Гарантыя. З павышанай планкай
Дадатковыя працоўныя гарантыi, знiжэнне агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту i пенсiйныя надбаўкi, павышаны памер дзiцячых дапамог. У цэлым на сацыяльную падтрымку грамадзян, пацярпеўшых ад Чарнобыля, у Беларусi iдзе каля 60 працэнтаў сродкаў, што выдзяляюцца на пераадоленне наступстваў катастрофы. Сёння аб канкрэтных напрамках гэтай дапамогi — наша гутарка з мiнiстрам працы i сацыяльнай абароны Антанiнай МОРАВАЙ.
— Не сакрэт, што катастрофа на Чарнобыльскай АЭС стала значным ударам па эканомiцы адразу двух абласцей краiны — Гомельскай i Магiлёўскай. У сувязi з гэтым, як складваецца тут сiтуацыя на рынку працы? — Перш-наперш варта нагадаць, што для асоб, пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС, нашым Законам «Аб занятасцi насельнiцтва» вызначаны шэраг дадатковых гарантый. I сярод iх – выплата выхадной дапамогi ў памеры 4-разовага сярэднямесячнага заробку, першачарговае працаўладкаванне на новым месцы жыхарства, выплата ў перыяд прафесiйнай падрыхтоўкi стыпендыi ў памеры сярэдняй зарплаты. А цяпер непасрэдна да пытання. На працягу мiнулага года ў рамках Дзяржаўнай праграмы занятасцi на тэрыторыi Гомельскай i Магiлёўскай абласцей было створана адпаведна 14,7 тыс. i 12 тыс. новых працоўных месцаў, аказана садзейнiчанне ва ўладкаваннi на пастаянную работу 22,1 тыс. i 20,8 тыс. беспрацоўных, а 4,3 тыс. i 4,1 тыс. беспрацоўных атрымалi накiраванне на прафесiйнае навучанне. Сапраўды, агульны ўзровень беспрацоўя ў двух найбольш пацярпеўшых рэгiёнах (1,9 працэнта ад колькасцi эканамiчна актыўнага насельнiцтва) атрымлiваецца вышэй, чым у сярэднiм па Беларусi. I адначасова тут жа назiраецца цi не самая вострая праблема дэфiцыту кадраў па асобных прафесiях — урачоў, ветэрынарных урачоў, механiзатараў, жывёлаводаў, аператараў машыннага даення i г.д. Таму рынку працы «чарнобыльскiх» абласцей — увага асаблiвая. Прычым стаўка ў дадзеным выпадку будзе рабiцца на вырашэнне праблем занятасцi ў невялiкiх гарадах i раёнах. Нагадаю, што сёлета 22 з iх асобна ўключаны ў Дзяржаўную праграму занятасцi. I ў тым лiку 9 «складаных» з пункту гледжання працаўладкавання адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак знаходзяцца менавiта на Гомельшчыне i Магiлёўшчыне. Дарэчы, чакаецца, што сёлета ў гэтых абласцях будзе створана адпаведна 14,5 тыс. i 11,3 тыс. новых працоўных месцаў. I пры гэтым iх чацвёртая частка — у малых гарадах. — Умовы працы — для забруджанай зоны пытанне актуальнае ўдвая. Наколькi выпадае казаць аб iх бяспецы, у прыватнасцi, у найбольш «рызыкоўнай» сельскай гаспадарцы? — Летась у арганiзацыях аграпрамысловага комплексу Гомельскай, Магiлёўскай i Брэсцкай абласцей дзяржаўнымi iнспектарамi працы было праведзена 2,5 тыс. праверак, падчас якiх удалося прадухiлiць больш за 40 тыс. самых розных парушэнняў, што маглi прывесцi да трагiчных наступстваў. I ў тым лiку з-за непасрэднай пагрозы жыццю i здароўю работнiкаў прымалiся рашэннi аб забароне эксплуатацыi 400 вытворчых участкаў, 3,5 тыс. станкоў, машын i iншага