Ашмяны ў кветках. У Ашмян — святаНа вулiцы — кастрычнiк, амаль што — перадзiмак, а невялiкi беларускi горад Ашмяны патанае ў кветках. У жывых кветках, якiя тут лiтаральна паўсюдна: на вулiцах i ў гарадскiх скверах, на тэрыторыях, прылеглых да прадпрыемстваў, школ, гарадскiх устаноў. Гэтаму буйству кветак, вядома, паспрыяла сёлетняе цёплае восеньскае надвор’е. Але што змагло б нават тое цёплае надвор’е без клапатлiвых рук чалавечых... У Ашмян — свята. Добрае свята горада: 665 гадоў з дня яго заснавання святкуюць тут. Вядома ж, да свята належыць як след рыхтавацца. Ашмяны i рыхтавалiся. Яшчэ з вясны ўсяляк упрыгожвалi свае вулiцы i двары. Да гэтага былi падключаны практычна ўсе, у горадзе аб’явiлi конкурсы на лепшае добраўпарадкаванне жылога дома i тэрыторыi двара, на лепшую сядзiбу, на наданне найлепшага знешняга выгляду аб’ектам сацыяльнай сферы i вытворчым аб’ектам. Ну, а як лепш за ўсё можна ўпрыгожыць гэтыя самыя тэрыторыi i аб’екты? Вядома ж, з дапамогай кветак. Як зазначылi б асобныя надзвычай прагматычныя кiраўнiкi, — i прыгожа, i без лiшнiх бюджэтных выдаткаў. Дарэчы, што ўжо тут хаваць: у Ашмянскiм райвыканкаме менавiта так i сказалi. I, напэўна, не варта нiкога папракаць за гэты прагматызм. Хутчэй, менавiта так i належыць рабiць пры падрыхтоўцы да свят i iх правядзеннi — з добрай доляй прагматызму. Зрэшты, рыхтавацца да свята ды зусiм абысцiся без выдаткаў — таксама нiяк не выпадае. У Ашмянах не толькi буялi кветкi. На той час, калi мы былi там, у горадзе заканчвалi паднаўляць ды фарбаваць фасады, на вулiцах iнтэнсiўна клалi тратуарную плiтку. Мы пры гэтым былi сведкамi асобных, даволi цiкавых (скажам так) размоў. «Вы свой магазiн на першым паверсе фарбуеце — не забудзьцеся пафарбаваць i другi паверх». — «Дык гэта ж ужо не наш паверх — там размешчана гарадская ўстанова...» — «А вы што — ужо аддзялiлiся ад горада?...» Гэта, аднак, былi, так бы мовiць, чыста рабочыя размовы. Як падкрэслiвалi ў райвыканкаме, усе да гэтых перадсвяточных турбот па прыхарошванню горада аднеслiся з добрым энтузiязмам i належным разуменнем. У райвыканкаме таксама гаварылi: святкаванне Дня заснавання горада — гэта добрая нагода для таго, каб паўсюдна ў iм прыбрацца, навесцi належны парадак, каб прывiць людзям добрую звычку да гэтага парадку, навучыць iх любiць свой горад... Ды i ўвогуле ўсё гэта вельмi добра стасуецца з дзяржаўным заклiкам аб навядзеннi належнага парадку на нашай беларускай зямлi. Расказваючы пра турботы ашмянцаў па ўпрыгожванню свайго горада, нельга тут таксама не сказаць: у той час, калi мы любавалiся гарадскiмi кветкамi, мiнскiя скульптары Крахалёвы «шлiфавалi» вялiзны камень, якi павiнен у дзень свята «адкрыць» уезд у горад. Такi ж вялiзны (пад два метры ў вышыню) i вельмi неабдымны, як i ў добра вядомых Гальшанах, размешчаных на ашмянскай зямлi. Там такi вось камень — памятны знак устанавiлi нядаўна ў гонар беларускай князёўны Соф’i Гальшанскай — заснавальнiцы адной з магутных еўрапейскiх дынастый Ягелонаў... А ўвогуле, славiцца сваiмi гiстарычнымi iмёнамi ашмянская зямля: тут вам нагадаюць i пра князя Панятоўскага, i графа Чапскага i пра iншых добра вядомых асоб. А яшчэ — i пра больш блiзкiх сучаснiкаў: Уладзiмiра Караткевiча з яго раманам «Чорны замак Альшанскi», Францiшка Багушэвiча, прах якога знаходзiцца на ашмянскай зямлi... — Юрый Уладзiмiравiч, што перш за ўсё хацелi б сказаць вы пра Ашмяны? — Ашмяны знаходзяцца на