Спакой, толькi спакой...
Святлана БАРЫСЕНКА.
Нядзеля пакажа, хто «пан», а хто «прапаў». 6 жнiўня для аднаго з трох абiтурыентаў, якiя паступалi на дзённыя аддзяленнi вядучых ВНУ краiны, расчыняцца дзверы ў свет студэнцтва, а двум давядзецца разглядаць магчымасць платнага навучання.
Для Алены Палачанiнай прымальным з’яўляецца толькi адзiн — бюджэтны варыянт. Матуля Святлана Сцяпанаўна паднiмае дваiх дачок адна. Старэйшая, праўда, вось ужо заканчвае «палiтэх» — дзённае аддзяленне. А на гэтым тыднi прыехалi Алена са Святланай Сцяпанаўнай у Мiнск з вёскi Валодзькi Докшыцкага раёна акурат на два днi. Каб здаць пiсьмовы экзамен па матэматыцы на факультэт матэматыкi i iнфарматыкi БДПУ iмя М. Танка. — Я атрымала сямёрку, — кажа Алена. — Ты задаволена? — Так, гэта нядрэнна. Наогул васьмёркi i дзевяткi мала хто атрымаў. Хоць гэта было нешта накшталт кантрольнай. Тэсцiраванне куды складаней... У мяне, праўда, даволi добрыя вынiкi тэстаў па фiзiцы i беларускай мове. — У нас яшчэ «высокi» атэстат — 9,2, — дадае мацi. — Наогул мы сур’ёзна рыхтавалiся. Набывалi адпаведную лiтаратуру, нашы настаўнiкi займалiся з дзецьмi пасля ўрокаў. Цяпер застаецца толькi чакаць... Беларускi дзяржаўны педагагiчны унiверсiтэт iмя М. Танка — адна з буйнейшых вышэйшых навучальных устаноў краiны — мае магчымасць прыняць сёлета 1060 чалавек на бюджэтную дзённую форму навучання i 775 — на завочную. Плюс «платнiкi». Жаданне паспаборнiчаць за гэтыя месцы выказалi 3370 i 4042 чалавекi адпаведна. Такiм чынам, педунiверсiтэт ужо не першы год дэманструе конкурс на ўзроўнi трох чалавек на месца. Характэрнай жа адметнасцю гэтага года стане вялiкая колькасць пераможцаў розных спартыўных спаборнiцтваў на еўрапейскiм i рэспублiканскiм узроўнях. Апошнiя, зразумела, прагнуць асвоiць спецыяльнасць фiзiчнай культуры. — Сёлета ў нас назiраецца павышаная запатрабаванасць 11 спецыяльнасцяў, дзе конкурс складае ў сярэднiм звыш 5 чалавек, — тлумачыць кандыдат педагагiчных навук, дацэнт, адказны сакратар прыёмнай камiсii Вiктар Цыбоўскi. — Такiм павышаным попытам карыстаюцца спецыяльнасцi, звязаныя з сацыяльнай работай, атрыманнем спецыяльнай адукацыi ў галiне догляду людзей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця. Гэта i спецыяльнасцi факультэта народнай культуры — рытмiка, харэаграфiя, фальклор, сусветная i айчынная культура. На камп’ютарнай графiцы — 16 чалавек на месца! Вялiкi конкурс нават на платнае аддзяленне па накiрунку сацыяльнай педагогiкi i псiхалогii — 9 чалавек. Запатрабаваныя бiялогiя i хiмiя, гiсторыя i сацыяльна-палiтычныя дысцыплiны, беларуская мова/лiтаратура i журналiстыка, музычнае i тэатральнае мастацтва. Па завочнаму навучанню для тых, хто скончыў педагагiчныя каледжы i мае намер авалодваць дашкольнай, пачатковай адукацыяй, мы скарацiлi тэрмiны навучання да 3—4 гадоў... Зараз педунiверсiтэт прапануе абiтурыентам 46 спецыяльнасцяў дзённых i 36 завочных, таму ўвогуле за знiжэнне цiкавасцi да сябе не перажывае. Новыя спецыяльнасцi пакуль не ўводзяцца. У блiжэйшыя гады перспектыўным накiрункам развiцця ўстановы застанецца накiрунак, распачаты некалi дзеля падрыхтоўкi настаўнiкаў малакамплектных школ, якiя павiнны быць спецыялiстамi адначасова па некалькiх вучэбных дысцыплiнах. Гаворка iдзе пра падвоеныя спецыяльнасцi, калi, напрыклад, бiялогiя дапасуецца да хiмii, а беларуская мова/лiтаратура — да журналiстыкi i г.д. Паводле слоў Вiктара Цыбоўскага, студэнты педунiверсiтэта рыхтуюцца не толькi па педагагiчнаму накiрунку, але i па такiх, як сацыяльная абарона i камунiкацыi. Тры профiлi дазваляюць унiверсiтэту больш устойлiва трымацца на рынку працоўных рэсурсаў, прадастаўляць больш шырокiя магчымасцi сацыяльнай адаптацыi моладзi. Дарэчы, усе выпускнiкi педунiверсiтэта гэтага года атрымалi размеркаванне. «Платнiкi» шукалi работу самастойна, прычым часта яны знаходзяць «сваё» яшчэ падчас вучобы. Педунiверсiтэт iмя М. Танка мог бы быць не такiм i «жаночым». Аднак з-за слабай падрыхтоўкi хлопцаў з 30 працэнтаў (у агульнай колькасцi абiтурыентаў) пры паступленнi iх застаецца толькi 15 пры залiчэннi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Педунiверсiтэт iмя М. Танка мог бы быць не такiм i «жаночым». Аднак з-за слабай падрыхтоўкi хлопцаў з 30 працэнтаў (у агульнай колькасцi абiтурыентаў)
|
|