21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Харчовая бяспека краiны пачынаецца ў полi i... у архiтэктурна-планiровачнай майстэрнi

25.08.2009 21:49 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аглядальнiк «ЗВЯЗДЫ» гутарыць з генеральным дырэктарам «Iнстытута Белдзiпрааграхарчпрам» Мiкалаем ДУДКО

ПРАДСТАЎЛЯЕМ СУРАЗМОЎЦУ

Мiкалай Дудко нарадзiўся ў Драгiчынскiм раёне. Пасля заканчэння Маскоўскага iнстытута харчовай прамысловасцi быў накiраваны на Мiнскi мясакамбiнат, дзе працаваў майстрам кампрэсарнага цэха. Затым быў запрошаны ў аддзел капiтальнага будаўнiцтва Мiнiстэрства мясамалочнай прамысловасцi рэспублiкi. Калi пры мiнiстэрстве было створана праектна-канструктарскае бюро, каб забяспечыць праектна-каштарыснай дакументацыяй рэканструкцыю прадпрыемстваў галiны, перайшоў у бюро. З пасады загадчыка аддзела быў накiраваны дырэктарам ГМЗ № 3, будаўнiцтва якога разгортвалася ў беларускай сталiцы. Пасля таго, як адбыўся пуск завода i пачалося асваенне яго магутнасцяў, быў запрошаны ў рэспублiканскае аб’яднанне «Белаграпрамкамплект», дзе ў якасцi намеснiка генеральнага дырэктара курыраваў перапрацоўчую галiну АПК. У 2000 годзе па iнiцыятыве Мiнсельгасхарча ўзначалiў праектна-вытворчае рэспублiканскае унiтарнае прадпрыемства «Iнстытут Белдзiпрааграхарчпрам».


— Нават беглае знаёмства з гiсторыяй iнстытута сведчыць, што пачатак новага стагоддзя стаў пераломным момантам у жыццi калектыву. На гэты час прыпадаюць яго даволi энергiчныя крокi, скiраваныя на тое, каб БГАПП больш упэўнена адчуваў сябе ва ўмовах рынкавай эканомiкi, замацаваў уласныя пазiцыi ў высокаканкурэнтным сектары, у якiм працуе. Цi не так, Мiкалай Барысавiч?

— Да таго часу калектыў працяглы час «хварэў», i пара было выходзiць з гэтага хваравiтага стану. Тым больш што Беларусь узяла курс на ўздым аграпрамысловага комплексу, усё больш рэльефнай станавiлася iдэя харчовай бяспекi краiны, i спатрэбiлася падстаўляць плячо. Хоць бы таму, што мы з’яўляемся галiновым праектным iнстытутам — адзiным у структуры Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчовай прамысловасцi рэспублiкi.

У нас было вельмi мала часу, каб, па-першае, па-сапраўднаму стаць на ногi, i, па-другое, навучыцца паспяваць за iмклiвай хадой часу. Гэта значыць, не проста прыняць на сябе асноўны цяжар, галоўную нагрузку па праектаванню аб’ектаў АПК, але i закладваць у праекты новыя, найноўшыя тэхналогii. Усё тое перадавое, што сёння шырока прымяняецца ў Еўропе. Дапамаглi ў гэтым сэнсе прафесiйная падрыхтаванасць спецыялiстаў iнстытута i трывалыя кантакты з замежнымi фiрмамi, якiя пастаўляюць абсталяванне пад нашы праекты. Дзякуючы такому супрацоўнiцтву атрымалi i атрымлiваем iнфармацыйную падпiтку па сучасных тэхналогiях. Iнакш кажучы, мы павiнны былi стаць прапагандыстамi, праваднiкамi новых тэхналогiй, i, спадзяюся, сталi iмi — праз свае праекты, канешне.

