi. Усё гэта спрыяе павышэнню прадукцыйнасцi жывёлы. Работа праводзiцца надзвычай сур’ёзная, яе належнае выкананне было б немагчымым без актыўнай, дзейснай падтрымкi Мiнскага аблвыканкама. На Нясвiжскiм фiлiяле племпрадпрыемства праведзены грунтоўная рэканструкцыя i рамонт вытворчых памяшканняў, а таксама мадэрнiзацыя лабараторна-тэхналагiчнага абсталявання. «Наш лабараторны комплекс — без перабольшвання, адзiн з лепшых у свеце, — кажа Васiль Казакевiч. — Прыходзiлася наведваць многiя прадпрыемствы за мяжой, так што ёсць з чым параўноўваць. Там проста не такiя фiнансавыя магчымасцi, а мы, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы (з абласнога i рэспублiканскага бюджэтаў), можам рэалiзаваць свае маштабныя планы». I сапраўды, абсталяванне ў Нясвiжскiм фiлiяле самае сучаснае, тут прымяняюцца найноўшыя тэхналогii. Напрыклад, нядаўна была адкрыта абласная малочная лабараторыя для вызначэння якасных паказчыкаў малака. Атрыманыя дадзеныя могуць быць выкарыстаны як для племянной работы, так i для кантролю за станам здароўя i кармленнем жывёлы. На Мiншчыне пачалася рэалiзацыя сумеснага селекцыйнага праекта аблвыканкама i Канадскай асацыяцыi племянной жывёлагадоўлi «Павышэнне генетычнага патэнцыялу i павелiчэнне прадукцыйнасцi малочнага статку Мiнскай вобласцi», якi разлiчаны на 2006—2010 гады. Праграмай, у прыватнасцi, прадугледжваецца навучанне спецыялiстаў як у Беларусi, так i ў Канадзе. На першым этапе ўдзел у рэалiзацыi праекта возьмуць 110 лепшых гаспадарак цэнтральнага рэгiёна. — Калi канадцы наведалi сельгаспрадпрыемствы Мiншчыны (агракамбiнат «Ждановiчы», 1-ю Мiнскую птушкафабрыку), то адзначылi, што па ўзроўню мы iм нiколькi не саступаем, настолькi высока была ацэнена наша малочная жывёлагадоўля — заўважае Уладзiмiр Iофе. — Гэта сведчыць аб тым, што мы шмат ведаем i ўмеем, аднак вельмi важна як мага шырэй распаўсюдзiць перадавы вопыт. Што i робiцца: у вобласцi арганiзаваны майстар-класы для жывёлаводаў. Гэта творчы падыход да справы, якi ўжо прыносiць пазiтыўныя вынiкi. Працуем на будучыню...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праз пяць гадоў сярэднi надой на Мiншчыне павiнен дасягнуць 8 тыс. лiтраў
|
|