Вiктар КРУГЛЫ: «З такiм калектывам i пры такой падтрымцы можна смела браць чарговую вышыню, iмя яко
Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ
Сучасная беларуская эканомiка паказала нямала здзiўляючых прыкладаў блiскучага, нават нечаканага ўваходжання прадпрыемства ў новыя для яго рынкавыя ўмовы, калi працоўны калектыў знаходзiў для сябе абсалютна новую нiшу i пачынаў выпускаць вельмi патрэбную для маладой незалежнай краiны прадукцыю. Так было з мiнскiм «Белкамунмашам», якi са звычайнага рамонтнага заводзiка, дзе падтрымлiвалi век састарэлага гарадскога транспарту, ператварыўся ў вытворцу сучасных тралейбусаў i трамваяў. Яны ўпрыгожылi сабой вулiцы не толькi беларускай сталiцы, але Масквы i Пецярбурга, Прагi i iншых еўрапейскiх гарадоў. Так было з зусiм невялiкiм прадпрыемствам у Лiдскiм раёне, на якiм цяпер робяць неблагiя гарадскiя аўтобусы «Нёман». Гiсторыя з таго ж шэрагу — з’яўленне на палях рэспублiкi сучасных збожжаўборачных камбайнаў маркi «Лiда-1300». Яны далi айчынным хлебаробам большую варыянтнасць выбару, бо зарэкамендавалi сябе цудоўнымi памочнiкамi на хлебнай нiве.
З дырэктарам ААТ «Лiдаграпраммаш» Вiктарам КРУГЛЫМ гутарыць аглядальнiк «ЗВЯЗДЫ». Прадстаўляем суразмоўцу Вiктару Кругламу 40 гадоў. Нарадзiўся ў Лiдзе. Пасля заканчэння Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута працаваў тэхнолагам, канструктарам на «Лiдсельмашы». У 1997 годзе перайшоў на «Лiдаграпраммаш». Пачынаў з старшага майстра цэха пасяўной тэхнiкi, потым узначальваў эксперыментальны участак i тэхнiчны аддзел. Чатыры вельмi складаныя гады адпрацаваў галоўным iнжынерам прадпрыемства. Дырэктарам прызначаны з сакавiка 2005-га. Сёлета скончыў Акадэмiю кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. Дыплом атрымаў якраз напярэдаднi нашай сустрэчы. Старонкi гiсторыi Свой пачатак ААТ «Лiдаграпраммаш» бярэ ад звычайнай МТС. Менавiта на базе машынна-трактарнай станцыi быў у 1958 годзе створаны Лiдскi аўтарамонтны завод — у вялiкай краiне пачыналася iмклiвая «машынiзацыя». Спачатку АРЗ спецыялiзаваўся на рамонце аўтамабiляў Горкаўскага аўтазавода (ГАЗ). А з 1970 года перайшоў на капiтальны рамонт аўтамабiляў ЗIЛ i iх агрэгатаў. I нават з’яўляўся галаўным у сваёй сферы прадпрыемствам у межах былога Савецкага Саюза. Пасля развалу вялiкай краiны калектыву патрэбна было шукаць сваё месца ў новых эканамiчных рэалiях. Аўтарамонтны завод у 1993 годзе пераўтварыўся ў фiрму аграпрамысловага машынабудавання. З цягам часу цалкам спынiў рамонт грузавых аўтамабiляў i перайшоў на вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнiкi, запасных частак да яе. Свой сённяшнi прававы статус адкрытае акцыянернае таварыства «Лiдаграпраммаш» набыло згодна з загадам «Гроднааблмаёмасцi» ад 31 снежня 2003 года. 98,6 працэнта яго акцый належаць дзяржаве. Прадпрыемства падначалена Мiнпраму РБ. — Вiктар Вiктаравiч, нядаўна ў Мiнску прайшла грандыёзная мiжнародная выстава «Белагра-2006». На свае вочы мы бачылi, што каля вашай экспазiцыi было мнагалюдна, прадукцыя «Лiдаграпраммаша» выклiкала жывую цiкавасць аграрыяў i iншых дасведчаных наведвальнiкаў. У тым лiку збожжаўборачны камбайн «Лiда-1300». Хто памятае, з якой цяжкасцю ўдалося наладзiць яго вытворчасць, той па-сапраўднаму ацэнiць сённяшнi поспех. — Пачыналася сапраўды ўсё надзвычай складана. Што такое сучасны збожжаўборачны камбайн, начынены электронiкай, гiдраўлiкай, iншымi сучаснымi механiзмамi? Гэта вышэйшы пiлатаж сельскагаспадарчага машынабудавання. Тым больш для прадпрыемства, якое да гэтага выпускала збожжавыя сеялкi. Але было даручэнне кiраўнiка дзяржавы (узгадаем пратакол № 16 ад 1999 года, у якiм гаварылася аб перспектывах айчыннага камбайнабудавання, i нас таксама ўключылi ў гэты дакумент). Была iнiцыятыва тагачаснага дырэктара Рамуальда Гатоўкi, якi шмат зрабiў, каб атрымаць ганаровы заказ. Былi яшчэ падтрымка Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i разуменне з боку калектыву, што менавiта з новай прадукцыяй можна звязваць надзею на агульную перспектыву. У аснову нашай збожжаўборачнай машыны лёг замежны аналаг «CASE-525H» (быў заключаны лiцэнзiйны дагавор i пачалася сумесная праца з адным з вядучых вытворцаў збожжаўборачнай тэхнiкi — карпарацыяй «Кейс»). I працяглы час мы збiралi яе з iмпартных машынакамплектаў, якiя закуплялi для гэтых мэтаў Мiнсельгасхарч i РА «Белаграсэрвiс». Машына атрымала назву «Лiда-1300» — па шырынi нахiльнай камеры, якая вызначае прапускную здольнасць усяго агрэгата, — 1300 мм. Першы дзесятак такiх камбайнаў вырабiлi ў 1999 годзе. Але адначасова стаяла задача iмпартазамяшчэння, якое дазволiла б адчувальна знiзiць у далейшым цану машыны, неабходнай земляробу. I ўвесь час у гэтым накiрунку працавалi нашы канструктарскiя i тэхналагiчныя службы. У вынiку ў 2002 годзе асвоiлi выпуск дзевяцi ўласных важнейшых вузлоў — жняяркi, нахiльнай камеры, бункера, транспартнай цялежкi i гэтак далей. I ставiлi iх разам з замежнымi машынакамплектамi. Дарэчы, усе першыя камбайны разыходзiлiся толькi па Беларусi, бо машынакамплекты куплялiся за бюджэтныя сродкi. Калi пераважна з айчынных вузлоў i агрэгатаў быў нарэшце сабраны першы камбайн «Лiда-1300», нашы партнёры-немцы адкрыта здзiвiлiся якасцi машыны. Яшчэ раней яны спрабавалi наладзiць сумесную зборачную вытворчасць з Расiяй i Украiнай, i па розных прычынах не атрымалася. А тут з нашага боку быў паказаны такi «клас работы». Выпрабаваннi, якiя фактычна беларуская ўжо машына прайшла спачатку дома, у Лiдскiм раёне, потым на Курскай машынавыпрабавальнай станцыi ў Расii, далi добрыя вынiкi. Проста для параўнання: калi гомельскi КЗР-7 прапускае праз сябе 7—8 кг збожжа ў секунду (гэта адзiн з асноўных паказчыкаў), КЗР-10 — да 10 кiлаграмаў, то наш паказаў у Курску 10—11 кiлаграмаў у секунду. Што з’яўляецца высокiм вынiкам. Мы паслалi ў Курск свой i кейсаўскi камбайны, камандзiравалi ўласных камбайнераў, нiкога не падпусцiлi чужога — для аб’ектыўнасцi. I пераканалiся, што мы на правiльным шляху. На хлебнай нiве з ураджайнасцю 45—50 цэнтнераў з гектара наша машына працуе цудоўна. Сёння маем права гаварыць, што ў Лiдзе выпускаецца беларуская, а не замежная машына: яна на 85 працэнтаў складаецца з вузлоў i дэталяў беларускай вытворчасцi. Iх выпуск наладзiлi ў сябе цi атрымлiваем па кааперацыi з iншых