Паміж Мірам і Нясвіжам ёсць мястэчкаБУДНI УчораГарадзеi споўнiлася 475 гадоў, але мястэчка значна старэйшае, бо ўжо ў 1530 годзе кароль Жыгiмонт разглядаў справу аб зямельных межах памiж маёнткамi мiрскага князя Iльiнiча i ўладальнiкаў Гарадзеi — братоў Чыжоў. Апошнiя былi вельмi напорыстымi i не саступалi больш магутным Iльiнiчам. Цяжба працягвалася некалькi пакаленняў. Гарадзея знаходзiцца памiж Мiрам i Нясвiжам прыкладна ў 13 км ад кожнага. На пачатку ХХ стагоддзя ў Гарадзеi (пасад) налiчвалася 385 жыхароў, у сяле Горна-Гарадзея — 744 жыхары, у вёсцы Дольна-Гарадзея — 231 жыхар. Гэтыя населеныя пункты i яшчэ некалькi вёсачак злучылiся i ўтварылi сучасную Гарадзею. Рэвiзiя маёмасцi сялян паказвае, што жылi людзi даволi заможна. У кожным двары было па 2—3 валы, карова, многiя мелi яшчэ i коней, трымалi свiней i авечак — у сярэднiм па 4—8 галоў. А самым багатым, напэўна, можна лiчыць Сцяпана Коржыка, якi меў 2 канi, 3 валы, карову, пяць авечак i трое свiней, а Лявон Кудлач трымаў восем свiней, каня, 2 валоў i г.д. Да рэвалюцыi ў Гарадзеi працавалi народнае вучылiшча i царкоўнапрыходская школа, 17 лавак, 5 пiцейных дамоў, 2 пiўныя склады, 2 склады цукру, аптэка... Дарэчы, у карчме на паўдарозе памiж Мiрам i Нясвiжам (а гэта была Гарадзея) Уладзiслаў Сыракомля напiсаў верш «Паштальён», якi быў перакладзены на рускую мову i стаў народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком». ...I сёння Гарадзеi пашанцавала, што праз яе праходзiць чыгунка, што ў пасёлку ёсць буйныя прадпрыемствы i няма праблемы з работай, што... Але лепш будзе расказаць пра ўсё па парадку. Старшыня пасялковага Савета Леанiд Качановiч напачатку здзiвiў тым, што вельмi добра размаўляў па-беларуску. Аказалася, ён — гiсторык i ў свой час закончыў БДУ. Хоць Леанiд Пятровiч свае адносiны да мовы растлумачыў наступным чынам: — Я родам са Стаўбцоўшчыны, з-пад Рубяжэвiч, а там у нас усе гавораць па-беларуску i... не крадуць. Тут i паўстала пытанне: «А якi народ у Гарадзеi?» — Тутэйшыя людзi некалi пажылi пры Радзiвiлах, пабачылi раскошу, i гэта засталося ў крывi. Ганарыстасць у гарадзейцаў ёсць, але i працаваць яны ўмеюць, — сказаў Леанiд Пятровiч. Праўда, пазней, пахадзiўшы па мястэчку i пагаварыўшы з людзьмi, даведаўся, што народ у Гарадзеi не толькi ганарысты, але i крыху сварлiвы. (I як не ўспомнiць тут братоў Чыжоў, якiя цягалiся з князямi Iльiнiчамi?) А самыя распаўсюджаныя ў Гарадзеi прозвiшчы даўнiя — Касмовiчы, Скачко, Брушко... Сёння ў мястэчку ўзводзiцца новая царква, але праваслаўных, католiкаў i евангелiстаў тут прыкладна аднолькавая колькасць. З 4447 жыхароў працаздольных — 1890 чалавек, а рабочых месцаў у Гарадзеi... амаль дзве з паловай тысячы! Працуюць i многiя пенсiянеры, якiх тут 37 працэнтаў ад усяго насельнiцтва. Праблемы з работай няма. На цукровым камбiнаце ўладкавалася 900 чалавек, на ЗАТ «Еўратарэкс» — 240, на замежным прадпрыемстве «Буддрэўдэталь» — 200, на чыгунцы — 120, а яшчэ ёсць iльнозавод i iншыя прадпрыемствы. У Гарадзеi дзейнiчаюць дзве сярэднiя школы, спецыяльная школа-iнтэрнат, школа