Жанчыны крэпасцi: за гадзiну да вайны
Святлана ЯСКЕВIЧ
Марыя Тараканава, маладая жонка палiтрука Тараканава, пiсала з Брэсцкай крэпасцi родным у Падмаскоўе 11 мая 1941 года пра тое, што лета выдалася ранняе, бэз ужо адцвiў, а iх з Паўлам двухгадовы сынок зусiм загарэў. Марыя апiсвае мiлыя падрабязнасцi з жыцця свайго першынца, што так важныя для любой мацi. Напрыклад, на пытанне: як цябе называе тата? маленькi Валера адказваў: «Лялечка мая, ягадка мая».
Яшчэ жанчына расказвае родным пра розныя сямейныя справы, але скрозь увесь лiст праходзiць чырвонай нiткай трывога за будучае. Яна пiша лiтаральна так: «Вiдаць, давядзецца ваяваць. Будзем уцякаць ад усiх жахаў i ратаваць сваё жыццё. I не дай Бог нам з дзiцем трапiць у гэты пажар...» Але выратавацца iм не было суджана. Марыi Тараканавай з сынам у лiку iншых жанчын удалося выйсцi з крэпасцi. Яе расстралялi потым, як жонку афiцэра i палiтработнiка. Не злiтаваўся вораг i над двухгадовай «лялечкай i ягадкай». А муж i бацька Павел Сямёнавiч прайшоў пекла абароны крэпасцi i застаўся жывы. Потым шукаў iх. Усё жыццё. Некалькi разоў прыязджаў у Брэст. Але так нiчога i не змог даведацца, не знайшоў анiякiх слядоў. I памёр у 49 гадоў на пачатку 60-х. Пра лёс Марыi Тараканавай i яе сына стала вядома значна пазней, знайшлiся сведкi iх апошняй гадзiны. Матэрыялы пра сям’ю Тараканавых i прыведзенае пiсьмо захоўваюцца ў музеi Брэсцкай крэпасцi. Гартаючы ўспамiны брэстаўчанак 1941 года, асаблiва жыхарак гарнiзона крэпасцi, надзвычай востра адчуваеш, якi цяжар давялося вынесцi iм, праз якiя выпрабаваннi прайсцi. Абаронцы Айчыны — заўсёды героi, iх подзвiг увекавечваюць, iх успамiнаюць на кожнае свята, на ўсе ўрачыстыя i сумныя даты. I гэта лагiчна. Але iм, воiнам, было ў нейкiм сэнсе нават прасцей: або перамог, або загiнуў. Жанчыны i дзецi вымушаны былi заставацца на варожую лiтасць, якой, як вядома, бракавала фашыстам. Тады, 22 чэрвеня, амаль усе жонкi i дзецi камсаставу крэпасцi былi побач з мужамi. Хоць у разгар лета многiя хацелi выехаць да бацькоў, сваякоў у розныя куткi ўсёй вялiкай краiны, але не маглi гэта зрабiць. Адлучацца з крэпасцi было забаронена. Перад самай вайной восем афiцэраў выключылi з партыi за панiкёрства. Апошняе праявiлася ў тым, што свае сем’i яны адправiлi да родных. Дакументальнае сведчанне таму знаходзiцца зараз у экспазiцыi музея. У горадзе поўным ходам з вушэй у вушы перадавалiся чуткi пра хуткае нашэсце ворага з-за Буга. А ў вайсковых часцях старалiся пра гэта не гаварыць. Таму жыццё здавалася спакойным i роўным, ва ўсякiм выпадку, знешне. У клубе працавалi разнастайныя гурткi, секцыi. На выхадныя днi планавалiся канцэрты i танцы. Нягледзечы на забароны i масiраваную прапаганду, усе ведалi, што вайна пачнецца. Прыгатаваннi немцаў былi бачны ў бiнокль. Але людзi спадзявалiся, што ваяваць давядзецца гады праз два-тры, у крайнiм выпадку, праз год. А не заўтра. Як пiсала жонка афiцэра-пагранiчнiка Наталля Кантроўская: «У суботу муж прыйшоў дадому позна, усхваляваны, заклапочаны. Я купала ў ванне дачку. А калi ён адчынiў дзверы, прыкрыкнула на яго, чаму запусцiў скразняк. Ён хуценька закрыў дзверы i выйшаў. Каб ведаць, што бачу яго апошнi раз! Каб ведаць!» Так, можа, i карыла сябе ўсё жыццё за тую рэзкую iнтанацыю. А Еўдакiя Хворанава, супрацоўнiца банка, успамiнала, што