Нiжагародскiя i магiлёўскiя кадэты прайшлi па месцах баёў 137-й дывiзii
Iлона IВАНОВА
10-класнiкi Нiжагародскага кадэцкага корпуса прыехалi ў Беларусь, каб праехаць па месцах баёў 137-й стралковай дывiзii, якая была сфармiраваная ў Горкаўскай вобласцi. Гэта дывiзiя абараняла Магiлёўшчыну ў 1941 годзе, а потым брала ўдзел у вызваленнi ад захопнiкаў гарадоў i вёсак рэгiёну, у тым лiку i Бабруйска. Дывiзiяй камандаваў Iван Грышын, якi стаў Героем Савецкага Саюза i iмем якога названа адна з вулiц Магiлёва.
Нiжагародскiя кадэты разам з навучэнцамi кадэцкай школы з Магiлёва наведалi Клiмавiцкi, Слаўгарадскi i Быхаўскi раёны, а таксама абласны цэнтр i Бабруйск. — Гэтая акцыя накiравана на захаванне памяцi пра гераiзм людзей у час вайны, — сказаў кiраўнiк прадстаўнiцтва Нiжагародскай вобласцi ў Беларусi Вячаслаў Вiннiк. — Гэта наш святы абавязак перад абаронцамi Айчыны. Разам з кадэтамi прыехаў нiжагародскi журналiст Валерый Кiсялёў, якi 30 гадоў працаваў над кнiгай пра 137-ю дывiзiю. Кнiга «Аднапалчане» нарэшце ўбачыла свет, i 250 яе асобнiкаў, якiя прывезлi з сабой расiяне, перададзены ў раённыя i школьныя бiблiятэкi Магiлёўскай вобласцi. Валерый Кiсялёў расказаў, што акцыя кадэтаў пачалася яшчэ ўзiмку, калi ў самыя моцныя маразы хлопцы ў белых маскхалатах i з макетамi аўтаматаў пайшлi пешшу па месцах баёў дывiзii ў расiйскiх абласцях i дайшлi да Бранска. Магiлёўская вандроўка — гэта працяг. Прычым яе ўдзельнiкi не толькi аддаюць данiну памяцi воiнам якiя загiнулi ў баях i ўскладаюць да помнiкаў вянкi i кветкi, але i праводзяць iнсцэнiроўкi баёў. Напрыклад, у вёсцы Мiлаславiчы Клiмавiцкага раёна кадэты зрабiлi вучэбную атаку, як гэта было пры вызваленнi вёскi ў 1943 годзе. Гэта, паводле журналiста, дае магчымасць адчуць дыханне падзей вайны. Нiжагародскiя i магiлёўскiя кадэты сустракалiся з жыхарамi вёсак, якiя памятаюць вайну: жыхарка вёскi Аляксандраўка II на Слаўгарадчыне Ганна Лазарэнка расказала, як яна дапамагала параненым салдатам i хавала загiнулых. Кадэты ў Слаўгарадскiм раёне таксама бралi ўдзел у перапахаваннi астанкаў савецкiх салдат. А найбольш гасцей з Расii ўразiлi чысцiня i парадак на вулiцах гарадоў Магiлёўшчыны. Яны расказалi, што асаблiва ў гэтым сэнсе вылучаецца, паводле iх меркавання, раённы цэнтр Клiмавiчы, дзе на вулiцы немагчыма знайсцi нiводнага акурка. Такое стаўленне да добраўпарадкавання расiяне вырашылi пераймаць у беларусаў. Разам з тым, i магiлёўцам ёсць чаму павучыцца ў Нiжнiм Ноўгарадзе. У прыватнасцi, вопыту тамтэйшага кадэцкага корпуса, якi працуе больш за дзесятак гадоў. У той час як Магiлёўская кадэцкая школа арганiзавана некалькi гадоў таму i робiць свае першыя крокi. Таму нiжагародцы вырашылi прасiць свае ўлады прыняць з вiзiтам у адказ магiлёўскiх кадэтаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10-класнiкi Нiжагародскага кадэцкага корпуса прыехалi ў Беларусь, каб праехаць па месцах баёў 137-й стралковай дывiзii, якая была сфармiраваная ў Горк
|
|