— Дастаткова «пагартаць» багаты фотаархiў аб’ектаў, рэканструкцыю цi будаўнiцтва якiх ваш iнстытут запраектаваў, i пераконваешся, што ў аграпрамысловым комплексе рэспублiкi вядзецца шырокае абнаўленне асноўных фондаў, узводзяцца новыя цэхi i нават буйныя прадпрыемствы. Каб у чытача склалася правiльнае прадстаўленне аб гэтым працэсе, раскажыце, калi ласка, пра той сапраўдны праектны i будаўнiчы «бум», якi разгортваецца ў сельскай гаспадарцы i перапрацоўчай прамысловасцi. I ў якiм калектыў iнстытута прымае самы непасрэдны ўдзел.

— Калi вы не супраць, я пачаў бы з прыкладу супрацоўнiцтва з адным з вядучых айчынных перапрацоўчых прадпрыемстваў — Слуцкiм цукрова-рафiнадным камбiнатам. Менавiта з выканання заказа гэтага прадпрыемства пачалося адраджэнне, можна так сказаць, нашага калектыву. Калi мы пяць гадоў таму выйгралi тэндар на праектаванне новых магутнасцяў камбiната, ён перапрацоўваў прыкладна 3 тысячы тон цукровых буракоў у суткi. Першы этап рэканструкцыi дазволiў выйсцi на 4 тысячы тон. Сёлета мы дакументальна падрыхтавалi выхад на магутнасцi ў 6 тысяч тон у суткi, i зараз гэтая «вышыня» ўзята. Рэканструкцыя асноўнай вытворчасцi практычна завершана. Аб’ект комплексны i вельмi цiкавы, хоць бы сваiм размахам. Напрыклад, летась разам з заказчыкам i будаўнiкамi мы ўвялi тут склад бязтарнага захоўвання цукру ёмiстасцю 20 тысяч тон — велiзарную «бочку» з маналiтнага жалезабетону дыяметрам у 32 метры i роўна 32 метры ў вышыню. Раней ужо быў пабудаваны такi «цылiндр» на 15 тысяч тон, так што сумiраваная ёмiстасць у 35 тысяч тон безумоўна забяспечыць патрэбнасцi камбiната ў захоўваннi салодкага прадукту.

Разам з украiнскiмi калегамi ўдзельнiчаем таксама ў рэканструкцыi iншых цукровых заводаў краiны. У Гарадзеi, напрыклад, вырасла такая «башня» ёмiстасцю ў 50 тысяч тон насыпнога цукру.

За гэты ж перыяд, з 2000 года, дапамаглi «пераўзброiцца» айчынным пiўзаводам. Цалкам завершана рэканструкцыя на Лiдскiм пiўзаводзе, што дазваляе лiдчанам варыць яшчэ больш смачны пенны напiтак. Прадпрыемства атрымала сертыфiкат адпаведнасцi мiжнароднаму стандарту IСО 9000, мае свой брэнд, ажыццяўляе пастаўку прадукцыi па ўсёй Беларусi i за яе межы.

Выводзiцца з эксплуатацыi старое варачнае аддзяленне на Брэсцкiм пiўзаводзе, пабудавана новае, а таксама новае брадзiльнае аддзяленне. Па сутнасцi, узнiк новы пiўзавод. Сёння брастаўчане выпускаюць 3 мiльёны дал цудоўнага пiва ў год, вельмi высокай якасцi. З пускам другой чаргi, калi будзе пастаўлена дадатковае абсталяванне, завод выйдзе на паказчык у 6 мiльёнаў дал.

Чатыры гады праектуем аб’екты на пiўзаводзе «Алiварыя» ў сталiцы. З 2 мiльёнаў дал тут выйшлi на 3 мiльёны. Поўная рэалiзацыя нашых праектаў дазволiць у далейшым падвоiць гэты паказчык. А калi заводу пашанцуе з iнвестарам, то ён збiраецца асвойваць новую пляцоўку за горадам. Мы ж гатовы аказваць яму ў гэтым сваю дапамогу.