ў суботу напярэдаднi яны разам з мужам слухалi лекцыю пра мiжнароднае становiшча. Iшлi вечарам дадому i ўспамiналi, як лектар, прадстаўнiк ЦК КПСС расказаў анекдот: «Нашы пагранiчнiкi крычаць немцам цераз раку: «Чаму вас так многа?». А тыя ў адказ: «Мы адпачываць прыехалi. А чаму вас так многа?». Нашы знайшлiся: «А мы будзем ахоўваць ваш адпачынак». Пасмяялiся тады. На ранiцу намецiлi схадзiць на базар. А на 19 гадзiн узялi бiлеты ў тэатр. Але ранiца тады не наступiла. Ноч абрынулася на галовы людзей бамбёжкай, смерцю, злiлася ва ўспамiнах тых, хто ўцалеў, у адзiн даўжэзны адрэзак з дзён i гадоў. Пра подзвiг маленькага гарнiзона, пра байцоў i камандзiраў часцей крэпасцi ведае амаль увесь свет. А жанчыны крэпасцi ратавалi дзяцей. I сербанулi вайны асаблiва горкай чашай. Лiзавета Касцякова — адзiная брастаўчанка, якая выйшла з крэпасцi i зараз жыве ў горадзе над Бугам. Летась напярэдаднi Дня Перамогi я з ёй сустракалася. Лiзавета Сяргееўна ўспамiнала, што абаронцы крэпасцi прасiлi iх выйсцi, здацца. Галодныя, змучаныя жанчыны i дзецi былi iм абузай. Ёй запала ў памяць карцiна, што i зараз стаiць уваччу: калi яны з групай жанчын нарэшце выйшлi i ўбачылi настаўленыя на iх аўтаматы, вiнтоўкi, штыкi, нiхто не заплакаў, нават дзецi маўчалi. Яны проста iшлi... Юная Лiза тады была цяжарная, увосень нарадзiла сына, якому не было суджана ўбачыць бацьку. Лiзавеце яшчэ пашанцавала, у яе тут жылi сваякi. У многiх жанчын, што выйшлi з-пад пякельнага агню, радня жыла дзе-небудзь у Расii цi ва Украiне. Ва ўспамiнах, што захоўваюцца ў музеi, ёсць эпiзод пра жанчыну, iмя якой невядома, але гiсторыя, вiдаць, тыповая. Выйшла цяжарная з паўтарагадовым сынам на руках. Трэба было нешта есцi, недзе жыць. Нанялася працаваць да аднаго гаспадара з прыгараднай вёскi. Неўзабаве нарадзiлася дзяўчынка. Але пасля родаў захварэла сама, малако прапала. I немаўля памерла галоднай смерцю. А Вольга Кавалёва, жонка вайскоўца, выйшла з чатырма дзецьмi ў адной нiжняй бялiзне. Спачатку галадалi, гаравалi, а потым добрыя людзi пацяснiлiся, пазней на працу ўладкавалася на рэчавы склад. Праз некаторы час прымкнула да брэсцкага падполля. Пра гэту мужную жанчыну ўспамiны пакiнула адна з арганiзатараў падполля Вера Iванова. Яна ж расказала пра 52-гадовую мацi з Волагды, якая прыехала да сына-камандзiра ў госцi, таксама актыўную падпольшчыцу. Сталая жанчына запомнiлася маладым тым, што перад адыходам на заданне абавязкова хрысцiлася. На жаль, няма звестак наконт далейшага лёсу згаданых вышэй жанчын. Як нiчога не вядома пра тое, што сталася з удзельнiкамi агляду дзiцячай мастацкай самадзейнасцi, якi быў прызначаны на нядзелю, 22 чэрвеня. Шэсць тысяч школьнiкаў з вобласцi збiралi ў Брэсце на канцэрты, якiя павiнны былi адбыцца ў парку i на стадыёне. Дэлегацыi з аддаленых раёнаў заехалi ў суботу. Прыязджалi дзецi, як правiла, у суправаджэннi настаўнiц, пiянерважатых. Музейныя работнiкi казалi, што нiколi не сустракалi звестак пра ўдзельнiкаў мастацкай самадзейнасцi. I былi б удзячны, каб хто з iх адгукнуўся, расказаў, як яны выбiралiся з горада, якi лёс спасцiг iх таварышаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марыя Тараканава, маладая жонка палiтрука Тараканава, пiсала з Брэсцкай крэпасцi родным у Падмаскоўе 11 мая 1941 года пра тое, што лета выдалася рання |
|