Няхай канкурэнты сталеюць...
Святлана ЯСКЕВIЧ
СЛОВА I СПРАВА Мiкалай Брашко ўжо 16 гадоў — нязменны дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў. У 1990 годзе яго, дырэктара прадпрыемства ЖКГ «Камунальнiк», абралi сваiм прадстаўнiком у гарадскую ўладу жыхары мiкрараёна Валынка i вулiц Набярэжная i Чырванасцяжная. 15-я акруга — асаблiвая. Яна раздзелена ракой Мухавец на дзве часткi. Названыя вулiцы ўяўляюць сабой тыповы горад са шматпавярховымi дамамi, прадпрыемствамi. А Валынка — былая вёска, i вёскай па сутнасцi засталася. Тут усе дамы прыватныя, з агародамi, надворнымi пабудовамi. Насельнiцтва складаюць большай часткай пажылыя людзi. Пра надзённае жыццё, выбаршчыкаў, дэпутацкiя клопаты мы гутарым з Мiкалаем Брашко.— Больш за палову жыхароў выбарчага ўчастка, а дакладней, 56 працэнтаў, пенсiянеры. I просьбы iх, клопаты прыкладна такiя ж, як i ў вясковых людзей: страху адрамантаваць, агароджу падправiць, а, бывае, што i з суседам мяжу падзялiць. Паколькi акруга складаецца з двух частак, то i прыём грамадзян я вяду два разы на месяц: адну суботу чакаю выбаршчыкаў у ЖЭК № 3, а другую — у клубе па вулiцы Валынскай. I кожны раз ад паўтара да двух дзесяткаў чалавек прыходзяць на прыём. — Ведаю, што вам даводзiлася вырашаць i куды больш значныя праблемы, чым рамонт даху або паламанай агароджы. — Вiдаць, правiльна будзе сказаць, не вырашаць, а садзейнiчаць iх вырашэнню, бо, скажам, асфальтаванне вулiц праводзяць адпаведныя арганiзацыi згодна з рашэннем гарвыканкама. I сапраўды, як мог, спрыяў таму, каб такое рашэнне з’явiлася хутчэй. Зараз асноўныя вулiцы на нашай Валынцы «адзетыя» ў асвальтавае пакрыццё, а раней асфальту тут не было зусiм. Праўда, з гравiйкай засталiся невялiкiя вулiцы, завулкi. Пакрысе, памалу кожны год справа прасоўваецца. Скардзiлiся людзi на тое, што ў iх мiкрараёне не было аптэкi. Каб дабрацца за лякарствамi, патрабавалася гадзiна, а то i дзве часу. Тут ужо мне як дэпутату прыйшлося праявiць пэўную настойлiвасць. Словам, аптэка ў нашым раёне з’явiлася. Паштовае аддзяленне перавялi ў iншы будынак, бо стары быў цесны i нязручны, што выклiкала справядлiвыя нараканнi жыхароў. Лiтаральна нядаўна практычна закончылася тэлефанiзацыя Валынкi. Некалькi разоў у працэсе работы я сустракаўся з кiраўнiком Брэсцкага фiлiяла прадпрыемства «Белтэлекам» Мiкалаем Белiсавым. I вельмi ўдзячны Мiкалаю Макаравiчу за разуменне. Нiкому, пэўна, не трэба тлумачыць, як важна мець тэлефон, асаблiва пажылому чалавеку, якi жыве на ўскраiне горада. I гэты сродак сувязi прыйшоў амаль у кожны дом, дакладней, паставiлi тэлефон усе, хто хацеў. — Дырэктар чацвёртай школы Валянцiна Трафiмава сказала, што вы многа дапамагаеце iх навучальнай установе... — Названая школа з’яўляецца падшэфнай у нашага прадпрыемства. Менавiта «Камунальнiк» дапамагае школе з рамонтам, з транспартам, з абнаўленнем мэблi. Як дэпутат я не прапускаю нiводнай лiнейкi, часта бываю на бацькоўскiх сходах, гутару i з дзецьмi, i з бацькамi. Усе гэтыя людзi мне знаёмыя. Ведаю амаль кожнага пажылога гаспадара домаўладанняў: хто ваяваў, хто мае працоўныя заслугi, дзе чые дзецi. Тут у нас, напрыклад, жывуць бацькi вядомага кампазiтара