Сабраць дзяцей на канiкулы
Святлана ЯСКЕВIЧ
Суб’ектыўныя нататкi на палях спiса пакупак
Надыходзiць лета, i раптам высветлiлася, што ўся летняя вопратка стала малая. Дзецi растуць хутка, а гэта значыць — перад кожным новым сезонам трэба выпраўляцца па магазiнах i рынках. Перш-наперш з сынам i дачкой iдзём на блiжэйшы рынак, каб купiць новыя джынсы ўзамен тых, якiя сталi безнадзейна кароткiмi. Нам шанцуе, i мы знаходзiм даволi прыстойны варыянт за 27 i 28 тысяч рублёў. Тут мы затрымлiваемся доўга, бо дачка, хоць i першакласнiца, перамерала-перабрала штаноў сем, пакуль не знайшла адны з амаль непрыкметнай ружовай аддзелкай, якiя ёй нарэшце спадабалiся. Праўда, ужо дома яна агледзела, што на джынсах брата ажно шэсць кiшэняў, а ў яе толькi адна, i паплакала з гэтай нагоды. Але яе ўдалося хутка супакоiць, бо ў яе абноўцы знайшлiся свае станоўчыя асаблiвасцi. Калi ў сям’ю зноў вярнуўся спакой, бацькам нiчога не засталося, як памянуць добрым словам кiтайскую «мясцовую» прамысловасць, якая значна палепшыла якасць пастаўляемай на наш рынак прадукцыi. Калi раней кiтайскi шырспажыў адрознiваўся сваёй «аднаразовасцю», то зараз можна знайсцi даволi нядрэнныя тавары з гэтай краiны. На суседнiм гандлёвым месцы прадавалi польскiя джынсы для такiх жа 7—8-гадовых спажыўцоў, i цэны там былi ад 45 тысяч рублёў. А калi ўлiчыць, што школьнiкам малодшых класаў рэчы купляеш звычайна на адзiн год, а то i на адзiн сезон, то рознiца ў цане ўяўляецца значнай. Летнiя туфлi расiйскай вытворчасцi сыну купiлi тут жа за 27 тысяч. Вельмi ўдалая аказалася мадэль, за кошт лiпучак рэгулюецца, так бы мовiць, велiчыня захопу, адначасова абутак можна зрабiць больш цесным цi аслабiць. Такiм чынам, ёсць сэнс узяць туфлi нават на памер большыя, а потым рэгуляваць па меры росту нагi. А дачцэ так нiчога падыходзячага i не падабралi. Давялося потым набыць у магазiне абутак беларускага вытворцы без малога за 40 тысяч. Сандалеты ёй вельмi спадабалiся, да таго ж яны зручныя i даволi элегантныя. Шкада толькi, што праз лета iх хутчэй за ўсё давядзецца пакласцi ў антрэсолi, каб потым некаму падарыць. Але вернемся зноў на наш аднайменны з брэсцкiм мiкрараёнам рынак «Кавалёва». Там жа мы набылi летнiя кашулi па 15 тысяч, майкi па 8 i шорты адпаведна за 10 i 12 тысяч рублёў. У маiм спiсе яшчэ значылiся i курткi-вятроўкi, бо леташнiя на дзецях сядзяць нiбыта надзетыя з чужога пляча, а не вядома, якое будзе лета. Такi тавар мы знайшлi толькi ў адной гандляркi па 23 умоўныя адзiнкi. Але яна сама шчыра прызналася, што прадае астаткi, i не лепшыя, з былой вялiкай партыi тавару. I хоць для мяне падобныя паходы па гандлёвых прадпрыемствах — вялiкае выпрабаванне, але ж браць першае, што трапiлася, я не рашылася. Тым больш што i дзецi не выказалi вялiкага энтузiязму наконт прапанаванага летняга верхняга адзення. Парадкам стомленыя, мы прайшлiся яшчэ па аднаму раду i купiлi летнiя кепкi, спартыўныя тапкi i iншыя неабходныя для школьнага лагера або для адпачынку ў бабулi дробязi. Кашалёк зноў паменеў на паўсотнi тысяч рублёў. У складзеным загадзя спiсе яшчэ значылася шмат пазiцый, але запратэставаў сын. Яму гэты «шоп-тур» рашуча надакучыў, i на ўсё, што прапанавалася прымерыць або хоць прыкiнуць, ён адказваў нават нягледзечы: «Гэта насiць не буду». Я вырашыла, што пара дадому, для аднаго дня трат было зроблена даволi. Праўда, на выхадзе мы яшчэ прыхапiлi восем пар шкарпэтак для дваiх амаль за 16 тысяч рублёў. Вось тут я заўсёды чамусьцi аддаю перавагу нашаму брэсцкаму панчошнаму прадпрыемству, хоць iмпартную прадукцыю можна купiць i танней. Хутчэй за ўсё за яе якасць i прывычнасць. Дадому мы вярталiся стомленыя, не вельмi задаволеныя. Дзецi таму што iм не дазволiлi папоўнiць кампанiю жыхароў акварыума (iх i так хапае), я — таму, што не ўсё купiла, i наперадзе чакае паход па магазiнах. А калi адважымся з’ездзiць усёй сям’ёй на адпачынак, спатрэбiцца складаць новы спiс i зноў накiроўвацца па гандлёвых кропках за купальна-пляжнымi прыналежнасцямi, лёгкiмi баваўнянымi штанамi ды iншымi рэчамi. Яшчэ думалася аб тым, якiя «дарагiя» зараз нашы дзецi, i як было добра ў не такiя далёкiя савецкiя часы, калi дзiцячыя адзенне-абутак каштавалi ў параў- наннi з дарослымi капейкi. Вядома, тое становiшча зараз не вернеш. Пры цяперашнiх адносна адкрытых гранiцах увесь наш тавар хуценька скупяць суседзi, а мы застанемся з памятным яшчэ дэфiцытам. Але неяк улiчваць названыя абставiны распрацоўшчыкi дэмаграфiчнай палiтыкi краiны павiнны. Бо, як вiдаць з вышэйпрыведзеных прыкладаў, нават сабраць дзяцей на лета вылятае ў добрую капейку, але ж гэта дробязь у параўнаннi з тым, што патрабуецца на зiму, калi кожная пара абутку каштуе практычна столькi ж, колькi i дарослы варыянт.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Суб’ектыўныя нататкi на палях спiса пакупак
|
|