Дзяўчынка з даваеннага фотаСУСТРЭЧА Спагадлівая вясковая выхавацелька, як тая галубка, сабрала пад цёплае крыло неакрэплых сваiх птушанят... Дванаццаць пар жывых i рухавых вачанят застылi ў адно iмгненне. Прапала раптам цiкавасць да глыбокiх талерак з драўлянымi лыжкамi. «Глядзiце, глядзiце, зараз вылецiць птушачка». У маленькай Анечкi, якая прытулiлася ў левым (ад нас) вугалку, бацька яшчэ жыў. Яна разам з сястрой (у цэнтры стаяла побач з стрыечным братам), як i дзецi iншых калгасных актывiстаў, наведвала садок, бо бацькi былi на рабоце. — Бацька наш, Мiкалай Савельевiч Чаркоўскi, з вёскi Заграддзе Слуцкага раёна, закончыў Слуцкую гiмназiю. Мама, Яўгенiя Фядосьеўна — з Вялiкай Слiвы, што таксама на Случчыне, — гаворыць Ганна Мiкалаеўна Канюк з Ханявiчаў, што ў Свiслацкiм раёне. — Бацька ўзначальваў камiтэт беднаты, быў камсамольскiм актывiстам, а калi пачаў стварацца калгас, першым уступiў у яго. Завёў на калгасны стан кабылу з жарабём, карову, авечак. Быў актывiстам, адданым савецкай уладзе. Гаварыў: для мяне няма нiчога даражэй за жонку з дзецьмi i Радзiму... У калгасе аграномам працаваў яго родны брат Антон. Неяк паслалi iх на Усесаюзную выстаўку ў Маскву, там мужчыны сфатаграфавалiся на памяць, дык тая фотакартка ў вайну ледзь не каштавала нашай сям’i жыцця... Аднойчы ў хату ўвалiлiся палiцаi, а на сцяне — фотакарткi бацькi, дзе ён на выстаўцы. Ледзь вырвалiся з дому, хавалiся ў жыце. Як пакутна нi было, дзяцей мацi зберагла. Пасля вайны пайшла на ферму, хлопцы пасвiлi калгасных авечак i цялят, Аня вучылася ў школе, а ў вольны час дапамагала калгасу. — I сенавала, i жала, — расказвае Ганна Мiкалаеўна. — Потым паступiла ў Пiнскi педагагiчны iнстытут, а заканчвала ўжо баранавiцкi. Цi было цяжка? Не тое слова. Вучыцца хацелася, а за што? Мне жанчынкi нашы па 20—30 капеек скiдвалiся, каб на дарогу хапiла ды крыху на вучобу. Гэта яны, простыя вясковыя людзi, i мая мама прывiлi мне любоў да зямлi, да роднай мовы. У нашай вёсцы ўсе гаварылi толькi па-беларуску. Простымi i мудрымi сялянскiмi высновамi Ганна Мiкалаеўна кiравалася ўсё жыццё. — Пры размеркаваннi ў мяне спыталiся: «Куды жадаеце?» Час быў пасляваенны, але цяжкасцяў не баялася: туды, дзе я больш патрэбная. I накiравалi мяне ў былы Поразаўскi раён. Прыехала, а мне загадчык райана кажа: «Паедзеце ў Ханявiчы, там беларуская школа ёсць, уз-дымайце той куточак». Са мною пасля iнстытута прыехала яшчэ некалькi маладых настаўнiц. А школа — вясковая хата, абнесеная калючым дротам... ...