Вулiцы нашай гiсторыi
Вясковая вулiца... Дзе яшчэ знойдзеш такое месца, каб хуткацечны час можна было разгледзець у крыху запаволенай праекцыi, каб кожны сустрэчны ведаў суседа не толькi ў твар, а ўсе суседзi разам ведалi пра сваю маленькую Радзiмуўсё: адкуль пайшла iх вёска i хто ў якiя гады пракрочыў па гэтай вулiцы ў гiсторыю.
Разам са старшынёй Пратасаўскага сельскага Савета дэпутатаў Акцябрскага раёна Марыяй Мароз мы iдзём па вулiцах сядзiбы СВК «Агра-Светлы». Мая субяседнiца як старажыл гэтых мясцiн распавядае дэталёва, прыгадвае падзеi розных часоў i высновы робiць таксама грунтоўныя. Вiдаць, такая прафесiйная звычка — размаўляць аргументавана, з адказнасцю за прамоўленае — выпрацавана за 21 год на адказнай пасадзе. — Вулiцы нашы прыгожыя, бо на iх, як пацеркi, нанiзаны прыгожыя сядзiбы. Кожны гаспадар разумее, што падворак павiнен быць узорам парадку. Сельсавет заахвочвае людзей да гэтага — у вёсках мы праводзiм конкурсы на лепшую сядзiбу, самыя дбайныя гаспадары ўзнагароджваюцца прызамi. На вялiкiя перамены ў выглядзе вулiц грошай безумоўна не хапае, але пацiху штосьцi ўвесь час аднаўляем, упрыгожваем. Вось, напрыклад, нядаўна дамовiлiся з мясцовым майстрам, каб з дрэва бусла зрабiў — няхай красуецца над дахамi, нават сярод зiмы нагадвае пра цёплае лета i зычыць людзям добрае! Вяскоўцы ведаюць, каму абавязаны добрай памяццю за свой сённяшнi дзень. Гэта памяць жыве ў назвах мясцовых вулiц. Адной з iх далi iмя земляка Героя Савецкага Саюза Андрэя Пiнчука. Другая вулiца носiць iмя былога кiраўнiка мясцовай гаспадаркi Сяргея Караедава. Шмат гадоў працаваў ён тут, пакiнуўшы пасля сябе зладжаны, працавiты калектыў. I яшчэ пра адну вулiцу трэба нагадаць. На ёй жывуць перасяленцы з вёскi Калыбань Брагiнскага раёна. Быў час, калi пасля чарнобыльскай катастрофы ў Акцябрскi раён (нейкiм цудам не закрануты атрутнымi воблакамi) пераехалi людзi з пацярпеўшых тэрыторый. Гэта вёска таксама прыняла iх. Знешне сядзiбы перасяленцаў ужо не адрознiваюцца ад iншых, такiя ж заможныя, упрыгожаныя садамi, а вулiца, дзе яны жывуць, названа Калыбанскай, у памяць пра iх малую Радзiму, пакiнутую вёску. — А як жа сёння жывуць, працуюць землякi? — пытаюся ў Марыi Дзмiтрыеўны i чую ў адказ зноў жа дакладны расповед пра тое, як са звычайных будзённых клопатаў складаюцца заўважныя перамены, як павялiчваецца закуп малака ў насельнiцтва (сёлета па сельсавету яго закуплена больш за 200 тон). З асаблiвай цеплынёй успамiнае мая субяседнiца iмёны гаспадынь, якiя трымаюць свойскую жывёлу i ўмела вядуць гаспадарку, — Тамару Матузаву, Наталлю Кавалёву, Вольгу Быхан. Пра некаторых сваiх землякоў Марыя Дзмiтрыеўна ўзгадвае ў сувязi з нейкiмi сiтуацыямi, калi спатрэбiлася вынаходлiвасць, гаспадарскi падыход да справы. Вось, напрыклад, не хапала грошай, каб зрабiць прыгожую агароджу вакол Палаца культуры. Вырашылi абнесцi культурны аб’ект беласнежнымi стваламi бярозак, высечаных на гаспадарчых няўдобiцах i там, дзе патрэбна была санiтарная прачыстка. Вясковая агароджа атрымалася танная, арыгiнальная i прыгожая, на зайздрасць гарадскiм дызайнерам. Альбо такi прыклад: у мясцовай амбулаторыi ёсць дзённы стацыянар. Быццам бы i зацiкаўлены некаторыя, каб прыняць неабходныя працэдуры, але вось паляжаць пасля ў ложку (як гэта патрабуе медыцына) — руплiвым жыхарам цярплiвасцi не хапае: маўляў, гаспадарка клiча. Марыя Дзмiтрыеўна звярнулася да сваiх актывiстаў, i тыя неўзабаве талакою сабралi невялiчкую бiблiятэчку. Цiкавыя кнiжкi з’явiлiся ў амбулаторным пакоi i цяпер дапамагаюць вяскоўцам бавiць час без прывычнай працы. За размовамi пра землякоў мы не заўважылi, як прайшлi ўсе вулiцы вёскi. Прыгадалi людзей i падзеi — быццам перагарнулi старонкi гiсторыi гэтага краю. А тое, што ўбачылi на вулiцах, пацвердзiла: гiсторыя працягваецца. Часткай яе стаў i школьны гарадок з надзвычай прыгожым басейнам i пляцоўкай для гульняў, i прыгожыя новыя домiкi (пяць такiх катэджаў будуе штогод гаспадарка). Палюбавалiся, як усiмi колерамi вясёлкi ззяюць капiтальна пастаўленыя агароджы — няхай сабе не новыя, але своечасова пафарбаваныя, яны яшчэ паслужаць не адзiн год. Завiталi ў садок, дзе адразу ж заўважылi вельмi складаную для заўтрашняй вёскi сiтуацыю: шаснаццаць хлопчыкаў i... нiводнай дзяўчынкi. — Дзе ж яны будуць нявест шукаць? — з жартам пытаемся ў выхавальнiцы, i ўсе разам пагаджаемся, што добрых перамен навокал шмат, таму сваiх суджаных у будучым яны абавязкова сустрэнуць. Прычым, няхай адбудзецца гэта менавiта на вулiцах роднай вёскi. Яўген ПЯСЕЦКI, Акцябрскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясковая вулiца... Дзе яшчэ знойдзеш такое месца, каб хуткацечны час можна было разгледзець у крыху запаволенай праекцыi, каб кожны сустрэчны ведаў су
|
|