Атруцiцца можна не толькi ядавiтымi Грыбамi
Вольга ШАЎКО
Кожны год у рэспублiцы рэгiструецца 250—300 выпадкаў атручвання грыбамi. Не абыходзiцца без непрыемнасцяў i ў сёлетнi грыбны сезон. Як расказала загадчыца аддзела гiгiены Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Анжэла Скурановiч, найбольш праблемнай з’яўляецца восень. На верасень прыходзiцца пiк збору грыбоў i робяцца грыбныя нарыхтоўкi на зiму. Менавiта грэбаванне некаторымi правiламi могуць прывесцi да таго, што закаткi i закруткi стануць прычынай атручвання i ў зiмовы перыяд.
Па сваёй цяжкасцi вострыя атручваннi грыбамi займаюць вядучае месца сярод усiх небактэрыяльных харчовых атручванняў. Захворванне, як правiла, пачынаецца раптоўна, часта ноччу, праз 3—12 гадзiн пасля ўжывання грыбоў, клiнiчны малюнак на пачатковых стадыях захворвання выглядае так: рэзкi боль ў жываце, моцная рвота, панос, слабасць, галаўны боль. Потым да гэтых сiмптомаў могуць далучацца сутаргi, галюцынацыi, трызненне. Смяротны зыход пры атручваннях неядомымi грыбамi дасягае 25—50 працэнтаў выпадкаў. Калi ў ежу трапiў мухамор, пад уздзеяннем алкалоiдаў, якiя грыб утрымлiвае, развiваецца рухальнае ўзбуджэнне, узнiкаюць галюцынацыi. На пачатковай стадыi атручвання бледнай паганкай хворыя ўсхваляваныя, неспакойныя. Аднак, падкрэслiвае Анжэла Леанiдаўна, атруцiцца можна не толькi ядавiтымi па сваёй прыродзе грыбамi, але i так званымi ўмоўна-ядомымi, калi грэбаваць асноўнымi правiламi iх гатавання. Да ўмоўна-ядомых адносяцца: некаторыя вiды сыраежак, свiнушкi, смаржкi, ваўнянкi, чарнушкi. Яны ўтрымлiваюць смалападобныя рэчывы i могуць выклiкаць гастраэнтэрыт — запаленне страўнiка i тонкага кiшэчнiка. Ужываць у ежу ўмоўна-ядомыя грыбы без спецыяльнай кулiнарнай апрацоўкi нельга. Iх трэба адварваць двойчы, не менш за 50 хвiлiн кожны раз. Абодва разы грыбы пасля варкi неабходна прамываць у праточнай вадзе. Увогуле ўрачы-гiгiенiсты рэкамендуюць грыбнiкам, перш чым адправiцца на цiхае паляванне, запомнiць некалькi правiлаў. Iдучы ў лес, неабходна ведаць вiдавы склад грыбоў i збiраць толькi тыя, што не выклiкаюць сумненняў. Асаблiвую ўвагу трэба звярнуць на тое, што ядомыя грыбы пры неспрыяльных экалагiчных умовах (паблiзу прамысловых прадпрыемстваў i аўтамабiльных трас, у радыеактыўных зонах) становяцца таксiчнымi, бо назапашваюць у высокiх канцэнтрацыях ртуць, свiнец, кадмiй i iншыя цяжкiя радыеактыўныя рэчывы. Трэба памятаць, што грыбы — прадукт, якi хутка псуецца, таму iх трэба перабраць i адсартаваць адразу. Перабiраючы грыбы, неабходна выкiдваць старыя, бо пры iх старэннi ў тканках адбываюцца складаныя хiмiчныя працэсы з утварэннем ядавiтых рэчываў. У старых грыбах, нават такiх, як белыя, падасiнавiкi, падбярозавiкi, паколькi яны ўтрымлiваюць бялкi i тлушчы, у працэсе старэння ўтвараюцца высокатаксiчныя спалучэннi. Сарцiроўкай i гатаваннем грыбоў павiнны займацца толькi дарослыя. Бацькам таксама неабходна ведаць, што грыбы павiнны быць выключаны з рацыёну дзяцей да 3-х гадоў. Не варта купляць грыбы ва неўстаноўленых месцах. Зусiм вiдавочна, што тут не будзе гарантый якасцi i бяспекi. А вось на рынках уся прадукцыя падлягае абавязковаму кантролю, што дапаможа застрахавацца ад непрыемнасцяў. Грыбы валодаюць здольнасцю паглынаць з навакольнага асяроддзя i незапашваць таксiчныя рэчывы, у канцэнтрацыях, якiя ў некалькi разоў перавышаюць утрыманне iх у глебе, вадзе, раслiнах, таму ўсе грыбы неабходна адварваць, а адвар злiваць. Таксама без папярэдняга адварвання не варта смажыць грыбы. Гаспадыням медыкi нагадваюць, што пры нарыхтоўцы запасаў на зiму лепш не кансерваваць грыбы пад шчыльнай накрыўкай, а замарынаваць iх цi засалiць. Марынаваць рэкамендуецца ядомыя грыбы без едкага смаку мякацi: трубчатыя (белыя, падбярозавiкi, маслякi i г.д.) i пласцiнчатыя (шампiньёны, таўстушкi, лiсiчкi, апенькi, зялёнкi). У засол дапускаюцца ўсе ядомыя грыбы. Пласцiнчатыя грыбы толькi пасля папярэдняй апрацоўкi: iх замачваюць, двойчы адварваюць па 20 мiнут. Пры падазрэннi на атручванне грыбамi трэба выклiкаць хуткую дапамогу. Позна (на 2—5-я суткi) пачатае лячэнне пры атручваннi ядавiтымi грыбамi неэфектыўнае i прыводзiць да смерцi. Што рабiць да прыходу ўрача? Перш за ўсё неабходна прамыванне страўнiка: дайце пацярпеламу выпiць 5—6 шклянак вады цi малака. Потым, раздражняючы пальцам цi чайнай лыжкай корань языка, выклiчце рвоту. Гэту працэдуру можна паўтарыць 3—5 разоў, прычым у цёплую ваду (не гарачую!) дабаўляць можна пiтную соду, па адной чайнай лыжцы на шклянку вады. Можна дабаўляць таксама сыры яечны бялок, змяшаўшы яго добра з вадой. Прамыванне можна праводзiць з дапамогай шчолачнай мiнеральнай вады, злёгку падагрэтай. Хворага варта пакласцi ў ложак, прыкласцi да рук i ног цёплыя грэлкi, даваць яму пабольш пiць, а пры рэзкай слабасцi — моцную цёплую гарбату цi адвар рамонку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны год у рэспублiцы рэгiструецца 250—300 выпадкаў атручвання грыбамi. Не абыходзiцца без непрыемнасцяў i ў сёлетнi грыбны сезон
|
|