СВЕДКI
Таццяна ПАДАЛЯК
«Нашчадкi вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь»
У рэдакцыю прыйшло нямала пiсьмаў ад тых, каму пашчасцiла выжыць у пекле «вогненных вёсак». Менавiта яны, жывыя сведкi трагiчных падзей Вялiкай Айчыннай, гавораць праўду аб вайне. Невыпадкова побач з iмi нiводны самы заўзяты фальсiфiкатар вайны не тое што нямее — нiякавее. (Падрабязнасцi ў «Звяздзе» за 12, 13 i 25 студзеня, 2, 18 i 28 лютага, 16, 22 i 23 сакавiка, 29 красавiка, 4 i 23 мая, 6 чэрвеня г.г.) Цiкавы лiст мы атрымалi ад Фёдара Барысавiча Карпенi, жыхара вёскi Будча Ганцавiцкага раёна Брэсцкай вобласцi, былога партызана брыгады iмя У.I. Ленiна Пiнскага Злучэння. Ён адзначыў, што акцыя «Нашчадкi вогненных вёсак», мэта якой сабраць Сведкаў Праўды, — высакародная. «Але, на маю думку, тых каго фашысты расстрэльвалi i жывымi палiлi, а яны выжылi, выпаўзлi з агню, на сёння будзе мала, бо з таго часу ўжо прайшло больш шасцiдзесяцi гадоў. Многiя памерлi». I ўсё ж сведкi яшчэ застаюцца. Ужо, на жаль, апошнiя сведкi... Фёдар Карпеня расказаў пра выпадковага суразмоўцу са знiшчанай вёскi Пузiчы зiмою 1943 года. Партызаны брыгады iмя У.I. Ленiна аднойчы затрымалi ў лесе каля вёскi Дзянiскавiчы Ганцавiцкага раёна незнаёмага чалавека, якi аказаўся iтальянцам. Было даручана даставiць яго ў штаб Пiнскага Злучэння. «Партызанскi лагер брыгады размяшчаўся ва ўрочышчы Цераболь, што памiж вёскамi Чудзiн i Гаўрыльчыцы. Разам з партызанам Iванам (прозвiшча не памятаю ўжо) мы без прыгод днём мiнулi вёску Гаўрыльчыцы. Далей павiнна была быць вёска Пузiчы. На жаль, яе ўжо не было. I тут на падыходзе да спаленай вёскi з лесу выйшаў чалавек i на адлегласцi каля 40—50 метраў iшоў услед за намi. Каб не гадаць хто, ды чаго ён выбiўся на нашу дарогу, я прыпынiўся: — Куды, чалавеча, iдзеш? Твар яго не змянiўся нiводнай рысай. У вачах — смутак i нейкая безнадзейнасць. Памаўчаўшы, глухiм абыякавым голасам адказаў: — Я i сам не ведаю, куды iду. Гаварыць з iм было цяжка. Але слова за слова — i нам адкрылася трагедыя чалавека, якi меў сям’ю, дом, гаспадарку, ды ў адзiн дзень застаўся без усяго. Суразмоўца расказаў, што ў вёску Пузiчы прыехалi нямецкiя карнiкi быццам бы лавiць партызан. Многiя жыхары вёскi, папярэджаныя аб прыездзе немцаў, уцяклi ў лес, а ў вёсцы засталiся нямоглыя старыя ды жанчыны з дзецьмi. Карнiкi праз палiцаяў пачалi агiтаваць людзей, каб перадалi сваякам i знаёмым: хто застанецца ў лесе, будзе прылiчаны да партызан i знiшчаны. А мiрных жыхароў, маўляў, не зачэпiм. — Легкаверных аказалася шмат, а я, — гаворыць суразмоўца, — не паверыў гэтым заклiкам i застаўся ў лесе. На другi дзень усiх вяскоўцаў — i хто вярнуўся з лесу, i хто не пакiдаў сваёй хаты, — сагналi ў хлявы i спалiлi, а хто застаўся ў лесе — уратаваўся... Застаўся i ён, дый гэта не радавала, бо без сям’i жыццё згубiла ўсякi сэнс. Таму i блукае па наваколлю, не ведае, куды сябе падзець i як справiцца з гэтым горам. Мы ўвайшлi ў былую вёску. На месцы дамоў i гаспадарчых пабудоў — папялiшчы. Нават платы, якiмi былi агароджаны сялянскiя хаты, знiшчыў бязлiтасны агонь. Толькi дзе-нiдзе стаялi асмаленыя чорныя шулы, ды на кожным былым падворку ўказвалi месца хат печы з разбуранымi комiнамi. Прозвiшча суразмоўцы я не iмкнуўся даведацца, бачачы яго перажываннi. Ён пайшоў на папялiшча сваёй хаты, а мы пакрочылi далей, да партызанскага штаба». Я ўдакладнiла: згодна з афiцыйнымi звесткамi, у вёсцы Пузiчы напярэдаднi вайны было 160 двароў, пражывала 915 чалавек. У лютым 1943 г. акупанты знiшчылi цалкам усю вёску, у вогнiшчы загiнула 783 жыхары. Супрацоўнiкi Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» паведамiлi: вёска Пузiчы адзначана на сiмвалiчных галiнах Дрэў Жыцця ў Хатынi як адна з 433 спаленых разам з жыхарамi вёсак i адноўленых пасля Вялiкай Айчыннай вайны. «Сапраўды, страшна становiцца, калi ўзгадаем, як фашысты ашуквалi людзей дзеля выканання плана «Ост» па знiшчэнню Беларусi. Але ж пра гэта i забыцца — небяспечна, бо вайна вялася на знiшчэнне славянскiх народаў. Зараз некаторым фальсiфiкатарам хочацца перапiсаць гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны — гiсторыю народнай трагедыi, народнай барацьбы i народнай Перамогi, якая закончылася поўным разгромам фашысцкiх вылюдкаў у 1945 г. На маю думку, фальсiфiкатары не бачылi той трагедыi i аб ёй нiчога не ведаюць», — пiша ветэран Фёдар Карпеня. * * * Цiмафей Ануфрыевiч Баброўнiк з Мазыра нарадзiўся ў 1930 годзе. Ён напiсаў аб злачынствах, якiя ўчынялi фашысты на Мазыршчыне ў 1942—1943 гг., дзе цалкам або часткова знiшчаны 144 вёскi. Вось радкi з яго лiста ў рэдакцыю: «З асаблiвым садызмам фашысты расправiлiся з жыхарамi вёскi Касцюковiчы. У чатыры калодзежы кiдалi жывых людзей, закiдвалi бярвеннямi i каменнем. Загiнула 162 чалавекi. Вёску спалiлi дашчэнту. Мая вёска Жахавiчы — у пяцi кiламетрах ад Касцюковiчаў, вышэй па цячэнню Прыпяцi. Апiсваю тое, што бачыў. У той дзень, 30 лiпеня 1943 г., на досвiтку мацi разбудзiла мяне. Я запрог у воз кабылку, зайшоў у хату. Малодшыя — Андрэй, Лiда, Валодзя, Лёня — спалi. Папрасiў мацi ўсiм разам ехаць у лес. Яна сказала: хай паспяць, потым паядзiм i пойдзем блiжэй да лесу ў поле жаць жыта, а калi што якое — уцячэм у лес. Я паехаў на востраў Бервянкi, у бок Касцюковiчаў. Там ужо было шмат людзей. Амаль адразу з боку сяла пачулася стралянiна. Потым былi чуваць толькi адзiночныя стрэлы. Мы прыцiхлi. Стаяла нейкая жудасная, сцiснутая цiшыня. Хтосьцi хiхiкнуў — i раптам усiх нас адолеў дзiкi, неўсвядомлены, беспрычынны смех да слёз . Што гэта? Нiхто не ведаў... Добрае надвор’е — а ў лесе пачало цямнець. Густы чорны дым закрыў неба. Жахавiчы гараць! Што з намi рабiлася — не апiсаць. З аднагодкам Андрэем залезлi на дуб. Пад дымам — суцэльная лiнiя чырвонага зубчастага полымя... I жудасны гул... Як зараз бачу тую злавесную карцiну. Цяжка пiсаць, душой усё адчуваеш наноў. Надвячоркам з Уладзiмiрам Казаком, стрыечным братам маёй мацi, выйшлi да сяла. Пачынаўся дожджык. Свяцiлiся пажарышчы, ад iх узнiмалася блакiтна-шэрая сумесь дыму i пары... Ранiцай сустрэў бацьку. Плачам, нiчога не ведаем пра нашых. Аказваецца, фашысты акружылi сяло, адрэзаўшы адыход людзей да лесу i да Прыпяцi. Усiх сабралi на Ражку (ускраек сяла). Стараста-здраднiк выдаў партызанскiя сем’i, у тым лiку i нашу. Iх павялi ў мазырскую турму пад узмоцненым канвоем. Праз суткi знiшчылi — больш за 30 чалавек». ... Мы звязалiся з Цiмафеем Ануфрыевiчам па тэлефоне, каб удакладнiць некаторыя факты. Пасля вайны яго бацька працаваў на сплаве, i ён таксама ўладкаваўся туды вучнем. Пасля армii скончыў Ленiнградскi iнжынерна-будаўнiчы iнстытут, працаваў па спецыяльнасцi. Будучы ўжо на пенсii, больш за 10 гадоў не пакiдаў работу. — Шмат гадоў выпiсваю «Звязду»,— расказаў Ц. Баброўнiк. — Да гэтага выпiсваў iншую газету, але там было змешчана некалькi артыкулаў супраць партызанаў. Я раззлаваўся i перастаў выпiсваць тую газету... *** З Брэста патэлефанавала Iрына Антонаўна Шумская, 1923 года нараджэння. Яна i яе сястра Соф’я Антонаўна (1925 года нараджэння) цудам выратавалiся, калi фашысцкiя нелюдзi палiлi вёску Малiнаўка Бялынiцкага раёна. Дацэнт Белдзяржунiверсiтэта Людмiла Белякова паведамiла, што яе цётачкам, Нiне Паўлаўне і Галіне Паўлаўне Гурэнчыкам, удалося ўратавацца, калi немцы палiлi вёску Макаўе Асiповiцкага раёна. Вёска гэта — сярод 186 беларускiх вёсак, якiя загiнулi ў полымi i так i не адрадзiлiся пасля вайны... *** З вёскi Даманавiчы Калiнкавiцкага раёна Гомельскай вобласцi патэлефанаваў старшыня савета ветэранаў Даманавiцкага сельскага Савета Мiкалай Антонавiч Лук’янаў. Расказаў пра лёс сваёй жонкi Рэмы Вячаславаўны Стахоўскай. Родам Рэма Вячаславаўна з вёскi Копанка Ельскага раёна — гэтая знiшчаная нямецка-фашысцкiмi акупантамi вёска так i не аднавiлася пасля вайны. Копанка — на Могiлках спаленых вёсак у мемарыяльным комплексе «Хатынь»... У 1942 годзе немцы ўчынiлi жудасную расправу над вяскоўцамi. Сагналi ўсiх жыхароў у калгаснае гумно. Спачатку стралялi ў людзей з кулямётаў i аўтаматаў, а потым, зачынiўшы дзверы, гумно падпалiлi. Тым, хто застаўся ў жывых, удалося нейкiм чынам выламаць дзверы — але вырвацца з полымя ўдалося толькi адзiнкам. Рэму выцягнуў з кучы расстраляных цел мясцовы хлопец, ён дапамог ёй дабрацца да лесу. У агнi згарэлi мацi, бабуля i брат Рэмы Вячаславаўны. А ўсяго загiнула 186 чалавек. ... Партызаны забралi дзяўчынку з сабой. Да 1944 года яна была ў атрадзе славутага Каўпака. Пасля вызвалення — Нараўлянскi дзiцячы дом, вучоба ў Мазырскiм педагагiчным вучылiшчы. Усё жыццё працавала ў педагогiцы: выхавальнiцай дзiцячага дома, настаўнiцай. Чацвярых дзяцей выгадавалi Рэма Стахоўская i Мiкалай Лук’янаў, маюць 9 унукаў i 5 праўнукаў. I кожны з iх ведае пра трагедыю вёскi Копанка, на месцы якой зараз стаiць толькi абелiск. Памяць пра вёску i яе жыхароў...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Нашчадкi вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь» |
|