Фінансы і кадры вырашаюць многае
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Справы сельсавецкiя Напачатку была задума напiсаць пра канкрэтны сельсавет, якi можна аднесцi да праблемных. Але высветлiлася, што такiх у раёнах... пераважная большасць, у той час як паказальных — адзiнкi. Вось i не выпадае прыцягнуць увагу да асобнага сельсавета, калi суседнi такi ж самы. Калi сельсавет з’яўляецца ў раёне лепшым, то, напэўна, для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны, але ж i горшы стаў такiм не выпадкова.Усё (цi амаль усё) залежыць ад таго, цi знаходзiцца на тэрыторыi сельсавета буйны (моцны) сельгаскааператыў i цi запланавана тут узвядзенне аграгарадка. Вядома, што вядучыя СВК, як i аграгарадкi, «выпалi» толькi асобным сельсаветам (так ужо было наканавана часам), а астатнiм прыходзiцца толькi зайздросцiць. Возьмем для прыкладу Столiнскi раён, хоць сiтуацыя ў iм не горшая, чым у суседнiх. У вёсцы Фядоры будзе аграгарадок, ды i сельгаспрадпрыемства тут лепшае ў раёне, а значыць, мясцовы сельсавет ад гэтага толькi ў выйгрышы. Ва ўсякiм разе з вулiцамi ды агароджамi ў старшынi Савета клопату менш, чым, напрыклад, у Плотнiцкiм сельсавеце. Калi наўкол бедныя вёскi i грошай няма ў каго папрасiць, то цяжка ў такой сiтуацыi знайсцi выйсце. У Рубельскiм i Малешаўскiм сельсаветах неабходна адрамантаваць дарогi памiж вёскамi — гэта найбольшая тут праблема. Патрэбны грошы i на падтрымку парадку ў парках, скверах ды грамадскiх месцах. Фiнансавыя магчымасцi раёна ў гэтым плане абмежаваны. Ды не толькi на Столiншчыне, а ў iншых раёнах грошы, якiя выдзяляюцца на добраўпарадкаванне, як правiла, застаюцца ў райцэнтры i да сельсаветаў не даходзяць, а калi некалькi мiльёнаў туды i трапляе, то хiба ж на iх дарогу адрамантуеш? Неабходна звярнуць увагу i на наступны факт. У мiнулыя гады некаторыя сельсаветы маглi падтрымаць свой бюджэт выдачай прадпрымальнiкам даведак на сельгаспрадукцыю. На Столiншчыне людзi вырошчваюць у цяплiцах агуркi, а ў Лунiнецкiм раёне — клубнiцы, i калi iдзе збор ураджаю, сюды едуць сотнi аўтамашын, прадпрымальнiкi закупляюць агуркi i ягады тонамi. I каб нiякiх прэтэнзiй да закупшчыкаў не было за межамi раёнаў цi рэспублiкi, яны павiнны мець на руках даведку з сельсавета. — Раней для нас гэта была iстотная падтрымка, — гаворыць старшыня Столiнскага раённага Савета дэпутатаў Людмiла Кiсель, — сельскiя саветы за вываз адной тоны агуркоў бралi з прадпрымальнiка па 0,5 базавай велiчынi. А сёння яны такога права не маюць, бо рашэнне наконт гэтага збору прымаюць ужо ў вобласцi — дэпутаты абласнога Савета. Фiнансавыя магчымасцi ў сельскiх саветаў вельмi абмежаваныя, а грошы патрэбны пастаянна — каб аплачваць вываз смецця, трымаць у парадку звалкi, лiквiдаваць пустуючыя хаты. (Дарэчы, у Столiнскiм раёне iх 190.) Адназначна, што бедныя бюджэты нашых сельсаветаў не даюць iм магчымасцi развiваць сваю iнфраструктуру, але многае залежыць i ад канкрэтнага чалавека — старшынi Савета. — Сапраўды, калi кiраўнiк дзелавы i нераўнадушны, то гэта паўсправы, — адзначае Людмiла Кiсель, — праўда, бывае, што чалавек не спраўляецца з работай. Ужо некалькiх старшынь мы знялi з пасады, ёсць яшчэ кандыдаты. Са зменай праблемы няма, выносiм пытанне на сесiю i абгрунтоўваем рашэнне. Але бывае, што замянiць старшыню Савета даволi складана, бо па закону за такое рашэнне павiнны прагаласаваць мясцовыя дэпутаты. У адным раёне ўдалося зрабiць гэта толькi з трэцяга захаду. Сельсавет быў аддалены, i там склалiся свае «цёплыя» адносiны памiж яго кiраўнiком i дэпутатамi. Прыязджае старшыня раённага Савета, а ў сельскiм Савеце нiкога няма. Пачаў шукаць старшыню i знайшоў... дома. Той быў не зусiм цвярозы i спаў. Давялося нават сфатаграфаваць яго фотакамерай мабiльнага тэлефона, а потым размаўляць з дэпутатамi — асобна з кожным. I хоць гэты «эпiзод» быў у паслужным спiсе старшынi не адзiным, тым не менш ён як кiраўнiк кагосьцi задавальняў. Безумоўна, фiнансы i кадры з’яўляюцца падмуркам, на якiм трымаюцца ўстанова цi арганiзацыя, ды i любая структура. I многiя праблемы нашых сельсаветаў, найперш, звязаны з iмi. Сельскiя саветы хоць i пярвiчнае звяно ў сiстэме вертыкалi ўлады, але вельмi важнае, бо непасрэдна кантактуе з насельнiцтвам. Значыць, i адносiны да мясцовай улады павiнны быць больш уважлiвыя...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напачатку была задума напiсаць пра канкрэтны сельсавет, якi можна аднесцi да праблемных. Але высветлiлася, што такiх у раёнах... пераважная большасць |
|