абсталявання. Так, пэўныя зрухi да лепшага ёсць. Як паказалi тыя ж праверкi, у пацярпеўшых раёнах усё часцей сустракаецца сельскагаспадарчая i iншая тэхнiка з герметычнымi кабiнамi, у большасцi гаспадарак ствараюцца ўмовы для мыцця, чысткi, дэзiнфекцыi, абясшкоджвання i рамонту спецаддзення, вырашаюцца пытаннi з забеспячэннем асобных катэгорый работнiкаў (асаблiва ў зоне забруджвання 5 Кюры па цэзiю-137 i 0,5 Кюры па стронцыю-90) дадатковым камплектам спецадзення i сродкамi iндывiдуальнай абароны. I ўсё ж пакуль зроблена далёка не ўсё. Да прыкладу, на Брэстчыне забяспечанасць работнiкаў, занятых у радыяцыйнай зоне, спецадзеннем i сродкамi iндывiдуальнай абароны складае толькi 38 працэнтаў. Нягледзячы на штогадовыя закупкi спецыялiзаванай сельгастэхнiкi з герметычнымi кабiнамi, узровень забяспечанасцi ёй застаецца нiзкiм. У Столiнскiм раёне колькасць такiх трактароў складае ўсяго 11, збожжаўборачных камбайнаў i комплексаў — 48 працэнтаў, у Лунiнецкiм i Пiнскiм раёнах трактароў — 18, а камбайнаў — 31 працэнт ад патрэбы. Пры гэтым не лепшае становiшча — у гаспадарках Гомельскай i Магiлёўскай абласцей. Нарэшце, па значнай частцы сельгаспрадпрыемстваў узнiкаюць пытаннi з санiтарна-бытавымi ўмовамi для работнiкаў. Словам, праблем застаецца шмат. Таму мне хацелася б яшчэ раз звярнуць на iх увагу — i перш-наперш увагу мясцовых органаў улады. — Таксама «традыцыйная» праблема — пенсii. Якi iх узровень у «чарнобыльцаў»? — Заўважу адразу, што памеры так званых «чарнобыльскiх» пенсiй — вышэй, чым у сярэднiм па краiне. I часам — у некалькi разоў. Некалькi лiчбаў. Зараз сярэдняя пенсiя iнвалiдам у вынiку катастрофы на ЧАЭС складае 599 тыс. (у тым лiку iнвалiдам I групы — 1 млн 5 тыс.), па страце кармiцеля на кожнага ўтрыманца — 480 тыс., сярэдняя датэрмiновая пенсiя па ўзросту ўдзельнiкаў лiквiдацый наступстваў катастрофы, што працавалi ў 1986—1987 гадах у межах 10-кiламетровай зоны цi атрымалi прафесiйнае захворванне ў сувязi з прамянёвым уздзеяннем па работах па эксплуатацыi Чарнобыльскай АЭС або ў зоне эвакуацыi (адчуджэння), а таксама асобам, якiя сталi iнвалiдамi ў вынiку наступстваў аварыi, — адпаведна 275 тыс. i 262 тыс. рублёў. Апроч таго, нагадаю, што час работы па эксплуатацыi ЧАЭС, а таксама ў зонах эвакуацыi, першачарговага i наступнага адсялення залiчваецца ў працоўны стаж для прызначэння пенсii ў льготным парадку — у памеры 3 або 1,5 раза. I яшчэ. Сёння сацыяльныя пенсii ў грамадзян, што пацярпелi ад катастрофы, у 2,5 раза вышэй, чым памеры iншых сацыяльных пенсiй. У прыватнасцi, сярэдняя сацыяльная пенсiя ў вынiку аварыi на ЧАЭС у дзяцей-iнвалiдаў ва ўзросце да 18 гадоў у красавiку складае 295 тыс., а сярэдняя сацыяльная пенсiя ў дзяцей-iнвалiдаў, вылiчаная па агульных нормах, — 120 тыс. рублёў у месяц. — Дэмаграфiчная бяспека — тэма вострая для ўсёй краiны. Аднак, напэўна, у першую чаргу — для забруджаных тэрыторый. Якiя дадатковыя стымулы па павелiчэнню нараджальнасцi тут прадугледжвае наша заканадаўства? — Такiх дадатковых стымулаў прынамсi два. Па-першае, вызначана, што жанчынам, якiя