гiстарычным перакрыжаваннi транспартных калiдораў: тут вам i шлях на Лiтву, да якой усяго 14 кiламетраў, i паўночна-заходняя мяжа краiны, i прамы напрамак на Мiнск. Адсюль — i асаблiвасцi iнфраструктуры горада. Так, непадалёк ад нас знаходзiцца пагранiчны пераход Каменны Лог — адзiн з асноўных мiжнародных транспартных калiдораў. Адпаведна, у Ашмянах размешчана даволi буйная мытня са штатам 670 чалавек, якая закрывае ўсе мытныя пытаннi дзвюх абласцей i 6 раёнаў; ёсць i пагранiчная камендатура. Словам, Ашмяны — прыгранiчны горад з усiмi адметнасцямi, якiя адсюль вынiкаюць... Але, безумоўна, найперш Ашмяны — гiстарычны горад, прычым адбiткi гiстарычнасцi ў iм цесна пераплялiся як памiж сабой, так i з праявамi новага. Паглядзiце на цэнтр Ашмян: тут вам мiрна суседнiчаюць, цераз плошчу, i праваслаўная царква, i каталiцкі касцёл; тут жа i сучасны будынак райвыканкама. Увогуле ў Ашмянах нядрэнна захаваўся гiстарычны цэнтр. Разам з тым незаўважна выраслi новыя, маладыя Ашмяны — з сучаснымi жылымi кварталамi i мiкрараёнамi. Апошнiм часам у горадзе штогод уводзiцца па аднаму новаму шматпавярховаму дому, а, напрыклад, у наступным годзе мяркуем увесцi два дамы. Пры гэтым варта нагадаць: Ашмяны — адносна невялiкi горад, у iм жывуць каля 14,7 тысячы чалавек. Сённяшнiя Ашмяны — гэта горад розных рэлiгiйных канфесiй, з якiх найбольш прадстаўнiчыя — каталiцкая i праваслаўная; на тэрыторыi Ашмяншчыны ёсць вялiкая цыганская абшчына. Узаемаадносiны рэлiгiйных канфесiй — па-сапраўднаму добрасуседскiя. Пры гэтым iх прадстаўнiкi рэгулярна запрашаюцца ў райвыканкам для вырашэння нашых агульнараённых праблем. Увод новых аб’ектаў на тэрыторыi раёна традыцыйна праходзiць з удзелам двух свяшчэннiкаў — каталiцкага i праваслаўнага. Словам, нiякага раздзялення, нiякай канфрантацыi. Тут жа таксама зазначу: на Ашмяншчыне ёсць 7 помнiкаў архiтэктуры, прычым апошнiм часам у раёне робiцца многае, каб наш край добра ведалi i наведвалi. I, напрыклад, у мiнулым годзе недзе 12 з паловай тысяч чалавек пабывалi ў нашых знакамiтых Гальшанах, у прыватнасцi — у фiлiяле Нацыянальнага музея, якi размешчаны там. Гэта для невялiчкiх Гальшанаў — нямала. Больш актыўна адкрываць нашу Ашмяншчыну для турыстаў, як сваiх, так i замежных, думаем далей. — Юрый Уладзiмiравiч, як сёння працуюць у Ашмянах? — Вось тут якраз дарэчы назваць яшчэ адну з асаблiвасцяў Ашмяншчыны: усё, што ў нас вырошчваецца, — у нас жа i перапрацоўваецца. Пры гэтым пазнаёмлю спачатку з нашым прамысловым сектарам. Наш флагман у прамысловасцi — гэта, вядома ж, мясакамбiнат. Гэта прадпрыемства дынамiчна развiваецца, яно, як кажуць, мае свой твар, сваю гандлёвую марку; ведаюць яго як у нашай краiне, так i за яе межамi. Добрых слоў заслугоўвае i работа Ашмянскага сырзавода, якi каля 90 працэнтаў сваёй прадукцыi адпраўляе на экспарт. Цяпер тут у стадыi завяршэння маштабная рэканструкцыя, i, спадзяюся, новая сучасная лiнiя па вырабу сыроў, якая на заводзе ўстаноўлена, да свята горада будзе запушчана. Практычна на тэрыторыi горада знаходзiцца льнозавод. Гэты год для льнаводаў выдаўся нетыпiчны, яны не атрымалi лён належнай якасцi, i, няйначай, iльноперапрацоўшчыкаў чакаюць пэўныя цяжкасцi. Iх задача — выйсцi з гэтага становiшча з найменшымi стратамi. У нас ёсць i свой крухмальны завод; адпаведна, перапрацоўка бульбы — таксама свая. Што на сёння найбольш адметна для гэтага прадпрыемства: тут сёлета асвоiлi тэхналогiю