21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Таямнiца прыдворнага дойлiда

25.08.2009 21:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса ЦIМОШЫК

Да Мiжнароднага дня помнiкаў i гiстарычных месцаў

...Вось i прыйшоў той час, калi яму, манаху-езуiту, нарэшце трэба збiрацца ў дарогу. Там, дзе яго чакаюць, ён зможа сам заняцца будоўляй. Дзеля гэтага Джаванi Марыя Бернардонi гатовы перасякаць межы, ехаць у той край, дзе яго веды спатрэбяцца, у славу Божую. Нездарма ж лiтоўскi князь Мiкалай Кшыштаф Радзiвiл у лiстах так настойлiва прасiў даслаць з Рыма вопытнага архiтэктара: нешта не так iдзе будаўнiцтва задуманага князем касцёла ў ягоным родным Нясвiжы. Як заклалi касцёл у 1584 годзе, так два гады ўжо будуюць. А доўгачаканы архiтэктар усё даехаць нiяк не можа: у Люблiне затрымалi ажно на тры гады, праекты давялося рабiць. Але цi дзеля гэтага ён быў накiраваны ордэнам у iншую краiну? Князь той, Радзiвiл, напэўна ж нешта асаблiвае хоча — такi храм Божы, якога яшчэ не было на ягоных землях. Ён, Бернардонi, пастараецца яму дагадзiць, пабудаваўшы храм, якi запаў у душу лiтоўскаму князю. Перлiна рымскай архiтэктуры, храм Iль-Джэзу стаiць перад вачыма манаха-архiтэктара. Няхай прыйдзецца разбурыць усё, што спрабавалi пабудаваць да яго, каб закласцi новы, зусiм iншы касцёл. Бернардонi абавязкова гэта зробiць, каб самому папрысутнiчаць на асвяшчэннi ў 1593 годзе новага касцёла Божага цела.

Не ведаў iтальянскi манах, калi збiраўся ў Лiтву, што зямля гэтая акажацца гасцiннай. Што на трынаццаць гадоў Бернардонi затрымаецца ў Нясвiжы, каб праектаваць i будаваць, каб пакiнуць пасля сябе вучня Яна Франкевiча, каб задаволiць князя Радзiвiла Сiротку, якi, паездзiўшы па свеце, пабачыўшы Рым, хацеў стварыць на сваiх землях частку сапраўднай Еўропы. Бернардонi пакiнуў насамрэч частку Iталii. I доўгую памяць пра сябе, iтальянскага архiтэктара, якi быў адным з тых, што стваралi на нашай зямлi цудоўныя палацы, замкi, храмы, многiя з якiх i цяпер — гонар Беларусi.

Iтальянскi след у беларускiм дойлiдстве прыкметны, як, прынамсi, увогуле заходне-еўрапейскi. Па запрашэнню лiтоўскiх князёў у сярэднявеччы працавалi тут нямецкiя, аўстрыйскiя, галандскiя дойлiды. Мясцовыя майстры з дрэва добра будаваць умелi. Ды калi ўжо ўзводзiць замак цi палац, то надзейна, трывала, каб не на адно пакаленне, каб на гады. Атрымалася нават на стагоддзi...

Але менавiта з iтальянскай мовы перайшло ў беларускую слова «палаццо». Дзякуючы iтальянскiм архiтэктарам у Беларусi з’явiлiся прыгожыя помнiкi барока, якiя сёння натхняюць паэтаў, мастакоў, фотамастакоў. Менавiта на фоне фотавыставы Алены Адамчык, якая шукала Iталiю ў Беларусi, беларускiя навукоўцы дзялiлiся сваiмi думкамi наконт iтальянскага следу ў нашай архiтэктуры падчас мiжнароднага семiнара.

...Iталiя вабiла ўраджэнцаў Вялiкага княства Лiтоўскага. Сярод наведвальнiкаў Рыма мог быць i беларускi асветнiк Францыск Скарына. Ён жыў у Iталii, у 1512 годзе абаранiў доктарскую дысертацыю ў Падуанскiм унiверсiтэце. Беларускiя князi ездзiлi вучыцца ў Еўропу, цiкавiлiся iтальянскiм жывапiсам, можа з-за гэтага i сталi ўзнiкаць знакамiтыя партрэтныя калекцыi Сапегаў ды Радзiвiлаў. Эпоха Адраджэння iмкнулася валодаць душамi людзей, на iтальянскай зямлi, дзе яна ўзнiкла, ёй ужо было мала месца.

— З Iталiяй звязана змена моды ў пэўны прамежак часу, — гаворыць iнiцыятар семiнара Вадзiм ГЛIННIК, якi атрымаў адукацыю архiтэктара-рэстаўратара ў Iталii. — У сярэднiя вякi на Беларускай зямлi дамiнавалi майстры, звязаныя з нямецкай будаўнiчай традыцыяй. Сiтуацыя пачала мяняцца ў ХVI стагоддзi, калi да нас прыйшла мода на iтальянскае мастацтва. Культура беларускiх земляў у той час была кансерватыўная, патрыярхальная, не вельмi ахвотная да зменаў. Таму не дзiва, што мода на iтальянскае найперш з’явiлася пры вялiкакняскiм двары.