прадпрыемстваў нашай краiны. Астатняе пакуль што iмпарт. Гэта рухавiкi, гiдраўлiка, электронiка i метызная прадукцыя. Наогул без iмпарту абысцiся складана, што даказвае i практыка iншых прадпрыемстваў, але можна. Зараз, напрыклад, мы камплектуем свае машыны рухавiкамi ў асноўным амерыканскай i расiйскай вытворчасцi. Але ўжо сёлета 40 сваiх рухавiкоў нам паставiць Мiнскi маторны завод (летась — 5). Спадзяёмся, што з наступнага года зможам перайсцi цалкам на камплектацыю мiнскiмi маторамi. Асвоiлi вытворчасць кабiн. Карацей, працягваем курс на iмпартазамяшчэнне. Але з цвярозым улiкам таго, што ў дакументах на машыну закладзены вузлы, дэталi, матэрыялы высокага класа трываласцi. Тое, што выпускаецца ў Беларусi менавiта такога класа — закупляем тут. Што не — заказваем за мяжой. Той жа спецпракат, якi iдзе на асаблiва адказныя дэталi. Кiраўнiк дзяржавы на гэты конт аднойчы сказаў, што, бывае, лепш пераплацiць адразу адзiн раз, чым потым дзесяць — пры рамонце. I што калi iмпартныя камплектуючыя пакуль выйграюць у якасцi, то варта iсцi на гэта, калi апраўдана. Такой палiтыкi i прытрымлiваемся. Адначасова дацягваем свае камплектуючыя да еўрапейскага ўзроўню. — У вынiку што атрымалася з цаной на камбайны? Цi ўдалося зрабiць iх хоць крыху таннейшымi? — Не далей як учора мы параўноўвалi цэны, атрымлiваецца такая карцiна. Кейсаўскiя (а гэта сапраўды дабротныя машыны) каштуюць у Беларусi 160—170 тысяч еўра. Нашы, калi перавесцi па курсу Нацбанка, прыкладна 99 тысяч еўра. Гэта значыць, свой камбайн мы зрабiлi таннейшым амаль удвая. — Пасля таго, як у жнiўнi 2004 года ваша прадпрыемства наведаў прэзiдэнт, задача для вас яшчэ больш ускладнiлася? — Можна сказаць, была вызначана праграма далейшага развiцця прадпрыемства. Мы павiнны паступова перайсцi на выпуск беларускага суперкамбайна «Лiда-1700» з прапускной здольнасцю больш за 14 кiлаграмаў збожжа ў секунду. Памятаеце, я казаў, што «Лiда-1300» цудоўна зарэкамендавала сябе на нiве з ураджайнасцю 45—50 цэнтнераў з гектара. Калi ўраджайнасць большая — яна «захлiпваецца», такую колькасць збожжа не прапускае нахiльная камера. А земляробы Беларусi зараз павышаюць ураджайнасць, i патрэбна забяспечыць iх адпаведнай тэхнiкай. «Лiда-1700» з’яўляецца прадстаўнiком новага тыпавога раду камбайнаў. Такiх, да прыкладу, як «Лексiён-560» нямецкай фiрмы «Клаас». У новай «Лiдзе» будуць улiчаны апошнiя тэндэнцыi развiцця збожжаўборачнай тэхнiкi i наогул мiжнароднага машынабудавання, улiчаны дасягненнi канструктарскай думкi. Паўтаруся: iстотнай асаблiвасцю будзе ўзросшы патэнцыял прадукцыйнасцi — 14 кг/сек. Даручэннi кiраўнiка дзяржавы, зробленыя пры наведваннi прадпрыемства 13 жнiўня 2004 года, знайшлi сваё адлюстраванне ва Указе Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 17 сакавiка 2005 года № 137, якiм зацверджана праграма аснашчэння сельскагаспадарчай вытворчасцi краiны сучаснай сельгастэхнiкай на працягу 2005—2010 гадоў. Згодна з указам, мы павiнны будзем да 2010 года выпусцiць 300 штук «Лiды-1700» i цалкам перайсцi на новую машыну. Першыя 50 суперкамбайнаў, якiя чакаюць гаспадаркi айчыннага АПК з сярэдняй ураджайнасцю 60—70 цэнтнераў