вырабу крухмалу з кукурузы, прычым цi не першымi ў Беларусi. Спажывецкiя ж якасцi кукурузнага крухмалу — больш высокiя; ён, адпаведна, вельмi добра запатрабаваны на рынку. Першыя партыi новага крухмалу ўжо выпушчаны, гэта прадукцыя сертыфiкавана. Хацелася б, аднак, каб яму аказаў пэўную падтрымку Белхарчпрам: прадпрыемству патрэбен крэдыт для таго, каб купiць сыравiну. Такiм чынам, паўтару, наша адметнасць заключаецца яшчэ i ў тым, што ўсё вырашчанае на нашай зямлi ў нас жа i перапрацоўваецца. Яшчэ варта сказаць колькi слоў пра наша наступнае прадпрыемства — «Радыётэхнiку». У свой час гэта было прадпрыемства абаронкi з колькасцю працуючых больш за тысячу чалавек. Зразумела, на той час яно мела вельмi ўстойлiвае становiшча. Тым не менш, i сёння яно ўтрымлiваецца на рынку, мае на iм сваю нiшу. У прыватнасцi, тут выпускаюць светлавое абсталяванне практычна для ўсiх вiдаў тэхнiкi рухомага саставу, або заднiя лiхтары, лiхтары для абазначэння габарытаў i г.д. Завод выйшаў на кантракты з расiйскiм ЗIЛам, за апошнiя паўгода тут нават змаглi заснаваць 30 новых рабочых месцаў. Разам з тым хацелася б, каб на вось такiя невялiкiя правiнцыяльныя прадпрыемствы большую ўвагу звяртала Мiнiстэрства прамысловасцi, каб гэтыя невялiкiя прадпрыемствы «праглыналi» нашы заводы-гiганты i максiмальна размяшчалi на iх заказы. Гэта патрэбна ў першую чаргу для такiх невялiкiх гарадоў, як наш, у якiх i размешчаны падобныя прадпрыемствы, патрэбна для развiцця гэтых гарадоў, належнага вырашэння ў iх праблем, звязаных з працаўладкаваннем людзей... У горадзе таксама працуе такое цiкавае прадпрыемства, як «Белкава». Тут маюць самую сучасную машыну, якая абсмажвае зерне кавы, i практычна ўсе, хто ў рэспублiцы яе фасуе, спачатку звяртаюцца да нас. У Ашмянах працуе i дражджавы завод. Крыху пра наш сацыяльны сектар. Горад мае сельскагаспадарчы лiцэй i аграрна-эканамiчны каледж. Наш гонар — гэта нашы агульнаадукацыйныя школы, школа-гiмназiя. Напрыклад, першая школа лiтаральна нядаўна выязджала на фестываль дзiцячай творчасцi ў Польшчу i атрымала там залатыя ўзнагароды. У школах актыўна ўдзельнiчаюць у конкурсе «Упрыгож школу сваiмi рукамi». Тая ж СШ № 1 выйшла ў мiнулым годзе пераможцам такога конкурсу ў рэспублiцы. Нельга не прадставiць тут i гаспадаркi раёна, якiя сiлкуюць нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы. У раёне налiчваецца 9 кааператываў i эксперыментальная база «Баруны». Што мы перш за ўсё маем на ўвазе, развiваючы сваю сельскагаспадарчую вытворчасць? У першую чаргу стварэнне аграгарадкоў, што iстотна зменiць, i ўжо мяняе, само жыццё вяскоўцаў. Менавiта гэта ў аснове стварэння аграгарадкоў, а ўжо маючы iх, можна надаць i новы iмпульс таму ж развiццю сельскагаспадарчай вытворчасцi. У раёне ўжо створаны аграгарадок «Навасёлкi», прыгожыя домiкi якога проста нельга не заўважыць пры пад’ездзе да Ашмян з боку Мiнска. Гэта, так бы мовiць, твар нашага раёна, яго будучыня. Можна многае пералiчваць, што маюць жыхары названага аграгарадка, зазначу толькi адно: такога добрага дзiцячага садка, якi ёсць у iм, нiдзе ў самiх Ашмянах не знайсцi. Дарэчы, гэты аграгарадок па свайму добраўпарадкаванню, знешняму аблiччу заняў другое месца ў вобласцi. Усё тут кампактна i зручна для людзей, ёсць газ... У нашых блiжэйшых планах — узвядзенне яшчэ некалькiх аграгарадкоў — у Жупранах, Барунах i iншых населеных пунктах. Да канца года ў раёне таксама будзе пракладзена 21,5 кiламетра газаправода, якi злучыць амаль усе нашы аграгарадкi — цяперашнiя i будучыя. Якую мы атрымалi сёлета аддачу ад нашага сельскагаспадарчага сектара?.. Я называю гэты год «высакосным», г.