Вiктар Буракоў: «Чарнобыль — вялiкi боль нашага раёна»
Веткаўшчына — прыгожы самабытны край: кучаравыя зялёныя лясы, блакiтная роўнядзь Сожа i Беся-дзi, пойменныя азярыны. I адвечны подых гiсторыi, звязаны з дзейнасцю стараабрадцаў, рэвалюцыйнымi падзеямi 1917 года, жорсткiмi кровапралiтнымi баямi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, стваральнай працай людзей. Веткаўшчына — край, якi падвергнуўся атацы чарнобыльскага атама i якi змагаецца з iм i дагэтуль. Мы гутарым са старшынёй райвыканкама Вiктарам Бураковым аб справах раёна, аб людзях яго, аб тым, як пераадольваюцца вынiкi чарнобыльскай катастрофы.
— Для пачатку, Вiктар Васiльевiч, акрэслiце маштабы страт, якiя нанёс раёну так званы «мiрны» чарнобыльскi атам. — Яны вялiзныя як у матэрыяльным, так i маральным плане, бо выбух на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай АЭС аказаў негатыўнае ўздзеянне на ўсе сферы жыццядзейнасцi чалавека. За 20 гадоў пасля катастрофы ў раёне перасталi iснаваць 59 населеных пунктаў, колькасць насельнiцтва паменшылася на 20,3 тысячы чалавек. Раней было 19 сельсаветаў, а засталося 11. Даволi значныя страты ў сельскай гаспадарцы, бо з абароту было выведзена 36 013 гектараў сельгасугоддзяў, лiквiдавана пяць саўгасаў i тры калгасы, рэзка скарацiлiся пасяўныя плошчы. А ў сацыяльна-бытавой сферы закрыта 17 устаноў аховы здароўя, амаль 60 аб’ектаў гандлю i грамадскага харчавання, 9 — бытавога абслугоўвання i 107 — адукацыi i культуры. — Я добра памятаю тыя часы, калi ў 1986 годзе ў поўны голас гаварылi аб нашэсцi небяспечных радыенуклiдаў на Хойнiцкi, Нараўлянскi i Брагiнскi раёны, а вось пра Веткаўскi размоў спачатку не было. — Вы правiльна кажаце. Сапраўды, назiраўся мiнiмум iнфармацыi. З Мiнска патрабавалi прыслаць узоры глеб для аналiзаў, але для якiх — невядома. Ветка паслала сваiх спецыялiстаў (медыкаў, мiлiцыянераў, кухараў) у згаданыя вамi раёны, а да нас прыслалi цяжарных жанчын з Хойнiкаў. Больш таго, у вёску Сiвенка Брагiнскага раёна перавезлi частку жывёлы i даставiлi будаўнiчыя матэрыялы на ўзвядзенне жылля для тых, хто эвакуiраваўся з паўднёвых раёнаў вобласцi. У Старых Грамыках для iх пачалi будаваць катэджы. Але праз каторы час усё гэта перамясцiлася ў iншыя раёны, i веткаўчанам стала вядома, што чарнобыльская навала накрыла i iх. Тады, можна сказаць, i пачалася барацьба за выжыванне. Вялiкiя работы былi выкананы па дэзактывацыi тэрыторый, каб людзям не пагражала небяспека, у раёне з’явiлася каля сямi тысяч чалавек, якiя пайшлi працаваць у розныя сферы, будаўнiцтва жылля дапамагло прыцягнуць сюды спецыялiстаў, значныя сродкi былi ўкладзены ў добраўпарадкаванне населеных пунктаў... Адным словам, вось ужо дваццаць гадоў мы аднаўляем родную зямлю i дабiваемся ў гэтым пэўных поспехаў, што адзначаў у сваiм выступленнi прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка, якi год таму наведаў Веткаўшчыну i сустракаўся з насельнiцтвам раёна. — Чым адметнае выкананне Дзяржаўнай праграмы па лiквiдацыi вынiкаў чарнобыльскай катастрофы? — Перасяленне людзей яшчэ цалкам не закончылася, бо ў экалагiчна чыстыя раёны Гомельшчыны з прадастаўленнем жылля будуць перасяляцца жыхары з Веткi, Свяцiлавiч i Навiлаўкi. Важнейшымi фактарамi бяспечнага пражывання з’яўляюцца: спажыванне насельнiцтвам чыстых прадуктаў харчавання i вытворчасцi iх без радыенуклiдаў, правядзенне палiтыкi забеспячэння кадрамi ў галiнах адукацыi, аховы здароўя, сельскай i жыллёва-камунальнай гаспадаркi, будаўнiцтва спецыяльна ўзводзiмага жылля, арганiзацыя штогадовага масавага аздараўлення людзей у санаторыях i прафiлакторыях (асаблiва дзяцей), павышэнне ўзроўню медыцынскага абслугоўвання. — Вы сказалi, што за гэтыя дваццаць гадоў пасля Чарнобыля ў раён прыехала жыць з iншых мясцiн сем тысяч чалавек. Цi ўсiм хапае работы? — Для гэтых людзей прыцягальнае ў першую чаргу тое, што яны тут атрымлiваюць жыллё. Жадаючаму працаваць, вядома ж, стараемся i работу даць, каб яны замацавалiся тут, узялi льготныя крэдыты, трывала аселi ў раёне. Як вядома, дзяржава зараз праводзiць палiтыку прыярытэту малых гарадоў, якiм з’яўляецца i Ветка. Таму мы спадзяёмся на лепшае яе развiццё ў будучым, на тое, каб у нас больш iнтэнсiўна развiваўся i сацыяльна-эканамiчны сектар, i ўзводзiлася больш жылля. Бо хоць