Вялiкая ягада для вялiкай кампанii
Вольга ШАЎКО
Смачна есцi У самым разгары гандаль кавунамi i дынямi. Гэтыя паўднёвыя ласункi заўсёды дарэчы на нашых сталах. Аднак, каб атрымаць сапраўдную асалоду ад вялiкай ягады, трэба ўмець правiльна выбраць самы сакавiты i спелы кавун.Нягледзячы на вялiкую колькасць народных назiранняў, вызначыць спеласць кавуна няпроста. Спецыялiсты сцвярджаюць, што абсалютна дакладных крытэрыяў тут няма. Першае, на што трэба звярнуць увагу, дык гэта на лупiну паласацiка. Яна заўсёды павiнна быць насычанага колеру i вельмi шчыльнай. Кавун павiнен быць з сухiм хвосцiкам i выдаваць звонкi гук пры пастукваннi. А калi вы сцiснiце яго дзвюма рукамi — спелы затрашчыць. Адна з iстотных прыкмет якасцi — жоўты (а не белы) колер земляной плямiны на баку кавуна. Акрамя таго, можна пацерцi бок i панюхаць яго. Калi прыбiўся пах свежаскошанай травы, не бярыце тавар. Знаўцы сцвярджаюць: такi водар не павiнен зыходзiць ад кавуна. Не павiнна быць i рыхлай мякацi i сэрцавiны нават у пераспелай ягады. Канешне, апошняе можна праверыць толькi разрэзаўшы кавун. Аднак гэтага якраз рабiць нельга. Справа ў тым, гаворыць загадчыца аддзела гiгiены Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Анжэла Скурановiч, што на паверхнi кавуна знаходзiцца вельмi шмат узбуджальнiкаў кiшэчных iнфекцый, якiя пры парушэннi цэласнасцi лёгка пранiкаюць у мякаць i ствараюць сур’ёзную пагрозу здароўю тых, хто вырашыў паспытаць сакавiтую ягаду. Тым больш такiя манiпуляцыi небяспечныя, калi няма ўмоў памыць i кавун, i нож, якiм яго надразаюць. Вядома, што бахчавыя захоўваюць i перавозяць далёка не ў стэрыльных умовах. Таму санiтарнымi нормамi нашай рэспублiкi, а таксама правiламi гандлю на рынках, зацверджанымi пастановай Савета Мiнiстраў, забаронена рэалiзацыя бахчавых культур у разрэзаным i надрэзаным выглядзе. Яшчэ кавуны схiльныя да назапашвання хiмiкатаў, якiя былi выкарыстаны пры iх вырошчваннi. Гаспадары бахчавых для паскарэння саспявання ягады часта шчодра падкармлiваюць яе «хiмiчнымi» вiтамiнамi, каб сабраць за сезон 2—3 ураджаi. А калi кавун не дацягваў па колеру, яму рабiлi ўсяго адзiн укол марганцоўкi. Кожны сезон мiнскiя медыкi ў сярэднiм у дзесяцi ўзятых пробах кавуноў знаходзяць перавышэнне нiтратаў. Канешне, партыi такiх «мутантаў» бракуюць. Але ўсё ж верагоднасць набыць неядомага паласатага гiганта ёсць. Як жа вызначыць, перакормлены кавун нiтратамi цi не? Калi ў разрэзаным выглядзе вы бачыце чырвоную мякаць з лёгкiм адценнем лiловага колеру, то гэта «лiпавы» кавун. Пры лiшку нiтратаў i нiтрытаў у мякацi можна знайсцi жаўтаватыя згушчоныя ўчасткi. Пражылкi стромы ў мякацi таксама пры гэтым маюць жоўты колер. А на думку знаўцаў, яны павiнны быць толькi белымi. Здаровы кавун заўсёды iскрыцца крупiнкамi, а перакормлены «хiмiяй» — блiшчыць на святле. А калi апусцiць адрэзаны кавалачак ягады