Студэнты здымаюць шматпакаёўкі
Сяргей ПАЛIНIН
Арэнда жылля У жнiўнi на другасным рынку сталiчнага жылля адчуваўся моцны скачок павелiчэння попыту на арэнду жылля. Эксперты агенцтваў нерухомасцi звязваюць гэту тэндэнцыю з актыўнасцю на гэтым сегменце рынку менавiта вялiкай колькасцi студэнтаў.Ажыятажны попыт на жыллё сярод будучых «кулiбiных» прывёў да iстотнага кароткачасовага падаражання арэнды мiнскiх кватэр. Тлумачыцца такая сiтуацыя тым, што сёлета ў ВНУ Мiнска паступiла рэкордная колькасць iншагароднiх студэнтаў, а месцаў у iнтэрнатах на ўсiх не хапае. Праблемы з месцамi ў iнтэрнаце iснуюць у большасцi ВНУ. Так, у БДУ сёлета засяляюць толькi каля 75 працэнтаў iншагароднiх студэнтаў. У БНТУ ложка-месца ў iнтэрнатах атрымае каля паловы першакурснiкаў, у лiнгвiстычным унiверсiтэце i педунiверсiтэце з iнтэрнатам пашчасцiць каля адной трэцi студэнтаў. Як паведамiў карэспандэнту «Звязды» начальнiк аддзела арэнды агенцтва нерухомасцi «Час пiк» Сяргей Кадол, за мiнулы год кошт арэнды маленькiх кватэр павялiчыўся ў сталiцы амаль напалову. Самая дарагая арэнда аднапакаёвых кватэр сезона трымалася на працягу двух тыдняў з 10 па 25 жнiўня. У гэты час студэнты з бацькоўскiм «доўгiм рублём» здымалi нават даволi якасныя дарагiя кватэры. Так, быў час, калi 15 жнiўня «аднапакаёўку» магчыма было зняць не танней чым за 200 долараў. Зараз цэны на арэнду другаснага жылля сярэдняга класа якасцi стабiлiзавалiся i нават пачалi знiжацца. Сярэднi кошт звычайнай тыпавой аднапакаёвай кватэры ў «спальных» раёнах сталiцы вагаецца сёння ў межах 170—180 долараў. Самае таннае жыллё прапануецца ў мiкрараёне Шабаны, дзе арэнда рэальна каштуе 160—170 долараў. У Цэнтральным раёне сталiцы «аднапакаёўка» абыдзецца кватарантам не менш як за 250 долараў у месяц. Iстотна падаражэла арэнда i двухпакаёвых кватэр. Амаль у любым мiкрараёне мiнiмальны кошт «двойкi» пачынаецца з 220 долараў плюс аплата камунальных паслуг. У Шабанах двухпакаёвую кватэру магчыма зняць за 180—200 долараў. Нават не вельмi прасторная двухпакаёвая кватэра ў Цэнтральным раёне Мiнска здаецца сёння не менш чым за 280—300 долараў. Сяргей Кадол адзначыў, што трохпакаёвыя кватэры стандартнай невялiкай плошчы звычайных спажывецкiх якасцяў здаюцца кватарантам амаль па адпаведнаму цэннiку двухпакаёвых кватэр цi на 10—30 долараў даражэй, бо менавiта такiя кватэры зараз не маюць вялiкага попыту. Эксперт адзначае, што наяўнасць або адсутнасць у кватэры, якая здаецца, мэблi, тэлефона, тэлевiзара цi iншых бытавых прыбораў iстотна на цану арэнды сёння ўжо не ўплывае. Год—два таму наяўнасць тэлефона рабiла кватэру даражэйшай, сёння — не, бо амаль кожны студэнт мае трубку для мабiльнай сувязi. Спецыялiсты агенцтва нерухомасцi сёлета ўпершыню заўважылi наступную тэндэнцыю. Раней студэнты шукалi галоўным чынам адзiнокiх пенсiянераў, каб здымаць асобны пакой. Адзiн пакой маглi здымаць нават дзве дзяўчынкi або два хлопчыкi. Сёння студэнты ўжо адразу пасля экзаменаў аб’ядноўваюцца ў мабiльныя групоўкi, пасля чаго сумесна пачынаюць здымаць шматпакаёвыя кватэры. Работнiкi агенцтваў нерухомасцi прыкмецiлi, што большасць гаспадароў невялiкiх кватэр здаюць сваё жыллё студэнтам вельмi неахвотна цi ўвогуле адмаўляюць у арэндзе. Студэнтамi здымаюцца галоўным чынам шматпакаёвыя кватэры, але i тут не ўсё гладка. Iснавалi выпадкi, калi пасля засялення кватэр студэнтамi ўласнiкi жылля адключалi праз пошту функцыю мiжгародняй сувязi на сваiх стацыянарных тэлефонах. Попыт на асобныя пакоi сёння таксама iснуе. Калi добра пастарацца, то магчыма адшукаць пакой за 50—80 долараў. У Цэнтральным раёне Мiнска арэнда пакоя будзе каштаваць ужо не менш як 100—150 долараў. Асобна эксперты адзначаюць, што падаражанне арэнды жылля закранула менавiта студэнтаў, бо невялiкай сям’i з мiнскай прапiскай цi нават без яе гаспадары здаюць свае кватэры значна танней. Уласнiкi другой або трэцяй кватэры аддаюць перавагу пры здачы жылля не iмгненнай вялiкай выгадзе, а стабiльнаму даходу на працягу некалькiх гадоў. Наяўнасць дзяцей у сям’i ў гэтым выпадку часам лiчыцца нават гарантыйным плюсам працяглай арэнды. Эксперты рынку нерухомасцi лiчаць, што ўжо ў кастрычнiку—лiстападзе памер арэнды жылля павiнен знiзiцца на 10—15 долараў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У жнiўнi на другасным рынку сталiчнага жылля адчуваўся моцны скачок павелiчэння попыту на арэнду жылля
|
|