Максiм Мiрны падыме ракетку на «брата», а потым пачастуе ў сваёй кавярнiВольны час Нарэшце, удалося злавiць самага вядомага беларускага тэнiсiста ў нашай краiне, а то Максiм Мiрны ўсё ўдзельнiчае ў розных турнiрах, пераязджае з краiны ў краiну. Падстава для гутаркi была яшчэ якая: мы ведаем Максiма, як выдатнага спартсмена, якi добра спявае i грае на гiтары, ён зняўся ў рэкламе i зараз знайшоў для сябе яшчэ адзiн занятак — частаваць людзей стравамi з уласнага кафэ, ды яшчэ з назвай «Cofee Inn» i гэта пры тым, што каву да пэўнага часу зусiм не пiў:— Да свайго вяселля кава мне сапраўды не падабалася, — расказвае Максiм. — Аднак на вяселле таварыш падарыў нам з жонкай вялiкую функцыянальную кававарку. З таго моманту не ўяўляю сваю ранiцу без капучына i г.д. Таму, калi нарадзiлася iдэя адкрыць свой рэстаран-кафэ, доўга не раздумваў, як назваць — «Cofee Inn». У прыватнасцi зараз мне падабаецца кава з малаком, бо сам напой для мяне занадта моцны. Дарэчы, у нашым кафэ, раз у iм зроблены акцэнт на каву, багатая яе калекцыя (каля 20 розных вiдаў), аднак, акрамя кавы, будуць i гарачыя стравы, i закускi, i дэсерты. — Вы, дарэчы, часта заглядваеце на кухню? Маю на ўвазе вашы кулiнарныя здольнасцi... — Там у нас хапае прафесiйных повараў. Калi ж у мяне знойдзецца вольны час, таксама прайду стажыроўку на кухнi (смяецца). Праўда, я i зараз нешта магу згатаваць i не дазволю сабе памерцi ад голаду. — Чаму вырашылi адкрыць свой рэстаран-кафэ менавiта зараз? — Можна было i раней, бо ўжо два гады, як планавалi адкрыць яго. Аднак то мяне ў Мiнску няма, то яшчэ нешта перашкаджае. Зараз атрымалася. — Iнтэр’ер адпавядае вашаму густу? — Так. Асаблiва падабаюцца шторы. У рэальнасцi яны выглядаюць больш прыгожа, чым на малюнках. Я ж апошнi раз у сталiцы быў у лiпенi, таму зараз быў прыемна здзiўлены, наколькi пераўтварыўся iнтэр’ер кавярні праз пару месяцаў пасля майго вiзiту. Мы ж спачатку хацелi адкрыць нешта падобнае на кава-хаўс цi мiнi-перакусачную, якiя такiя модныя ў Маскве, але вырашылi адысцi ад iдэi фаст-фуду, бо гэта некарысна. Няхай гэта i больш накладна, але спынiлiся на шырокiм меню i наяўнасцi шэрагу прыбораў, каб згатаваць любую ежу. — На каго разлiчана ваша кафэ? — Яго месцазнаходжанне (памiж станцыямi метро «Кастрычнiцкая» i «Нямiга») падказвае, што да нас будуць заходзiць замежныя турысты: побач жа будуецца гасцiнiца «Еўропа». Будуць прыходзiць i мiнчане, i госцi сталiцы, бо гэта цэнтр горада. Спадзяюся, збяром шматнацыянальную клiентуру, i пажылыя людзi, i студэнты змогуць зазiрнуць у «Cofee Inn», бо месца зручнае, можна сюды дайсцi пешшу. Кошт будзе сярэднiм, каб занадта не адрознiвацца ад астатнiх бараў i рэстаранаў. Лепш парадуем цiкавымi рэцэптамi. — А якiя стравы ў вас любiмыя наогул? — Мне вельмi падабаюцца пельменi i дранiкi. Гэта проста i смачна. Кавалачак майго амерыканскага выхавання паўплываў на любоў да стэйкаў, крышачку з крывёю. — Якi вы крыважадны! А ў лютым у кафэ прыйдзе швед Б’ёркман, супраць якога будзеце гуляць на матчы Кубка Дэвiса? — Спадзяюся, што так. Праўда, сюды накiруем яго мiнiмум адзiн раз (смяецца). — Наколькi цяжка будзе гуляць супраць свайго самага лепшага напарнiка? — Мне не вельмi шанцавала ў гульнях са шведамi. З Б’ёркманам скрыжоўваў ракетку 10 разоў i толькi аднойчы справiўся з iм. Мы столькi гулялi з iм у пары, што сталi як браты, таму гэты матч будзе незвычайным: тры гады нiчога не хаваем адзiн ад аднаго, дапамагаем, як на корце, так i па-за iм, нашы сем’i пасябравалi i тут нам давядзецца пераўтварыцца ў сапернiкаў, змагацца. Аднак гэта — спорт i неабходна будзе замкнуцца на прафесiйным аспекце, каб не думаць, што гуляю супраць свайго сябра. Нам патрэбна перамога. — Дома наша каманда амаль заўжды выйгравала: падтрымка цудоўная, свой хуткi корт... — Шведская зборная — адна з мацнейшых у свеце. Iх капiтан — былы нумар адзiн у рэйтынгу тэнiсiстаў. Наогул па статыстыцы яны з поспехам выступаюць у розыгрышы Кубка Дэвiса. Адзiнае, што пашанцавала, гуляем дома. Наконт пакрыцця: Швецыя — паўночная краiна, таму наш хард iх не напужае, таму што яны выраслi ў залах, i лепшыя вынiкi ў iгракоў на хуткiм пакрыццi. — I ўсё ж дома вы перагулялi нават расiян, а iх каманда ў сёлетнiм фiнале. На каго, дарэчы, ставiце — нашых усходнiх суседзяў цi аргенцiнцаў? — Хутчэй — на расiян. Праўда, расстаноўку сiл пабачым толькi на корце ў фiнале. Расiяне выйгравалi Кубак толькi аднойчы ў гасцях у Францыi. Двойчы каманда губляла трафей у фiнале дома: уступiла шведам, у саставе якiх быў i Б’ёркман, i яшчэ раз у хатнiм фiнале зборная прайграла амерыканцам. Магчыма, у трэцi раз расiянам пашанцуе здабыць Кубак. Загадваць, канешне ж, не стану, бо вынiк гульнi — настолькi непрадказальная справа... У тэнiсе не бывае нiчыйнага зыходу, я выходжу на корт i ведаю, што або стану пераможцам, або не. I гэта псiхалагiчна вельмi дапамагае. На шчасце, за апошнiя 15 гадоў на сваiм корце мы прайгралi толькi раз украiнцам i то ў пачатку нашага выступлення ў 1994-м цi 1995 годзе. — Тэнiсны сэзон хутка заканчваецца. Як ацэньваеце сваё выступленне? — Галоўнае — здароўе, а без паражэнняў не бывае. Цяжка было захаваць рэйтынг. У пары ўдалося, а ў адзiночным разрадзе не выйшла, згубiў ачкi, але наперадзе пяць турнiраў i ўсё можна выправiць. — Дзякуй за гутарку i поспехаў вам на корце! Размаўляла Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарэшце, удалося злавiць самага вядомага беларускага тэнiсiста ў нашай краiне, а то Максiм Мiрны ўсё ўдзельнiчае ў розных турнiрах, пераязджае з краiн
|
|