А цяпер скажу вам даволi цiкавую навiну. Па даручэнню ўрада прапрацоўваем магчымасць праектавання i будаўнiцтва яшчэ аднаго айчыннага пiўзавода — на базе Iванаўскага саладзiльнага завода. Зроблена абгрунтаванне iнвестыцый, распрацоўваем бiзнэс-план, i пасля таго, як ён пройдзе экспертызу, на дзяржаўным узроўнi будзе прынята канчатковае рашэнне. У свой час менавiта мы пачыналi бiяграфiю самога iванаўскага «Белсолада» — што называецца, з голага поля. Сёння там узнiклi праблемы з рэалiзацыяй. I, магчыма, пасля адпаведнай яго рэканструкцыi i пасля таго, як на сумежных плошчах будзе пабудаваны даччыны пiўзавод, удасца вырашыць праблему. Ва ўсякiм разе, пiўзавод на ўласным соладзе можа працаваць прыбыткова i адначасова знiзiць сабекошт беларускага соладу. Усё гэта робiцца для таго, каб да 2010 года выйсцi на вытворчасць 65 мiльёнаў дал беларускага пiва ў год. Iснуе такая дзяржаўная праграма.

— Атрымлiваецца, што вы ўвесь час знаходзiцеся на вастрыi дзяржаўнай харчовай палiтыкi. Але ж сёння ўдзяляецца таксама велiзарная ўвага вытворчасцi ў рэспублiцы мяса птушкi...

— Мы актыўна ўключылiся ў распрацоўку дакументацыi па рэканструкцыi птушкафабрык з мэтай павелiчэння вытворчасцi мяса бройлераў i па праектаванню новых птушкафабрык, каб у вынiку давесцi вытворчасць мяса птушкi да 400 тысяч тон у год. Сёння па нашых праектах выконваецца рэканструкцыя Смалявiцкай птушкафабрыкi. Зроблена рэканструкцыя птушкафабрыкi iмя Крупскай i працягваем работы на яе фiлiяле ў пасёлку Дубаўляны Мiнскага раёна. На Вiцебскай бройлернай фабрыцы i на птушкафабрыцы «Дружба» Баранавiцкага раёна запраектавалi i ўвялi ў эксплуатацыю новыя цэхi з лiку асноўных. Актыўна працуем на такiх жа прадпрыемствах у Скiдзелi i Свiслачы. Распрацавалi архiтэктурны праект iнкубаторыя ў вёсцы Рубяжэвiчы Стаўбцоўскага раёна. Пасля нядаўняй паездкi кiраўнiка дзяржавы ў СВК «Малое Мажэйкава», што ў Лiдскiм раёне, з’явiўся пратакольны запiс, згодна з якiм мы атрымалi даручэнне па праектаванню новай птушкафабрыкi ў гэтай гаспадарцы.

— Калi аналiзаваць вашу дзейнасць, то адчуваецца, што iнстытут — надзвычай шматпрофiльная ўстанова. Такая шматпрофiльнасць можа толькi па-добраму ўразiць...

— Яна i ўскладняе жыццё, i адначасова аблягчае. У тым сэнсе, што прасцей фармiраваць партфель заказаў. Наступны накiрунак, у якiм мы актыўна працуем, — малочнатаварныя фермы — ад 270 да 1000 галоў дойнага статку. I комплексы па ўтрыманню свiней i буйной рагатай жывёлы, у тым лiку буйныя комплексы-«тысячнiкi». Малочнатаварная ферма на 1000 галоў запраектавана i пабудавана ў тым жа «Малым Мажэйкаве» Лiдскага раёна. I зараз праектуем дзве аднатыпныя фермы ў Пружанскiм раёне, у тым лiку ў «Айчыне» — падшэфнай гаспадарцы Нацыянальнага банка. Патрэбна сказаць, што фермы па нашых праектах пабудаваны ва ўсiх абласцях. Лiчым гэты ўчастак вельмi перспектыўным не толькi для сябе, што ўпаўне зразумела, але i ў цэлым для галiны. Бо дзякуючы актывiзацыi абнаўлення жывёлагадоўчых фермаў у рэспублiку iдзе «вялiкае малако».

