Генеральны дырэктар РУП «Мiнскаблгаз» Аляксандр ЖЫЛКО: «Вынiк залежыць ад кожнага»
Андрэй КОВЕЛЬ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ
У гэтым плане РУП «Мiнскаблгаз» — прадпрыемства асаблiвае. I не толькi таму, што яно абслугоўвае самую вялiкую па тэрыторыi i колькасцi насельнiцтва вобласць нашай краiны. Прадпрыемства працуе без збояў, паляпшае вытворча-гаспадарчыя вынiкi, i да таго ж менавiта яно стала сапраўдным лiдарам па ўкараненню новых тэхналогiй i новых напрамкаў работы. Бо тут перакананы, што па-iншаму сёння — немагчыма. А спынiцца ў развiццi такой па-сапраўнаму складанай сферы, як газавая гаспадарка, — значыць зрабiць крок назад. Мiж тым, рух крок за крокам наперад не прайшоў дарэмна. Як адзначае сам генеральны дырэктар, зараз для яго няма нiякiх «прафесiйных сакрэтаў». А таксама — складанасцяў з тым, як знайсцi агульную мову лiтаральна з кожным членам вялiкага працоўнага калектыву. «Мы можам заўсёды проста паразмаўляць, абмеркаваць тыя цi iншыя праблемы, часам нават паспрачацца, — кажа Аляксандр Жылко. — Аднак у любым выпадку гэта — шлях да пошуку аптымальнага рашэння. I работы адзiнай камандай». Лiчыць. Шукаць. Знаходзiць Энергетыка, прамысловасць, сельская гаспадарка, насельнiцтва — агульнае спажыванне газу на Мiншчыне перавышае адзнаку ў 2,4 млрд кубаметраў у год. Аднак паставiць такiя аб’ёмы — толькi палова справы. Адначасова не менш важнымi застаюцца пытаннi бяспекi. Не сакрэт, што калi ёй не надаваць належнай увагi, газ можа прынесцi любыя «сюрпрызы». I ў тым лiку з самымi непрадказальнымi наступствамi. Таму невыпадкова, што адным з адметных напрамкаў «Мiнскаблгаза» стала работа па тэлемеханiзацыi газарэгулятарных пунктаў. У Мiнскай вобласцi пачалi ўстанаўлiваць сiстэмы «камп’ютарнага» кантролю за станам сетак аднымi з першых у краiне. I сёння тут маюць лепшы паказчык забеспячэння тэлемеханiкай — каля 60 працэнтаў. I ўсё ж цi не найбольш цiкавым стаў праект па стварэнню шырокай сеткi заправак звадкаваным газам. Тут абласныя газавiкi зноў-такi «згулялi на апярэджанне» — пачалi работы прыкладна за год да з’яўлення дзяржаўнай праграмы па развiццю аўтаматорнага палiва. I ў чарговы раз не пралiчылiся. З аднаго боку, звадкаваны газ, як палiва параўнальна таннае, набывае ўсё большую папулярнасць у аўтааматараў. А з iншага — прыносiць наяўныя грошы прадпрыемству. Вось чаму ставiць кропку тут яшчэ вельмi рана. Зараз у рэгiёне працуюць 25 падобных пунктаў — як мiнiмум па аднаму на кожны раён. Аднак гэта — пакуль. Бо толькi сёлета ўдалося здаць новую запраўку ў Барысаве. А ў блiжэйшых планах — iх будаўнiцтва ў Смалявiчах i блiз вядомага ўжо далёка за межамi нашай краiны гарналыжнага комплексу «Сiлiчы». Праўда, чыста эканамiчная карысць — далёка не ўсё. I не заўсёды. А ў якасцi аднаго з прыкладаў у дадзеным выпадку можна ўзгадаць новае структурнае падраздзяленне «Мiнскабл-газа» — былы СВК «Бабровiчы» Валожынскага раёна. Мякка кажучы, стан гаспадаркi на момант яе перадачы газавiкам у жнiўнi 2004 года быў «нiжэй сярэдняга». Дапамога ва ўборцы першага ж ураджаю, пракладка пад’ездаў да фермаў, рамонт водаправодаў, паiлак, падводка гарачай вады, уладкаванне пакояў адпачынку рабочых, закупка