Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Беларусь стала актыўным суб’ектам мiжнародных адносiнаў»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Учора адбылася нарада прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi з кiраўнiкамi замежустаноў нашай краiны.
Мэта нарады, якая праходзiць раз у два гады, — «прадметна i адкрыта абмеркаваць пытаннi беларускай знешняй палiтыкi. Удакладнiць i пры неабходнасцi скарэктаваць задачы, якiя стаяць перад намi. Намецiць практычныя крокi, якiя адпавядаюць iнтарэсам дзяржавы i нашых людзей» Два гады таму на адпаведнай нарадзе былi вызначаны праграмныя стратэгiчныя накiрункi знешнепалiтычнай дзейнасцi. Яе сутнасць заключаецца ў «нарошчваннi экспартнага патэнцыялу, у актыўным развiццi ўзаемавыгаднага супрацоўнiцтва i правядзеннi шматвектарнай узважанай палiтыкi». Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, у гэтым накiрунку зроблена шмат, былi дасягнуты канкрэтныя вынiкi. I гэту дынамiку неабходна захоўваць. Iнакш, лiчыць А. Лукашэнка, «гэта будуць страты не проста ў тэмпах росту, гэта будуць страты ў даходах нашых людзей. Страта iх даверу да ўлады. I, скажам прама, — аслабленне нашага мiжнароднага статусу». Кiраўнiк дзяржавы заявiў, што на блiжэйшую пяцiгодку былi закладзены «амбiцыйныя планы кардынальнага паляпшэння якасцi жыцця народа на падставе iнавацыйнага шляху развiцця эканомiкi». Гэтыя задачы — «напружаныя», залог iх выканання — эканамiчны, навукова-тэхнiчны i чалавечы патэнцыял Беларусi. У выкананнi пастаўленых задач, лiчыць А. Лукашэнка, многае будзе залежаць ад кожнага: ад яго разумення правiльна ацанiць абстаноўку, прыняць аптымальнае рашэнне, убачыць перспектывы i новыя магчымасцi для прасоўвання айчынных тавараў i паслуг на сусветны рынак, а таксама ад прыцягнення ў краiну выгадных iнвестыцый. Падчас нарады з прапановамi па ўдасканаленню знешнепалiтычнай i знешнеэканамiчнай дзейнасцi краiны выступiлi шэраг вышэйшых службовых асоб, паслоў Беларусi, кiраўнiкоў прадпрыемстваў. У сваiм выступленнi прэм’ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi адзначыў, што беларуская эканомiка развiваецца дастаткова высокiмi тэмпамi, што забяспечваецца ў тым лiку i знешнеэканамiчнай дзейнасцю. Ён нагадаў, што ў 2005 годзе знешнегандлёвы тавараабарот Беларусi склаў 33 млрд долараў, пры гэтым экспарт перавысiў 16 млрд долараў. Увогуле ж, за апошнiя 5 гадоў экспарт Беларусi павялiчыўся ў два разы. Праўда, не абыходзiцца i без праблем: за апошнi час памяншаецца ўдзельная вага экспарту ў гандлi з нашым галоўным партнёрам — Расiяй. Асобна С. Сiдорскi спынiўся на неабходнасцi стварэння за межамi Беларусi ўласных прадпрыемстваў для гандлю, бо да асобных беларускіх гандлёвых дамоў наша краiна нават не мае дачынення, i там могуць прадавацца тавары iншых краiн. Таму стварэнне «аб’ектаў тавараправоднай сеткi» — адна з галоўных задач. У блiжэйшы час доля такога гандлю ў агульным аб’ёме павiнна павялiчыцца да 11 працэнтаў, а з Расiяй — да 25 працэнтаў. Праўда, лiчыць С. Сiдорскi, гэта павiнна быць толькi пачаткам: да 2010 года плануецца давесцi гэты паказчык да 80 працэнтаў. Закрануў