ў шклянку з чыстай вадой i яна пры гэтым памутнее i не афарбуецца ў ружовы цi чырвоны колер, значыць, кавун удалы. Ужыванне ў ежу «хворага» гiганта можа мець сур’ёзныя наступствы, сярод якiх страўнiкава-кiшачная дысфункцыя, што асаблiва небяспечна для дзяцей. Праблемы са здароўем пачынаюцца з галаўнога болю, галавакружэння, пачырванення твару i шыi, а таксама чырвоных кругоў пад вачыма, калi пасля кавуна з’явiлася хоць бы адна з гэтых прыкмет, тэрмiнова звяртайцеся па медыцынскую дапамогу. А вось добрая, спелая, сакавiтая ягада можа быць не толькi смачным ласункам, яна яшчэ i цудоўная лекарка. Кавун змяшчае цукры, якiя лёгка засвойваюцца, — глюкозу i фруктозу, арганiчныя кiслоты, калiй, жалеза, карацiн. Акрамя таго, у кавуне шмат фолiевай кiслаты, клятчаткi, пекцiнаў. Ён можа выводзiць з арганiзма шчолачную мачу i таму з’яўляецца адным з самых лепшых ачышчальнiкаў нырак. Кавун таксама з’яўляецца ўнiкальным прыродным сродкам для пазбаўлення або аблягчэння сiмптомаў iнтаксiкацыi, якая ўзнiкла ў вынiку якога-небудзь захворвання, атручэння цi iстотнай выпiўкi. Клятчатка мякацi кавуна садзейнiчае аднаўленню кiшэчнай флоры, паляпшае страваванне i садзейнiчае вывядзенню халестэрыну. Дыетолагi раяць праводзiць кавуновыя разгрузачныя днi людзям, якiя пакутуюць ад атлусцення, падагры. Вiтамiны i мiкраэлементы, наяўнасць вялiкай колькасцi вады i лёгказасваяльных цукраў даюць магчымасць прымяняць кавуны ў лячэбным харчаваннi пры малакроўi, для стабiлiзацыi абменных працэсаў у пячонцы, кавуны перашкаджаюць камнеўтварэнню ў жоўцевым пузыры, дапамагаюць пры ацёках, звязаных з захворваннямi сардэчна-сасудзiстай сiстэмы i нырак. У народнай медыцыне прымяняюць высушаную лупiну, з якой гатуюць адвар у суадносiнах 1:10. Свежую цi сухую яе часам выкарыстоўваюць для лячэння калiтаў у дзяцей. Аднак, перш чым скарыстаць гаючыя якасцi гэтага зялёна-паласатага волата, трэба параiцца з урачом, бо iснуюць i процiпаказаннi для кавуновых дыет. Гэта прыроджаныя анамалii мочапалавой сiстэмы, адэнома прастаты, пасляаперацыйныя спаечныя працэсы. Не варта захапляцца кавуновымi чысткамi пры наяўнасцi ў нырках камянёў вялiкiх памераў. Пад уплывам соку кавуна яны могуць, да канца не растварыўшыся, крануцца з месца, а гэта пагражае ныркавай колiкай. Хворым на цукровы дыябет, нават калi iм вельмi хочацца пакаштаваць цукровы цуд можна ўжываць яго ў вельмi абмежаванай колькасцi — з улiкам сутачнай нормы цукру. Дарэчы, тым, хто пакутуе на мочакаменную хваробу, не варта цягнуць у сумцы адразу шмат кавуноў — фiзiчная нагрузка таксама можа выклiкаць прыступ ныркавай колiкi. Купiўшы кавун, яго трэба вымыць цёплай вадой з мылам. Гэтая простая мера дапаможа пазбегнуць кiшэчнай iнфекцыi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У самым разгары гандаль кавунамi i дынямi. Гэтыя паўднёвыя ласункi заўсёды дарэчы на нашых сталах
|
|