тэхнiкi i абсталявання — гэта запатрабавала грошай. I грошай немалых. Таму калi-нiкалi давялося нават чуць папрокi, маўляў, якi сэнс укладваць сродкi ў такую... «малаперспектыўную» справу? Тым не менш адступаць не выпадала. А калi ўжо рабiць — то так, як трэба. Прычым, перакананыя на прадпрыемстве, вынiк абавязкова прыйдзе. Мяркуючы па тым, што гаспадарка ўжо наблiзiлася да 4-тысячнай адзнакi па надоях малака, пашырыла статак буйной рагатай жывёлы i атрымала летась ураджай збожжавых у 35 цэнтнераў з гектара, добрыя паказчыкі ёсць ужо зараз. У параўнаннi з 2004 годам новае структурнае падраздзяленне «Мiнскаблгаза» здолела павялiчыць аб’ёмы рэалiзацыi прадукцыi амаль удвая. I пазбавiлася непрыемнага статусу «стратнага». Хоць гэта, лiчаць на прадпрыемстве, поспех толькi адносны. I дадаюць: сельгасвытворцы абавязкова будуць зарабляць на сябе самi. Прынамсi, сюды ўжо iдуць уладкоўвацца людзi. А гэта — цi не лепшае сведчанне перспектывы. — Мы не збiраемся стаяць на месцы i надалей, — адзначае генеральны дырэктар РУП «Мiнскаблгаз» Аляксандр Уладзiмiравiч Жылко. — Працяг тэлемеханiзацыi, павелiчэнне сiстэмы газавых заправак, падтрымка гаспадаркi — вось далёка не поўны расклад на заўтра. I, зразумела, нам неабходна абнаўляць транспарт, тэхнiку, тэхнiчныя сродкi. Iнакш кажучы, рабiць усё, каб працаваць стабiльна i бяспечна. Мiж тым, задачы прадпрыемства на будучыню сапраўды немалыя. Да прыкладу, зараз тут пракладваюць газаправод у галоўную турыстычную зону — Нарачанскi край. Такiм чынам, адпачынак тут стане больш камфортным i, што таксама важна, больш танным. Паралельна робiцца праектная дакументацыя на газiфiкацыю апошняга ў спiсе раёнаў вобласцi — Бярэзiнскага. «Блакiтнае палiва» павiнна прыйсцi сюды ўжо ў наступным годзе. А потым чарга дойдзе да гарпасёлкаў Урэчча ў Любанскiм, Плешчанiцы ў Лагойскiм i Крывiчы ў Мядзельскiм раёнах. Аднак не менш амбiтныя планы па газiфiкацыi сельскай мясцовасцi. Без гэтага немагчыма нi вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыi, нi забеспячэнне вяскоўцам камфортных, блiзкiх да «гарадскiх» умоў жыцця. Дарэчы, зараз газ ужо маюць 136 аграгарадкоў Мiншчыны. А ў планах газiфiкацыi да 2010 года — яшчэ каля 60 падобных населеных пунктаў. I ў тым лiку трынаццацi — сёлета. Прычым гэтыя планы з’яўляюцца цалкам рэальнымi, бо вызначаны дакладныя крынiцы фiнансавання, ёсць тэхнiка. Але цi не галоўнае — ёсць людзi, спецыялiсты з вялiкай лiтары. I адначасова — сапраўдныя патрыёты свайго прадпрыемства. Умовы. Толькi потым — вынiк Сёння ў структуры РУП «Мiнскаблгаз» занята 2740 чалавек. Пры гэтым адметна, што прадпрыемства дапамагае сваiм супрацоўнiкам палепшыць жыллёвыя ўмовы. Усё, што патрабуецца ад работнiка, дык гэта знайсцi грошы на першапачатковы ўзнос у памеры 10 працэнтаў ад кошту будучай кватэры. А далей прадпрыемства са сваiх сродкаў можа прадаставiць крэдыт па сутнасцi на льготных умовах — на 20 гадоў пад 5 працэнтаў гадавых. Варыянт, пагадзiцеся, не горшы. Таму i карыстаюцца iм з ахвотай. Лiтаральна штогод абласныя газавiкi спраўляюць па некалькi ўлазiнаў. А агульная чарга на жыллё тут ужо закрыта за 1998—1999 гады. Асобная размова аб адпачынку. РУП «Мiнскаблгаз» мае