У ГАСЦЯХ У ПАНI
Сымон СВIСТУНОВIЧ
На тэрыторыi многiх сельсаветаў знаходзяцца помнiкi культуры i архiтэктуры. На жаль, далёка не ўсе яны захавалiся ў добрым стане. Праблема вядомая — няма грошай на рэстаўрацыю. Але пры вялiкiм жаданнi i на мясцовым узроўнi можна iх аднавiць i захаваць для нашчадкаў.
У вёсцы Агарэвiчы Ганцавiцкага раёна ёсць сядзiба, пабудаваная ў ХIХ стагоддзi. Драўляны дом разам з мураванай стайняй, гумном, паркам i сажалкай займае шэсць гектараў. Сядзiба — помнiк традыцыйнай сядзiбна-паркавай архiтэктуры Беларусi. Для драўлянага будынка 150 гадоў — вялiкi тэрмiн, i не дзiва, што сядзiба была ў кепскiм стане, але ў доме нейкi час жыло чатыры сям’i. — Дом застаўся пустым, калi людзям далi новае жыллё i тады паўстала пытанне: «А што рабiць з сядзiбай?» Усё вырашылася на агульным сходзе — людзi падтрымалi былога старшыню калгаса i сядзiбу вырашылi аднавiць, — паведала Валянцiна Супрун, старшыня Агарэвiцкага сельскага Савета. Але не ўсё аказалася так проста. Мiхаiл Кунцэвiч, якi тады ўзначальваў калгас iмя Кiрава, расказвае: — Адзiн будаўнiк прапанаваў спалiць сядзiбу. Маўляў, каму такая развалюха патрэбна i навошта ў яе ўкладваць грошы? «Калi хочаш спалiць, то можаш гэта зрабiць, але пасля таго, калi за такое рашэнне прагаласуюць людзi», — сказаў я на сходзе, i народ выказаўся за рэстаўрацыю дома. Думалi ў сядзiбе зрабiць музей, але прыкiнулi, узважылi i ад такой думкi адмовiлiся, бо каму на вёсцы ў музей хадзiць? Зазiрнуць вучнi мясцовай школы раз у год цi нейкi госць наведае — i ўсё, а хацелася б, каб у сядзiбе iшло нармальнае жыццё. Таму i вырашылi адкрыць тут гасцiнiцу на 8 месцаў, бар ды банкетную залу. Адбудоўвалi дом сваiмi сiламi, прычым старалiся максiмальна захаваць першапачатковы выгляд. Праўда, iнтэр’ер прыйшлося змянiць. Бо, напрыклад, кафлю неўпрыкмет расцягнулi, а вырабляць старадаўнюю — справа вельмi дарагая. Ды i галоўным у гэтай сiтуацыi было захаваць саму сядзiбу. За два гады яе аднавiлi, i сёння тут спраўляюць вяселлi ды кормяць механiзатараў, бо ёсць кухня, а яшчэ камiн. Ва ўсякiм разе «У гасцях у Панi» (такую назву атрымала сядзiба) можна адпачыць i за невялiкiя грошы. Здараецца, што тут спыняюцца i замежныя госцi. Сказаць, што сядзiба дае вялiкi прыбытак, нельга, нават наадварот — яго няма, але «У гасцях у Панi» — самае папулярнае i ўтульнае месца ў Агарэвiчах. Не пустуе i стайня — тут знаходзiцца конна-спартыўная школа. Так што вакол сядзiбы ёсць жыццё. Няхай яно не вiруе, як у горадзе, але сядзiба надае вёсцы пэўны каларыт. I яшчэ важны момант. Адкрыццё сядзiбы «У гасцях у Панi» адбылося ў 1995 годзе, калi эканамiчная сiтуацыя ў краiне была не самай лепшай, але помнiк здолелi аднавiць i ў вынiку ўсе засталiся задаволены. Ганцавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi многiх сельсаветаў знаходзяцца помнiкi культуры i архiтэктуры. На жаль, далёка не ўсе яны захавалiся ў добрым стане
|
|