i музыканта Iгара Карнелюка... — Адным словам, вы тут накшталт старшынi калгаса... — Нешта ў гэтым параўнаннi, несумненна, ёсць. З усiмi праблемамi выбаршчыкi iдуць. Бывае, старыя людзi просяць узяць на працу сына цi дачку. Як дырэктар прадпрыемства стараюся браць на работу менавiта тутэйшых людзей. I ёсць у гэтым свая логiка. Чалавеку лягчэй i зручней дабiрацца на работу. Заўсёды дапамагаю транспартам прадпрыемства на пахаваннях. Усе гэта ведаюць. Вельмi непакоiлiся, цi застанецца такая практыка, калi перад мiнулымi выбарамi пайшла пагалоска, што я не буду больш дэпутатам... Падумаў тады, што хопiць мне, няхай маладыя, энгергiчныя спрабуюць, набiраюцца вопыту. Але калi паглядзеў на магчымых канкурэнтаў... Ведаеце, якая цiкавая заканамернасць: у акругах, што сфармiраваны ў цэнтры горада, у добраўпарадкаваных раёнах бывае па 7—8 кандыдатаў на дэпутацкi мандат, а ў такiх, як мая, ледзьве 2—3 набiраецца. Я пагутарыў з магчымым пераемнiкам. Адзiнае, што ён мог сфармуляваць дакладна: «Я буду працаваць супраць улады». Аказалася, што акрамя максiмалiсцкiх палiтычных установак, нiякiх сур’ёзных намераў у яго не было. Пасля гэтага вырашыў не адмаўляцца ад дэпутацтва, а канкурэнт мой няхай яшчэ пасталее. Тым больш што на Валынцы за мяне галасуюць стабiльна 85—89 працэнтаў выбаршчыкаў. На другiм баку Мухаўца працэнт меншы. Там шмат людзей жыве ў дамах, iнтэрнатах мэблевай фабрыкi. I калi на прадпрыемстве вылучаюць свайго кандыдата, то за яго аддаюць шмат галасоў. Жыхары гэтых вулiц — тыповыя гараджане з iх гарадскiмi праблемамi. — Але ж вы больш увагi ўдзяляеце Валынцы... — Гэтыя людзi ўсё жыццё адпрацавалi на нейкай гарадской вытворчасцi, але многiх гарадскiх выгод былi пазбаўлены па прычынах, так бы мовiць, геаграфiчных. Тут i транспартнае забеспячэнне да нядаўняга часу было праблемай. Зараз ходзяць маршрутныя таксi, дабiрацца стала лепш. Магчымасцi для адпачынку — адзiн стары клуб. Летась, дарэчы, упершыню праводзiлася свята Валынкi. Дапамаглi ў яго арганiзацыi i гарадскi аддзел культуры, i адмiнiстрацыя Маскоўскага раёна. Добрае атрымалася мерапрыемства. — Апошнiм часам вы актыўна супрацоўнiчаеце з участковым iнспектарам, нават усё часцей сумесныя прыёмы грамадзян наладжваеце. Якая ў гэтым неабходнасць? — Жыццё прымушае. Колькасць людзей, чые паводзiны падпадаюць пад увагу праваахоўных органаў, на жаль, не памяншаецца. Вось i на нашай Валынцы назiраецца тэндэнцыя. Пэўная катэгорыя выхадцаў з гэтых вулiц вяртаецца ў бацькоўскiя дамы. Некаторыя з iх мелi кватэры ў розных мiкрараёнах горада, у лепшым выпадку — пакiнулi iх дзецям, у горшым — прадалi i прапiлi, а самi пасялiлiся ў старэнькiх бацькоўскiх хатах. Не абцяжарваюць сябе працай нават па прывядзенню ў парадак уласнага падворка, п’юць. Вось такiя i трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў. Так што дэпутату трэба ўзаемадзейнiчаць i з усiмi асноўнымi гарадскiмi службамi, i з установамi культуры, i з мiлiцыяй.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiкалай Брашко ўжо 16 гадоў — нязменны дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў. У 1990 годзе яго, дырэктара прадпрыемства ЖКГ «Камунальнiк», абр
|
|