21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Закрытае акцыянернае таварыства «Капыльскае»: упэўнены поступ у заўтрашнi дзень

25.08.2009 22:04 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Багатымi працоўнымi набыткамi сустракае свята дажынак адна з лепшых гаспадарак Мiншчыны

Першае, што ўразiла адразу ж: тут нiхто не мiтусiцца, нiкуды, нiбыта, i не спяшаецца... Кожны — кiраўнiк i спецыялiст, радавы працаўнiк — робiць сваю справу. Справу звыклую, добра вядомую. I гэта пры тым, што на дварэ — горача: у прамым i пераносным сэнсах слова. I на тэрмометры плюс 20, i спраў — хоць адбаўляй...



— Правiльна вы заўважылi: паспешлiвасцi, нейкага там ажыятажу ў нас няма, — ледзь цi не ў адзiн голас пераконвалi нас потым кiраўнiкi адкрытага акцыянернага таварыства «Капыльскае». — I гэта не толькi цяпер, але i кожны дзень... Проста даўно i надзейна нашы работнiкi ўпэўнiлiся: працаваць трэба пастаянна, штодзённа, рытмiчна, каб потым, ужо на наступны дзень, не спяшацца выпраўляць памылкi цi непаладкi папярэдняга дня, а iсцi, што называецца, далей, да новых набыткаў. Гэта для ўсiх нас стала няпiсаным правiлам жыцця, штодзённай рэчаiснасцi. Вiдаць, адсюль i нашы вытворчыя набыткi...

У тым, што гэта так i ёсць, мы неўзабаве i пераканалiся на справе.

1. АРЫЕНЦIР — СВIНАГАДОЎЛЯ...



Пра свiнагадоўчы комплекс закрытага акцыянернага таварыства «Капыльскае» добрая пагалоска па ўсёй нашай рэспублiцы iдзе ўжо не першы год. I гэта — не без падстаў. Скажам больш: гэту добрую i заслужаную славу яго працаўнiкi не толькi, так бы мовiць, трымаюць на ўзроўнi, але i пастаянна прымнажаюць, крочаць да новых працоўных вышынь i рубяжоў. Тут ведаюць: спыняцца на дасягнутым нельга!

— Свiнагадоўчы комплекс уяўляе сабой замкнуты цыкл вытворчасцi свiнiны, — гаворыць яго начальнiк Дзмiтрый Сечка. — Наш вытворчы калектыў, дарэчы, не такi i маленькi — амаль што 300 чалавек кожны дзень заступаюць тут на працоўную вахту. Гэта, мiж iншым, роўна палавiна ўсяго саставу рабочых, iнжынерна-тэхнiчных работнiкаў i служачых закрытага акцыянернага таварыства «Капыльскае». Тут жа хачу зазначыць: нягледзячы на вялiкую колькасць працаўнiкоў, цякучасцi кадраў у нас практычна няма. Калектыў згуртаваны, шчыры i самаадданы. I гэта нас радуе i задавальняе: значыць насамрэч мы можам i павiнны дасягаць яшчэ лепшых, чым зараз, паказчыкаў у працы.

На сёння на свiнагадоўчым комплексе ўтрымлiваецца 30 тысяч 707 галоў свiней. Штомесяц тут атрымлiваюць каля 5 тысяч галоў маладняку. Адразу ж пасля з’яўлення на свет парасяткi на працягу 35 дзён знаходзяцца са свiнаматкамi, а потым паступаюць на свайго роду канвеер па дарошчванню i адкорму...

Усё проста? I так, i не. Бо за гэтай знешняй прастатой — вялiкая штодзённая, i нават штогадзiнная праца таго самага калектыву, пра якi вышэй з такой цеплынёй казаў нам кiраўнiк комплексу.

— Без лiчбаў i фактаў нам, вядома ж, не абысцiся, аднак перш за ўсё я буду расказваць вам пра нашых працаўнiкоў, — нiбы папрасiўшы прабачэння, сказаў Дзмiтрый Вячаслававiч. Мы пагадзiлiся. Аднак перш за ўсё трэба хоць бы некалькi слоў сказаць пра яго самога.

