Алё, народ на провадзе!або Вясёлыя и праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў «Звязды» На здароўе!Ветэрынар — прафесiя на вёсцы прэстыжная: у кожнай хаце чарку нальюць. Калi не за тое, што нешта зрабiў, дык для прафiлактыкi, авансам — не дай Бог спатрэбiцца... Цяжкая работа. Вось i не вытрымлiваюць... У той вёсцы былы ветурач — памёр, новы — не прыехаў, а кароўка адна — высахла — не есць, не п’е... Што рабiць? Успомнiла гаспадыня, што непадалёку шаптуха жыве — людзям ваду замаўляе. Дык кароўцы ж i пагатоў?! Дала свайму мужу пустую бутэльку, грошы i адправiла. Iдзе той па пыльнай дарозе, галава, як звон гудзе (пасля ўчарашняга), але ж думае: «На вулiцы — 21-ы век! Людзi ў космас лётаюць! А тут — бабка на ваду пашэпча, дзесяць тысяч забярэ. I што? Карову ўратуе? Ага, пачакайце!» З гэтым ён ля крамы спынiўся i рашуча адчынiў туды дзверы. Узяў бутэльку гарэлкi, 300 грамаў каўбасы, пачак цыгарэт. Потым — сеў у хмызнячку, выпiў, прыкусiў, пасмалiў, паспаў на свежым паветры... Прачнуўся — як агурочак! Трэба дадому iсцi. Перахрысцiўся ён, набраў у рэчцы вады i падаўся. Жонка сустрэла, пытаецца: — Ну, як ты схадзiў? — Добра! — Прынёс вадзiцы? — А як жа! Нават на кароўку папырскаў. Як шаптуха сказала... Дзiўна, але карова пасля гэтага i сапраўды стала папраўляцца (у яе, як аказалася, зубы мянялiся...) А мужык свае — немяняныя — яшчэ доўга сушыў, расказваючы сябрам, як жа добра i сам палячыўся, i скацiнцы памог. Павел СТАНЕВIЧ, г. Орша. Цешчу трэба слухаць ...Цяпер вам не тады. Цяпер — нават у мяне мабiльнiк ёсць, а тады — яго хiба ў фiльмах убачыш. Ды i то — у iмпартных, бо ў нашых — яшчэ не было. А тут у вёску, да бабкi Сцепанiды зяць з горада прыехаў — малады, прыгожы. Ранiцай пад грушай стаў, i па мабiльнiку давай балаболiць. Суседкi прыпынiлiся, пазiраюць. — Ой, — потым кажуць, — Сцепанiдачка, як пашанцавала табе, тваёй дачушцы! Такая яна шчаслiвая! Гэткi мужык. Ды з такiм тэлефонам... Мусiць, начальнiк вельмi вялiкi? — Ай, бабы, якi там начальнiк!.. Гуманiтарку на складзе сартуе... Вось i знайшоў той «дзебiльнiк» у нейкiм рыззi. Стаiць, бач, трындзiць... Не, каб гной з хлева выкiнуць! Жанкi — пасля гэтых слоў — цяжка паўздыхалi i пайшлi па дамах: цiкавасць да цётчынага зяця адразу знiкла. А каб ён разумней крышку быў, каб цешчу паслухаў, каб выкiнуў гною таго, цалкам магчыма, што ў вачах вяскоўцаў на многiя гады быў бы i начальнiкам, i чалавекам. Вiктар ФЕДАРАКА, г. Скiдаль. Хрэн за рэдзьку саладзей? Кажучы бюракратычнай мовай, працоўную дзейнасць мая знаёмая пачынала ў школе. Дзяцей яна вельмi любiла, прафесiя настаўнiцы ёй падабалася, але ж складанасць адна ўзнiкла. Вучнi сярэднiх класаў ну нiяк не маглi запомнiць яе iмя па бацьку. I здаецца ж лёгка сказаць: «Нина Никифоровна», не, гэтыя жэўжыкi не ўмелi i таму... лёгка перахрысцiлi яе ў Нiну Кефiраўну. Перажывала настаўнiца, крыўдавала, але ж вiду не падавала. Бо ведала: дзецi такi народ — адчуюць — прылепяць нешта яшчэ. I куды больш крыўднае. Мiж тым навучальны год скончыўся, наступiлi самыя доўгiя канiкулы i маладую прыгожую «вучыцельку» накiравалi выхавацелькай у дзiцячы летнiк. Паехала. I, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, адрэкамендавацца рашыла iнакш, па-беларуску. Сказала, што завуць яе Нiнай Нiчыпараўнай. Праз некалькi дзён пачула, як адзiн з падлеткаў (зразумела ж за вочы) назваў яе... Чыфiраўнай. Ганна АТРОШЧАНКА, г. Гомель. Адбрахаўся... Гэту бывалiцу я прачытала ў «Звяздзе» гадоў 20 назад. Аўтара, на жаль, не памятаю, але часта распавядаю яе сваiм знаёмым i вучням. Значыць... Было гэта даўно i недзе на Палессi. Позна ўвосень, калi на дварэ ўжо ўстаялiся маразы, але снегу яшчэ не выпала, дзед адзiн падаўся на балота, каб нарэзаць аеру на цыноўкi, на парнiчкi. Стараўся, бедны, увiхаўся — рукi да крывi паабдзiраў, выпацкаўся... А днi ж увосень кароткiя — толькi развiднела, глядзiш — i сутонець стала. Выбраўся дзед на дарогу, прагаласаваў. Вадзiцель з мясцовых быў — пазнаў, падабраў чалавека. Сеў той у кузаў, у каўнер унурыўся, едзе. А побач два хлапцы — чужыя, з нарыхтоўшчыкаў. Пытаюць: — Дзед, а што гэта з вамi сталася? — Што-што (дзед той з гумарам быў)?.. Пакусаў... Сабака шалёны. Хлопцы на ўсякi выпадак ад яго адсунулiся, пашапталiся. Цiкавяцца: — Дзеду, а што тады адчуваецца? — Што-што? Брахаць дужа хочацца... Кусацца... Хлопцы й зусiм у кут, а дзеда — «панесла» ужо (ды i выходзiць хутка), прыўстаў i як гаўкне на iх... Хто ж думаў, што хлопцы тыя з машыны, ды на хаду... Адзiн нагу зламаў, другi — ключыцу. У суд падалi. ...Казалi, такога смешнага суда нiхто не помнiў. Найлепш «сваю ролю» дзядуля iграў. Адбрахаўся — яму толькi штрафу ўляпiлi. I... Тут жа пусцiлi шапку па крузе. Нават пракурор свой рубель палажыў. Карацей, не ўпалохалi дзеда. Мо, ён i зараз недзе жартуе? Алена САЎКО, в. Духаўляны, Ваўкавыскi раён. Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР. Ад яе ж заўсёднае: «Пiшыце!» Напiсанае (як пераканалiся) застаецца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
або Вясёлыя и праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў «Звязды»
|
|