зн. нялёгкiм для сельскiх працаўнiкоў. 43 днi, у чэрвенi—лiпенi, на тэрыторыi раёна не было нi кроплi ападкаў, а ў жнiўнi мы атрымалi iх 4-месячную норму. У вынiку недабралi ў адносiнах да мiнулага года 6 тысяч тон збожжавых. Разам з тым можна чакаць, што ўраджай бульбы будзе нават лепшым, чым у мiнулым годзе. Дажджы i цяперашнiя цёплыя ночы павiнны паспрыяць i добраму ўраджаю буракоў. Кармоў для жывёлы павiнны назапасiць не менш, чым летась. Словам, для нашай перапрацоўчай галiны праблем з сыравiнай не павiнна быць. I яшчэ некалькi слоў пра наш аграсектар. Мы, у многiм дзякуючы аблвыканкаму i яго камiтэту па сельскай гаспадарцы, няблага абнавiлi сёлета яго тэхнiчны парк. Напрыклад, ён атрымаў за год 69 новых трактароў, у тым лiку 8 iмпартных, 30 камбайнаў i г.д. Разам з тым мы добра ўсведамляем: без будаўнiцтва новых аб’ектаў, без укаранення новых тэхналогiй у сельскагаспадарчай вытворчасцi рухацца далей, канкурыраваць на рынках харчавання вельмi цяжка, па сутнасцi — увогуле нельга. I ў першую чаргу па прычыне даволi высокага сабекошту сельскагаспадарчай сыравiны. Словам, трэба развiвацца ў так званым iнтэнсiўным напрамку. Напрыклад, у нас цяпер ёсць адна малочнатаварная ферма новага пакалення — у блiжэйшыя два гады iх будзе 6... Наша галоўная мэта — менавiта знiжэнне сабекошту прадукцыi. Весцi сельскагаспадарчую вытворчасць у раёне не вельмi што лёгка: глеба ў iм у асноўным глiнiстая, камянiстая; сярэднегадавая сума станоўчых тэмператур складае па раёну самае нiзкае значэнне ў вобласцi. Словам, па ўмовах гаспадарання мы наблiжаемся да гаспадарак Вiцебшчыны. I, тым не менш, у цэлым зямля ў нас добрая, нездарма на ёй некалi паны сялiлiся... — Юрый Уладзiмiравiч, Ашмяншчына суседнiчае з Лiтвой. Як ладзiце са сваiмi суседзямi? — Iмкнёмся падтрымлiваць менавiта добрасуседскiя адносiны. I асаблiва звяртаем увагу на ўмацаванне такiх вось адносiнаў апошнiм часам. Напрыклад, на свята горада мы запрасiлi i дэлегацыю з Вiльнюса. Маем сувязi не толькi з Лiтвой. Гродзенская вобласць вельмi актыўна супрацоўнiчае ў эканамiчнай i культурнай сферах, у гандлi з Паўночна-Заходняй акругай Масквы. Гэтым летам, адпаведна, шэраг раёнаў вобласцi наладзiлi такое ж супрацоўнiцтва з управамi гэтай акругi. У прыватнасцi, наш раён наладзiў адпаведныя кантакты з управай Паўночнага Тушына. Ад гэтага супрацоўнiцтва ёсць i пэўны эфект: мы атрымалi «дабро» на адкрыццё гандлёвых пунктаў у Маскве, каб, адпаведна, гандляваць сваёй прадукцыяй. А атрымаць такiя пункты менавiта ў Маскве — вельмi нялёгка. Праўда, пры ўсiм гэтым варта зазначыць: напэўна, не ўсё тут трэба вымяраць у першую чаргу эканамiчным эфектам. Можа, самае галоўнае — гэта тое, што мы застаёмся добрымi суседзямi, добрымi саюзнiкамi, што нас добра ведаюць, паважаюць. У заключэнне звярнуся да нашага свята. Яно, вядома ж, для жыхароў горада, для людзей. Гэта iх працавiтыя рукi нясуць добрую славу для нашага горада, гэта iх трапяткiя адносiны да цiкавай гiсторыi Ашмяншчыны дапамагаюць добра захоўваць наша гiстарычнае мiнулае як на плошчах i вулiцах горада, у вёсках i пасёлках, так i ў нашых сэрцах, душах.
