Тры Спасы
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
У жнiўнi iснуюць тры святы ў гонар Збавiцеля: першы Спас, мядовы, — 14 жнiўня, другi, яблычны, — 19 жнiўня, i трэцi — 29 жнiўня. Сутнасць свята адлюстроўвае бiблейскую гiсторыю. Дабравесце апавядае пра тое, што калi Iсус Хрыстос казаў вучням сваiм аб пакутах, якiя Яго чакаюць у хуткiм часе, крыжовай смерцi i ўваскрэсеннi, апосталы бянтэжылiся i засмучалiся. Яны чакалi ад Хрыста зямной вялiкасцi i не маглi зразумець, што царства Iсуса не ў гэтым свеце. Каб падтрымаць веру вучняў, Гасподзь Iсус Хрыстос паказаў iм славу Сваю. Незадоўга да Сваiх пакут Iсус Хрыстос узяў трох вучняў — Пятра, Iакава i Iаана — i з iмi ўзышоў на высокую гару Фавор памалiцца. Пакуль Збавiцель малiўся, вучнi ад стомы заснулi. Калi ж прачнулiся, то ўбачылi, што Iсус Хрыстос пераўтварыўся: твар Яго заззяў, як сонца, а адзенне стала белым, як снег, i блiскучым, як святло. У гэты час з’явiлiся Яму два старазапаветныя прарокi — Маiсей i Iлiя — i размаўлялi з Iм. Незвычайная радасць напоўнiла сэрцы вучняў. Пётр усклiкнуў: «Госпадзi! Добра нам тут быць. Калi жадаеш, зробiм тут тры кушчы: адну Табе, адну Маiсею, адну Iлii». Раптам светлае воблака ахiнула iх, i яны пачулi голас Бога Айца: «Гэта ёсць Сын Мой Любiмы, у Якiм мая добрая воля, Яго слухайце». Вучнi ў страху ўпалi на зямлю. Iсус Хрыстос падышоў да iх, дакрануўся i сказаў: «Устаньце i не бойцеся». Вучнi ўсталi i ўбачылi Хрыста ў папярэднiм выглядзе. Царква вучыць, што сваiм Праабражэннем Збавiцель паказаў людзям, якiмi стануць яны ў будучым жыццi, у Царстве Нябесным, i як пераўтворыцца тады ўвесь наш зямны свет. Другi Спас — свята садавiны. Нашы дзяды да гэтага дня садавiну не елi. А на Праабражэнне, пасля лiтургii, прыносiлi яе ў царкву для асвячэння, пасля чаго ўсю садавiну можна было ўжываць. Неслi не толькi яблыкi (хоць iх было больш за ўсё), але i слiвы, грушы, увогуле ўсялякiя плады. На Беларусi ў гэты дзень ладзiлiся кiрмашы, спявалiся валачобныя песнi: «Святы Спасiк, пiльны часiк...» Лiчылася, што лета скончылася i настае бабiна лета — надвор’е становiцца халаднейшае, месцамi ўжо сеялi азiмыя i капалi раннюю бульбу. — Не ўжываць яблыкi, грушы i вiнаград да свята Праабражэння — гэта царкоўная традыцыя, — патлумачыў «Звяздзе» архiмандрыт Алексiй (Шынкевiч), адказны за сувязь са СМI Мiнскага епархiяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы. — I традыцыю гэтую набожныя людзi захоўваюць. «Прынашэннем i блаславеннем пладоў Праваслаўная царква ўнушае, што ў ёй, як у грамадстве свяшчэнным, усё — ад чалавека да раслiны — павiнна быць прысвечана Богу, як уласнасць Божая, i на ўжыванне яе заклiкана блаславенне Божае, — апавядае аб традыцыi асвячэння пладоў у свята Праабражэння афiцыйны сайт кафедральнага сабора Маскоўскага Патрыярха (www.xxc.ru). — Прынашэннем i блаславеннем пладоў Царква абавязвае нас утрымлiвацца ад iх да блаславення iх i тым, мiж iншым, садзейнiчае захаванню нас ад хвароб, якiя могуць здарыцца ад ужывання без блаславення няспелых пладоў, а ўжываннем ад асвячоных пладоў зводзiць блаславенне Божае на тых, хто прыносiць набытак свой у ахвяру Богу». Паводле падання святых айцоў, той, хто еў плады да свята Праабражэння, нёс пакаранне — забарону на ўжыванне iх да канца жнiўня. I сёння такая непаслухмянасць лiчыцца грахом, сутнасць якога — парушэнне царкоўнага статута, патлумачыў газеце праваслаўны святар. Мэта забароны на ўжыванне пладоў да другога Спаса (яблыкi, грушы i вiнаград) — выхаванне ўстрымання ў малым, што, як i любы пост, дапамагае людзям у барацьбе са страсцямi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У жнiўнi iснуюць тры святы ў гонар Збавiцеля: першы Спас, мядовы, — 14 жнiўня, другi, яблычны, — 19 жнiўня, i трэцi — 29 жнiўня
|
|