Мужа заказвалi?!— Чаму «муж», а не звыклае «майстар»? Наводзiць на пэўныя думкi... — (Смяецца.) Так, вы не першая, каго гэта цiкавiць. Тут усё проста: муж — той, хто робiць для сваёй хаты, а значыць, робiць якасна. Да таго ж з мужам можна дамовiцца на канкрэтны час, i не трэба будзе чакаць яго ўвесь дзень. Муж — той, хто зробiць любую работу. — I доўга вы «жанаты»? — Два гады. — На якiя паслугi можа разлiчваць ваш клiент? У адказ Юрый Iванавiч працягвае вiзiтку, адкуль на мяне пазiрае вясёлы гадзiннiк з адвёрткай i гаечным ключом замест стрэлак — лагатып «мужа». «Мабiльнасць i якасць!» — абвяшчае вiзiтка, рэкламуючы такiм чынам свайго гаспадара. Нiжэй — асартымент прапанаваных паслуг: дробныя сталярныя работы, паслугi электрыка i сантэхнiка, рамонт i зборка мэблi, паслугi кур’ераў i персанальныя паслугi для задавальнення патрэб iндывiдуальных асоб. Мабыць, пры прачытаннi двух апошнiх пунктаў на маiм твары штосьцi змянiлася, бо Юрый Iванавiч, хiтра ўсмiхнуўшыся, патлумачыў: — Паслугi кур’ераў — гэта, напрыклад, суправаджэнне дамы на дзелавую вячэру, а персанальныя паслугi... — ... кава ў ложак i прыгатаванне смачнага абеду? — працягваю я. — Прыблiзна так. — А што, звяртаюцца з падобнымi просьбамi? — Пакуль такiх выпадкаў не было, але... раптам каму спатрэбiцца?! — А што гатаваць у такiм разе будзеце? — Што заўгодна, але лепш за ўсё ў мяне атрымлiваюцца дранiкi. — I колькi будуць каштаваць дранiкi? — Ад 15 да 20 тысяч беларускiх рублёў, як i ўсе мае паслугi. — Юрый Iванавiч, абмалюйце, калi ласка, партрэт вашага клiента. — Пяцьдзесят на пяцьдзесят мужчын i жанчын. Ёсць, праўда, яшчэ адна прыватная стаматалагiчная палiклiнiка. — Працягласць вашага працоўнага дня? — Па-рознаму. Бывае, што i восем гадзiн. — I колькi паслуг вы аказваеце за гэты час? — За адзiн дзень больш, чым тры заказы выканаць складана. Многа часу затрачваецца на дарогу. Да таго ж я часта наведваю крамы будматэрыялаў: шукаю новыя, мажлiва, больш якасныя iнструменты. А гэта таксама час. — Якi заказ вас здзiвiў? — Укруцiць лямпачку. — Цi бываюць у вас цяжкасцi з клiентамi? — Так. Яны ўзнiкаюць, калi жыхары кватэры пачынаюць сварыцца памiж сабой, вырашаючы, напрыклад, дзе павiнна вiсець палiца. У такiх выпадках мне адводзiцца не зусiм удзячная роля трацейскага суддзi. — Тры рэчы, якiя дапамагаюць вам працаваць? — Сябры, цярпенне i асабiстая рыса характару — гатовы ўзяцца за любую працу, як у прыказцы: «Вочы баяцца — рукi робяць». — Тры рэчы, якiя перашкаджаюць вашай працы? — Недахоп грошай (у прыватнасцi, на прылады працы) i часу. А таксама — не магу адмовiць чалавеку. — I што, вы нiколi не адмаўлялi? — Вядома, адмаўляў, але з цяжкасцю. Вось аднойчы жанчына выклiкала мяне, каб я сабраў ёй шафу. Як толькi я глянуў на гэтую «шафу» (адна назва!) зразумеў: «Нiчога не выйдзе». Прадмет мэблi быў у такiм стане, што, нават калi б я яго сабраў, ён бы развалiўся на наступны дзень. Браць грошы за проста так, падманваць клiента? Нiзашто. Жанчыне давялося адмовiць, патлумачыўшы сiтуацыю. — Юрый Iванавiч... Лапiн напружыўся. — Не пужайцеся. Блiц-апытанне. — Тэст? — «муж на гадзiну» недаверлiва паглядзеў на мяне. — Ага!.. — я не стала супакойваць. — Ну... (Пасля невялiкай паўзы, з выдыхам.) Давайце. — Што можна зрабiць пры дапамозе аднаго цвiка? — Кручок — раз, шыла — два, калi цвiк добра так расплюшчыць, неблагi ножык. Тры. — Што б вы ўзялi з сабой на бязлюдны востраў? — Сякеру. I тэлевiзар, — Юрый Iванавiч сам засмяяўся са свайго жарту. — А калi сур’ёзна, то — соль, каб смачнейшымi здавалiся розныя чарвячкi. — Самае складанае ў вашай працы... — ...недахоп iнструментаў. Я ўзгадала два вялізныя чамаданы па кiлаграмаў дзесяць кожны. — ??? — Так, я гатовы набыць усе магчымыя iнструменты. Галоўнае — каб яны былi якасныя. З якаснымi iнструментамi працаваць лягчэй. — Ад клiента вы заўсёды чакаеце... — ...узаемаразумення. — Самы вялiкi страх, звязаны з вашай працай? — Нанесцi ўрон людзям. — Любiмае выказванне? — Усё праходзiць — i гэта пройдзе. Юрый Iванавiч прызнаецца, што ва ўласнай хаце нiчога рабiць не паспявае. «Жонка хутка прагонiць», — скардзiцца. А вось на адпачынак, лiчыць, грэх часу не знайсцi. Задушэўныя размовы з сябрамi i рыбалка — тое, што трэба. Ды i ад добрага фiльма не адмовiцца. Праўда, нават падчас адпачынку думае аб працы. Славуты «муж на гадзiну» прымае актыўны ўдзел у арганiзацыi вечароў для ветэранаў ДАI (Юрый Iванавiч не адзiн год працаваў ва Упраўленнi ДАI г. Мiнска. — В.С.) Любiць падарожнiчаць. Забайкалле, Расiя, Прыбалтыка, Польшча, Малдова, Украiна — арэал часовага знаходжання немаленькi. «Знаёмы» з Балтыйскiм i Чорным морамi. Перавагу аддае першаму. — Юрый Iванавiч, мы з сябрамi хутка ладзiм вечарыну. Калi што пойдзе не так, можна да вас звяртацца? Я маю на ўвазе праблемы з электрычнасцю. — Вядома, можна. — Нават у дзве гадзiны ночы? — У любы час сутак. Вiкторыя СВIРСКАЯ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны дзень iмчыць па сталiчных дарогах белы аўтамабiль, пакiдаючы за сабой сотнi кiламетраў. З прыадчыненых вокнаў льецца музыка радыё «Рокс», а б
|
|