збожжа з гектара, мы павiнны даць ужо ў наступным, 2007 годзе, а ён — не за гарамi. На Гомельскiм ДСКБ камбайнабудавання iдзе работа над важнейшымi вузламi новай машыны, яна разгортваецца i на самiм прадпрыемстве. Узмацняецца канструктарская служба. Новы камбайн надзвычай складаны, i сапраўдны тэхналагiчны i арганiзацыйны рывок, якi нам спатрэбiцца зрабiць, спадзяёмся ў многiм выканаць на аснове далейшага тэхнiчнага пераўзбраення. Тут патрэбна сказаць, што на прадпрыемстве ўжо выканана першая чарга тэхнiчнага пераабсталявання асноўных магутнасцяў, без чаго абсалютна немагчымым быў бы i выпуск «Лiды-1300». Арыфметыка вельмi простая: каб быць канкурэнтаздольным на рынку, патрэбна абапiрацца на сучасныя тэхналогii, якiя дазваляюць хутка перастройвацца, затрачваць мiнiмальны час на асваенне новай прадукцыi. За апошнiя гады завод аснасцiўся сучаснымi плазменнымi рэзкамi, вырубнымi цэнтрамi, зварачнымi ўстаноўкамi, iтальянскай пакрасачнай лiнiяй для невялiкiх вузлоў i дэталяў (на чарзе — закупка такой жа лiнii для буйных вузлоў) i iншай тэхнiкай, яна ў многiх выпадках робiць непатрэбнай далейшую механiчную апрацоўку дэталяў, дазваляе гарантавана атрымлiваць высокую якасць, бо выконваецца без удзелу чалавека, iстотна знiжае энергазатраты. Сёлета плануем закупiць новага высокапрадукцыйнага абсталявання яшчэ на 4—5 мiльярдаў рублёў, для перааснашчэння ў асноўным механiчных цэхаў. Акрамя забеспячэння якасных параметраў, на што належная тэхнiчная аснашчанасць уплывае напрамую, немалаважным фактарам на рынку з’яўляецца i цана. Уся праводзiмая работа мае на мэце яшчэ i далейшае знiжэнне сабекошту прадукцыi. За кошт прыбудовы новага корпуса збiраемся крыху пашырыць вытворчыя плошчы, сёння ў нас у зборачных цэхах цеснавата. Так што для прагрэсiўнага абсталявання месца знойдзем. I да работы над новым камбайнам падрыхтуемся як след. — У рабоце над «Лiдай-1300» у першую чаргу разлiчваеце на сваiх беларускiх партнёраў? — Безумоўна, ад iх спатрэбiцца надзейная i бездакорная праца. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць за разуменне нашых праблем i за плённае супрацоўнiцтва такiя айчынныя прадпрыемствы, як аб’яднанне «Гомсельмаш», якое пастаўляе масты для «Лiды-1300»; «Белшына», чыiмi пакрышкамi мы «абуваем» свае машыны; той жа Мiнскi маторны завод i iншых дзелавых партнёраў. Без цеснага ўзаемадзеяння з iх боку мы эфектыўна працаваць не зможам. Просты прыклад з рэальнага жыцця: летась замежныя пастаўшчыкi паспрабавалi «загнаць» нас у вельмi жорсткiя рамкi. Яны запатрабавалi 100-працэнтную папярэднюю аплату, а тэрмiн пастаўкi вызначылi ў 3—4 месяцы, пасля чаго мы мусiлi больш хуткiмi тэмпамi пераходзiць на беларускiя камплектуючыя. З айчыннымi пастаўшчыкамi знайсцi паразуменне куды лягчэй. — На мiжнароднай выставе «Белагра-2006» была прадстаўлена i iншая ваша тэхнiка... — Прадпрыемства даўно i паспяхова выпускае шырокую гаму трактарных сеялак. Толькi за перыяд 2001—2005 гады мы накiравалi сваiм спажыўцам 5744 такiх агрэгатаў. Зараз на канвееры серыя унiверсальных пнеўматычных сеялак (СПУ) з шырынёй захвату 3, 4 i 6 метраў для збожжавых, бабовых, травяных культур i