Што датычыцца рэканструкцыi комплексаў па ўтрыманню буйной рагатай жывёлы, то такi адноўлены комплекс у апошнi час увялi ў саўгасе «Слуцкi», выконваем праект рэканструкцыi ў вёсцы Дзембрава Шчучынскага раёна — звярнiце ўвагу, на шэсць тысяч галоў. Ёсць некалькi заказаў з Гомельскай вобласцi.

Для аб’ектыўнасцi патрэбна сказаць, што з рэканструкцыяй такiх гiгантаў узнiкае шмат праблем. Наша задача — не проста памяняць старыя вокны цi пабялiць памяшканне. Мы ствараем фермы i комплексы мiравога ўзроўню. I закладваем у праект абсалютна сучасныя тэхналогii i нарматывы. Каб, напрыклад, жывёла ўтрымлiвалася ў адпаведнасцi са строгiмi санiтарнымi нормамi. Каб на свiнатаварным комплексе, калi iдуць апаросы, маленькi парсючок не на голы бетон падаў, не ў бруд, а на чыстае i цёплае, спецыяльна для яго падрыхтаванае месца. Узорным у гэтым сэнсе стане свiнаферма-рэпрадуктар на 250 свiнаматак у «Задняпроўскiм» Аршанскага раёна. Для нас гэта быў яшчэ адзiн, як мы кажам, прэзiдэнцкi аб’ект. Такiя вось «радзiльныя дамы» заклiканы забяспечыць галiну пагалоўем маладняка, якi да гэтага часу завозiм з Фiнляндыi, Галандыi i iншых еўрапейскiх краiн.

Тыя ж умовы, амаль што цяплiчныя, павiнны быць для сутачных куранят, якiх на канвееры — 30—40 тысяч... Яшчэ раз паўтаруся: мы будуем цалкам сучасныя жывёлагадоўчыя памяшканнi. Уся справа пакуль у адсутнасцi належнай культуры вытворчасцi на месцах. Мы спрабуем «навязаць» яе праз сучасную тэхналогiю.

— Яшчэ адзiн вялiкi ваш клопат, калi меркаваць па калектыўнаму расказу галоўных iнжынераў праекта, — перапрацоўка?

— Здарылася так, што айчынная мяса-малочная прамысловасць не рэканструявалася ўсе гады перабудовы. На гэта не было сродкаў. Зараз перад намi пастаўлена задача — зрабiць сучасную перапрацоўку, зноў жа — грунтуючыся на самых найноўшых тэхналагiчных лiнiях. Малочныя заводы сёння «пераўзбройваюцца», многiя перайшлi цi пераходзяць на вытворчасць цвёрдых сыроў. Гэта прадукт працяглага захоўвання, разыходзiцца цудоўна, рэалiзацыя яго прыносiць прадпрыемствам адчувальныя дывiдэнды. А малака ў рэспублiцы зараз дастаткова нават для таго, каб весцi рэалiзацыю прадукцыi перапрацоўчых заводаў i за межамi краiны. Гэта магчымасць для нашых аграрыяў i перапрацоўшчыкаў «узняцца», i мы якраз гэтым займаемся. Малочныя заводы ў Пiнску, Столiне, у Iванаве... За апошнiя два гады з нашым непасрэдным удзелам у сцiслыя тэрмiны абнавiлiся i малочныя прадпрыемствы сталiцы, аснасцiлiся абсталяваннем польскай фiрмы «Обрам» — ГМЗ-1, ГМЗ-2, ГМЗ-3. Устаноўлены лiнii па вытворчасцi цвёрдых сыроў, па выпуску глазураваных сыркоў, мяккiх сыроў. Прадукцыя гэта ўжо шырока вядомая i, скажам без вялiкага перабольшання, папулярная не толькi ў сталiцы. Асабiста я магу параўноўваць трэцi малаказавод, дзе ў пачатку 80-х гадоў быў дырэктарам прадпрыемства, якое будавалася, — да i пасля рэканструкцыi. Ужо тады гэта было адзiнае ў Савецкiм Саюзе прадпрыемства з высокай ступенню аўтаматызацыi тэхналагiчных працэсаў — з АСУ ТП. Зараз аўтаматызаваная сiстэма кiравання вытворчасцю мадэрнiзуецца, удасканальваюцца падыходы да тэхналогii, i прадпрыемства — па сваёй тэхнiчнай аснашчанасцi, па аснашчанасцi сучаснымi тэхналогiямi — пераўзыходзiць многiя замежныя аналагi.

