Падарожжа ў рай
Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ
(Працяг. Пачатак у нумарах за 11 і 12 мая.)
Хто-нiхто з дэлегацыi пачаў прапаноўваць варыянты выйсця з вельмi незайздроснага становiшча. Самым непапулярным быў той, па якому прапанавалася заплацiць за нумары яшчэ раз, а потым у Мiнску, маўляў, разбярэмся. Знайшоўся смяльчак, якi згадзiўся аддаць ў заклад сваю бiзнэс-картку, на якой была неабходная сума грошай у залог. Праўда, на паверку аказалася, што там сума недастатковая, каб станоўча вырашыць пытанне з аплатай за ўсiх. Пасля гадзiнных перамоў з Мiнскам, якiя нiчога не прасвятлiлi, у групе знайшлася дама, якая прапанавала касiру «залатую» картку. На шчасце, гэтага хапiла, каб нам выдалi ключы ад нумароў. Дакладней, гэта былi намагнiчаныя карткi... Адпачынак пасля такой нерватропкi быў якраз да месца... Ранiца наступнага дня ўжо выглядала больш вясёлкавай. У планах журналiстаў было наведванне Сiнгапурскага батанiчнага сада, якi менавiта асацыiруецца з райскiм кутком. Выклiкаем машыну. Пры даволi высокiм жыццёвым узроўнi таксi ў Сiнгапуры значна танней, чым у Мiнску. Адзiная нязручнасць — руль з вадзiцелем знаходзяцца справа. Адпаведна, мы рухаемся па леваму боку дарогi. Праўда, гэты нюанс зусiм хутка страчвае сваю актуальнасць, бо за нейкiя 15 хвiлiн мы ўжо ў батанiчным садзе. Мноства колераў самых разнастайных кветак, трапiчныя пальмы, ранiшнiя 30 градусаў свежага паветра. Гадзiннае блуканне па гэтых вабнасцях прывяло нас да парку архiдэй. Праўда, за задавальненне трэба плацiць. Уваход — 5 сiнгапурскiх долараў. Калегi з АНТ, набыўшы ўваходныя бiлеты першымi, адкрылi сакрэт. Маўляў, Ваван, калi ў цябе ёсць студэнцкi бiлет, то ў парк можна прайсцi i за адзiн долар. Шкадую, што не зрабiлi стаўкi на гэтую прапанову. Як нi ў чым не бывала я падаў у акенца мадам-кiтаянцы сваё службовае пасведчанне-кнiжачку на беларускай мове. Касiрша спрабавала высветлiць, дзе напiсана, што я студэнт. Я ў адказ: вось пячатка, гэта i ёсць пацвярджэнне. Не ведаю чаму, але ж «гаспадыня» парку архiдэй больш нiчога ў мяне не пытала, а ўзяла толькi долар за ўваход. Кiнуў батанiчны сад на цэлых чатыры «залатыя». Гэтае пачуццё кемлiвасцi прайшло пасля таго, як наш таксiст па дарозе ў гатэль спецыяльна зарулiў у дарожную «пробку» i мы заплацiлi амаль удвая больш, чым першы раз. Вось такая эканомiя. Сiнгапур у нашым паняццi лiчыцца месцам узорнай культуры i парадку. Мы не раз чулi, што тут на вулiцы нельга курыць, пляваць дзе ўздумаецца. Канешне, гэтыя абмежаваннi сядзелi ў душы кожнага беларуса, асаблiва ў курцоў. Аднак нашы ўмудралiся пакурваць i на вулiцы, схаваўшы цыгарэты ў кулак. Вiдаць, таму сустрэч з палiцэйскiмi ўдалося пазбегнуць. З iншых славутасцяў вострава — кракадзiлавая ферма i заапарк. На жаль, паездка да алiгатараў не адбылася, бо ферма была закрыта на рамонт. А вось рандэву з жывёламi адбылося. Праўда, ад гатэля прыйшлося ехаць аж у другi канец вострава. Трапiлi пад пралiўны трапiчны дождж. Здавалася, што яму не будзе канца, а мы толькi ўхаластую пракоцiмся, заплацiўшы таксiсту. На наша шчасце неба вельмi хутка пасвятлела. Кенгуру, львы, змеi, малпы, тыгры, белыя мядзведзi. Набор, вiдаць, традыцыйны для многiх еўрапейскiх заапаркаў. Адзiнае, што вельмi ўразiла — гэта iндыйскiя сланы. Час наведвання заканчваўся, калi мы дабралiся да эстакады, адкуль элефанты былi як на далонi. Паколькi за працоўны дзень яны паспявалi выкачацца ў пяску, але на пастой «нямытымi» служачыя вальера iх не пускалi, два iндусы на пару «мылi» сваiх падначаленых — хвiлiн 15 кожнага з чатырох сланоў. Для гэтага iм прыйшлося добра парваць горла, каб «мастадонты» па чарзе акунулiся ў ваду з галавой. Хоць i з неахвотай, але ў вынiку ўсе патрабаваннi пагоншчыкаў сланоў былi выкананы бездакорна. Асаблiвая тэма для прыезджых — сiнгапурская кухня. Яна вельмi разнастайная i надзвычай вострая. Асаблiва гэта датычыцца розных