Пустыя ўчасткi «шукаюць» новых гаспадароў, а пакупнiкi чакаюць далейшага патаннення
Сяргей КУРКАЧ
Нерухомасць Пасля выхаду ў свет указаў кiраўнiка дзяржавы № 58 i № 87, якiя накiраваны на скарачэнне незавершаных будаўнiцтвам незакансерваваных дамоў, дач i навядзенне парадку на зямлi, калi абавязковай умовай стала мэтавае выкарыстанне зямельных участкаў, уласнiкi такой нерухомасцi сапраўды заварушылiся. Паводле слоў кiраўнiка Гродзенскага дзяржаўнага агенцтва нерухомасцi Валяр’яна Стока, жыхары прыгарадных вёсак пачалi больш актыўна прадаваць старыя дамы, пустыя дачы, катэджы i неасвоеныя цi часткова асвоеныя зямельныя ўчасткi. Сёння прапануюцца на продаж такiя ўчасткi ў прыгарадзе Гродна памерам 9—10 сотак з усiмi камунiкацыямi i перспектывай развiцця горада за 9—14 тысяч долараў. Катэджы ў вёсках адлегласцю 10—15 кiламетраў ад горада каштуюць ад 5 да 12 тысяч долараў. Звычайныя «ненаварочаныя» домiкi ў дачных масiвах актыўна прапануюцца патэнцыяльным пакупнiкам па 600—2000 долараў. Нагадаю, што згодна з адзначанымi ўказамi прэзiдэнта з пачатку 2007 года продаж пустых участкаў i зямельных надзелаў з незавершаным будаўнiцтвам незакансерваваных жылых дамоў будзе забаронены. Таму спецыялiсты рынку нерухомасцi лiчаць, што ў апошнiя месяцы года такiя аб’екты i пустыя зямельныя ўчасткi пачнуць на перыферыi iстотна таннець.У сталiчным рэгiёне становiшча спраў па такiх аб’ектах назiраецца крыху iншае. У Мiнскiм раёне пустыя зямельныя ўчасткi i «незавяршонку» пачалi актыўна прадаваць ужо напрыканцы мiнулага года, калi аб знакавых указах прэзiдэнта было вядома толькi на ўзроўнi чутак. Зараз уладальнiкi такой нерухомасцi дабудоўваюць свае аб’екты i актыўна ажыццяўляюць дзяржаўную рэгiстрацыю жылых дамоў, катэджаў, дач i садовых домiкаў. Гэты працэс даволi працяглы i складаны, бо патрабуе дакладнага ўзгаднення дакументаў усiмi зацiкаўленымi службамi. Сёння пустыя ўчасткi плошчай 9—15 сотак адлегласцю да 15 кiламетраў ад кальцавой дарогi сталiцы каштуюць ад 5 да 35 тысяч долараў. Самая дарагая зямля сёння прапануецца пакупнiкам у раёне Ждановiч, дзе сярэднi кошт участкаў складае 30 тысяч долараў. Паводле iнфармацыi загадчыка Заслаўскага бюро РУП Мiнскае абласное агенцтва па аказанню рыэлтарскiх паслуг Мiкалая Iзотава, пусты зямельны ўчастак плошчай 9—10 сотак у гэтым населеным пункце з праведзеным газам, святлом i вадой каштуе зараз 11—16 тысяч долараў. Паводле слоў спецыялiста, яшчэ ў жнiўнi летась такiя ўчасткi каштавалi па 16—18 тысяч долараў i на iх быў ажыятажны попыт. Зараз цэны iстотна ўпалi, бо са студзеня ў Заслаўi яшчэ не было прададзена нiводнага зямельнага ўчастка. Шмат участкаў тут актыўна прапануюцца на продаж, але новыя гаспадары не набываюць гэту нерухомасць, бо працягваюць чакаць далейшага знiжэння цэн. На продаж прапануюцца i недабудаваныя аб’екты ў вельмi дрэнным стане, калi на ўчастку пабудаваны толькi цокаль, якi пачаў разбурацца i патрабуе абавязковага зносу. Гатовыя вялiкiя дамы i элiтныя катэджы ў Заслаўi каштуюць дорага. Нават цалкам недабудаваныя, але ўзведзеныя пад дах катэджы, прапануюцца за 70—120 тысяч долараў. Аднак прапануюцца па гэтаму кошту такiя «каробкi» ўжо вельмi працяглы час i попыт на iх зараз «нулявы». За якi кошт гэтыя аб’екты будуць прададзены заўтра, не ведае нiхто. Спецыялiсты лiчаць, што такiя дамы нават сёння магчыма будзе рэальна прадаць за 45—50 тысяч долараў, але ажыццявiць гэту здзелку на практыцы стала зараз складана. Звычайны драўляны аднапавярховы дом з усiмi камунiкацыямi ў цэнтры Заслаўя каштуе 35—40 тысяч долараў. Паводле меркавання Мiкалая Iзотава, блiжэй да часу пiк — пачатку 2007 года палова пустых участкаў Заслаўя пачне прадавацца гаспадарамi ў аўральным рэжыме. Гаспадары астатняй паловы зямельных участкаў, у каго зараз дастаткова фiнансаў, вырашаць не прадаваць зямлю, а будавацца на ёй самастойна. Паводле меркавання спецыялiстаў, пустыя ўчасткi ў гэтым рэгiёне ў апошнiя днi снежня сёлета могуць патаннець адразу напалову. Калi патэнцыяльны пакупнiк вырашыць менавiта зараз набыць жылы дом або пусты зямельны ўчастак, раiм прыслухацца да некалькiх слушных парад начальнiка юрыдычнага аддзела Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Беларусi Андрэя Гаева. Аб’ект нерухомасцi павiнен быць абавязкова зарэгiстраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi. Зарэгiстраваны павiнен быць i дом, i зямельны ўчастак. Потым пакупнiку трэба абавязкова ўдакладнiць, цi не iснуе па гэтаму аб’екту якiх-небудзь абмежаванняў па адчужэнню такой маёмасцi. Гэтую iнфармацыю магчыма атрымаць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi па выпiсцы з рэгiстрацыйнай кнiгi. Клiент павiнен запытаць у прадаўца ўсю тэхнiчную дакументацыю па аб’екту i дакладна яе прааналiзаваць. Iнфармацыя па аб’ектах, занесеных у тэхпашпарт, павiнна адпавядаць жылым будынкам i iншым пабудовам, якiя рэальна iснуюць на зямельным участку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля выхаду ў свет указаў кiраўнiка дзяржавы № 58 i № 87, якiя накiраваны на скарачэнне незавершаных будаўнiцтвам незакансерваваных дамоў, дач i навя
|
|