Варта адразу ж зазначыць: пра Ашмянскi мясакамбiнат неаднойчы даводзiлася пiсаць, неаднойчы мы яго наведвалi. I заўсёды абавязкова знаходзiлi тут нешта новае. На гэты раз прадпрыемства прыемна здзiвiла сваiм вонкавым выглядам. Проста непазнавальнай стала тэрыторыя пры пад’ездзе да яго: навокал — прыгожыя архiтэктурныя кампазiцыi, па фасаду i абапал пешаходнай дарожкi — невысокiя дэкаратыўныя лiхтары. I кветкi... Яно і зразумела — у горада свята. Няйначай, i па гэтай прычыне тыя ж кветкi. Словам, можна так меркаваць... А на наш погляд, ператварылi работнiкi прадпрыемства ўсю сваю свабодную заводскую тэрыторыю ў сапраўдны батанiчны сад (менавiта так. Прычым, нагадаем: размясцiлi таксама на гэтай тэрыторыi маляўнiчыя сажалкi) — ужо няма дзе разгарнуцца тут, ды i сталi саджаць тыя ж кветкi звонку. Аднак як бы там нi было — прыгожа; умеюць работнiкi прадпрыемства прыхарошваць сваю нялёгкую працу. Дарэчы, уся гэта прыгажосць ствараецца падчас суботнiкаў. Выдатна падае сябе прадпрыемства не проста сваiм знешнiм выглядам. Але ў першую чаргу менавiта сваёй працай, сваёй выдатнай прадукцыяй. Напрыклад, зусiм нядаўна ездзiлi прадстаўнiкi Ашмянскага мясакамбiната ў Маскву ды i пакарылi там жыхароў расiйскай сталiцы менавiта найперш сваёй прадукцыяй. А таксама афармленнем экспазiцыi, уменнем прывабiць пакупнiка, арганiзаваць сам гандлёвы працэс; пакарылi масквiчоў традыцыйнай беларускай добразычлiвасцю. Дарэчы, двойчы апошнiм часам ездзiлi ашмянскiя мясаперапрацоўшчыкi ў Маскву — адзiн раз самастойна, на 12-ю Маскоўскую прамысловую выстаўку, i другi раз у саставе дэлегацыi Гродзенскай вобласцi на выстаўку-кiрмаш Паўночна-Заходняй акругi Масквы, з якой Гродзенская вобласць цесна супрацоўнiчае. I прывезлi за два разы сапраўдны ўраджай залатых i сярэбраных медалёў ды дыпломаў, а таксама бронзавую статуэтку Меркурыя — бога гандлю. I не толькi медалямi адзначана ашмянская мясная прадукцыя, але i самымi добрымi водгукамi маскоўскiх пакупнiкоў. Дарэчы, а якi, так бы мовiць, чыста практычны вынiк ад гэтых паездак? У першую чаргу — гэта асваенне новых выгадных рынкаў збыту, прапанаванне таму ж расiйскаму рынку новых гатовых прадуктаў харчавання. Прычым менавiта гатовых, на што нацэльвае айчынных iмпарцёраў урад, а не сыравiны. Як у ашмянскiх мясаперапрацоўшчыкаў выглядае справа з экспартам? У цэлым? А ў цэлым тэмпы росту экспарту сёлета за 8 месяцаў склалi тут 151,5 працэнта, ды i ў мiнулым годзе было 131,6. Напэўна, няшмат хто з экспарцёраў можа пахвалiцца такiмi тэмпамi. Увогуле назавём тут яшчэ адну вельмi паказальную лiчбу: за апошнiя 5 гадоў на Ашмянскiм мясакамбiнаце нарасцiлi выпуск таварнай прадукцыi, у супастаўных цэнах, ажно ў 3,6 раза. Вось гэта дынамiка. Дарэчы, на самiм мясакамбiнаце глядзяць на сваю справу, зыходзячы, скажам так, з зусiм iншых лiчбаў. «Цяпер на рынку мясапрадуктаў краiны — вялiзнейшая канкурэнцыя. На iм дзейнiчаюць 26 буйных айчынных мясакамбiнатаў ды мноства дробных перапрацоўшчыкаў, — зазначае Аляксандр Кавецкi. — Словам, сапраўдная канкурэнцыя, манапалiстаў практычна няма. I ўвогуле галiна iмклiва рухаецца наперад. Напрыклад, прыгадаем, што было на рынку мясапрадуктаў усяго якiх-небудзь 5 гадоў таму. Многiя, можа, ужо i забылiся пра ранейшую каўбасу ды пра ранейшы асартымент... Карацей кажучы, iншага шляху, як таксама хутка iсцi наперад, няма i ў нас. Толькi няспынна развiвацца, пастаянна суадносiць свае вынiкi з формулай «цана—якасць». Ва ўсiм гэтым — сутнасць сённяшняга выжывання... Што ляжыць у аснове цяперашняй