Адкуль цякуць «малочныя» грошы
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
У той дзень старшыню Мiкалаеўскага сельскага Савета Светлагорскага раёна Вячаслава Дзiкуна чакала прыемная мiсiя: наведацца ў Вежнаўскую сярэднюю школу. Не проста пабываць там, а на ўрачыстай лiнейцы падзякаваць хлопчыкам i дзяўчынкам за добрую вучобу i ўручыць iм грашовыя прэмii i Ганаровыя граматы сельскага выканаўчага камiтэта. Дарэчы, такая ж акцыя ў той жа самы дзень адбылася i ў Мiкалаеўскай сярэдняй школе.
— Калi не сакрэт, Вячаслаў Мiхайлавiч, адкуль у вас з’явiлiся фiнансавыя сродкi, каб заахвоцiць дзяцей? — пытаюся ў Дзiкуна. — Вельмi многiя кiраўнiкi сельсаветаў скардзяцца на катастрафiчную няхватку грошай, а вы такi шчодры. — Наконт шчодрасцi — гэта ўжо занадта. Проста думаем пра будучыню, пра тых, хто нас зменiць. Няхай ведаюць i ўсведамляюць: лепшых трэба заахвочваць i маральна, i матэрыяльна. А грошы адкуль? Сельсавет зарабiў. І ўжо трэцi год так: самi зарабляем, самi i трацiм. На кожны дзень мы, як кажуць, жывую капейку маем. Мiкалаеўскi сельскi Савет адзiны ў раёне, якi ў апошнiя гады пастаянна i ўшчыльную займаецца зборам малака ў насельнiцтва. Калi, напрыклад, у гэтай справе адбылiся збоi ў суседнiм Дубровенскiм сельсавеце, жыхары яго звярнулiся ў Мiкалаеўскi Савет з просьбай заязджаць па малако i да iх. А наогул само жыццё прымусiла займацца закупам малака. Справа ў тым, што на тэрыторыi сельсавета (а ён адзiн з самых аддаленых у раёне) было дзве гаспадаркi, якiя аб’ядналiся ў адну, i зараз гэта — фiлiял РУП «Гомельэнерга». Акрамя таго, на тэрыторыi сельсавета размяшчаецца частка зямель СВК «Вежны» i падсобная гаспадарка РУП «Хiмвалакно», у якой аб закупе малака i не думалi — з чым мясцовыя органы ўлады пагадзiцца не маглi. Таму райвыканкам i раённы Савет пайшлi насустрач Мiкалаеўскаму сельскаму Савету, выдаўшы яму спецыяльны дазвол на гэты занятак. Астатняе ж узялi на сябе работнiкi сельвыканкама, якiя прыцягнулi да справы i працаўнiкоў гаспадарак, i грамадскасць. Сёння пры сельсавыканкаме дзейнiчаюць дзесяць малаказборшчыкаў, лабарант i бухгалтар. Каб, як кажуць, не ганяць людзей па грошы за здадзенае малако, з мясцовым аддзяленнем сувязi заключаны дагавор, дзякуючы якому праз кожныя дзесяць дзён грошы малаказдатчыкам прыносiць дадому паштальён цi яны самi могуць атрымаць iх на пошце. Летась сельвыканкам закупiў у насельнiцтва 690 тон малака, а зараз адпраўляе на завод цэлы малакавоз. У мiнулым годзе чысты даход ад указанай справы склаў 15 мiльёнаў рублёў. З iх адрамантавалi будынак сельскага Савета, зрабiўшы атынкоўку i замянiўшы вокны, сёлета ж памяняюць дзверы. Купiлi камп’ютары (iх на сёння ў сельсавеце чатыры). Аказалi дапамогу дзвюм вышэйзгаданым школам. Вежнаўскай падарылi музычны цэнтр i набылi матэрыял для агароджвання тэрыторыi, а Мiкалаеўскай — жалезабетонную агароджу (3 мiльёны рублёў затрачана на гэта), фарбу для музея баявой славы i iншыя матэрыялы. Частка сродкаў ад закупу малака пушчана на палiва для транспарту