Хата. Ля хаты. У хаце
Алесь КАСЦЕНЬ
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 10 чэрвеня.)
Выраз «Мой дом — мая крэпасць» — некалi не вельмi адпавядаў беларускай хаце. Нашы суседзi, а часам i нядобразычлiўцы не маглi не прызнаць адкрытасцi беларуса. Вядомы навуковец Аркадзь Смолiч, характарызуючы характар беларуса на пачатку ХХ стагоддзя, пiсаў: «Беларус добры гаспадар, шаныуе капейку, можа, i скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмi гасцiнным: як, можа, нi ў аднаго з народаў, перахавалася ў беларусаў гэтая старая славянская цната. Ведаюць добра аб гэтым людзi, якiм даводзiлася пехатою праходзiць па Беларусi. Падарожнага ў беларускай хаце вельмi ахвотна прымуць, накормяць i не толькi не возьмуць за гэта платы (што ўважаюць сабе за абразу), але яшчэ й падзякуюць, што зайшоўся.» Лацiняне гаварылi, што часы мяняюцца i мы мяняемся разам з iмi. З таго часу, калi напiсаў гэтыя радкi Смолiч, мiнула стагоддзе. Самi абставiны жыцця змушаюць чалавека не толькi ў горадзе, але i на вёсцы быць стрыманым, нават асцярожным да незнаёмых вiзiцёраў. Але ранейшыя рысы характару захавалiся. Гаспадар сёння найчасцей будзе стрыманым, але не грубым, уважлiва ацэньваючым, але не агрэсiўным. Пiшучы гэтыя радкi, задумаўся: а дзе мне, як журналiсту, найчасцей даводзiцца сустракацца, гутарыць з людзьмi? Не, не ў афiцыйных установах, не на месцы iх працы — найчасцей у хаце, кватэры. I мiжволi цiкавiшся не толькi тым, з-за чаго завiтаў да чалавека цi ў сям’ю, але i паводзiнамi людзей, самiм выглядам жытла. Ёсць тут дзве крайнасцi, пра якiя трэба сказаць. Бывае, хата цi кватэра вылiзаная i нават напамаджаная, вобразна кажучы, так, што не пра тое думаеш, як бы хутчэй у куточку разуцца — прысесцi баiшся са сваiм дарожным пылам. А ёсць хаты вельмi прыстойныя на знешнi выгляд — i не толькi ў вёсцы — калi, пераступiўшы парог, проста не ведаеш куды паставiць нагу. Бо ўся падлога застаўленна самым разнастайным i не зусiм патрэбным жыллю начыннем, на стале няма куды пакласцi блакнот цi дыктафон. Але гэта крайнасцi. У асноўным жытло нашых людзей носiць адбiтак неабходнай функцыянальнасцi. I ў залежнасцi ад густу гаспадароў аздабляецца так, каб нечым радавала вока, прыносiла нейкае эстэтычнае задавальненне. Журналiсцкi стаж у мяне далёка за трыццаць гадоў. Адрэзак часу не малы, ёсць што параўноўваць. Напрыклад, у параўнаннi з сямiдзесятымi гадамi ў сельскiм, а найбольш у гарадскiм жытле змянiлi свой статус абраза i iншыя рэлiгiйныя сiмвалы. Трыццаць гадоў назад яны, магчыма, i прысутнiчалi ў хатах i кватэрах, але недзе ў зацiшшы, сёння на самым вiдавоку. А вось кнiг паменела, значна паменела. Нават у маладых сем’ях заўважаеш, што калi i прысутнiчаюць яны на палiцах, то кранаюцца вельмi рэдка. Пачэснейшае месца займае тэлевiзар. Увогуле, у любой хаце, кватэры, калi адыходзiць першае ўражанне ад убачанай прыгажосцi цi наадварот, паступова пачынаеш адчуваць атмасферу жытла. Сяджу ў новага беларуса ў гасцявым пакоi. Плоскi тэлевiзар, дакладней, вiдаць, кiнатэатр замест дывана займае амаль паўсцяны, скураныя крэслы, сучасны музычны цэнтр, вялiкая палiца з найноўшымi выданнямi аб чым заўгодна. Ды i прыязнасць гаспадара не напускная. А нейкi халадок адчуваецца. Адчуваецца, што гэта не для жыцця, а для гасцей. Магчыма, ёсць у гаспадара недзе кабiнецiк, цi кухня, цi якi закуток, дзе ён маецца камфортна, дзе ён прадастаўлены сам сабе. На Ушаччыне ў хаце стогадовай бабулi. Жыве яна з дачкой, якой таксама далёка за семдзесят. Два ложкi, на якiх аблупiлася лакiроўка брыжоў, стол, ля яго старасвецкi ўслончык. Але нефарбаваная падлога чыста выдзерта i вымыта, на ёй вязаныя дарожкi. На вокнах свiцяцца чысценькiя фiранкi. Вазон з кветкамi. I бабулi, якiя размаўляюць са мною, седзячы на ложках, засцеленых тканымi посцiлкамi. Адкуль чалавек i за чым — не пытаюцца. Але адкрываюцца перад iм поўнасцю з усiмi сваiмi праблемамi i нягодамi. Сам не разумееш чаму, але агортвае цеплыня i спакой. Перавага правiнцыйнага жыцця — у большай знiтаванасцi яго з прыродай. I ў вёсцы, i ў невялiкiм гарадку чалавек, выйшаўшы з хаты, трапляе не ў асфальта-бетоннае асяроддзе, а пад бярозу цi яблыню, вiшню. Нешта не заладзiлася ў хаце, узнiкла з нiчога сварка. А тут маладая зелянiна, кветка, якая сама па сабе выбiлася з зямлi. Адыходзiць душа, мякчэе. Яшчэ адна асаблiвасць сённяшняга жыцця вёсак, правiнцыйных гарадкоў у тым, што раз на год практычна ўсе хаты наведвае альбо бацюшка, альбо ксёндз, калi ходзяць i ездзяць яны «па калядзе». Зразумела, што да гэтага дня прымяркоўваюцца генеральныя ўборкi жытла. I веруючыя, i не зусiм веруючыя, i тыя, хто проста прытрымлiваецца абраднасцi, прымаюць у iх удзел. I тут справа не толькi ў тым, што жытло чысцее знешне. У людзей на некалькi дзён мяняецца ў нечым сам душэўны стан, на некалькi дзён — бо невядома, калi завiтае святар на гэту вулiцу, у гэту вёску — нават пiтушчыя смiрнеюць. Не станеш пад крапiдла са свянцонай вадою з перагарам. Дзякаваць Богу, у маiх родных Паставах не будуюць i, я думаю, не збiраюцца будаваць дамы вышэй пяцi паверхаў. Таму i сёння над гарадком, не толькi над хатамi старых вулiц, але i над забудовамi мiкрараёнаў узвышаюцца крыжы храмаў. Яны не толькi архiтэктурна злучаюць паселiшча ў адно цэлае, яны ў апошнiя гады ўсё больш нясуць жыхарам спакою, чысцiнi i дабрынi. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выраз «Мой дом — мая крэпасць» — некалi не вельмi адпавядаў беларускай хаце. Нашы суседзi, а часам i нядобразычлiўцы не маглi не прызнаць адкрытасцi б
|
|