Адным словам, правялi рэканструкцыю (цi выканалi яе важнейшыя этапы, i зараз працягваем наступныя) амаль на ўсiх перапрацоўчых прадпрыемствах беларускай сталiцы. У тым лiку i такiх гiгантаў, як холадакамбiнат № 2 на вулiцы Маякоўскага, як Мiнскi мясакамбiнат на Казiнца i яго фiлiяльнае прадпрыемства — мясаперапрацоўчы завод (МПЗ) у Дражнi.

Павiнен сказаць, што лёгкай рэканструкцыi не бывае наогул. Гэта заўсёды iндывiдуальны, а не тыпавы праект. Крылатая фраза работнiкаў iнстытута: «Мы пад капiрку не малюем». А калi размова iдзе пра буйныя прадпрыемствы, якiя кормяць гiганцкi мегаполiс, i будаўнiчыя работы патрэбна весцi не спыняючы вытворчасць, то задача адчувальна ўскладняецца. Усяго адзiн прыклад. Мiнскi МПЗ пабудаваны 30 гадоў таму. Зараз займаемся рэканструкцыяй вытворчага корпуса, падрыхтавалi праект капiтальнага рамонту адмiнiстрацыйна-бытавога корпуса. Чыста тэхнiчных задач, якiя патрэбна вырашыць, узнiкае дастаткова. Скажам, як захаваць iснуючую халадзiльную ўстаноўку, якая працуе на амiяку? Пакiнуць так, як ёсць — не дазваляе Праматамнагляд, бо прадпрыемства знаходзiцца ў межах горада. Цалкам перавесцi на фрэон — непад’ёмная фiнансавая «ноша», тады спатрэбiцца ўзводзiць новую кампрэсарную станцыю, i расходы лягуць на сабекошт прадукцыi. А наша пастаянная задача — у ходзе любой рэканструкцыi думаць пра тое, каб не рос сабекошт прадукцыi, бо расцi яму ўжо проста няма куды, а таксама каб закладвалiся энергазберагальныя тэхналогii, вытрымлiвалiся новыя, нядаўна прынятыя, больш жорсткiя процiпажарныя нормы i гэтак далей.

Без халадзiльнай устаноўкi, як вядома, такi завод не працуе. I на МПЗ нашы спецыялiсты шукаюць рашэнне з самым непасрэдным удзелам генеральнага дырэктара Пятра Арцёмавiча Салянкiна, дырэктара прадпрыемства Святланы Iосiфаўны Радзевiч i профiльных спецыялiстаў завода. Спадзяюся, у блiжэйшы час выхад будзе знойдзены, а ў перспектыве патрэбна думаць пра больш кардынальнае рашэнне. Скажам, iнстытут запраектаваў для Глыбоцкага малочнага камбiната нямецкае халадзiльнае абсталяванне, якое акрамя ўсяго iншага дазваляе эканомiць электраэнергiю ў вялiкiх аб’ёмах. Магчыма, шукаць патрэбна недзе ў гэтай плоскасцi.

— Само сабой напрошваецца пытанне: вы працуеце толькi ў Беларусi, цi i за яе межамi?

— Нават у далёкiм замежжы. Яшчэ ў часы СССР правялi рэканструкцыю ў поўным аб’ёме на спiртакрухмалапатачным камбiнаце ў горадзе Джунгара ў Манголii. У Туркменii — на комплексе харчовых прадпрыемстваў у Чарджоу (хлебазавод i пiўзавод), амаль тры гады нашы спецыялiсты ляталi туды-назад.