У калектыве закрытага акцыянернага таварыства «Капыльскае» Дзмiтрый Сечка — чалавек па сутнасцi новы. Крыху больш за год таму з Навагрудскага раёна пераехалi на Капыльшчыну дзве сям’i спецыялiстаў — Дзмiтрый Вячаслававiч i Марына Вячаславаўна Сечкi i Дзмiтрый Анатольевiч i Валянцiна Васiльеўна Шарковiчы. Уз’яднаўшыся напярэдаднi з дзвюма адстаючымi гаспадаркамi раёна — калгасамi iмя Ульянава i «Цiмкавiцкi», ЗАТ «Капыльскае» насамрэч адчула патрэбу ў папаўненнi сваiх радоў высокаквалiфiкаванымi спецыялiстамi. Не будзем, што называецца, высвятляць, як i якiм чынам «знайшоў» гэтых людзей дырэктар гаспадаркi Анатоль Кiула, аднак зазначым: у iх вопытны кiраўнiк не памылiўся! У прамым сэнсе слова закасаўшы рукавы, Сечкi i Шарковiчы ўзялiся за даручаныя ўчасткi вытворчасцi, i лiтаральна адразу ж вяскоўцы пераканалiся: яны — на сваiх месцах!

Але паслухаем далей начальнiка свiнагадоўчага комплексу:

— За дзевяць месяцаў гэтага года калектывам комплексу атрымана 2851 тона свiнiны. 2761 тона рэалiзавана дзяржаве, што на 175 тон больш, чым летась. За той жа перыяд атрымана 41 408 галоў маладняку, што таксама больш, чым за адпаведны перыяд летась. За кошт паляпшэння ўмоў утрымання i захаванасцi жывёлы маем свiней на 2200 галоў больш, чым у 2005 годзе.

За гэтымi i многiмi iншымi эканамiчнымi паказчыкамi, якiя, што называецца, гавораць самi за сябе, малады кiраўнiк галоўнага вытворчага падраздзялення ЗАТ «Капыльскае» перш за ўсё «бачыць» людзей, тых, хто працуе побач з iм. Таму так шчыра i ахвотна называў нам Дзмiтрый Вячаслававiч iмёны i прозвiшчы сваiх падначаленых. Гэта тэхнiкi-асемянатары Ганна Пашкова i Любоў Мялешка, аператары па догляду i адкорму Вольга Пяцко i Галiна Сяленчык, Iрына Хомiч i Валянцiна Жылко, Iрына Чомава i Святлана Нагорная, i, вядома ж, цi не самыя першыя памочнiкi i дарадчыкi начальнiка комплексу — работнiкi ветэрынарнай i заатэхнiчнай службаў: Дзмiтрый i Валянцiна Шарковiчы, Галiна Сукала i Яўген Брадуноў.

— На дарошчваннi свiней, якое доўжыцца на нашым комплексе да 70 дзён, прывагi маладняку дасягаюць 410 грамаў у суткi, а ўжо непасрэдна на адкорме — 590 грамаў, — зноў i зноў аперыруе Дз. Сечка лiчбамi. — Вынiкi ў прынцыпе неблагiя, але ж можна (i трэба!) больш: у першым выпадку зусiм рэальная лiчба 600 грамаў, у другiм — 900 i нават 1 кiлаграм. Так што рэзервы ёсць!

Сапраўды, i кiраўнiцтва закрытага акцыянернага таварыства, i самi працаўнiкi яго выдатна разумеюць: iм пад сiлу лепшыя паказчыкi. Нявыкарыстаныя магчымасцi яны бачаць перш за ўсё ў рэканструкцыi свiнагадоўчага комплексу. Асноўныя вытворчыя памяшканнi пабудаваны 25 i нават больш гадоў назад, так што механiзмы i абсталяванне даўно зношаныя i маральна ўстарэлыя. Для абнаўлення ж вытворчых магутнасцяў патрэбны 6 мiльярдаў рублёў капiтальных укладанняў. Улады сталiчнай вобласцi аб гэтым ведаюць, трымаюць, што называецца, пытанне на кантролi, i сродкi неўзабаве будуць выдаткаваны.

