Фаiна АНАСОВIЧ, вёска Боркi Вiлейскага раёна: «Нас палiлi на Радаўнiцу...»
Таццяна ПАДАЛЯК
«Нашчадкi вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь» У рэдакцыю патэлефанавала Таццяна Мiкалаеўна Анасовiч з Вiлейкi: «Мая свякроў Фаiна Сяргееўна засталася адна са знiшчанай вёскi Боркi, якая так i не адрадзiлася пасля вайны...».Упершыню ў жыццi Фаiна Анасовiч была на магiле сваёй роднай вёскi Боркi, што на Могiлках спаленых вёсак, толькi ў гэтым годзе — 22 сакавiка, у дзень трагедыi Хатынi. Мiнская абласная i Вiлейская раённая ўлады паклапацiлiся пра тое, каб гэтая мужная жанчына была сярод «нашчадкаў вогненных вёсак», якiя прыехалi ў той халодны дзень у мемарыяльны комплекс. ...Яна так плакала-галасiла — ледзьве ўдалося яе супакоiць. Цяжар трагедыi роднай вёскi — усё жыццё з ёю. Пасля мiтынгу-рэквiема, пад жалобны голас хатынскiх званоў, мы накiравалiся да Могiлак знiшчаных вёсак. Фаiна Сяргееўна, раз-пораз выцiраючы вочы, расказвае пра свае Боркi — i я нiбыта бачу тую прыгожую беларускую вёсачку... — Колькi людзей засталося з вашай вёскi? — Адна я... Была ў полi, як людзей палiлi, не бачыла. Пакуль у вёску прыйшла, людзi ўжо былi спаленыя ў хляве. Так страшна — каб гэта хто знаў. Не магу гаварыць... А столькi немцаў было, проста чорная хмара. Усё забiралi з хат ды двароў. Яны не дзень — тры днi былi ў вёсцы. У аўторак спалiлi людзей, а вёску, хаты спалiлi ажно ў чацвер. — Увесь гэты час рабавалi? — Так, усё забiралi. — А дзе вам удалося схавацца? — Я i не ўяўляла, дзе мне схавацца, малая, 11 гадкоў было. Дый ад таго, што адбылося... Каля нашай хаты было гумно i вельмi вялiкi сад. Перад гэтым абсякалi яблынi, вялiкая гурба галля ляжала. Я ўлезла ў гэтае галлё, там i сядзела, холадна было, уся прамокла, але сядзела... Калi ўсё супакоiлася, вылезла. Бачу — вёска гарыць. Што свечка... Хаты пагарэлi, але тры, на канцы вёскi, засталiся, там былi пусткi, агонь не дайшоў. Зайшла ў адну хату... На стале стаяў жбаночак з малаком, хлеб ляжаў. Раптам чую: загудзела машына. Гляджу — вылазяць з яе два немцы, пажылы i малады. Шапкi ў iх былi нейкiя незвычайныя — мабыць, начальнiкi. А шафёр быў апрануты ў цывiльнае... Ну, дзе мне дзецца? Схавалася за шафу. Пачула крык: «Хто ёсць — выходзь!». Я не пайшла, як стаяла — так i засталася стаяць. Яны прапусцiлi чаргу з аўтамата — па шафе, па вокнах... I цяпер у мяне ў вушах стаiць звон тых разбiтых кулямi акон... Шафёр быў з суседняй вёскі, пасля расказвалi, што ён партызанскi сувязны, па заданню служыў у немцаў шафёрам... Ён убачыў мяне, падышоў: «Ты тут адна?» Кажу: «Адна». Узяў мяне за руку — а я не хачу iсцi. Ён усё роўна павёў i толькi цiхенька папярэдзiў: «Што б з табой нi здарылася, не ўздумай уцякаць». Ён не ведаў, што яны будуць рабiць са мной далей... Я выйшла — стаяць гэтыя немцы. Загадалi мне распрануцца. А на мне кофтачка драненькая, лапцiкi на нагах, ватовачка самашытая... Вопратку паклала побач. I тады старэйшы немец правёў па плячах рукой i за галаву ўзяўся, нешта прагаварыў. А другi па-польску, нiбыта пераклаў: «Пражыў 50 гадоў, а такога не бачыў. Хацелi забiць, але больш страляць не будзем...». Пачалi цiкавiцца, дзе мне ўдалося схавацца. А мне гаварыць — ужо i мовы ў мяне не было. Але што хачу сказаць — нашы людзi былi папярэджаны аб карнай аперацыi. — А чаму ў лес не пайшлi? — Прыкладна