прэ’мер-мiнiстр i нафтаперапрацоўчую галiну, якая штогод дае не менш за 1 млрд долараў прыбытку. Паводле слоў Намеснiк прэм’ер-мiнiстра Васiль Далгалёў засяродзiў увагу на тым, што ў Расii iснуюць i людзi, якiя спрабуюць перашкаджаць далейшаму развiццю гандлю з Беларуссю. Аднак, паводле яго слоў, на шэраг беларускiх тавараў iснуе стабiльны попыт, а таму такiх тавараў патрэбна нават больш вырабляць, а таксама наладжваць iх вытворчасць за межамi Беларусi, у чым нашы поспехi пакуль слабыя. На пытанне А. Лукашэнкi, чаму мы страчваем расiйскi рынак, В. Далгалёў адказаў, што на рынку гэтай краiны слаба працуюць беларускiя экспарцёры, якiя яшчэ цалкам не прызвычаiлiся да новых умоў. Хоць яго адказ кiраўнiка дзяржавы не вельмi задаволiў: «...мы сёння ўрачыстым маршам iдзём у Венесуэлу праз акiян, а пад бокам, там, дзе мы даўно ўмеем працаваць, размаўляем з людзьмi на адной мове, мы не дзейнiчаем». Узнiмалася i тэма неабходнасцi павелiчэння ў Расii iнфармацыйнай прысутнасцi нашай краiны, у тым лiку i працы беларускага спадарожнiкавага тэлебачання. Паводле слоў А. Лукашэнкi, пры гэтым сярод гледачоў неабходна не страцiць старэйшае i сярэдняе пакаленнi i паспрабаваць прыцягнуць маладое. Ёсць у Беларусi прадпрыемствы, якiмi можна ганарыцца. Адно з iх — МТЗ, якi, паводле слоў яго дырэктара Аляксандра Пухавога, з’яўляецца лiдарам сярод краiн СНД па вытворчасцi трактароў, а ўвогуле ж iнтарэсы прадпрыемства прысутнiчаюць у 125 краiнах свету. Ён адзначыў, што высокiя экспартныя пазiцыi тлумачацца «гiбкай маркетынгавай пазiцыяй». А. Лукашэнка адзначыў, што да такiх прадпрыемстваў у дзяржавы асаблiвыя патрабаваннi: iх робяць манапалiстамi, ставяць бар’еры на шляху iмпарцёраў аналагiчнай прадукцыi, а таму яны не павiнны працаваць з прахалодай. Усёабдымная падтрымка дзяржавы, лiчыць ён, не павiнна вылiцца ў неадказнае стаўленне да справы. Дынамiка ў развiццi павiнна быць у кожнага прадпрыемства, а рынкi неабходна займаць так, каб заставацца на iх дзесяцiгоддзямi. Пасол Беларусi ў Бельгii, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрапейскіх Супольнасцях Уладзiмiр Сянько засяродзiў увагу на ўзаемаадносiнах з краiнамi ЕС. Паводле яго слоў, яны складваюцца няпроста. Аднак неабходна карпатлiвая праца на шляху нармалiзацыi адносiнаў. Задача — усялякiм чынам падштурхоўваць краiны ЕС да рэальнага дыялогу на ўмовах раўнапраўя i адсутнасцi якога б нi было цiску. На адну з галоўных пазiцый у гэтым накiрунку выходзiць знешнегандлёвае супрацоўнiцтва. Паводле слоў У. Сянько, дынамiка тут уражвае, аднак без якасных зрухаў у працы павелiчэнне аб’ёмаў гандлю будзе праблематычным ужо ў блiжэйшы час. Пры гэтым перспектывы рэальныя, аднак для iх здзяйснення павiнны падключыцца ўсе ведамствы i вытворцы. А. Лукашэнка спытаў, цi не з апасеннем мы iдзём у ЕС. Паводле яго слоў, гэта плацежаздольны рынак, аднак псiхалагiчна мы не падрыхтаваны для выхаду на яго, а таму Беларусь павiнна быць у гэтым пытаннi больш агрэсiўнай. У. Сянько пагадзiўся, што шмат праблем ляжыць у псiхалогii i што на рынкi ЕС выйсцi хоць i складана, аднак магчыма. I тут вельмi важным паўстае пытанне падрыхтоўкi квалiфiкаваных кадраў, бо мала вырабiць, патрэбна яшчэ i ўмець прадаць. Напрыканцы нарады яе вынiкi падвёў кiраўнiк дзяржавы А. Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь зрабiла гiстарычны выбар, праводзiць уласны знешнепалiтычны курс. У прыватнасцi, наша краiна актыўна i паслядоўна разам з саюзнiкамi-партнёрамi ўдзельнiчае ў фармiраваннi аднаго з сур’ёзных сусветных цэнтраў сiлы, адстойваючы свае нацыянальныя iнтарэсы i прынцыпы справядлiвага светаўладкавання. Дарэчы, кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што ў апошнi час узнiкаюць i ўмацоўваюцца новыя цэнтры сiлы, барацьба якiх выклiкае маштабныя супярэчнасцi, могуць прывесцi да новага перадзелу сфер уплыву i парушэння няўстойлiвага балансу ў свеце. За гады незалежнасцi Беларусь, адзначыў А. Лукашэнка, стварыла эфектыўную сiстэму абароны дыпламатычнымi метадамi. Паводле яго слоў, на глабальным узроўнi гэта азначае «значны аўтарытэт Беларусi ў галiне кантролю над узбраеннямi». Таксама ён падкрэслiў цеснае супрацоўнiцтва на рэгiянальным узроўнi ў абароннай сферы з Расiйскай Федэрацыяй, стварэнне сумеснай групоўкi войскаў, актыўнае ўмацаванне Арганiзацыi Дагавора аб калектыўнай бяспецы i iнш. Вельмi актуальным для Беларусi з’яўляецца змяненне прыроды рызык i выклiкаў на знешняй арэне. Так, у цяперашнiх умовах для нашай краiны важнае значэнне маюць, напрыклад, падзеi на Блiзкiм Усходзе: «там шмат нашых людзей, для якiх мы арганiзавалi буйнейшую па маштабу выратавальна-эвакуацыйную аперацыю». Тым не менш, Беларусь не мае глабальных геапалiтычных амбiцый, аднак ёсць геапалiтычныя iнтарэсы, якiя мы гатовы адстойваць. Паводле слоў А. Лукашэнкi, «не ўсiм гэта падабаецца, таму што мы — прыметная i значная дзяржава, сур’ёзны канкурэнт. Iнакш да нас не было б столькi ўвагi звышдзяржавы — ЗША i яе саюзнiкаў i сатэлiтаў. Намi цiкавяцца i iншыя цэнтры сiлы: Кiтай, Iндыя, не гаворачы ўжо аб брацкай Расii». У агульным жа ў знешняй палiтыцы Беларусь павiнна вырашыць дзве галоўныя задачы — гарантаваць бяспеку дзяржавы i стварыць спрыяльныя знешнiя ўмовы для развiцця эканомiкi. Усё гэта вызначаецца ўнутранымi, рэальнымi патрэбнасцямi краiны. Пры гэтым у знешняй палiтыцы не павiнна быць крутых вiражоў i рэзкiх разваротаў, яе сiла — у паслядоўнасцi, прагматызме i гiбкасцi. Быць гiбкiм, лiчыць А. Лукашэнка, не азначае згiнацца. Падчас нарады А. Лукашэнка адзначыў, што АДКБ павiнна стаць адным з галоўных гарантаў забеспячэння бяспекi ў Еўропе i за яе межамi. Аднак АДКБ не збiраецца процiстаяць НАТО, наадварот, дзве арганiзацыi павiнны супрацоўнiчаць, каб гарантаваць бяспеку ў свеце. Лiнiя ж Беларусi ў АДКБ вядомая — гэта «ўмацаванне i ўзаемадзеянне». Закранаючы праблему ўзаемаадносiнаў з Расiяй, А. Лукашэнка адзначыў, што яны сталi больш прагматычнымi. Ён выказаў упэўненасць, што i далей будзе знойдзены разумны баланс у адносiнах, зыходзячы са стратэгiчнага значэння саюзнiцтва для абодвух бакоў. Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы не адмаўляў, што асноўны масiў iнтарэсаў Беларусi засяроджаны на прасторы Расii, што саюз з ёй прыносiць нашай краiне як палiтычную, так i эканамiчную аддачу (роўныя правы для грамадзян дзвюх краiн, найвышэйшая ступень кааперацыi эканомiк, адзiная абаронная прастора). Аднак не будзе Беларусь адмаўляцца i ад узаемавыгаднага партнёрства з iншымi моцнымi краiнамi, у прыватнасцi, i з ЗША. Праўда, лiчыць кiраўнiк дзяржавы, ЕС i ЗША да такога партнёрства не гатовыя. Гэтыя краiны лiчаць, адзначыў ён, што ў Беларусi «не тыя каштоўнасцi. Давайце разбяромся. Калi размова iдзе аб павазе дзяржаў, iх незалежнасцi i суверэнiтэце, iх праве на выбар свайго шляху, праве народаў выбiраць сабе сваiх лiдараў, калi размова iдзе аб павазе права людзей на жыццё, на свабодную працу, права на роўнасць усiх перад законам, на сваё меркаванне i на свабоднае яго выказванне без урону для правоў iншых людзей у адпаведнасцi з законам — то гэта нашы iнтарэсы. У ЗША i Еўрасаюза няма на iх манаполiй. Бо наш народ заплацiў за iх больш, чым ЗША i Еўрасаюз. Калi ж размова iдзе аб свабодзе прымяняць сiлу — ваенную i эканамiчную — супраць непажаданых дзяржаў, аб свабодзе забiваць мiрных жыхароў, калi размова iдзе аб свабодзе ад маральных абавязкаў, стагоддзямi выпрацаваных чалавечым грамадствам — гэта не нашы каштоўнасцi. Яны нам не патрэбныя». На такiя двайныя стандарты ў палiтыцы адносна Беларусi наша краiна будзе адэкватна рэагаваць. Паводле яго слоў, калi «будуць спробы цiснуць на нас эканамiчна — скарэктуем нашу пазiцыю па пытаннях двухбаковага супрацоўнiцтва, перш за ўсё ў гандлёвай i транзiтна-транспартнай сферах. Хоць, вядома, рабiць такiя захады мы б не хацелi. Яны наўрад цi наблiзяць нас да той мэты, да якой мы паслядоўна iмкнёмся, — стварэння «пояса добрасуседства» i бяспекi вакол Беларусi i адзiнай стабiльнай Еўропы, нашай Еўропы. Таму што ў Беларусi ёсць не толькi наша Расiя, але i наша Еўропа». Пры гэтым ён адзначыў, што не з’яўляецца эканамiчным цi iдэалагiчным працiўнiкам ЕС, а яго адказным партнёрам, якi забяспечвае агульнаеўрапейскi транзiт i стрымлiвае трансгранiчныя пагрозы. Закрануў падчас нарады А. Лукашэнка i праблему будаўнiцтва ў Беларусi АЭС. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што Беларусь пацярпела ад Чарнобыля, на рашэнне аб будаўнiцтве ў краiне АЭС павiнны ўплываць не страхi, а навуковы i эканамiчны разлiк. Для Беларусi будаўнiцтва ўласнай атамнай станцыi — важны фактар забеспячэння энергетычнай бяспекi, без чаго ў будучым не абысцiся. «Калi вучоныя, урад, энергетыкi прадставяць стопрацэнтнае абгрунтаванне мэтазгоднасцi, — адзначыў ён, — то будзем прымаць адпаведнае рашэнне i будаваць. Але толькi выкарыстоўваючы найноўшыя, самыя надзейныя i бяспечныя тэхналогii». Гаворачы ж аб энергетычнай бяспецы ў цэлым, А. Лукашэнка адзначыў, што гэта не толькi знешнеэканамiчная, але i важная палiтычная праблема. Таму Беларусь павiнна зацiкавiць сваiх замежных партнёраў выгаднымi сумеснымi праектамi ў гэтай сферы, распрацоўваць i рэалiзоўваць праграмы павышэння калектыўнай энергетычнай бяспекi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора адбылася нарада прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi з кiраўнiкамi замежустаноў нашай краiны
|
|