Лебедзеўскiя матывы
Марыя ЖЫЛIНСКАЯ
На тэрыторыi Лебедзеўскага сельскага Савета Маладзечанскага раёна 25 населеных пунктаў. Сярод iх ёсць даволi значныя па тэрыторыi, колькасцi насельнiцтва, добраўпарадкаванню, як, напрыклад, Турэц-Баяры з 1630 жыхарамi цi цэнтральная сядзiба Лебедзева з 1030 насельнiкамi, дзiцячымi садкамi, бiблiятэкамi, амбулаторыямi, дамамi культуры, школамi, iншымi сацыяльна-бытавымi выгодамi. А ёсць вёсачкi, якiя, на жаль, у недалёкай будучынi пойдуць у нябыт.
Бабулька Каралiна Бранiславаўна Габрыновiч у поўнай адзiноце дажывае свой век у Iванаўшчыне. Не хацелася б такога лёсу для маланаселеных Вялiкай Боркаўшчыны з 16 жыхарамi (з iх 11 пенсiянераў), Гораўшчыны з яе 8 жыхарамi, Палянаў, Рэдзькаў, Цяменiцы, Шыкава, дзе амаль 70 працэнтаў насельнiкаў пенсiйнага ўзросту. Старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета Леанiд Семашкевiч на такую трывожную тэндэнцыю глядзiць з фiласофскага боку. — Жыццё бяжыць, мяняецца, набывае новыя адценнi. Пасёлак Лебедзева атрымаў новы штуршок да развiцця дзякуючы праграме «Аграгарадок». Ператворыцца старая маленькая бальнiца — яна пераедзе ў новае памяшканне, у так званы сацыяльна-культурны цэнтр. Сюды ж пераселяцца пошта, банк, комплексны прыёмны пункт, бiблiятэка, музычная школа, Дом культуры. Так што нараджаецца ў Лебедзеве нешта накшталт своеасаблiвага асяродку культуры i сацыяльных выгод. Будуецца новы мост цераз рэчку Нявежа, асфальтуюцца вулiцы Савецкая, Крынiчная, Зялёная, прыводзяцца да ладу тратуары. Для працаўнiкоў аграфiрмы «Лебедзева» ўзводзiцца пяць жылых домiкаў. Ды яшчэ 67 iндывiдуальных забудоўшчыкаў пабудуюць новыя дамы. У канцы мiнулага года на тэрыторыю сельскага Савета прыйшоў прыродны газ. Да «газавай галiнкi» падключылiся 240 абанентаў. Сярод iх нямала пенсiянераў. Як расказвае Леанiд Iванавiч, кожны жыхар Лебедзева з трапяткой пяшчотай шануе свой куточак. Чысцiня ў двары, вакол дома, на вулiцы, каля ўстановы цi прадпрыемства — справа гонару мясцовых жыхароў. Кожны чацвер, да прыкладу, супрацоўнiкi сельскага выканкама i савета выходзяць на некалькi гадзiн, каб навесцi прыгажосць на пляцоўцы вакол роднай установы, прылеглых мясцiн. Дзецi таксама не адстаюць ад дарослых. Прыслухоўваючыся да парад спартыўнага iнструктара Валерыя Шумiлава, на былой закiнутай пустэчы зрабiлi вельмi добрую пляцоўку, дзе можна гуляць у футбол, валейбол, зiмой — у хакей. Абгарадзiлi, пафарбавалi, змайстравалi лаўкi для гледачоў. Цяпер i дзецям радасць, i дарослыя задаволены. Падобная пляцоўка хутка будзе i ў вёсцы Хатуцiчы. Пры нас стараста Хатуцiч Галiна Монiд раiлася са старшынёй сельскага Савета па тэлефону, як накiраваць дзiцячы парыў на стварэнне спартыўнай пляцоўкi. Вясковыя старасты — добрая падмога i падтрымка ў дзейнасцi старшынi. Як кажа Леанiд Семашкевiч, стараста, якога людзi паважаюць, якому давяраюць свае праблемы, свае радасць i гора, уносiць неацэнны ўклад у справы жыцця вяскоўцаў. Сярод сваiх памочнiкаў ён адзначае руплiвых i аўтарытэтных старастаў Малiноўшчыны Марыi Казлоўскай, вёскi Бенiцы — Аляксандры Шчаснай... Можа, дзякуючы такiм памочнiкам Лебедзеўскi сельскi Савет чатыры гады запар мае лепшыя вынiкi работы ў раёне. З гонарам знаёмiць мяне Леанiд Iванавiч з мясцовай сярэдняй школай. Дырэктар школы Юрый Муркоў паказвае музей, створаны ў 80-я гады. Асаблiвае месца ў iм адведзена знакамiтым землякам, выпускнiкам школы, якiх тут любяць i шануюць. Гэта паэт-песеннiк Кастусь Цыбульскi, гiсторык-краязнаўца Генадзь Каханоўскi, браты — пiсьменнiк Рыгор i мастак Раман Семашкевiчы. Звяртаюць на сябе ўвагу работы, што ўпрыгожваюць сцены холаў i калiдораў школы. Гэтая прыгажосць нараджаецца тут дзякуючы апантанай творчай натуры настаўнiцы працоўнага навучання i выяўленчага мастацтва Надзеi Емяльяненка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Лебедзеўскага сельскага Савета Маладзечанскага раёна 25 населеных пунктаў
|
|