Першы разрад па лёгкай атлетыцы i акрабатыцы i другi па лыжах вельмi спатрэбiлiся потым маладой настаўнiцы. Разам з любiмай белару-скай мовай i лiтаратурай яна выкладала фiзкультуру, нямецкую мову, хiмiю, бiялогiю, геаграфiю, была завучам вячэрняй школы. Адным словам, не цуралася нiякай працы, разам з настаўнiкамi — вясковай iнтэлiгенцыяй — сапраўды узнiмалi гэты куточак, якi ў гады вайны быў амаль зруйнаваны. Сёння на тэрыторыi Ханявiцкага сельсавета, што ў Свiслацкiм раёне, стаяць два помнiкi загiнулым землякам, ёсць курган Славы i памятны знак-валун у Сабальках — вёсцы, якая ў гады ваеннага лiхалецця была сапраўднай «партызанскай гасцiнiцай». Тут, у Ханявiчах, Ганна Мiкалаеўна сустрэла сваё сапраўднае шчасце — вясковага шафёра, чулага, спагадлiвага чалавека, з якiм пражылi душа ў душу, паднялi на ногi траiх дзяцей. Потым нарадзiлася шасцёра ўнукаў i трое праўнукаў. Васiль Георгiевiч быў заслужаным калгаснiкам, яго ўзнагародзiлi ордэнам «Знак Пашаны», медалём, шматлiкiмi граматамi. А колькi славутых i цiкавых мясцiн аб’ездзiлi яны разам са школьнiкамi... — Я была асабiста знаёмая з Максiмам Танкам, Мiхасём Лыньковым, Васiлём Быкавым, Данутай Бiчэль-Загнетавай, Iванам Шамякiным, Iванам Мележам, iншымi беларускiмi пiсьменнiкамi. Былi з дзецьмi ў музеi Я. Коласа, сустракалiся з яго сынам Данiлам, пакланiлiся Хатынi... Нават калi пайшла на пенсiю, але яшчэ працавала некалькi гадоў, пешшу з дзецьмi дайшлi — а гэта пара дзесяткаў кiламетраў — да пушчанскай Дабраволi, жыхары якой пацярпелi ў гады вайны. Паўстагоддзя Ганна Мiкалаеўна ў Ханявiчах, i ўвесь гэты час выпiсвае любiмую «Звязду». — Помню, брат яшчэ з партызанаў газету прыносiў, а мама доўгi час яе ў скрыню хавала. Газета гэта — мой лёс, мая хатняя энцыклапедыя, мая сяброўка i дарадчыца, — гаворыць Ганна Мiкалаеўна. — Вось прыйшла з бальнiцы i зноў на другi квартал падпiсалася, хоць пенсiя невялі-кая... Зараз Ганна Мiкалаеўна жыве адна. Заўчасна пахавала мужа, сына, дачку. Дапамагала трымацца людская спагада. — Вось iду па вёсцы i радуюся, што многае тут — праца маiх рук. Парк, якi мы садзiлi, новы будынак школы, ля якога шмат працавалi. Вось усмiхаюцца людзi, поруч з якiмi прайшлi мае вёсны i леты. Вяскоўцы мае — людзi харошыя. Трапiла цяпер у бальнiцу, дык суседзi Кладко як пра родную клапацiлiся... — Ветэраны вайны, адзiнокiя i адзiнока пражываючыя, — гаворыць старшыня Ханявiцкага сельскага Савета Сяргей Пугачэўскi, — у нас на пастаянным кантролi. Разам з работнiкамi цэнтра абслугоўвання насельнiцтва праводзiм абследаванне сацыяльна-бытавых i матэрыяльных умоў пражывання састарэлых. Стараемся, каб просьбы цi пажаданнi вяскоўцаў выконвалiся, бо для мяне яны ўсе як родныя... ... З кожным днём сонца ўсё больш скiроўвае на восень. А я ўяўляю, як ва ўтульным агародчыку каля яе вясковай хаты палымнеюць кветкі ад якiх цяплее на душы. I на маёй душы таксама цёпла — ад сустрэчы, якую так нечакана падарыла гэта даваеннае фота... Галiна РАМАНЧУК, Свiслацкi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спагадлівая вясковая выхавацелька, як тая галубка, сабрала пад цёплае крыло неакрэплых сваiх птушанят... Дванаццаць пар жывых i рухавых вачанят застыл |
|