iмклiвай дынамiкi ашмянскiх мясаперапрацоўшчыкаў? Многiя, адказваючы на гэта пытанне, называюць праведзеную на камбiнаце маштабную рэканструкцыю, якая закранула лiтаральна ўсю вытворчасць. Сапраўды — гэта так: рэканструкцыя, па сутнасцi, перавярнула ўсё вытворчае жыццё ашмянскiх мясаперапрацоўшчыкаў. I ўсё ж мы на першае месца паставiлi б пачуццё новага ў ашмянцаў, уменне арыентавацца ў складанай рынкавай абстаноўцы, уменне бачыць дакладную перспектыву, што, дарэчы, прадвызначала i галоўныя напрамкi той жа рэканструкцыi на кожным яе этапе. А яшчэ — уменне абавязкова дасягаць пастаўленай мэты, даводзiць пачатую справу да лагiчнага канца. А цяпер закранём тую ж рэканструкцыю, якая тут практычна завяршылася. На Ашмянскiм мясакамбiнаце сёння працуе навейшае тэхналагiчнае абсталяванне вядучых еўрапейскiх фiрмаў. Тут у свой час убачылi перспектыву ў найхутчэйшым развiццi каўбаснай вытворчасцi — сёння на камбiнаце дзейнiчаюць сучасныя камеры вэнджання, захоўвання i даспявання сыравяленых каўбас з прадукцыйнасцю 25 тон прадукцыi ў месяц (некалi вялiкiм дасягненнем для ашмянцаў былi 7 тон). На камбiнаце перааснасцiлi сваю халадзiльную гаспадарку, павялiчыўшы яе магутнасцi ў некалькi разоў, прычым перавялi яе з амiяку на экалагiчна чысты фрэон, пераабсталявалi сваю кацельню. На Ашмянскiм мясакамбiнаце аднымi з першых у рэспублiцы арганiзавалi новую вытворчасць па выпуску рубленых мясных хутказамарожаных паўфабрыкатаў, што стала чарговым важкiм крокам у руху калектыву наперад. Варта тут жа нагадаць: уся сiстэма кiравання якасцю на камбiнаце дзейнiчае ў адпаведнасцi з мiжнароднымi стандартамi, пра што сведчыць i адпаведны сертыфiкат, якi калектыў атрымаў некалькi гадоў таму. Безумоўна, многiя змены, якiя адбылiся на Ашмянскiм мясакамбiнаце за апошнiя 5—10 гадоў, у немалой ступенi звязаны з дзяржаўнай падтрымкай перапрацоўчай вытворчасцi, камбiнат быў уключаны ў адпаведную праграму. Аднак i ў тую ж праграму трэба сумець увайсцi. I гэта ўменне зусiм не звязваецца з уменнем прабiцца ў «высокiя» кабiнеты. Так, цяпер у рэспублiцы дзейнiчае iншая праграма — па стымуляванню развiцця прамысловай вытворчасцi. Прычым яна прадугледжвае наступнае: выканаў прагнозны паказчык развiцця, або, скажам, забяспечыў 109 працэнтаў росту — з усяго тавару, што вышэй гэтага росту, не вылiчваецца нi падатак з абароту, нi падатак на прыбытак. Словам, «звышдаход» iдзе на патрэбы прадпрыемства. Два гады дзейнiчае такое правiла, i два гады ашмянцы трапляюць пад яго дзеянне. Так бы мовiць, умеюць трапляць. Што сёння ставяць для сябе работнiкi Ашмянскага мясакамбiната галоўнай мэтай? У планах — наступны этап рэканструкцыi, далейшае расшырэнне вытворчасцi. — Наша задача максiмум — поўнасцю перапрацоўваць мяса ялавiчыны i свiнiны на гатовыя вырабы, — зазначае дырэктар прадпрыемства, член Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Тамара Фiлiповiч. — Словам, задача, па сутнасцi, ранейшая: не спыняцца ў развiццi. На гэтых словах можна было б i закончыць. Ды, няйначай, пакрыўдзiцца намеснiк дырэктара Сяргей Жылiк. А ён настойлiва зазначаў: сёлета Ашмянскi мясакамбiнат прымаў у сябе абласную спартакiяду мяса-малочнай галiны, пры гэтым каманда прадпрыемства заняла на ёй першае месца... Карацей кажучы, iстотнае ўдакладненне: не хлебам адзiным жывуць на Ашмянскiм мясакамбiнаце. А ўмеюць, як належыць, арганiзоўваць i свой вольны час. СЫР ТРЭБА ДОБРА ПАПЕСЦIЦЬ — Ну, а