льну. А таксама сеялкi кропкавага высеву (СТВ) — для пасеву буракоў i кукурузы; сеялка для ўнясення ўгнаенняў (СУ-12); стрыжневая сеялка (СКС-2). Сеялкi СПУ выпускаюцца на прадпрыемстве з канца 80-х гадоў. Спачатку мы iх рабiлi разам з нямецкай фiрмай «Акорд», а затым набылi ў аўтара распрацоўкi патэнтныя правы, дапрацавалi канструкцыю i выпускаем самi. Дарэчы, гэта на канструктыўнай базе СПУ прадпрыемствам створаны i пастаўлены на «паток» агрэгат для ўнясення ўгнаенняў СУ-12. Сёлета перад пасяўной мы накiравалi земляробам 700 сеялак. Усё, што прасiлi «Аграсэрвiсы», яны атрымалi. Пастаянна абнаўляем i гэтую частку свайго асартыменту. У хуткiм часе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы змогуць набыць у нас сеялку збожжатукавую механiчную СЗТМ, прадназначаную для пасеву збожжавых, зернебабовых i травяных культур з адначасовым унясеннем мiнеральных угнаенняў. Яна мае простае ўстройства, дазваляе мяняць шырыню мiжрадкоўяў i колькасць выкарыстоўваемых сашнiкоў, што забяспечвае выкананне агратэхнiчных патрабаванняў пры высеве розных культур. Можа быць выкарыстана для пасеву льну з шырынёй мiжрадкоўяў 6,2...6,3 см пры раўнамерным i стабiльным высеве. Акрамя таго рыхтуем двухвосны самазвальны трактарны прычэп-ёмiстасць 2ПТС-14 грузападымальнасцю да 14 тон, абсалютная герметычнасць якога дазволiць перавозiць не толькi кармавыя сумесi, сiлас, сельскагаспадарчыя культуры, але i збожжа ў гарачую пару ўборкi. Сiстэма нарошчвання бартоў дазваляе ажыццяўляць транспарцiроўку грузаў рознай удзельнай вагой. А цэнтральныя замкi бартоў i гiдрацылiндр пад’ёму платформы забяспечваюць хуткую разгрузку на любы з трох бакоў. Прычэп можа эксплуатавацца на дарогах розных катэгорый, нават у складзе аўтапоезда. Люк задняга борта аблегчыць адбор перавозiмых грузаў. А калi зманцiраваць выгрузны шнэк, то можна выкарыстоўваць гэты многафункцыянальны прычэп i для загрузкi iншых сельскагаспадарчых машын. I ўсё ж найбольшую цiкавасць, як мы чакаем, павiнен выклiкаць у сельскiх працаўнiкоў глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат АПП-6А, якi мы зараз ставiм на паток. Гэта сапраўдны пасяўны комплекс, якi прадназначаецца для пасеву збожжавых, зернебабовых i iншых культур, а таксама травасумесяў, але разам з тым дазваляе адначасова весцi падрыхтоўку глебы i прыкатванне насення пасля пасеву. Прычым сеяць можна не толькi па ворыве, але i па ржышчы. Пасяўны комплекс дазваляе адчувальна эканомiць гаручазмазачныя матэрыялы, бо трактар адным заходам выконвае некалькi агратэхнiчных аперацый. Як сцвярджаюць эксперты, АПП-6А па сваiх тэхнiчных характарыстыках — лепшая сеялка, якая выпускаецца ў Беларусi, i нi ў чым не ўступае аднатыпнай прадукцыi вядомага ў Еўропе вытворцы сельскагаспадарчай тэхнiкi — фiрмы «Лемкен». Мы падлiчылi: гадавы эканамiчны эфект ад яе выкарыстання будзе складаць прыкладна 9844,74 тыс. рублёў. Агрэгат праходзiў выпрабаваннi ў Верхнядзвiнскiм раёне, у той час раён наведваў кiраўнiк урада, бачыў сеялку за работай i падтрымаў: давайце, рыхтуйце ў «серыю». Скажу шчыра, што працуючы над гэтымi агрэгатамi, маем на ўвазе не толькi свайго айчыннага спажыўца, але