«Ручныя» дробязi
Сяргей СТАРЫНАЎ
Выбiраючы дзверы — металiчныя ўваходныя цi мiжпакаёвыя — любы чалавек найперш вызначаецца з iх канструкцыяй, матэрыялам, тэрмiнам вырабу i асаблiвасцямi ўстаноўкi. Што i гаварыць, пытанняў тут шмат. Таму на дзвярную фурнiтуру, як правiла, увагу звяртаюць у апошнi момант. Мiж тым, без гэтай «дробязi» не абысцiся. Больш таго, няправiльна падабраная фурнiтура можа нават сапсаваць жыццё гаспадарам жылля, зводзячы на нуль усе iх папярэднiя намаганнi па выбару i аздабленню дзвярэй. Дык на што варта звяртаць увагу?
Калi гаварыць пра ручкi для металiчных уваходных дзвярэй, дык, зразумела, улiчваючы вагу канструкцыi, што яны павiнны вытрымлiваць значную нагрузку. Мiж тым, у большасцi выпадкаў дзвярныя ручкi ўваходзяць у камплект дзвярнога замка. Калi апошнi — танны (беларускай цi расiйскай вытворчасцi) кшталту кнопкавага, адпаведна, не вельмi трывалымi i даўгавечнымi будуць i самi ручкi. Замянiць iх на стадыi мантажу пры ўстаноўцы «бюджэтных» металiчных уваходных дзвярэй наўрад цi атрымаецца (у тым лiку i з-за неадпаведнасцi памераў таннага замка больш «наварочаным» ручкам). Пры ўстаноўцы больш дарагiх «стальных ахоўнiкаў» такой праблемы не ўзнiкае: для расiйскiх, турэцкiх, iспанскiх замкоў коштам ад 25 да 45 долараў i вышэй ёсць вялiкi выбар ручак, якiя падыходзяць па памерах. Iх цана складае ад 15 да 25 долараў. Традыцыйна гэта ручкi з накладкамi, якiя абараняюць сам замок ад магчымага ўзлому. Матэрыял — сталь, латунь i розныя сплавы. Ручкi з латунi лiчацца самымi цёплымi навобмацак, гэты матэрыял (як i сталь) добра пераносяць уздзеяннi знешняга асяроддзя. У залежнасцi ад тыпу замка на мiжпакаёвых дзвярах устанаўлiваюцца або стацыянарная (звычайная клямка без анiякiх механiзмаў, таму далей мы гэты варыянт разглядаць не будзем), або нацiскная (пры нацiсканнi на апошнюю прыводзiцца ў дзеянне «язычок» механiзма, што дазваляе адчыняць i зачыняць дзверы). Нацiскныя ручкi могуць быць як з суцэльнай накладкай, так i з раздзельнымi накладкамi. Што выбраць — справа густу. Як i для металiчных уваходных дзвярэй, так i для мiжпакаёвых адпаведную фурнiтуру прапануюць шматлiкiя фiрмы па вырабу дзвярэй. Вялiкi выбар яе i на будаўнiчых рынках сталiцы. Кошт у абодвух выпадках практычна аднолькавы, хiба толькi асартымент у Ждановiчах i Уруччы крыху большы. Лепшай лiчыцца фурнiтура вытворчасцi Iталii, Iспанii, Турцыi (калi яна сапраўды зроблена там, а не па лiцэнзii ў нейкай iншай краiне). Арыгiнальная «Фiрменная» Iталiя i Iспанiя — самая дарагая, кошт ручак пачынаецца недзе ад 35 долараў (без кошту механiзмаў, фiксатараў). Традыцыйна многiя з нас устанаўлiваюць фiксатары (якiя дазваляюць зачыняць дзверы з аднаго боку) толькi ў санвузле. Кошт фiксатараў вагаецца ад 7 да 12 долараў. «Дэмакратычная» Турцыя абыдзецца пакупнiку ў 15—25 долараў за ручку (пры неблагой якасцi i дызайне). Дарэчы, разнавiднасцю нацiскных ручак з’яўляюцца нобы, або ручкi-шары. Iх можна ўстанаўлiваць на ўсiх мiжпакаёвых дзвярах, але зноў жа традыцыйнае iх выкарыстанне — на дзвярах у ванны пакой i туалет. Яны вырабляюцца з тых жа матэрыялаў, што i «звычайныя» ручкi, а таксама зрэдку — з выкарыстаннем драўнiны каштоўных парод. Выбар такiх ручак-шароў на будаўнiчых рынках не вельмi багаты, значна большы асартымент (праўда, амаль выключна расiйскай вытворчасцi па цане 16—20 тысяч рублёў) у дзяржгандлi. Пэўны недахоп такiх ручак заключаецца ў тым, што яны не маюць звыклага рычага, значыць, адчынiць дзверы можна толькi ў выпадку, калi ручкi цалкам свабодныя. Пры ўстаноўцы мiжпакаёвых дзвярэй не абысцiся без завесаў. Каб яны потым не праселi, па-першае, неабходна выбiраць завесы з падшыпнiкамi, па-другое, правiльна разлiчыць iх колькасць. Скажам, на меншыя па памеру дзверы з лёгкага МДФ у санвузел дастаткова будзе ўстанавiць па дзве завесы, а вось на мiжпакаёвыя з масiву спатрэбiцца ўжо тры. Вялiкiя па памеру каштуюць каля 10 тысяч рублёў за адзiнку, малыя — 4,5—6 тысяч рублёў у залежнасцi ад вытворцы. Вельмi асцярожна, дарэчы, трэба ставiцца да унiверсальных завесаў. Зручнасць iх у тым, што такiя завесы можна выкарыстоўваць для адкрывання дзвярэй як на левы, так i на правы бок. Аднак дзверы з такiмi завесамi пасля iх устаноўкi зняць ужо не атрымаецца, давядзецца выкручваць завесы. Таму лепш не паленавацца i набыць адразу «левыя» i «правыя» завесы для дзвярэй — у залежнасцi ад архiтэктуры вашай кватэры. Не выключана, што вам могуць спатрэбiцца абмежавальнiкi — спецыяльныя прыстасаваннi, якiя абмяжоўваюць рух дзвярэй, якiя адчыняюцца, у пэўным накiрунку. Напрыклад, каб яны не «чаплялiся» за блiзкаразмешчаныя прадметы, мэблю. Абмежавальнiкi могуць быць рознай формы, памераў, вырабляцца з розных матэрыялаў, мацавацца на падлозе або сценах. Як правiла, гэтыя металiчныя цылiндры з гумавымi накладкамi коштам 5—7 тысяч рублёў. Набываць iх лепш не загадзя, а пасля ўстаноўкi ўсiх дзвярэй.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выбiраючы дзверы — металiчныя ўваходныя цi мiжпакаёвыя — любы чалавек найперш вызначаецца з iх канструкцыяй, матэрыялам, тэрмiнам вырабу i асаблiвасця
|
|