Тады ж, у часы Савецкага Саюза, будавалi хлебазаводы i пiўзаводы ў Прыбалтыцы, у прыватнасцi, пiўзаводы ў Клайпедзе i Шаўляi. У братняй Расii, дзе i зараз працуем шмат i ахвотна, па нашаму праекту пабудаваны крухмалапатачны камбiнат ва Уладзiмiрскай вобласцi. Выкананы праект яшчэ аднаго крухмалапатачнага завода — у горадзе Iбрыдзь Разанскай вобласцi. Запраектаваны буйны камбiнат па перапрацоўцы соi ў Маскоўскай вобласцi i там жа — мясакамбiнат у горадзе Каралёва, дзе размяшчаецца Цэнтр касманаўтыкi, кандытарская фабрыка ў той жа Маскоўскай вобласцi, завод па вытворчасцi лiкёра-гарэлачных вырабаў у Тульскай вобласцi. Зараз да нас звярнулiся з Валагодскага мясакамбiната з просьбай выканаць праект рэканструкцыi, а з Курскай вобласцi — запраектаваць дзве малочнатаварныя фермы на тысячу галоў дойнага статка. З Варонежскай вобласцi — выканаць праект рэканструкцыi свiнакомплекса аж на 10 тысяч галоў. Запрашаюць папрацаваць у Ленiнградскай вобласцi.

Але найбольш цесныя сувязi з Белгародскай вобласцю. У свой час яе губернатар Я. С. Саўчанка, калi прымаў беларускую дэлегацыю на чале з першым намеснiкам мiнiстра сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi Надзеяй Мiкалаеўнай Каткавец, вельмi зацiкавiўся дзейнасцю iнстытута i папрасiў аказаць вобласцi садзейнiчанне. Зараз на Белгародчыне адкрыта i працуе наша прадстаўнiцтва.

Канешне, расiйскi рынак — перспектыўны, але ў нас вельмi многа работы ў Беларусi, i мы лiчым сваёй галоўнай задачай працаваць перш за ўсё дома. Справiмся — будзем больш актыўна экспартаваць iдэi i праекты.

— Якiм чынам дасягаецца якасць праектаў?

— Усё генiяльнае проста: якасць праекта залежыць ад падрыхтоўкi. У перыяд запуску аб’екта ў праектаванне ў нас прынята выязджаць на аб’ект комплекснай брыгадай i грунтоўна абследаваць прадпрыемства, якое належыць рэканструяваць. У будучым гэта здымае многiя пытаннi. Мы займаемся комплексным праектаваннем, у нас многа профiльных аддзелаў, i яны непасрэдна ўдзельнiчаюць у падрыхтоўчай рабоце. Праект атрымлiваецца, калi ўсе яны папрацавалi як мае быць на папярэдняй стадыi. Грунтуючыся на прапановах галiновых аддзелаў, тэхналагiчны аддзел распрацоўвае iдэалогiю, канцэпцыю рэканструкцыi, пасля чаго выдае заданнi сумежным аддзелам. Прычым кампановачныя рашэннi абмяркоўваюцца на тэхсавеце цi на нарадзе з удзелам кiраўнiцтва iнстытута. Гэта вельмi важны момант — узаемнае ўзгадненне на стадыi кампановачных рашэнняў. Тады i памылак бывае менш. Усё правiльна: праект спадабаецца заказчыку толькi тады, калi ён з самага пачатку падабаецца самому праекцiроўшчыку. Калi нечым адрознiваецца ад iншых, мае свой, уласны «твар», калi ў яго закладзены сучасныя будаўнiчыя i аддзелачныя матэрыялы, i пры гэтым улiчаны фiнансавыя магчымасцi заказчыка. А яны не заўсёды аднолькавыя. Таму цэны ў нас на праектныя i iншыя нашы работы вельмi нават памяркоўныя — 3, максiмум 5 працэнтаў ад усяго кошту будаўнiча-мантажных работ. Для параўнання скажам, што на Захадзе гэтая лiчба большая не менш чым утрая.

