Экзатычныя iнфекцыi не дрэмлюць на заморскiх пляжахФактар рызыкі Далёкiя кантыненты i экзатычныя краiны, як заўсёды ў час курортнага сезона, гатовыя прыняць турыстаў. Аднак рыхтуючыся ў доўгачаканую вандроўку, трэба ўзброiцца iнфармацыяй, якая дапаможа не толькi з камфортам адпачыць, але i вярнуцца дадому здаровым i бадзёрым. Аб тым, якая эпiдэмiялагiчная сiтуацыя складваецца зараз у свеце, чым пагражае яна людзям, што выязджаюць за межы родных краёў, i як пазбегнуць неспрыяльных наступстваў, нам расказала загадчыца аддзялення асаблiва небяспечных iнфекцый Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Анжэла ГАЛЕНЧЫК.— Асаблiвую небяспеку для чалавека ўяўляюць такiя каранцiнныя iнфекцыi, як чума, халера, жоўтая лiхаманка, малярыя, вiрусныя гемарагiчныя лiхаманкi, у прыватнасцi, Эбала, Ласа, хвароба Марбург i iнш. Паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, санiтарна-эпiдэмiялагiчная абстаноўка па гэтых iнфекцыях застаецца нестабiльнай. Штогод рэгiструецца каля 200 тысяч выпадкаў захворванняў халерай. Гэта iнфекцыя распаўсюджана ў Афрыцы, краiнах Iндыйскага паўвострава, рэгiстравалiся завазныя выпадкi халеры на амерыканскiм кантыненце, у прыватнасцi ў ЗША. У Паўднёвай Амерыцы, Заходняй, Цэнтральнай i Усходняй Афрыцы распаўсюджана жоўтая лiхаманка. Чалавеку яна перадаецца камарамi. Яны ж з’яўляюцца пераносчыкамi i такой небяспечнай iнфекцыi, як малярыя. Апошняя ў Беларусi лiквiдавана. Аднак штогод адзначаюцца выпадкi завозу яе з краiн з трапiчным i субтрапiчным клiматам. Летась, напрыклад, у нашай рэспублiцы было зарэгiстравана 10 завазных выпадкаў малярыi. Таму людзi, якiя адпраўляюцца ў неспрыяльныя краiны па малярыi, павiнны мець пры сабе прэпараты хiмiятэрапii, каб засцерагчыся ад гэтай iнфекцыi. Адна з самых небяспечных iнфекцый — чума. Аднак паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, летась не было зарэгiстравана выпадкаў захворвання на гэту iнфекцыю. I ўсё ж узбуджальнiк чумы сёння захоўваецца ў пэўных раёнах Азii, Афрыкi. Прыродныя ачагi чумы ёсць i ў краiнах СНД (Туркменiстан, Узбекiстан, Казахстан). Хачу адзначыць, што кожны год рэгiструюцца новыя iнфекцыi. Летась гэта была атыповая пнеўманiя, а сёлета адна з праблем сусветнага маштабу — птушыны грып. На дадзены момант ачагi апошняга зарэгiстраваны ў 57 краiнах, у 10 з iх ужо захварэлi людзi. Што датычыцца курортаў блiзкага замежжа, то сiтуацыя тут такая. У канцы снежня мiнулага года быў выяўлены ачаг птушынага грыпу ў Крыме. Аднак да сакавiка гэтага года абмежаваннi, звязаныя з iнфекцыяй, былi знятыя i ачаг закрыты. На чарнаморскiм узбярэжжы, Азоўскiм моры выпадкаў захворвання чалавека на птушыны грып няма, тут хварэлi выключна птушкi. З краiн былога СССР толькi на тэрыторыi Азербайджана было зарэгiстравана 10 выпадкаў захворвання людзей. — Як турыстам засцерагчы сябе ад небяспечных хвароб падчас адпачынку? — Вельмi важна мець дакладную iнфармацыю аб эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi ў краiне, куды вы сабралiся. Калi паездкi арганiзаваныя, то такiя звесткi павiнны даваць тураператары. Калi ж вы на адпачынак сабралiся самi па сабе, то iнфармацыю па эпiдсiтуацыi ў тых цi iншых рэгiёнах i мерах асабiстай прафiлактыкi можна атрымаць у Рэспублiканскiм цэнтры гiгiены i эпiдэмiялогii, а таксама ў абласных цэнтрах, спецыялiстаў якiх мы пастаянна iнфармуем аб сiтуацыi. Перыядычна гэтыя звесткi Рэспублiканская эпiдслужба змяшчае на сваiм сайце ў Iнтэрнэце. Спецыялiсты-эпiдэмiёлагi раяць людзям, якiя выязджаюць у краiны, неспрыяльныя па жоўтай лiхаманцы i малярыi, зрабiць прышчэпку супраць першай iнфекцыi i правесцi хiмiяпрафiлактыку супраць другой. Аднак перад паездкай пажадана правесцi медыцынскае абследаванне, якое дапаможа выявiць процiпаказаннi да вакцын, а таксама хранiчныя захворваннi, пры якiх не рэкамендуецца ехаць у тыя цi iншыя рэгiёны зямнога шара. Падчас знаходжання ў чужой краiне нельга купацца ў невядомых вадаёмах, пiць ваду з адкрытых крынiц. Для пiцця трэба выкарыстоўваць бутыляваную ваду, яна таксама падыходзiць для мыцця садавiны i гароднiны. Абавязкова мыць кавуны i апельсiны, а не толькi яблыкi i вiнаград. Рукi мыць з мылам цi выкарыстоўваць вiльготныя сурвэткi з бактэрыцыдным эфектам. Нельга ўжываць разлiўныя вiны мясцовай вытворчасцi. I ўвогуле як мага менш мець кантактаў з невядомай вадой, прадуктамi, пляжамi. — Якой павiнна быць аптэчка турыста, каб аказаць першую даўрачэбную дапамогу? — Улiчваючы тое, што падчас паездкi можа мяняцца клiмат, рэжым харчавання, то верагоднае ўзнiкненне банальных неiнфекцыйных расстройстваў кiшэчнiка. Вазьмiце з сабой «Смекту», актываваны вугаль. А вось з антыбiётыкамi трэба быць асцярожнымi, яны могуць больш пашкодзiць, чым дапамагчы, напрыклад, забiць флору кiшэчнiка, i тады адпачынак прынясе непрыемныя праблемы. У аптэчку трэба пакласцi бактэрыцыдныя сродкi, бiнты, вату, марлю, лейкапластыр, ёд, зялёнку. Таксама — валiдол, процiалергiчныя сродкi i прэпараты для лячэння прастудных захворванняў. Захапiце з сабой рэпеленты i мазi для лячэння траўмаў. Гутарыла Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Далёкiя кантыненты i экзатычныя краiны, як заўсёды ў час курортнага сезона, гатовыя прыняць турыстаў |
|