нам, па сутнасцi, нiчога не застаецца, як зрабiць з гэтага малака выдатны, духмяны сыр. Але для гэтага трэба яго добра папесцiць, — так зазначаюць на Ашмянскiм сыраробным заводзе. А яшчэ тут расказалi: каля 90 працэнтаў сваiх сыроў прадпрыемства экспартуе ў Расiю — у Маскву, Санкт-Пецярбург, Варонеж, Смаленск, Цвер... За што любяць ашмянскi сыр расiяне? За яго натуральнасць, за тое, што ў iм адсутнiчаюць якiя-небудзь дабаўкi. Так зазначае вядучы тэхнолаг прадпрыемства Святлана Макарэвiч. Прычым аказваецца, калi сыр на зрэзе мае гэткую прыцягальную жаўцiзну, якая, не варта хаваць, вабiць пакупнiка, — гэта можа быць зусiм «не тое», пра што думае недасведчаны пакупнiк, а проста ў сыр крыху дадалi штучнага фарбавальнiка. Зразумела, для таго, каб ён менавiта i прыцягваў. — Нам мiнскiя прадпрымальнiкi таксама прапаноўвалi браць у iх розныя дабаўкi — для сыру, масла i iншай прадукцыi. З тым, каб мы маглi надаць гэтай прадукцыi пэўныя асаблiвасцi, а найперш — падоўжыць тэрмiны яе захоўвання, — расказвае Святлана Макарэвiч. — Але нам гэта зусiм не патрэбна. Ашмянскi сыраробны завод спецыялiзуецца менавiта на вырабе сыру, якi займае ў яго аб’ёмах пераважную частку. Прычым у Ашмянах вырабляюць большай часткай цвёрдыя сыры — «Расiйскi», «Манастырскi», «Троiцкi» i ў меншай колькасцi — плаўленыя. У асартымент прадпрыемства таксама ўваходзiць i традыцыйная для малочных заводаў прадукцыя — масла, розныя вiды тварагу, ёгуртаў, смятана (праўда, у ашмянцаў гэта — бiясмятана) i г.д. Усяго ў гэтым асартыменце налiчваецца больш за 40 вiдаў прадукцыi. Мы ўжо казалi пра сырны экспарт ашмянцаў, цэльнамалочная ж прадукцыя прызначана ў асноўным для мясцовага рынку. Як гаварыла ўжо дырэктар прадпрыемства Iрына Буйноўская, уся гэта прадукцыя мае добры попыт. Аднак ужо час сказаць пра галоўнае: на Ашмянскiм сыраробным заводзе праводзiцца карэнная рэканструкцыя; па сутнасцi, прадпрыемства паўтарае той жа шлях, якi прайшлi на мясакамбiнаце. На той час, калi мы наведалi сыраробны завод, на iм практычна рыхтавалiся да пуску новай, толькi што зманцiраванай лiнii па вырабу сыроў (мантаж выконвалi польскiя спецыялiсты). Пры гэтым сам пуск намечана было прымеркаваць да свята горада. Мантаж новай лiнii выкананы без спынення дзеючай вытворчасцi, пра што, дарэчы, добра сведчаць паказчыкi работы прадпрыемства. А гэтыя паказчыкi наступныя: аб’ём таварнай прадукцыi (за 8 месяцаў) тут павялiчылi на 11 працэнтаў, экспарт — на 28; сваёй асноўнай прадукцыi — цвёрдых сыроў — на заводзе выпусцiлi на 31 працэнт больш, чым летась... Падчас рэканструкцыi ашмянскiм сыраробам даводзiлася iсцi на зусiм незвычайныя рашэннi: напрыклад, на замену адной са сцен вытворчага будынка, у якiм i размясцiлася новая лiнiя. Як зазначаюць на заводзе, крыху адсунулi гэту сцяну... — У сувязi з рэканструкцыяй давялося перанесцi iснуючую вытворчасць цвёрдых сыроў часова ў iншае памяшканне, правесцi там усю абвязку, пракласцi трубаправоды, выканаць мантаж абсталявання, — расказвае Iрына Буйноўская. — Колькi пры гэтым перанеслi ўнутрызаводскiх камунiкацый — i паветра, i электрыкi, i каналiзацыi... I ўсё гэта без спынення вытворчасцi. Прычым усё рабiлася таксама з улiкам таго, што гэта часова прыстасаванае пад выпуск цвёрдых сыроў памяшканне будзе служыць у далейшым, пасля пуску новай лiнii, для iх захоўвання... А колькi пры ўсiм гэтым было суботнiкаў, колькi на гэта пайшло нашых выхадных... Каб цяпер