ўласны аздараўленчы лагер, якi зараз, у гонар свайго заснавальнiка, носiць iмя Яўгена Мiхайлавiча Чайкi. Перш-наперш лагер, што размясцiўся ў маляўнiчым лясным масiве каля берага Нёмана на Стаўбцоўшчыне, прымае дзяцей работнiкаў прадпрыемства. Прычым па вельмi прымальнай «схеме». Поўны кошт пуцёўкi складае 330—340 тысяч рублёў, тады як памер аплаты непасрэдна з бацькоўскай кiшэнi — усяго 15 працэнтаў ад гэтай сумы. Аднак прываблiваюць сюды не столькi невялiкiя расходы. Галоўным аргументам, безумоўна, былi i застаюцца самi ўмовы. Усяго адзiн факт. Сёлета летнiк наведалi дзецi вядомай беларускай (а больш правiльна — ужо беларуска-расiйскай) поп-зоркi Анжэлiкi Агурбаш. I пасля заканчэння змены выказалi жаданне вярнуцца сюды зноў. Няма сумненняў, што пры такой раскладцы летам лагер не пустуе. Зiмой? Зрэшты, свае наведвальнiкi ёсць i не ў надта «спрыяльны» для адпачынку перыяд. Адно, што тады ўжо, як правiла, прыязджаюць дарослыя. Да аздараўленчага лагера падведзены газ — словам, нiякiх пытанняў з ацяпленнем не ўзнiкае. Плюс да таго варта паўтарыцца, што тут працуюць закрыты басейн, закрытая спартзала, уласны лазнева-пральны комплекс. Прычым скарыстацца iнфраструктурай аздараўленчага комплексу можна па зусiм не «завоблачных» цэнах. А яшчэ лагер iмя Я.М. Чайкi стаў месцам правядзення... спартакiяд супрацоўнiкаў «Мiнскаблгаза». Пачыналi тут з летнiх вiдаў спорту — футбола, валейбола, баскетбола, шахмат, шашак, спаборнiцтваў па падняццю гiраў, перацягванню каната. Аднак сёлета, у якасцi своеасаблiвага эксперыменту, паспрабавалi наладзiць i другую спартакiяду — ужо ўзiмку. I не памылiлiся. У турнiрах па зiмовых вiдах спорту ўзялi ўдзел больш за 200 чалавек. А значыць, працяг будзе. Тым больш, што каманды прадпрыемства рэгулярна бяруць старты (а таксама — прызавыя месцы) у рэспублiканскiх спартакiядах работнiкаў нафтагазпрама. А для гэтага неабходна спецыяльная падрыхтоўка. I «дадатковая» праверка сваiх сiл. Без перабольшання, спорт можна назваць адной з вiзiтовак «Мiнскаблгаза». Аднак казаць, што кола iнтарэсаў работнiкаў прадпрыемства абмяжоўваецца толькi гэтым, было б не зусiм правiльна. Не меншай папулярнасцю тут карыстаюцца конкурсы прафесiйнага майстэрства. Прыйшоўся дарэчы i агляд мастацкай самадзейнасцi — як высветлiлася, спевам газавiкоў можа пазайздросцiць любое эстраднае шоу. У рэшце рэшт, знайшла падтрымку iдэя наладзiць конкурс народнай творчасцi. Так, спачатку да просьбы прынесцi тое, што робiцца ў вольны час, многiя паставiлiся з недаверам. А сёй-той спрабаваў нават жартаваць. Тым не менш жадаючыя знайшлiся. А потым ужо давялося па-добраму здзiўляцца скептыкам. Карцiны, малюнкi, вышыванкi, цацкi, кошыкi — усё гэта стала цяперашняй экспазiцыяй новага музея прадпрыемства. Яго ж «разынкамi» сталi ювелiрнай работы аклады для праваслаўных абразоў з фольгi. А таксама фотаздымак... верталёта, якi сканструяваў i зрабiў слесар па эксплуатацыi i рамонту падземных газаправодаў МВУ «Маладзечнамiжрайгаз» Уладзiмiр Уладзiмiравiч Грыбоўскi. Прычым зрабiў не нейкi там «муляж», а сапраўдную машыну «на хаду». З атрыманнем спецыяльнага дазволу на палёты. Варта заўважыць, што перамога (а калi-нiкалi проста ўдзел) у