кропак, дзе вам прапануюць адведаць японскiя сушы цi атрымаць задавальненне ад наведвання кiтайскага або iндыйскага рэстарана. Экспансiя гэтага азiяцкага меню такая, што адшукаць беларускую кухню проста немагчыма. У даведнiку, якi быў у гасцiнiчным нумары, iнфармацыi наконт «Надзеi» не было, а гаспадары шматлiкiх кафэ i рэстаранчыкаў на набярэжнай проста рабiлi выгляд, што не ведаюць нiчога, што робiцца вакол. Канкурэнцыя, што тут скажаш. Кожны запрашае да сябе, абяцаючы пакармiць па вышэйшаму разраду i нават зрабiць значную скiдку. Мы ж ведаем, што гэта проста як кручок для рыбы: клюнуў i застаешся на iм, пакуль не разлiчышся. Дарэчы, наведванне рэстарана на набярэжнай з заказам жывых крабаў, качкi па-пекiнску i шматлiкай марской жыўнасцi ў адзiн з вечароў прыемна здзiвiла. Калi раскiнуць суму на ўсiх, то на кожнага атрымаецца не вельмi шмат. I ўсё ж на заключны дзень у Сiнгапуры iх шматнацыянальная кухня ўжо надакучвае: хочацца беларускай бульбы з добрай квашанай капустай, маласольнымi агуркамi з бочкi i кавалачкам свежапасоленага сала з маразiльнiка. Але ж марыць нядрэнна, бо на маршруце ў нас Аўстралiя, самы паўднёвы горад Мельбурн, да якога амаль 8 гадзiн бесперасадачнага лёту. Гэты палёт праходзiць больш лёгка — станоўча сказваецца кароткачасовы адпачынак на гарадскiм пляжы Сентоза, паходы за сувенiрамi ў кiтайскiя лаўкi, наведванне мясцовай славутасцi — больш чым 100-метровай вежы, на якой за сiмвалiчную плату на працягу пяцi хвiлiн можна падняцца ўвысь i ў некалькi паваротаў на 360 градусаў агледзець увесь востраў Сiнгапур. А яшчэ развязаўся гордзiеў вузел з засяленнем у гатэль. На дзень ад’езду на рэцэпцыi нам сказалi, што ўсё ў парадку, грошы паступiлi. Цi так гэта на самай справе, мы не высвятлялi, магчыма, сiнгапурцы з «Пенiнсулы» хацелi развесцi нас на грошы... Віват трэйд-ваяжу. Пад крылом самалёта ўжо Аўстралiя. Калi вельмi ўважлiва ўглядацца ўнiз, то там бачны пустынныя расколатыя часам землi «Зялёнага кантынента». Задумваешся: чаму мацярык атрымаў назву «зялёнага». Усялякiя думкi знiкаюць, акрамя адной — як без праблем прайсцi пашпартна-пагранiчны кантроль, калi самалёт плаўна прызямляецца ў мiжнародным аэрапорце Мельбурна. Перад ад’ездам столькi жахаў расказалi бывалыя ў Аўстралii турысты. У сэнсе таго, што сала, нават у шакаладзе, туды не правязеш. Нават кансервы забяруць. Першыя крокi ў залу аэрапорта пацвердзiлi гэта. Службовыя сабакi лабрадоры з палiцэйскай экiпiроўкай «вострым» носам абнюхвалi ўвесь багаж. Калi палкан раптам схiлiцца над вашай сумкай — рыхтуйцеся распакоўвацца па поўнай праграме. Калi не знойдзецца хлебных крошак, на кон будзе пастаўлена насенне сiнгапурскiх кветак, нават гербарыi з лiлiй цi архiдэй. Пра харчы справа асобная. Нашы людзi ўмудраюцца правозiць сухую каўбасу, балыкi i бастурму мiма вострага нюху чацвераногiх служак аўстралiйскiх законаў. Але радавацца рана, бо нейкiм сёмым пачуццём самi палiцэйскiя могуць вылiчыць «кантрабандыстаў» i прапануюць вам распакаваць ваш чамадан. Адзiн з беларускiх трэнераў, якi прыляцеў у Мельбурн днём раней, на трэнiроўцы расказваў, як яго з поўным адмысловым сальна-мясным наборам «накрылi» мясцовыя мытнiкi. Шкада, кажа, але ж шанцы правезцi высакаякасны прадукт былi «фiфцi-фiфцi». Асобная тэма — гэта пашпартны кантроль. Тут адразу ўспомнiш Уладзiмiра Маякоўскага, з яго «советским паспортом». I тут пагранiчнiкi з палiцэйскiмi глядзяць з вялiкай фанабэрыяй i ганарыстасцю. Нават калi «паспортина» ўжо праштампавана, цябе абавязкова адвядуць у асобны куток, дзе сiнюю кнiжачку правераць пры асобным святле на сапраўднасць. Праўда, на зуб яшчэ не дадумалiся спрабаваць смак беларускага пашпарта. Мiнск—Вена—Сiнгапур—Мельбурн—Мiнск. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто-нiхто з дэлегацыi пачаў прапаноўваць варыянты выйсця з вельмi незайздроснага становiшча. Самым непапулярным быў той, па якому прапанавалася заплац |
|