паглядаем i ў бок бяскрайняга расiйскага рынку. Бачым, што расiяне таксама пачынаюць уздымаць уласныя заводы, i чым раней мы заявiм аб сабе ў гэтым сектары, тым мацней зможам надалей у iм замацавацца. — Дарэчы, як у вас абстаяць справы з экспартам сёння, Вiктар Вiктаравiч? — За мiнулае пяцiгоддзе экспарт тавараў узрос больш чым на трэць у параўнаннi з папярэднiм аналагiчным перыядам i перавысiў планавы паказчык. Без перабольшання магу сказаць, што прадукцыя «Лiдаграпраммаша» карыстаецца попытам на знешнiх рынках. У Расiю, Казахстан, суседнiя Украiну i Лiтву, а таксама Чэхiю, Польшчу i нават Iран пастаўляем трактарныя сеялкi i запчасткi да iх. У 2005 годзе за межы рэспублiкi было адпраўлена 35,4 працэнта ўсiх выпускаемых прадпрыемствам сеялак. Чакаецца, што сёлета паставiм не менш за 27,5 працэнта. Важна, што ўся прадукцыя прайшла выпрабаваннi на расiйскiх МIСах. Шукаем шляхi для таго, каб выйсцi на рынак Расii i з сваiмi камбайнамi. Разумеем, будзе няпроста, там iдзе жорсткая канкурэнтная барацьба памiж «Ростсельмашам» i Краснаярскiм камбайнавым заводам, плюс паступае шмат тэхнiкi з далёкага замежжа. Але пэўны аптымiзм унушаюць суадносiны цаны i якасцi нашай прадукцыi. Сярод задач, якiя стаяць перад калектывам, ёсць i такая: зарабляць валюту. Каб больш упэўнена адчуваць сябе на мiжнародных рынках (i на беларускiм — таксама), рэструктурызавалi маркетынгавую службу, ад чаго ўжо зараз ёсць адчувальныя вынiкi. — Вы сказалi пра суадносiны цаны i якасцi. Якiм чынам удаецца забяспечыць якасць такой складанай у выкананнi прадукцыi? — Гучыць як iмправiзацыя, але ўсё ж найкарацейшы шлях да адчувальнага павышэння якасцi прамысловай прадукцыi — удасканаленне самой сiстэмы якасцi. Наша сiстэма менеджменту якасцi вытрымала сертыфiкацыю на адпаведнасць мiжнароднаму стандарту IСО 9000 — маем адпаведны дакумент на «Лiду-1300». Зараз заключылi дагавор з цэнтрам стандартызацыi i будзем пашыраць сферу сертыфiкацыi на пасяўную тэхнiку.* Сваю тэхнiку пастаянна ўдасканальваем. Адчувальным штуршком у гэтым сэнсе штогод з’яўляюцца вынiкi ўборачнай кампанii, якiя нашы тэхналагiчная i канструктарская службы аналiзуюць, збiраючы водгукi з месцаў, i «дацягваюць» тыя цi iншыя параметры. На кожны выпушчаны камбайн заведзены пашпарт, своеасаблiвае дасье. Мы ведаем, дзе працуе кожны наш камбайн, заводскiя спецыялiсты робяць аб’езды машын у гаспадарках, збiраюць водгукi. Калi нам патэлефануюць з поля i паведамляюць пра непаладкi (тэхнiка — складаная, адказы нязначныя, але здараюцца, як i на iншых камбайнах такога класа), аператыўна выязджае на месца рамонтная брыгада i ўстараняе прычыну. Створаны аддзел сэрвiснага абслугоўвання, якi гэтым займаецца, а таксама аналiзам адмоў тэхнiкi, каб яны ў далейшым не паўтаралiся. Практыка леташняй уборачнай кампанii ў Беларусi паказала, што паломкi ўстаранялiся на працягу адных сутак, на якой бы адлегласцi ад прадпрыемства ні працаваў камбайн. Якасць на рабочых месцах адсочваецца з дапамогай так званых паставых ведамасцяў — у нас канвеерная зборка вядзецца пастамi. Выканаўшы аперацыю, зборшчык ставiць свой подпiс, i тым самым гарантуе якасць аперацыi. I так