чатыры гады таму многiя сем’i атрымалi яго ў шматкватэрным доме, а летась мы рэканструявалi два двухпавярховыя дамы, ды сёлета плануем пачаць у райцэнтры дваццацiкватэрны дом, чарга на жыллё ў Ветцы дасягнула трохсот чалавек. Хвалюе i тое, што ў горадзе маецца, хоць i невялiкае, але ўсё ж беспрацоўе — паўтара працэнта. I звязана гэта ў многiм з тым, што пасля Чарнобыля ў прамысловасць райцэнтра не ўкладвалiся нiякiя iнвестыцыi. Iншая справа ў вёсцы. Тут i жылля хапае, i работы. А ў далейшым будуць створаны яшчэ больш камфортныя ўмовы для працаўнiкоў. Маю на ўвазе будаўнiцтва аграгарадкоў, якiя намечана ўзвесцi ў 13 населеных пунктах. За паслячарнобыльскi перыяд у раёне газiфiкавана 4659 дамоў, у тым лiку ў Ветцы — 2433 i ў вёсцы 2226, пракладзена газаправодаў нiзкага, сярэдняга i высокага цiску 264,6 кiламетра. Распрацаваная на 2005—2007 гады праграма газiфiкацыi ўключае з’яўленне «блакiтнага» палiва ў 1514 домаўладаннях такiх населеных пунктаў, як райцэнтр, Старае Сяло, Прысно, Свяцiлавiчы i Вялiкiя Нямкi. — А якiя прыярытэты ў медыцынскiм абслугоўваннi насельнiцтва? — Вядома ж, змяншэнне вынiкаў адмоўнага ўздзеяння радыяцыi на здароўе чалавека. Укамплектаванасць Веткi ўрачамi дасягнула 95—97 працэнтаў. Летась у раён прыехала шэсць урачоў i трынаццаць работнiкаў сярэдняга медыцынскага звяна, сёлета чакаем таксама прыбыцця маладых спецыялiстаў. Вялiкая ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнiчнай базы медыцынскiх устаноў, аснашчэнню iх сучасным абсталяваннем. Для параўнання: калi, напрыклад, у 2004 годзе яго было закуплена на 80 мiльёнаў рублёў, дык летась на 216 мiльёнаў больш. Акрамя таго, за апошнi час за кошт замежнай спонсарскай дапамогi ў раён паступiла медтэхнiкi на 175 мiльёнаў рублёў. Нагадаю, што ў нас у медыцыне выкананы дзяржаўныя мiнiмальныя сацыяльныя стандарты, а па асобных пунктах яны пераўзыходзяць сярэднерэспублiканскi паказчык. — Тым не менш, Вiктар Васiльевiч, статыстыка сведчыць, што працягваецца рост захворваемасцi злаякаснымi новаўтварэннямi... — Гэта сапраўды так. Iмклiвае павелiчэнне захворваемасцi на рак сярод апрамененых дарослых, можна сказаць, пачалося з 1992 года, i, па даных Веткаўскага дзяржрэгiстра, за дваццаць паслячарнобыльскiх гадоў у назiраемай катэгорыi насельнiцтва выяўлена 48 выпадкаў рака шчытападобнай залозы. На канец мiнулага года на ўлiку ў дзяржрэгiстры знаходзiцца 37 мужчын i жанчын з гэтай паталогiяй. Вядома, што малюнак быў бы куды горшы, калi б не прымалiся меры па прафiлактычнай i лячэбна-дыягнастычнай рабоце. — Ды яшчэ ж выяўлены i выпадкi рака малочнай залозы ў жанчын... — На вялiкi жаль, i такое ёсць. Дозы апраменьвання, атрыманыя насельнiцтвам, не праходзяць бясследна. Таму i праводзiцца яго аздараўленне ў рамках дзяржаўнай праграмы i Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Пачынаючы з 1998 года па мінулы за кошт усiх крынiц фiнансавання паправiлi сваё здароўе санаторна-курортным лячэннем 43 843 чалавекi (маецца на ўвазе, што многiя жыхары раёна праходзiлi яго кожны год, а школьнiкi двойчы ў год). З 2000 года выязджаюць на аздараўленне i дашкольнiкi. — У раёне падведзены вынiкi мiнулай пяцiгодкi, вызначаны задачы на наступную i сёлетнi год. Мяркуючы па ўсiм, настрой у працаўнiкоў Веткаўшчыны нядрэнны, бо яны псiхалагiчна ўжо супакоiлiся, вiдаць. Цi не так? — Так. Хто хацеў з’ехаць з раёна, той з’ехаў. Тыя ж, хто застаўся тут, ведаюць: трэба жыць. Многае пераадолена ўжо, перажыта. Але наперадзе — вырашэнне шэрагу жыццёва важных пытанняў. Сярод iх — стопрацэнтнае газазабеспячэнне перспектыўных населеных пунктаў, будаўнiцтва спецыяльна ўзводзiмага жылля ў цэнтральных сядзiбах раёна з мэтай перасялення сюды з неперспектыўных маланаселеных вёсак, завяршэнне работ па рэканструкцыi Цэнтральнай раённай бальнiцы i пераводу на газавае палiва кацельняў хлебазавода i каўбаснага цэха райспажыўтаварыства, рэканструкцыя закансерваваных шасцi двухпавярховых жылых дамоў у Ветцы, будаўнiцтва i замена водаправодаў у радзе населеных пунктаў i г.д. Работы шмат. — Якая ваша мара? — (Усмiхаецца.) Убачыць Веткаўшчыну без радыяцыi... Гутарыў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Веткаўшчына — прыгожы самабытны край: кучаравыя зялёныя лясы, блакiтная роўнядзь Сожа i Беся-дзi, пойменныя азярыны
|
|