ўчастковага iнспектара мiлiцыi, добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельсавета, якiя хоць i знаходзяцца ў самай палескай глыбiнцы, але выглядаюць не горш, а можа i лепш, чым прыгарадныя вёскi. — Калi ўжо шчыра, — гаворыць старшыня Светлагорскага раённага Савета Мiкалай Чырва, — можа, i не варта сельвыканкамам займацца закупам малака. Дзiкун мог i не браць на сябе такую ношу. Спраў для яго, чалавека няўрымслiвага, i без таго хапiла б. З 1987 года ён на пасадзе старшынi сельскага Савета, набыў вялiкi вопыт работы з людзьмi, i сэнс яе не ў тым, каб усё «замкнуць» на сабе. А ў тым, каб прыцягуць да яе народ, грамадскасць, кiраўнiкоў гаспадарак. Напрыклад, работу па добраўпарадкаванню населеных пунктаў старшыня сельскага Савета будуе паралельна i з насельнiцтвам, i з кiраўнiкамi арганiзацый i ўстаноў, якiя знаходзяцца на тэрыторыi. У кожным населеным пункце ў яго ёсць памочнiкi, там пастаянна праходзяць сходы, гутаркi, падворныя абходы. На кожную вёску цi пасёлак i нават на кожны дом у iх маюцца санiтарныя пашпарты, куды запiсваецца тое, што i ў якi тэрмiн трэба зрабiць па навядзенню парадку. Адным словам, у пашане метад пераканання. А для злосных парушальнiкаў — метад пакарання, штраф. Гэта ў тым выпадку, калi для чалавека створаны ўсе ўмовы, скажам, для вывазу смецця i складзiравання яго, а той на гэта — нуль увагi, выкiдвае яго дзе ўздумаецца. Дарэчы, усе дзесяць населеных пунктаў сельсавета маюць восем мiнi-палiгонаў, збор смецця разам з камунальнай службай там наладжаны штотыднёвы, цэнтралiзаваным спосабам. Графiк заезду трактара ў населеныя пункты даведзены да жыхароў... У самога Дзiкуна я не мог не пацiкавiцца, цi трымае ён карову. А як жа, адказаў, ажно дзве. Праўда, доглядам iх займаецца жонка. Жыць у вёсцы чалавеку «пры здароўi» i не мець асабiстай гаспадаркi — гэта няправiльна. Сельсавет атрымлiвае ад завода, куды адвозiць малако, 55 тысяч рублёў за адну яго тону. Гэтак жа, як i гаспадаркi, якiя таксама займаюцца зборам. Але сельсавет павiнен заплацiць i малаказборшчыкам, i бухгалтару, i лабаранту, зрабiць усе па-датковыя адлiчэннi. Гаспадаркi, асаблiва ў асенне-зiмовы перыяд, на той жа лiтр закупленага малака атрымлiваюць датацыю, а сельвыканкамы — не. Пажадана было б увесцi для iх, акрамя гэтага, i льготнае падаткаабкладанне, бо, як i СВК i КСУПы, яны займаюцца сельскагаспадарчай дзейнасцю (а чым яшчэ з’яўляецца збор малака ад насельнiцтва?). Вячаслаў Мiхайлавiч лiчыць таксама, што ў праграме развiцця вёскi распiсаны ўсе мерапрыемствы, аднак чамусьцi не працуе палажэнне аб аказаннi дапамогi насельнiцтву па прывядзенню ў нармальны агратэхнiчны стан пашаў, а ў вёсцы яны ў абсалютнай большасцi непрыстасаваныя, неэфектыўныя. Калi тут навесцi парадак, праз год-два закуп малака ў насельнiцтва можа значна павялiчыцца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У той дзень старшыню Мiкалаеўскага сельскага Савета Светлагорскага раёна Вячаслава Дзiкуна чакала прыемная мiсiя: наведацца ў Вежнаўскую сярэднюю школ
|
|