па ўсяму тэхналагiчнаму ланцужку, што дазваляе прадпрыемству даваць гарантыю на ўсю выпускаемую прадукцыю тэрмiнам на два гады, у тым лiку на запасныя часткi. I яшчэ адзiн штрых: нашы тэхнолагi ўвесь рабочы дзень праводзяць не ў аддзеле, а ў цэхах, побач з непасрэднымi выканаўцамi. А гэта i кантроль, i парада, i дапамога. — Выходзячы на такую новую вышыню, як «Лiда-1700», патрэбна быць вельмi ўпэўненым у сваiм калектыве. — Нам удалося за доўгiя гады сфармiраваць моцны калектыў прафесiйна граматных работнiкаў. Дзякуючы стараннасцi людзей летась у вельмi складаных умовах, калi з вялiкiм спазненнем (ужо ў разгар лета) было адкрыта фiнансаванне i даводзiлася працаваць у дзве, а то i тры змены, у выхадныя днi, мы ўсё ж выканалi дзяржаўнае заданне i далi сельскай гаспадарцы свае 200 камбайнаў. У гэтым годзе дзякуючы падтрымцы прэзiдэнта змаглi наладзiць рытмiчную, планавую работу, i 200 камбайнаў зробiм да 1 лiпеня. Дадаткова пастараемся даць яшчэ 50. Калектыў — гэта галоўнае, што патрэбна для паспяховай работы. Тым больш, што аб’ёмы работы растуць, мы набiраем новых людзей, адказнасць павялiчваецца. I мяне асабiста радуе, што нашу калектыўную работу можна назваць дружнай. — Расказваюць, на штодзённых планёрках дырэктар нiколi не павышае голас. — А навошта? Гэта i не патрэбна. На заводзе гадамi склалася даволi спакойная рабочая абстаноўка, атмасфера паважлiвасцi, няма «тыкання», ненарматыўнай лексiкi ў адносiнах да падначаленых. А калi чалавек бачыць, што яго i яго працу паважаюць, гэта акрыляе. Дарэчы, збiраемся аднавiць заводскую «Дошку гонару». Бывае, канешне, што нехта i правiнiўся. Але ж ён заўсёды прыйдзе, прызнае сваю памылку i пераробiць. А калi ўзнiкае нейкая неабходнасць паўплываць — iснуе такое паняцце, як дэпрэмiраванне. Сёння грошы патрэбны ўсiм, i гэта важкi аргумент. Да слова, заробак на заводзе працэнтаў на 30 вышэйшы, чым на роднасных прадпрыемствах горада. Да нас ахвотна iдуць людзi, i мы можам выбiраць лепшых. Аматараў спiртнога не трымаем. Праца чалавека аплачваецца дастойна, зарплата заўсёды выплачваецца своечасова, маем маральнае права патрабаваць аддачу. Але — у карэктнай форме, матывавана. Адным словам, з гэтым калектывам, з такой тэхнiчнай аснашчанасцю, пры той падтрымцы, якая нам аказваецца на ўсiх узроўнях, можна рабiць якасную беларускую тэхнiку. Сёння — «Лiду-1300», заўтра — «Лiду-1700». Каб паняцце «iмпартазамяшчэнне» распаўсюджвалася не толькi на камплектуючыя вузлы i дэталi, але i на саму сельскагаспадарчую тэхнiку. Няхай па беларускiх палях не «Джон Дзiры» i iншыя «иностранцы» паважлiва ходзяць, а нашы, беларускiя камбайны. — У чым мы вас падтрымлiваем i жадаем поспеху. Дзякуй за гутарку, Вiктар Вiктаравiч. Ад рэдакцыi. Творчая група выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу начальнiку планава-эканамiчнага аддзела прадпрыемства Мiкалаю Мiхайлавiчу Саланiнкiну i намеснiку дырэктара па якасцi Мiкалаю Паўлавiчу Протасу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сучасная беларуская эканомiка паказала нямала здзiўляючых прыкладаў блiскучага, нават нечаканага ўваходжання прадпрыемства ў новыя для яго рынкавыя ў
|
|