сказалi зрабiць усё гэта, цi адважылiся б... Мiж тым, пытанне рэканструкцыi стала пытаннем выжывання самога завода. Добрыя сыры вырабляюць ашмянскiя сыраробы, ды ўжо дасягнулi ў вытворчасцi, так бы мовiць, сваёй верхняй мяжы; сама iснуючая на прадпрыемстве тэхналогiя перастала адпавядаць сучасным патрабаванням; трэба таксама расшыраць асартымент. Увогуле, на час вырашэння пытання аб рэканструкцыi стаяла пытанне наконт далучэння Ашмянскага сыраробнага завода да профiльнага смаргонскага прадпрыемства ў якасцi фiлiяла. «Але дзе логiка, — паставiлi контрпытанне ашмянцы. — Яны стратныя, а мы з прыбыткам. Дык няхай яны да нас iдуць фiлiялам...» Што дасць заводу рэканструкцыя? У першую чаргу, значна пашырыцца выпуск i асартымент сыроў. У прыватнасцi, цяперашнi асартымент плануецца папоўнiць цвёрдымi сырамi «Цiльзiцкi», «Сыр-прэмiум» i iншымi... Гэта таксама павышэнне якасцi сыроў i павелiчэнне iх экспарту. Найбольш адметная асаблiвасць новай сыраробнай вытворчасцi — увесь працэс у ёй будзе закрытым (цяперашнiя ванны, у якiх «квасяцца», соляцца, фармiруюць сырнае зерне сыры, — адкрытыя); усё ў гэтым працэсе возьме пад свой кантроль аўтаматыка; абслугоўваць гэту лiнiю будуць усяго два чалавекi — замест цяперашнiх дзесяцi. Iнвестыцыйны праект, якi рэалiзуецца на заво-дзе, уключаны ў рэспублiканскую праграму развiцця мяса-малочнай галiны на 2005—2010 гады. Агульны кошт праекта — 2 мiльёны еўра. Яго рэалiзацыя праводзiцца ў асноўным за кошт пазыковых сродкаў, пераважную частку якiх прадаставiў адзiн з польскiх банкаў. Працэнты за гэтыя сродкi абавязалася пагасiць напалову дзяржава. Падтрымка iстотная, тым не менш, як ужо зразумела, прадпрыемства практычна поўнасцю ўзяло на сябе не толькi нялёгкую ношу тэхнiчнага перааснашчэння, але i наступнага вяртання крэдытных сродкаў. — Затое мы захоўваем сябе як дзеючы суб’ект, выходзiм на новы ўзровень вытворчасцi i тэхналогii, прапануем больш якасную i больш разнастайную прадукцыю, якая будзе цалкам адпавядаць патрабаванням сучаснага пакупнiка, — падагульняе дырэктар Iрына Буйноўская. Варта ў нашым расказе пра Ашмянскi сыраробны завод таксама сказаць: нягледзячы на той немалы клопат, якi ўсклала на сябе прадпрыемства ў сувязi з рэканструкцыяй, яно не спыняе сваёй немалой дапамогi гаспадаркам раёна, а па сутнасцi — сваёй сыравiннай зоны. А яшчэ i такiя ж характэрныя для сённяшнiх Ашмян работы па добраўпарадкаванню заводскай i прылеглай тэрыторыi... На сыраробным заводзе, праводзячы рэканструкцыю, не забылiся i пра тое, каб iстотна палепшыць сацыяльна-бытавыя ўмовы працуючых, тут з’явiлiся новыя бытоўкi, душавыя. Як падкрэслiваюць на прадпрыемстве, рэканструкцыя дазволiць пазбавiцца на многiх працэсах ад цяжкай ручной працы. А яшчэ тут звярталi ўвагу: работнiкi завода маюць неблагую заработную плату, тут у апошнiя гады выплачваюць 13-ю i 14-ю заработныя платы. Дзесяць тон сыру штодзённа вырабляюць ашмянскiя сыраробы (гэта на цяперашнi час). Пакуль ён трапiць да пакупнiка, па 40—60 дзён песцяць яго тут у спецыяльных камерах, дзе ён канчаткова i набiрае (паспявае) сваю духмянасць. Цудоўны ашмянскi сыр, якi так палюбiўся расiйскiм пакупнiкам. Ды i нашым таксама. Матэрыялы выпуску падрыхтаваў Іван БАРАНОЎСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На вулiцы — кастрычнiк, амаль што — перадзiмак, а невялiкi беларускi горад Ашмяны патанае ў кветках. У жывых кветках, якiя тут лiтаральна паўсюдна:
|
|