пражываюць на тэрыторыi з радыяцыйным забруджваннем 1 Кюры i вышэй, дапамога выплачваецца за перыяд не з 30, а з 27 тыдняў цяжарнасцi. А працягласць такой выплаты павялiчваецца са 126 да 146 каляндарных дзён. I па-другое. Нагадаю, што дапамога па догляду за дзiцем ва ўзросце да 3 гадоў мацi цi бацьку, якiя пражываюць у зонах першачарговага i наступнага адсялення, а таксама на тэрыторыях з правам на адсяленне, выплачваецца ў двайным памеры. — Яшчэ адна «асаблiвасць» забруджаных тэрыторый — вялiкая доля пажылога насельнiцтва. На якую дапамогу могуць разлiчваць гэтыя людзi? — Як вядома, у кожным адмiнiстрацыйным раёне нашай краiны створаны цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Таму зараз асноўная работа па аказанню дапамогi пажылым людзям, iнвалiдам, iншым сацыяльна «слабым» катэгорыям грамадзян вядзецца менавiта праз такiя цэнтры. I, заўважу, гаворка iдзе аб самых розных вiдах падтрымкi — абслугоўваннi на даму, тэрмiновай, псiхалагiчнай дапамозе, рэабiлiтацыi, магчымасцях дзённага i кругласутачнага догляду. Пры гэтым нельга не адзначыць, што апошнiм часам тэрытарыяльныя цэнтры не проста чакаюць заяў, а iмкнуцца знайсцi праблемы людзей самi. Так, у краiне праведзена абследаванне ўмоў жыцця 141 тыс. адзiнокiх i 572,5 тыс. адзiнока пражываючых грамадзян ва ўсiх населеных пунктах. У вынiку мы даведалiся, каму з iх патрэбна тая цi iншая дапамога, i, да прыкладу, толькi за мiнулы год яе атрымалi 14,5 тыс. адзiнокiх пажылых грамадзян у Магiлёўскай, 14,6 тыс. — у Брэсцкай, а таксама 18,5 тыс. — у Гомельскай абласцях. Далей. Для пажылых грамадзян i iнвалiдаў, якiя маюць патрэбу ў доглядзе, у пацярпеўшых рэгiёнах працуюць 25 «дарослых» i 4 дзiцячыя дамы-iнтэрнаты. I тым не менш практыка паказвае, што сёння гэтага ўжо недастаткова. Як вынiк, вызначана, што да 2010 года за кошт новага будаўнiцтва i пераабсталявання пад iнтэрнаты лячэбна-прафiлактычных i аздараўленчых устаноў павiнна быць створана 300 дадатковых месцаў у Брэсцкай i 420 — у Гомельскай абласцях. А на Магiлёўшчыне за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў плануецца адкрыць 3 новыя аддзяленнi кругласутачнага знаходжання на 75 месцаў. Нарэшце, не будзем забываць на такi вiд падтрымкi малазабяспечаных сем’яў i асобных грамадзян, як адрасная сацыяльная дапамога. Такая падтрымка была ўведзена з пачатку 2001 года, i ўсяго за гэты час яе атрымалi больш за 420 тыс. чалавек. Прычым амаль трэць з iх былi жыхарамi найбольш пацярпеўшых рэгiёнаў — Гомельскай i Магiлёўскай абласцей. — Якой будзе «чарнобыльская» падтрымка заўтра? — На мой погляд, сацыяльная абарона «чарнобыльцаў» павiнна заставацца адным з прыярытэтаў. I прычым сама планка гарантый у дадзеным выпадку i надалей будзе вышэй «сярэдняй». Бо ў рэшце рэшт гаворка iдзе аб людзях, якiя пацярпелi не па сваёй вiне. I з гэтым нам усiм трэба лiчыцца. Гутарыў Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дадатковыя працоўныя гарантыi, знiжэнне агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту i пенсiйныя надбаўкi, павышаны памер дзiцячых дапамог
|
|