шматлiкiх конкурсах цi аглядах заахвочваецца матэрыяльна — або прэмiямi, або каштоўнымi падарункамi. Прычым такая пазiцыя прынцыповая. I ўсё ж, падчас наведвання «Мiнскаблгаза» мы не ўстрымалiся ад пытання: а што гэта, уласна кажучы, дае... самому прадпрыемству? — Газавая сфера надзвычай адказная, таму ў ёй як, напэўна, нiдзе патрэбныя прафесiяналы, — падкрэслiвае генеральны дырэктар Аляксандр Жылко. — I тут зацiкаўленасць кожнага — рэч не апошняя. Вось чаму спачатку кожнаму чалавеку трэба стварыць вартыя ўмовы для работы, адпачынку, для рэалiзацыi ўласных здольнасцяў. I толькi потым — патрабаваць вынiкаў. Увага больш, чым грошы — У нас ёсць вельмi шмат адказных, дысцыплiнаваных i вынаходлiвых людзей сярэдняга ўзросту, — зазначае Аляксандр Жылко. — Не менш радуе ўзровень падрыхтоўкi маладых спецыялiстаў — учарашнiх выпускнiкоў ВНУ. Яны прыходзяць з добрымi тэарэтычнымi ведамi, уласнымi iнiцыятывамi, а калi раптам крыху i не хапае вопыту, то гэта не бяда. Мы можам дапамагчы, падказаць цi нават даць накiраванне на спецыялiзаванае навучанне за кошт прадпрыемства ў «Газiнстытут». Аднак, вiдаць, найперш трэба сказаць пра ветэранаў. Яны аддалi прадпрыемству свае лепшыя гады i заслугоўваюць асаблiвай адзнакi. Да слова, у «Мiнскаблгазе» ўжо склалася завядзёнка — прысвойваць лепшым ганаровае званне «ветэран прадпрыемства». Каб атрымаць яго, першае правiла — не менш чым 20-гадовы стаж работы ў газавай гаспадарцы. А правiла нумар два — гэта работа павiнна быць бездакорнай. Сумесная камiсiя з прадстаўнiкоў прафкама i адмiнiстрацыi разглядае кожнага прэтэндэнта асобна. I, можна сказаць, прымае iндывiдуальнае рашэнне — у залежнасцi ад паказчыкаў работы, адказнасцi, дысцыплiны. — Пры прысваеннi звання ветэрана работнiку выплачваецца 8 базавых велiчынь прэмii, а таксама прадастаўляецца 3 дадатковыя днi адпачынку, — адзначае Аляксандр Жылко. — Калi ж ветэран выходзiць на пенсiю, яму зноў аказваецца матэрыяльная дапамога — 15 базавых велiчынь. Магчыма, грошы i невялiкiя. Аднак, пагадзiцеся, што iмi вымяраецца далёка не ўсё. Больш важна, каб чалавек быў упэўнены, што на прадпрыемстве яго цэняць. I будуць помнiць увесь час. ДАРЭЧЫ Гiсторыя Рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскаблгаз» бярэ адлiк з 1960 года. Першым горадам Мiншчыны, якi атрымаў прыродны газ, быў Нясвiж. А першымi рэгiёнамi — прылеглыя да магiстральнага газаправода Нясвiжчына, Стаўбцоўшчына, Дзяржыншчына, Смалявiччына i Барысаўшчына. Наступным этапам стала будаўнiцтва паўднёвых адгалiнаванняў у Пухавiцкiм, Слуцкiм, Любанскiм напрамках. У лiпенi 1978 года была ўведзена ў эксплуатацыю Княгiнiнская, а ў 1997 годзе — буйнейшая ў Беларусi Рудзенская газанапаўняльная станцыя. Сярод прамысловых прадпрыемстваў вобласцi буйнейшым спажыўцом газу (300 млн кубаметраў) з’яўляецца аб’яднанне «Беларуськалiй» У пачатку гэтага года на тэрыторыi Мiншчыны (без улiку Мiнскага раёна) агульная працягласць газаправодаў прыроднага газу перавышала 5 тыс. кiламетраў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Блакiтнае палiва» з’яўляцца адносна танным, самым экалагiчным i ў рэшце рэшт — проста зручным для карыстання. Хоць няма сумненняў: усе гэтыя плюсы з’
|
|