мастацтваў, бальнiца, бiблiятэка, а побач з чыгуначным вакзалам стаiць двухпавярховы унiвермаг. Велiкаваты для мястэчка i беднаваты. Магчыма, вiнаваты ва ўсiм дождж, але зайшоўшы ва унiвермаг, убачыў, што я там — адзiны наведвальнiк. Думалася, што штат у пасялковым Савеце большы, чым у звычайным сельскiм, але аказалася, што працуе тут толькi два чалавекi — старшыня i сакратар. А на думку Леанiда Качановiча, патрэбна пяць, бо пасёлак вялiкi i работы многа. Хоць у параўнаннi з iншымi саветамi ў Гарадзейскiм пасялковым лёгкае жыццё. Вось цукровы камбiнат дапамог устанавiць 1 км металiчнай агароджы, ПМК паспрыяла правесцi лiнiю электраперадач, дапамагаюць i iншыя прадпрыемствы. За тры гады было праведзена 9 км водаправода, вулiцы заасфальтаваны (хоць i не ўсе), газiфiкацыя — поўная. А найбольшы парадак у раёне чыгуначнага вакзала. Тут клуб, магазiны i асноўны паток людзей — цягнiкi на Мiнск i Брэст iдуць амаль праз кожную гадзiну. Большасць насельнiцтва Гарадзеi пражывае ў кватэрах з усiмi выгодамi, але i прыватны сектар займае вялiкую тэрыторыю. Пры дамах у асноўным ёсць 10—15 сотак зямлi, хоць нехта мае 6 цi 40 сотак. Сёння на ўсё мястэчка 18 кароў ды 5 коней. Звязана гэта з тым, што людзi асноўны прыбытак маюць ад работы па найму. А зямлю апрацоўваюць мотаблокамi i мiнi-трактарамi. Ды вёскi побач, а там заўсёды можна дамовiцца наконт каня. Пустых хат у Гарадзеi практычна няма. Маладыя сем’i iх раскупляюць, а калi старая пабудова i з’яўляецца, то доўга не стаiць — нехта купляе i прыводзiць у належны стан. З Гарадзеi да сталiцы ходзiць электрычка, i праз паўтары гадзiны ты ўжо ў Мiнску. Нават студэнты на вучобу ездзяць у сталiцу. Мястэчка знаходзiцца на скрыжаваннi шляхоў — адсюль i попыт на жыллё. Хоць чаргi на яго няма. Створаны жыллёва-будаўнiчы кааператыў на 40 кватэр, а некаторыя ўзводзяць уласныя дамы на ўчастках, якiя ўзялi раней, цi замест старых хат. Здавалася б, пры такiм раскладзе праблем у старшынi пасялковага Савета мiнiмум — iншым бы кiраўнiкам такiя пасёлкi. Але гэта толькi знешне так. У Гарадзеi ўсё быццам бы даведзена да ладу, але на Савеце вiсяць даўгi, i як з iх выбрацца, нiхто не ведае. — Раней у нас былi свае грошы, якiя заставалiся ў бюджэце нашага выканкама, — гаворыць Леанiд Качановiч. — Туды ўваходзiлi зборы за афармленне дакументаў, падаткi, а цяпер нават штрафы мы павiнны аддаваць «наверх». А жывём за кошт грошай, якiя Савету адтуль жа i выдзяляюць. Але iх не хапае, бо ёсць шмат цякучых спраў, якiя неабходна вырашаць на месцы — нешта адрамантаваць, падфарбаваць, купiць... На рахунку павiнна быць хоць нейкая свабодная сума, каб не прасiць у раёне грошы на кiлаграм цвiкоў. Пра гэту праблему нашых саветаў пiсалася не раз, яна набалелая i неабходна заканадаўча яе «закрыць». Мясцовым саветам патрэбна фiнансавая свабода — хоць бы i абмежаваная. Сымон СВIСТУНОВIЧ, Нясвiжскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гарадзеi споўнiлася 475 гадоў, але мястэчка значна старэйшае, бо ўжо ў 1530 годзе кароль Жыгiмонт разглядаў справу аб зямельных межах памiж маёнткамi
|
|