Ходзяць чуткi, што ...
вынiкi тэсцiравання можна знайсцi ў Iнтэрнэце
Больш таго, абiтурыенты на поўным сур’ёзе перадаюць адзiн аднаму «навiну» пра тое, што ў Сусветнай павуцiне вынiкi здачы цэнтралiзаваных экзаменаў павiнны з’явiцца ўжо праз дзень-два. А сертыфiкаты можна будзе атрымаць на рукi толькi праз некалькi тыдняў. — Той, хто распаўсюджвае такую iнфармацыю, абсалютна не знаёмы з тэхналогiяй праверкi тэставых работ i не ўяўляе сабе аб’ёмы нашай работы, — патлумачыў карэспандэнту «Звязды» дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай ФЯСЬКОЎ. — Так, удзел у цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па беларускай мове ўзялi ў краiне больш за 75 тысяч чалавек, i амаль 96 тысяч чалавек здавалi 13 чэрвеня тэставы экзамен па рускай мове. Але перш, чым прыступiць да праверкi бланкаў адказаў, iх жа яшчэ трэба i адсканiраваць. Гэта механiчны працэс, але ён таксама адымае вельмi шмат часу. Мы плануем выдаваць абiтурыентам сертыфiкаты праз два тыднi пасля праходжання тэставага iспыту. Але ў электронным выглядзе вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання будуць адпраўляцца ў навучальныя ўстановы, якiя ажыццяўлялi рэгiстрацыю ўдзельнiкаў тэсцiравання, крыху раней — так як гэта было ў папярэднiм годзе. Дарэчы, арганiзатараў вельмi засмучае той факт, што не ўсе маладыя людзi, якiя зарэгiстравалiся на цэнтралiзаванае тэсцiраванне, з’явiлiся 12 i 13 чэрвеня ў пункты яго правядзення. «Прагульшчыкаў» аказалася прыкладна 4 працэнты ад агульнай колькасцi. Самае сумнае, што некаторыя з абiтурыентаў пацярпелi з-за ўласнай няўважлiвасцi: справа ў тым, што рэгiстрацыя магла весцiся на базе адной ВНУ, а пасадачнае месца для абiтурыента рэзервавалася ў iншай навучальнай установе. Iнфармацыя аб тым, куды кожны канкрэтны абiтурыент павiнен з’явiцца для праходжання тэст-экзамену, змяшчалася на iх пропусках. Але гэту «дробязь», як высветлiлася, заўважылi далёка не ўсе... Сёння на форуме беларускага партала ТUT.BY распачаўся актыўны абмен меркаваннямi памiж удзельнiкамi цэнтралiзаванага тэсцiравання па рускай i беларускай мове. Мiкалай Фяськоў прызнаўся, што з вялiкай цiкавасцю вывучае, так бы мовiць, «грамадскую думку». Прывядзём толькi некаторыя з iх: AGRONOM: Першы дзень ЦТ прывёў мяне ў цiхi жах. Кожны трэцi-чацвёрты тэсцiруемы дапускае памылкi пры запаўненнi верхняй часткi бланка адказаў — пiшуць няправiльна нумар i серыю пашпарта, два чалавекi з 60 замест нумара пашпарта напiсалi асабiсты нумар. Амаль кожны трэцi няправiльна пiша лiчбы «1» i «7»!!! Увага! Лiчба «1» пiшацца без верхняй палачкi, проста як вертыкальная рыса! Калi напiшаце з верхнiм хвосцiкам, камп’ютар палiчыць яе за «сямёрку». А лiчбу «7» трэба пiсаць без папярэчнай палачкi!!! I гэта быў тэст па мове, а на матэматыцы, фiзiцы i г.д., дзе ў адказе трэба пiсаць толькi лiчбы, такiя хiбы будуць залiчаны абiтурыентам як памылковыя адказы. Будзьце ўважлiвыя! Адно з галоўных правiлаў — не спяшайцеся запаўняць бланк адказаў, лепш неаднаразова праверце свае адказы на чарнавiку i толькi потым, не спяшаючыся, пераносьце iх у клетачкi. Пераздаць тэст вы ўжо не зможаце! СПАДАР ODIN: Хадзiў сёння на родную мову. Здаваў 10-ы варыянт. Сяджу, вярчу пятлю. Прыйдзецца набiраць балы за кошт «Гiсторыi Беларусi i «ЧОГа» (Чалавек.Грамадства.Дзяржава). Хоць бы сертыфiкат далi... ZANOZZA: Я таксама здавала 10-ы варыянт. Мне не спадабалася. Асаблiва заданнi пра нацiскi... YUNA: Эксперыменты... А цi патрэбныя яны i як уздзейнiчаюць на людзей — нашы праблемы. I ўвогуле, чаму такая несправядлiвасць? У мiнулым годзе можна было два разы пiсаць, а сёлета — толькi адзiн! IRIS_H: Прагнаць бы ўсiх настаўнiкаў i чыноўнiкаў праз гэтыя тэсты! Працэс навучання арганiзуюць абы-як, а потым шукаюць дастойных! HERRAS: Вось сяджу i думаю, навошта я хадзiў увесь год да рэпетытара, а прыйшоў i ўсё роўна нiчога не ведаў... Чытала Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
вынiкi тэсцiравання можна знайсцi ў Iнтэрнэце |
|