за тыдзень да гэтага гора немцы прыязджалi ў Боркi. Гэта было перад Вялiкаднем. Каб вы толькi зналi — як з галоднага краю, усё хапалi, што толькi было: у каго парася, у каго курэй. У нас у скрынцы яечкi ляжалi, мацi збiрала да свята — усё выграблi... А мы, дзецi, стаiм ды плачам: як жа, будзе Вялiкдзень — а ў нас усё забралi. Мацi кажа: «Хай бяруць, дзеткi, усё роўна — якi ўжо тут будзе Вялiкдзень...». Па хатах усё пазабiралi, праўда, чапаць — нiкога не чапалi. Палёталi па вёсцы, нахапалi ўсяго ды паехалi. Ад’ехалiся яны недалёка, мо праз паўгадзiны партызаны на iх напалi, пачаўся бой. Такая пайшла стралянiна! Нас мацi паклала на зямлю i сама лягла — вокны ў хаце дрыжэлi ад той стралянiны... Людзей спалiлi праз тыдзень, у аўторак — на Радаўнiцу. А перад гэтым, у панядзелак, у Боркi верхам на конях прыехалi два партызаны. Сказалi ўсiм: збiрайцеся i за гэтую ноч каб усе выехалi з вёскi. Папярэдзiлi, што Боркi i Любчу (вёска суседняя, за кiламетр ад нас) будуць палiць разам з людзьмi. — Дык чаму не пакiнулi вёску? — Мама кажа: «Куды ж мы дзенемся?» Паспрабуйце за ноч сабрацца... Дый нiхто не паверыў, што вёску могуць спалiць разам з людзьмi. Тыдзень назад нас не кранулi. Ну, вяскоўцы i вырашылi: можа, i цяпер нiчога з намi не будзе — толькi каб усе былi дома, раптам яны пераклiчку надумаюць рабiць. ...Я была за пастушка ў полi, калi пачулася стралянiна ў вёсцы. А потым над Любчай паказалася полымя. Дым чорны-чорны... Праз кароткi час бягуць два дзядзькi абгарэлыя. Гавораць: людзей паляць, iм удалося збегчы. I нам кажуць: уцякайце! Зноў не паверылi... Я прыйшла ў сваю хату — што там рабiлася... Усё раскiдана. Вiдаць, мама думала ў печы палiць — дровы ляжалi. У мiсачцы бульба садраная... А фашысты лётаюць па вулiцы ды такiя вясёлыя — вам не расказаць. I пяюць, i iграюць на губных гармонiках... Цi лёс, цi гэта ад Бога... Адна я засталася. У маёй сям’i загiнулi два браты, сястра i мацi... Трагедыя здарылася 5 мая 1943 года. ... На гэтых сiмвалiчных Могiлках вёсак, якiя былi спаленыя разам з жыхарамi i не адрадзiлiся пасля вайны (падобных могiлкаў няма нiдзе ў свеце), мы прайшлi i спынiлiся каля Дальвы, дзе кланяўся сваiм землякам, сваёй вёсцы дальвiнец Мiкалай Пятровiч Гiрыловiч i яго жонка Рыма Iгараўна... А вось i Боркi Вiлейскага раёна: знiшчана 98 чалавек. Непадалёк i вёска Любча: спалена 93 жыхары... Фаiна Анасовiч жыве ў вёсцы Рабунь. 20 гадоў адпрацавала цялятнiцай у мясцовым калгасе «Бальшавiк» (зараз гэта ПСП ААТ «Камбiкормавы завод». Толькi гады два не ходзiць «на зерне» ў жнiво, каб дапамагчы... Нягледзячы на паважаны ўзрост, трымае гаспадарку: карову, свiней, курэй... Выгадавала сына i дзвюх дачок, мае 4 унукаў i праўнучку. Прызнаецца: «Колькi жыву — кожны дзень успамiнаю вайну». ...Днямi ў рэдакцыю зноў патэлефанавала Таццяна Мiкалаеўна: «Хачу яшчэ раз шчыра падзякаваць газету «Звязда» i мемарыяльны комплекс «Хатынь» за гэтую высакародную акцыю памяцi. Фаiна Сяргееўна неверагодна ўзрушана, усiм наўкол расказвае ў дэталях i падрабязнасцях пра паездку ў Хатынь. Яна нiбы пабыла ў родных Борках, сустрэлася з загiнуўшымi аднавяскоўцамi...».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю патэлефанавала Таццяна Мiкалаеўна Анасовiч з Вiлейкi: «Мая свякроў Фаiна Сяргееўна засталася адна са знiшчанай вёскi Боркi, якая так i не а
|
|