У гады Савецкага Саюза БГАПП насiў званне праектнага iнстытута камунiстычнай працы i налiчваў у сваiм саставе больш за 700 чалавек. Гэта была адна з буйнейшых праектных арганiзацый вялiкай краiны. Часы мяняюцца, мiнулыя ганаровыя званнi забылiся, не ў модзе, людзей сёння працуе значна менш. Але традыцыя працаваць сумленна засталася. Нашы ГIПы любяць жартаваць, яны кажуць маладзейшым: «Працуй так, каб цябе потым пускалi на аб’ект, якi ты запраектаваў». У гэтым жарце вялiкая доля iсцiны. Заўвагi з боку заказчыкаў, канешне, бываюць. Але яны часцей за ўсё тлумачацца тым, што заказчык недастаткова ўважлiва «прачытаў» праект. Пасля тлумачэнняў нашых спецыялiстаў яны здымаюцца. А калi вылучаюцца абгрунтаваныя пажаданнi, скiраваныя на тое, каб палепшыць тыя цi iншыя вузлы праекта, то гэта дастаткова ўдзячная работа, яна на карысць абудвух бакоў, i мы такое творчае супрацоўнiцтва толькi вiтаем.

Праўда, iншы раз заказчык жадае максiмальна спрасцiць праект. «Гэта мне не патрэбна, без гэтага тэхналагiчнага вузла мы абыдземся». I губляе пачуццё меры, не бачыць, што аб’ект перастае быць тэхналагiчным. Тады мы кажам: «Мы тут не ўдзельнiчаем. Мы гэта рабiць не бярэмся». Праект i аб’ект павiнны быць высокатэхналагiчнымi. Паўсюдна важна выконваць патрабаваннi тэхналогii. Iнакш канечны прадукт нiкога не зацiкавiць на рынку тавараў i паслуг. А грошы, лiчы, закапалi ў зямлю.

Зараз мы ў сябе ў iнстытуце ўшчыльную занялiся падрыхтоўкай да пераходу на мiжнародныя стандарты на базе IСО 9000. Правялi вучобу вядучых супрацоўнiкаў, заключылi дагавор з iнстытутам «Гражданпраект», якi мае адпаведны вопыт i можа канцэптуальна садзейнiчаць у пераходзе на мiжнародныя стандарты ў праектаваннi. А ўкараненнем зоймемся самi. Аб’ём работы надзвычай вялiкi, але разлiчваю, што да канца года зможам атрымаць сертыфiкат адпаведнасцi. Ва ўсякiм разе, укараненне IСО ўзяў пад асабiсты кантроль.

— З чым вы звязваеце перспектывы для свайго калектыву?

— У першую чаргу з далейшым развiццём i ўмацаваннем айчыннага аграпрамысловага комплексу. Я ўжо казаў пра шэраг адказных аб’ектаў, выкананне якiх нам даверана. Хачу сказаць яшчэ i пра такiя дырэктыўныя даручэннi, як цэх лiтаграфii i лакiравання бляхi на заводзе «Бярозатара», — гэта адна частка работы. I другая — цэх па вытворчасцi ўпаковачнай тары тыпу «тэтрапак». Будзе створана прыкладна 150 новых рабочых месцаў, што для райцэнтра — неблагi падарунак.

Далей: рэканструкцыя Вiцебскай бiяфабрыкi, яна выпускае ветэрынарныя прэпараты. Фабрыцы больш за 70 гадоў, i абнаўленне вытворчых магутнасцяў становiцца актуальным. Сумесная задача: вывесцi тэхналогii на ўзровень GМP, што дазволiць экспартаваць ветпрэпараты за мяжу.

З далейшым развiццём АПК колькасць такiх унiкальных аб’ектаў будзе памнажацца. Сёння iнстытут забяспечаны работай на блiжэйшыя пяць гадоў. Думаю, што гэта будзе яшчэ адна творчая пяцiгодка для калектыву.

— Вы ўпэўнены ў сваiм калектыве?