Мода змянiлася, калi кароль Рэчы Паспалiтай Жыгiмонт I Стары другi раз ажанiўся з дачкой мiланскага князя Бонай Сфорцы д’Арагона. Яна вырасла пры двары ў Мiлане, адным з цэнтраў венецыянскай культуры, мела пэўныя густы i пэўныя гуманiтарныя патрэбы. Менавiта каралева запрашала iтальянскiх музыкантаў, паэтаў. Акрамя таго, ёй хацелася адчуваць сябе камфортна i стварыць пэўнае асяроддзе бытавання. Для рэалiзацыi каралеўскiх будаўнiчых планаў запрашалiся iтальянскiя майстры.

За каралеўскiм дваром пацягнулiся iншыя магнаты. Так, Радзiвiл Сiротка, пасля вандроўкi ў Рым, вырашыў звярнуцца да езуiтаў, якiя даслалi яму Бернардонi. Ад гэтага часу iтальянцы стала працуюць на Беларусi. Сапегi, атрымаўшы выдатную еўрапейскую адукацыю, супрацоўнiчалi з iтальянцамi Палонi i Перцi. П’етра Перцi працаваў у Пацаў. Сангушкi запрасiлi iтальянца Паўла Фантану. Прыдворным архiтэктарам графа Тызенгаўза ў Гродне быў Джузэпэ Сака з Вероны. Гетман Мiхал Казiмiр Агiнскi, для будаўнiцтва тэатра оперы пры Слонiмскiм палацы звярнуўся да паслуг iтальянскага архiтэктара-дэкаратара Iначэнца Мараiна... Вельмi лёгка зразумець iмкненне нашых князёў быць моднымi: яны адчувалi сваю прыналежнасць да еўрапейскай культуры. Але што вымушала iтальянцаў ехаць у iншы край?

Гэта сёння не вельмi разумее Эўджэнiо Рыкомiнi, прафесар Балонскага унiверсiтэта, вядомы гiсторык мастацтва. З пункту гледжання таго часу мастакi — гэта людзi, якiя мелi пэўны сацыяльны статус, да iх элiта адносiлася як да наймiтаў, якiя вельмi добра выконваюць сваю справу i якiм было ўсё роўна дзе працаваць. Пазней, у ХIХ стагоддзi мастакоў эпохi Адраджэння пачалi абагаўляць. Але нават Леанарда Да Вiнчы быў пасутнасцi рамеснiкам.

— У малюнках Да Вiнчы ўсе хочуць знайсцi таямнiцу. А ён усё жыццё змагаўся з таямнiцай, — сцвярджае прафесар Рыкомiнi. — Такi рамантычны iмiдж мастака, якiм надзяляем яго мы сёння. Але ў гэтым сэнсе майстры-архiтэктары, якiя прыязджалi ў Беларусь, не былi мастакамi. Яны былi звычайнымi рамеснiкамi. Яны не скончылi унiверсiтэтаў, працавалi рукамi, веды ў iх былi эмпiрычныя. Яны былi стваральнiкамi i вялiкiмi будаўнiкамi. Што ўжо нямала.

Самы славуты беларускi храм у Нясвiжы стварыў... рамеснiк? Храм, якi стаiць тут амаль палову тысячагоддзя?.. Гэта пра нашага дойлiда, якога сталi называць нават на беларускi манер Янам Марыяй Бернардонi? Пра якога мы сёння гатовыя гаварыць з рамантычным захапленнем?..

— Як правiльна казаў прафесар, многiя з iтальянскiх майстроў, якiя працавалi тут, у сучаснай Iталii невядомыя. Многiя з iх нават не былi iтальянцамi ў сучасным разуменнi: той жа Бернардонi паходзiў з iтальяна-швейцарскага памежжа. I тым больш, не было ў iх рамантычнага ўсведамлення нейкай высокай мiсii iтальянскага мастацтва, — лiчыць Вадзiм Глiннiк. — Гэта былi простыя рамеснiкi, якiх сюды запрашалi не таму, што яны былi вялiкiя i папулярныя ў Рыме, а таму, што яны добра выконвалi сваю справу. У Беларусi няма каменю, няма радовiшча. Таму тут не мог з’явiцца чалавек, якi ўмее апрацоўваць гэты камень. Мы вельмi добра працавалi з дрэвам, тут нам дапамога непатрэбная. Iтальянцы спецыялiзавалiся на разьбе з каменю, для гэтага iх наймалi на многiя будоўлi Еўропы.

Яны сумленна рабiлi тое, што ўмелi, ведалi. Напрыклад, паменшаныя копii сабора святога Пятра ў Рыме — ён стаў прыкладам для будаўнiцтва многiх значных касцёлаў на Беларусi.

На беларускай зямлi з’явiўся кляштар, якi адзiны ў свеце мог параўнацца з кляштарам на гары святога Бернара ў iтальянскiх Альпах. Картэзiянскi кляштар у Бярозе збудаваны iтальянскiмi архiтэктарамi ў ХVII стагоддзi. Манахаў ордэна картэзiянцаў запрасiў падканцлер лiтоўскi Казiмiр Леў Сапега. Паводле легенды, менавiта на тэрыторыi кляштара, якi сёння разбураецца без належнага догляду, знаходзiцца яго магiла.

У Гарадзiшках Пiнскага раёна ў сярэдзiне XVII стагоддзя з’явiлiся манахi-бенедыкцiнцы. Полацкi ваявода Ян Караль Копец запрасiў iх з вядомага iтальянскага манастыра ў Монтэ-Касiна. Тут павiнен быў быць пастаянны свайго роду «фiлiял» манастыра. Драўляны будынак i касцёл, якiя спецыяльна для манахаў узвялi, прастаялi нядоўга. Гадоў праз пятнаццаць руплiвыя манахi збудавлi мураванае прыстанiшча Касiна. Тут жылi, тут, у чужой зямлi, знаходзiлi спачын. I ўсё роўна ехалi сюды — будавалi i вучылi архiтэктуры мясцовых жыхароў.

— Iтальянскiя майстры былi свабодныя рамеснiкi, — працягвае размову Вадзiм Глiннiк. — Яны наймалiся па кантрактах, выконвалi сваю работу i ад’язджалi. Некаторыя заставалiся тут жыць. Наш вядомы гiсторык архiтэктуры Валянцiн Калнiн прыводзiў прыклад рымлянiна Карла Спампанi, якi збудаваў у Беларусi вялiкую колькасць палацаў у XVIII стагоддзi: Шчорсаўскi i Нясвiжскi палацавыя комплексы, палацы ў Заслаўi, Радзiвiламонтах. Ён памёр вельмi малады, у трыццаць з невялiкiм. Але ў ягоным лiставаннi з бацькамi Калнiн знайшоў цiкавы факт. Карла запрашаў мацi перасялiцца з iм на Беларусь, бо тутэйшыя ўмовы яго задавальняюць.

Гэта была эпоха авантурыстаў у высокiм сэнсе слова, лiчаць навукоўцы. Калi вабiлi прыгоды, не давала спакою прага адкрыцця. Можа, менавiта тая ж прага зрабiла iтальянца Растрэлi вядомым рускiм дойлiдам, пра архiтэктуру якога гавораць, што яна руская па духу. Цi можна сказаць, што «нашы iтальянцы» стваралi беларускую па духу архiтэктуру?

— Да эпохi капiталiзму не было нацый, а, значыць, не iснавала праблемы нацыянальнага ў архiтэктуры, — працягвае Вадзiм Глiннiк. — Мне вядомы толькi адзiн беларускi архiтэктар, якi ў першай палове ХХ стагоддзя свядома iмкнуўся ствараць нацыянальную архiтэктуру. Маю на ўвазе Лявона Дубейкаўскага. У часы больш раннiя запрошаныя з Iталii будаўнiкі думалi не пра нацыянальнае, а пра дасканалае выкананне задання заказчыка, таго, хто плацiў. Але архiтэктурны твор не можа быць адарваны ад зямлi i неба, пад якiм ён ствараецца. Да прыкладу, наш вiльготны клiмат змушаў iтальянскiх будаўнiкоў прыстасоўваць архiтэктурныя формы да мясцовых умоў. Вядома, што былi дзве спробы прыўнесцi ў архiтэктуру Беларусi купал. Першымi сюды прывезлi купалы ў XI—XII стагоддзях вiзантыйскiя будаўнiкі. Але змураваныя iмi купалы неўзабаве ўсе разбурылiся (дасюль ацалеў толькi адзiн — у полацкiм Спаса-Ефрасiннеўскiм манастыры). Другая спроба прышчапiць нашай архiтэктуры купал зроблена каля 1600 года езуiтамi, якiя паслядоўна аднаўлялi традыцыi раннехрысцiянскага купальнага будаўнiцтва. Але езуiты хутка ўцямiлi, што гэтая архiтэктурная канструкцыя не адпавядае нашаму клiмату, i спецыяльнай пастановай адмовiлiся ад далейшага выкарыстання купалоў (той купал, якi ёсць сёння ў Нясвiжы, пабудаваны значна пазней i iншым спецыялiстам па купалах, выпiсаным з Iталii). Менавiта ад таго часу паступова пачалi развiвацца двухвежавыя фасадныя кампазiцыi, характэрныя беларускiм краявiдам. На маю думку, беларуская архiтэктура — паняцце не нацыянальнае, а геаграфiчнае. Яно ахоплiвае ўсё, што створана на нашай зямлi. Што да будаўнiчай спадчыны iтальянскiх майстроў, дык яна ў роўнай ступенi належыць i Беларусi, i сучаснай Iталii. Культурная спадчына не падзяляе, а яднае народы. Наш абавязак — сумеснымi намаганнямi вывучаць яе i захоўваць для будучых пакаленняў.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Вось i прыйшоў той час, калi яму, манаху-езуiту, нарэшце трэба збiрацца ў дарогу. Там, дзе яго чакаюць, ён зможа сам заняцца будоўляй. Дзеля гэтага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика