Аляксандр ЛУКАШЭНКА:«новая структура ўрада адпавядае патрабаванням развіцця краіны»
Сяргей ПРОТАС
Учора кiраўнiк дзяржавы правёў нараду з новым складам урада. У яго ўвайшлi шэсць новых чалавек: Вiктар Бура — намеснiк прэм’ер-мiнiстра, Аляксандр Азярэц — мiнiстр энергетыкi, Мiкалай Панцялей — мiнiстр сувязi i iнфарматызацыi, Уладзiмiр Патупчык — мiнiстр працы i сацыяльнай абароны, Васiль Жарко — мiнiстр аховы здароўя i Аляксандр Селязнёў — мiнiстр архiтэктуры i будаўнiцтва. Прэм’ер-мiнiстрам Беларусi, як i заяўляў Аляксандр Лукашэнка яшчэ да прэзiдэнцкiх выбараў, застаўся Сяргей Сiдорскi.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фармiраванне ўрада ў нашай краiне праходзiла ў дзелавой, спакойнай абстаноўцы, без палiтычнага ажыятажу i сацыяльных узрушэнняў. Гэта сведчыць пра стабiльнасць у дзяржаве i з’яўляецца асновай для далейшага дынамiчнага развiцця краiны. Перад абноўленым Саветам Мiнiстраў стаяць вельмi сур’ёзныя задачы. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, менавiта новаму складу давядзецца выконваць рашэннi III Усебеларускага народнага сходу. А гэта значыць, што ў блiжэйшую пяцiгодку прадстаiць дабiцца большага, чым у папярэдняе дзесяцiгоддзе. Змянiўся не толькi склад, але i структура Савета Мiнiстраў. З 47 рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання застанецца толькi 39. Як адзначыў прэзiдэнт, гэта дазволiць трохпрыступкавую сiстэму кiравання замянiць на двухпрыступкавую. Асновай развiцця эканомiкi павiнны стаць iнавацыi. «Укараненне навукаёмiстых тэхналогiй, iмпартазамяшчаючых i рэсурсазберагаючых вытворчасцяў — вось прыярытэтныя накiрункi, па якiх мы будзем рухацца. Рэальныя магчымасцi для гэтага мы маем», — адзначыў прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў галоўнае патрабаванне, «якое датычыцца ўсiх»: зрабiць нашу дзяржаву зручнай для народа. Аляксандр Лукашэнка высока ацанiў вопыт гаспадарання прэм’ер-мiнiстра, але разам з тым крытыкаваў папярэднi склад урада за пэўную пасiўнасць i недахоп iнiцыятывы. Замест таго, каб самiм своечасова вырашаць некаторыя праблемы, чакалi ўказанняў прэзiдэнта. Яшчэ адна заўвага — ухiленне ад вырашэння праблем на месцах. Прэзiдэнт запатрабаваў ад новага ўрада больш дасканала пралiчваць эфектыўнасць iнвестыцыйных праектаў i мераў дапамогi прадпрыемствам. Галоўнае — дабiцца максiмальнай аддачы. На жаль, летась так было не заўсёды. Так, 40 млрд рублёў дапамогi прадпрыемствам канцэрна «Беллегпрам» не прынеслi чаканых вынiкаў. Аляксандр Лукашэнка лiчыць, што ў сённяшнiх умовах «ключавым» з’яўляецца пытанне забеспячэння энергетычнай бяспекi краiны. Прэзiдэнт усклаў на першага вiцэ-прэм’ера Уладзiмiра Сямашку i новага мiнiстра энергетыкi Аляксандра Азярца асабiстую адказнасць за рэалiзацыю Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнiзацыi беларускай энергасiстэмы. Дасягнуць гэтага трэба пры мiнiмальных затратах. Кiраўнiка дзяржавы асаблiва абурыў той факт, што пасля правядзення тэндара на пастаўку абсталявання на Мiнскую ЦЭЦ-3 высветлiлася, што рэалiзаваць праект можна на 30 мiльёнаў еўра танней. Такiя грошы на дарозе не валяюцца. Экспарт з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнага маштабу. Таму актуальнай застаецца задача пашырэння яго геаграфii, а таксама павышэння ў яго структуры долi высокатэхнiчнай i навукаёмiстай прадукцыi. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, пры жорсткiм знешнiм цiску знешнеэканамiчная дзейнасць — умова выжывання нашай дзяржавы. Ураду давядзецца вырашаць маштабныя задачы па пашырэнню прысутнасцi Беларусi на сусветным рынку, правядзенню «агрэсiўнай знешнеэканамiчнай дзейнасцi». Да 2010 года павiнна быць вырашана праблема няхваткi ўрачоў. Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што ў галiне аховы здароўя неабходна выконваць усе сацыяльныя стандарты. Канцэпцыю развiцця аховы здароўя да 2007 года даручана трымаць на асабiстым кантролi вiцэ-прэм’еру Аляксандру Косiнцу i новаму мiнiстру аховы здароўя Васiлю Жарко. Прэзiдэнт заявiў, што ўпор трэба зрабiць на развiццё i ўкараненне высокiх тэхналогiй, перааснашчэнне раённых, абласных бальнiц i рэспублiканскiх цэнтраў. Менавiта ў абсталяванне, а не ў сцены трэба ўкладваць грошы. Як адзначыў кiраўнiк дзяржавы, сёння доля лекаў, якiя выпускае канцэрн «Белбiяфарм», складае ўсяго 16 працэнтаў ад ёмiстасцi беларускага рынку i толькi 8 працэнтаў ад неабходнага асартыменту. Iмпарт лекавых сродкаў за два месяцы павялiчыўся амаль на 40 працэнтаў да ўзроўню мiнулага года. Разам з тым фармацэўтыка з’яўляецца вельмi рэнтабельнай i перспектыўнай галiной. Аляксандр Лукашэнка паставiў задачу павялiчыць гадавую вытворчасць фармпрадукцыi да 130 мiльёнаў долараў, а яе наменклатуру давесцi да 50 працэнтаў ад рэспублiканскага пералiку асноўных лекавых сродкаў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу новага вiцэ-прэм’ера Вiктара Буры i мiнiстра жыллёва-камунальнай гаспадаркi Уладзiмiра Белахвостава на тое, што больш за 50 працэнтаў скаргаў ад насельнiцтва датычацца недахопаў у рабоце камунальных службаў. Пры гэтым арганiзацыi ЖКГ адчуваюць сябе прывольна, бо на месцах 3-4 разы на год пераглядаюцца ў бок павелiчэння аб’ёмы бюджэтнага фiнансавання. I ўся iх безгаспадарчасць пакрываецца з бюджэту i насельнiцтвам. Такое палажэнне спраў прэзiдэнт назваў недапушчальным. Кiраўнiк дзяржавы запатрабаваў знiзiць выдаткi ў сiстэме ЖКГ, а таксама забяспечыць сучасную якасць паслуг. Аляксандр Лукашэнка даручыў удасканалiць сiстэму пенсiйнага забеспячэння. У мiнулай пяцiгодцы ўрад не забяспечыў выканання прагнознага паказчыка па суадносiнах сярэдняга памеру пенсii i сярэдняй заработнай платы. Суадносiны памiж пенсiяй i перадпенсiйнай зарплатай вагаюцца ад 18 да 220 працэнтаў. На думку прэзiдэнта, такое ўсерадненне не стымулюе зароблiванне будучай пенсii. Гэтыя праблемы трэба вырашаць ужо сёння. Адзiн са шляхоў — эканомiя рэсурсаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. Сёлета на ўтрыманне органаў Фонду накiравана каля 60 млрд рублёў. Iншыя выдаткi ў бюджэце Фонду складаюць больш за 107 млрд рублёў. Гэтых сродкаў хапiла б на выплату пенсii на працягу года 53 тысячам чалавек. Увогуле, меры па сацыяльнай абароне насельнiцтва павiнны насiць папераджальны характар. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна далейшае ўдасканаленне дзяржаўнага рэгулявання цэн i тарыфаў на сацыяльна значныя тавары i паслугi. Кiраўнiка дзяржавы непакояць стан спраў з занятасцю i заработнай платай у рэгiёнах краiны. Тут патрэбны комплексны падыход, якi б улiчваў перспектывы сацыяльна-эканамiчнага развiцця малых гарадоў i пасёлкаў. Прэзiдэнт заявiў пра неабходнасць значнага павелiчэння аб’ёмаў будаўнiцтва жылля ў такiх населеных пунктах. Адным з найбольш актуальных пытанняў у галiне будаўнiцтва Аляксандр Лукашэнка назваў цэнаўтварэнне. За апошнiя гады цэны так выраслi, што становяцца непад’ёмнымi для нашых грамадзян. Гэты рост працягваецца i сёлета. Аляксандр Лукашэнка даручыў новаму мiнiстру архiтэктуры i будаўнiцтва вывучыць адпаведныя пытаннi i ўнесцi канструктыўныя прапановы. Прэзiдэнт засцярог новы склад урада ад паспешлівых i непрадуманых рашэнняў у сферы малога i сярэдняга бiзнэсу. Ва ўсiх яшчэ свежая ў памяцi сiтуацыя, калi летась падобнае рашэнне «ўздыбiла» рынкi. Давялося ўмешвацца прэзiдэнту. «Правiлы гульнi» для прадпрымальнiкаў, прынамсi, не павiнны быць пагоршаны. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў да першага чэрвеня забяспечыць дзейсную сiстэму гарантый якасцi i бяспекi тавараў, якiя ўвозяцца да нас з-за мяжы. На яго думку, робiцца не дастаткова для прасоўвання айчынных тавараў. У магазiнах яны часта займаюць не лепшыя месцы. Слаба развiваецца гандаль у крэдыт, па пошце, электронны гандаль. Iстотнага паляпшэння патрабуе арганiзацыя бытавога абслугоўвання насельнiцтва. Аляксандр Лукашэнка надзвычай важным назваў лiквiдацыю яе стратнасцi, а таксама запатрабаваў удасканалiць дзейнасць па нарыхтоўцы ў насельнiцтва сельгаспрадукцыi, ягад i грыбоў. Гэтым павiнны займацца не прыватнiкi, а дзяржаўныя арганiзацыi. Гэта толькi некаторыя з тэм i задач, якiя былi ўзняты на нарадзе ў прэзiдэнта. Нягледзячы на iх маштабнасць, Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ўсё гэта па сiлах новаму ўраду. Вось толькi для iх вырашэння ўсiм давядзецца закасаць рукавы i мабiлiзаваць усе сiлы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора кiраўнiк дзяржавы правёў нараду з новым складам урада. У яго ўвайшлi шэсць новых чалавек: Вiктар Бура — намеснiк прэм’ер-мiнiстра, Аляксандр Азя
|
|