— Калектыў вельмi творчы. Гэта шчасце, што ў самыя складаныя гады ўдалося захаваць яго касцяк, лепшыя традыцыi. У нас няма цякучасцi. Вельмi многа вопытных работнiкаў, якiя аддалi любiмай справе па 30—40 гадоў. Галоўныя iнжынеры i галоўныя архiтэктары праекта, кiраўнiкi аддзелаў — надзвычай творчыя людзi. Працуе шмат моладзi. Мы з задавальненнем прымаем да сябе выпускнiкоў профiльных ВНУ. Аб’ёмы работ павялiчваюцца, ствараем новыя службы (такiя, як сектар аховы навакольнага асяроддзя, бо да кожнага праекта патрэбна складваць экалагiчны пашпарт аб’екта, праект праходзiць экалагiчную экспертызу; у перспектыве гэта будзе самастойны аддзел), i 280 чалавек — ужо малавата. Супрацоўнiкi належным чынам «узброены» — высокапрадукцыйнымi ПК, прафесiйнымi праграмамi, кожны спецыялiст мае сваё аўтаматызаванае рабочае месца. I кожны настроены на станоўчы вынiк. Якраз таму iнстытут цвёрда стаiць на нагах, мае ўстойлiва станоўчы iмiдж i тоўсты, скажам так, партфель заказаў.

— Чым ганарыцца калектыў?

— Я мог бы пералiчыць не адзiн дзесятак унiкальных аб’ектаў, якiя былi пабудаваны (будуюцца) цi рэканструяваны з прамым удзелам iнстытута. Такiя, як Вiцебская бiяфабрыка, «Бярозатара», птушкаплемрэпрадуктар у Стаўбцоўскiм раёне. За iх не ўзялiся iншыя праектныя арганiзацыi па прычыне iх унiкальнасцi. Мы ўзялiся i зрабiлi. Можна ўпаўне ганарыцца такiмi сучаснымi i прыгожымi прадпрыемствамi, як Мiнскi мясакамбiнат на Казiнца, рыбакомплекс у Кастрычнiцкiм раёне сталiцы, трэцi гармалзавод на Солтыса — гэтыя i iншыя аб’екты выкананы так, што сталi ўпрыгожаннем беларускай сталiцы.

Якраз споўнілася 75 гадоў «Камунарцы». Хто не ведае i не любiць яе салодкую прадукцыю? Мы ўжо каторы год вядзём паэтапную рэканструкцыю прадпрыемства. Новым яго «тварам» стаў корпус, узведзены нядаўна з удзелам архiтэктараў iнстытута на перакрыжаваннi Партызанскага праспекта i вулiцы Аранскага. Ён арганiчна ўпiсаўся ў архiтэктуру мiкрараёна, на «развязцы» напружаных транспартных патокаў.

I на перыферыi стараемся праектаваць прыгожа, сучасна. Зараз у стадыi будаўнiцтва Бялынiцкi малочны камбiнат, там знойдзена вельмi цiкавае праектнае рашэнне. У вынiку, я думаю, атрымаецца вельмi сучасны аб’ект.

Але на ваша пытанне я адказаў бы коратка: калектыў ганарыцца тым, што ўносiць пасiльны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекi краiны. Вельмi высакародная i ўдзячная праца.

Ад рэдакцыi. Творчая група выказвае шчырую падзяку ГIПам — галоўным iнжынерам праекта Валянцiне Аляксандраўне Пiваварчык, Вiктару Васiльевiчу Разанцаву, Мiкалаю Iльiчу Лазарэвiчу, Пятру Васiльевiчу Баркуну, галоўнаму архiтэктару праекта Вiктару Рыгоравiчу Пiсараву i шэрагу iншых работнiкаў iнстытута за тое, што знайшлi ў сваiм надзвычай сцiслым рабочым графiку час для энергiчнай гутаркi з журналiстам. Гэта вельмi дапамагло ў падрыхтоўцы публiкацыi.

Матэрыял да друку падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ i Веранiка АРЛОЎСКАЯ.

Здымкi прадстаўлены iнстытутам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «ЗВЯЗДЫ» гутарыць з генеральным дырэктарам «Iнстытута Белдзiпрааграхарчпрам» Мiкалаем ДУДКО
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика