Каб падпiсчыкаў стала больш...
Валянцiна ДОЎНАР, Таццяна ЛЯЎКОВIЧ, Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ
Для пачатку — неабходнае, вiдаць, прызнанне: чым больш «падарожнiчае» ваш маленькi «звяздоўскi дэсант», тым... цяжэй яму гэта рабiць. Вам не трэба казаць, чаму. Таму, што шлях ляжыць праз ужо знаёмыя вёскi i мястэчкi (не гаворачы пра гарады), ля хат i будынкаў, дзе жывуць i працуюць добрыя знаёмцы. У тых жа Трошчыцах ля Мiра «Звязда» каня пазычала на свята пiсьменства... А ў якiх прыгожых людзей!.. Цi жывыя-здаровыя? Цi вывучылася iх унучачка? Завiтаць бы, распытаць. Зазiрнуць у Мiр да нашай падпiсчыцы з 1948 года... У Карэлiчы! Там у нас такая сустрэча была!..
Зрэшты, як пяецца ў песнi, «нам рано жить воспоминаньями». Аб мiнулых святах. Асаблiва — калi ведаем, што наперадзе яны новыя. ...Не будзем падманваць — свабодныя месцы ў досыць прасторнай зале пасяджэнняў Навагрудскага райвыканкама былi, але няшмат. Каб ведаць, што расказваць пра «Звязду», а што не, спыталi, хто яе выпiсвае, пастаянна чытае? Падняўся (зноў жа — хлусiць не будзем) зусiм не лес рук, але ж бярэзнiчак добры, бо Наваградчына (там ўсе так кажуць. — Аўт.) па падпiсцы на нашу газету — першая ў вобласцi. Ды i ў краiне падобных раёнаў (паўтары тысячы падпiсчыкаў...), на жаль, няшмат. Апроч будучай уладальнiцы звяздоўскага суперпрыза Людмiлы Яўгенаўны Каралько, месцы ў зале занялi намеснiк старшынi райвыканкама Уладзiмiр Лявонавiч Груца, галоўны iдэолаг, скажам так, i наш пастаянны падпiсчык Iван Сяргеевiч Грынь, начальнiк вузла паштовай сувязi Святлана Вiктараўна Дзедавец... Дарэчы, i што вельмi паказальна: Людмiлу Каралько менавiта пошта першай павiншавала з выйгрышам... Але ж чакалi нас i iншыя сюрпрызы. Кшталту, далi слова адной з падпiсчыц, а яна... адразу вершамi. I якiмi! Сп. Таўлуй, як высветлiлася, мае дзве вышэйшыя адукацыi, выкладае беларускую i нямецкую мовы ў ПТВ № 193. I дапамагае ёй у гэтым — наша газета, якую Галiна Эдуардаўна выпiсвае вельмi даўно i найперш — з-за роднай мовы. Гэта раз. Два. За трыццаць вёрст, на перакладных, як кажуць, з жонкай i суседкай прыехаў на сустрэчу Васiль Васiльевiч Лукашэвiч. Наш падпiсчык. Як выйшаў на «Звязду»? «Ведаў з дому». А служыць давялося — аж на фiнскай мяжы. — Зампалiт, — успамiнае, — прычапiўся неяк: «Выпiшы ды выпiшы газету». Яшчэ i падказвае мне, якую iменна. А я — не. Кажу: калi i буду на нешта грошы аддаваць ды чытаць, то толькi на сваю, на беларускую. Так, са «Звяздой» i служыў. Ведаў усё, што дома ў нас робiцца. Потым у жыццi Васiля Васiльевiча было будаўнiцтва Краснаярскага алюмiнiевага камбiната i вяртанне дамоў. Працаваў брыгадзiрам у калгасе, гаспадарыў. Але ж у асабiстым жыццi праблемы меў. Жонку (гэта ён пасля сустрэчы нам задачку задаў. — Аўт.) у першы дзень Каляд... перуном забiла. А новую, ён аж на Случчыне знайшоў... па аб’яве ў нашай газеце. Жывуць — ужо шэсць гадоў i, падобна, добра, бо iнакш, трэба разумець, за 30 вёрст не паехаў бы, каб асабiста падзякаваць? Што ж датычыцца шчаслiвай уладальнiцы звяздоўскага «Атланта», то працуе яна на добра вядомай (у тым лiку i за межамi Беларусi) Навагрудскай швейнай фабрыцы. Не начальнiцай, не. У раскройным цэху. «Звязду» выпiсвае чвэрць веку. Дарэчы, асобныя чытачы, з тых каму не шанцавала (пакуль) нешта выйграць, скардзiлiся, што дастаюцца прызы спрэс багатым. Таму мы ўсур’ёз пацiкавiлiся ў Людмiлы Яўгенаўны яе «капiталамi». Доўга смяялася (i сама, i зала). Але ж праўды не схавала: — Багатая, — сказала. — Муж ёсць. Двое дзяцей, зяць... Прыгожая жанчынка! Як i варта было чакаць, падчас сустрэчы ўзнiкла ў зале не тое, каб спрэчка... Але ж адзiн з нашых пастаянных чытачоў дырэктар школы № 5 Аляксандр Сцяпанавiч Быстрык не без падстаў, вiдаць, заўважыў, што i ў iх горадзе перавага ўсё часцей аддаецца другой дзяржаўнай мове. Ёсць, напрыклад, вулiца Адама Мiцкевiча. Цудоўна. Але ж прозвiшча яго напiсана па-руску... У працяг гэтай тэмы i зноў жа пасля сустрэчы ад адной з удзельнiц пачулi, што трэба працаваць, трэба сеяць i збiраць ураджай... А на якой мове пры гэтым гаварыць — справа дзесятая. Абжывёмся, маўляў, пабагацеем, тады i за беларускую возьмемся. Возьмемся... Сапраўды... Калi... будзе за што. Па-першае, а па-другое... Цiкава было б паглядзець на сям’ю, якая датумкала б найперш выгадаваць дзяцей, а потым ужо — пачаць выхаванне. Але гэта так... Па дарозе з Наваградка... I цудоўна разумеючы, што ўсякае параўнанне кульгае, а асобныя, мо, i на дзве нагi. ...У Казлоўшчыне нас таксама чакалi. I ў поўнай зале. А Лiдзiя Iларыёнаўна Трубiла — нават з кветкамi. — Не бедныя мы, — прызналася. — Працавалi ўсё жыццё. Свой дом, агарод, зямлi, колькi хочаш... Двое дарослых сыноў... Маглi б той тэлевiзар i самi купiць, але ж гэты — ад «Звязды». Хай будзе на памяць. Газету, як высветлiлася, гэта сямейка выпiсвае гадоў 15, картку на розыгрыш прызоў, здаралася, дасылала, здаралася — не. Забывалiся часта. А вось чытаць газету — нiколi. Бо, па-першае, знаходзяць у ёй шмат патрэбнага, а па-другое — проста ўспамiнаюць родную мову, аб якой, як кажуць, «зсумавалi» пакуль працавалi — «там жа ўсё на iншай было». Другой нашай падпiсчыцы з Казлоўшчыны ў гэтым сэнсе пашанцавала больш — яна ў роднай стыхii працуе — настаўнiцай беларускай мовы. — «Звязду» ў школу пастаянна прыносiла мой класны кiраўнiк, а потым калега Iрына Мiхайлаўна Ражко: там для работы шмат патрэбнага было. А для мяне асабiста (дочкi ў музычную школку хадзiлi) яна выразала вашу «Анталогiю беларускай песнi». I вось, як вечар, — успамiнала Вера Барысаўна Гародка, — яны за iнструмент сядуць, развучаць мелодыю, i ў хаце — цэлы канцэрт. Добра ж! А калi так, то чаму б, думаю, мне самой газету не выпiсаць? Паспрабавала i цяпер не расстаюся ўжо. Для настаўнiкаў у ёй вельмi шмат матэрыялаў. Падрабязна ўсё, аўтарытэтна... Да таго ж (гэта, мо, самае галоўнае!) «Звязда» пастаянна паказвае, якая багатая, прыгожая, якая мiлагучная наша мова, якi таленавiты ў краiне народ. Таму мне вельмi хацелася б, каб у сапраўды беларускай газеты стала як мага больш падпiсчыкаў, чытачоў. Не будзем хаваць: гэтага — нам таксама хацелася б. I таму, пакiнуўшы тэлевiзар, выслухаўшы прапановы i парады, запiсаўшы што-кольвечы ў скарбонку беларускага гумару, мы паехалi далей — у Гродна, у Шчучын, у Воранава, дзе нас (загадзя скажам) таксама чакалi. Але аб гэтым — заўтра.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для пачатку — неабходнае, вiдаць, прызнанне: чым больш «падарожнiчае» ваш маленькi «звяздоўскi дэсант», тым... цяжэй яму гэта рабiць. Вам не трэба каз
|
|