Дарэчы, рэканструкцыя свiнакомплексу ўжо вядзецца. У прыватнасцi, пачата будаўнiцтва новага памяшкання для матачнага пагалоўя на 224 станкi. Кожны месяц тут асвойваюць каля 250 мiльёнаў рублёў, так што лiтаральна праз месяц-другi мясцовыя жывёлаводы справяць першае наваселле. «Толькi за кошт узвядзення гэтага корпуса гаспадарка атрымае дадаткова каля 700 тон свiнiны, — канкрэтызуе вырашэнне праблемы Дзмiтрый Сечка. — А на чарзе — пачатак будаўнiцтва памяшкання для кормнiкаў, у якiм адкорм жывёлы будзе наладжаны па прынцыпу «шведскага стала». Дарэчы, дзве тысячы галоў ужо зараз вырошчваем па гэтаму прагрэсiўнаму метаду кармлення жывёлы...»

Каля 70 працэнтаў поспеху ў дзейнасцi свiнагадоўчай iндустрыi залежыць ад кармлення, дакладней — ад затрат кармоў на атрыманне адзiнкi прадукцыi. Чым меншыя затраты, тым вышэй рэнтабельнасць галiны. Сёння ў «Капыльскiм» на атрыманне 1 кiлаграма прывагi выдаткоўваецца 4,5 кармавой адзiнкi. Гэта на 0,5 к.а. менш, чым летась. «Патэнцыял жа — 2,6—2,8, — упэўнены начальнiк комплексу. — I мы будзем усяляк iмкнуцца да знiжэння затрат на атрыманне адзiнкi прадукцыi!».

Адметныя перспектывы i ў свiнагадоўчага комплексу гаспадаркi ў цэлым. Кiраўнiкi i спецыялiсты цвёрда перакананы, што тут рэальна ўтрымлiваць на вырошчваннi i адкорме 40 i нават 50 тысяч галоў свiней. А гэта амаль што ў два разы большыя паказчыкi па вытворчасцi свiнiны ў параўнаннi з тымi, што былi прыведзены вышэй.

2. ... ПЛЮС МАЛОЧНАЯ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

Калi Дзмiтрый Сечка — кiраўнiк малады i параўнальна новы ў ЗАТ «Капыльскае», дык Тамара Мяцельская, якая ўзначальвае малочную вытворчасць, — спецыялiст вопытны, сталы i спрактыкаваны. Раней яна ўзначальвала калгас «Цiмкавiцкi», а пасля далучэння яго да закрытага акцыянернага таварыства была прызначана галоўным заатэхнiкам узбуйненай гаспадаркi. Так што для яе сакрэтаў i таямнiц у вытворчых справах няма абсалютна анiякiх.

— На сёння на малочнатаварным комплексе «Цiмкавiчы» i фермах «Доўгае» i «Красiна» ўтрымлiваюцца 1900 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым лiку 795 — кароў, — уводзiць нас Тамара Барысаўна ў курс спраў. — З пачатку года надаiлi па 3957 кiлаграмаў малака, так што пяцiтысячны рубеж па вынiках работы ў 2006 годзе зусiм рэальны. Але гэта не мяжа: нашым жывёлаводам па плячы i 6000 кiлаграмаў ад кожнай каровы. У прыватнасцi, на фермах «Доўгае» i «Красiна» да гэтага рубяжа наблiзяцца ўжо сёлета.

Добрыя вынiкi атрыманы i на адкорме буйной рагатай жывёлы, дзе прывагi з пачатку года складаюць 608 грамаў у суткi. Сакрэты поспеху тыя ж, што i ў свiнагадоўлi: добрасумленныя адносiны работнiкаў да выканання сваiх абавязкаў, належная кармавая база, умовы ўтрымання жывёлы...

Падрабязна характарызуючы сваiх падначаленых, Тамара Мяцельская вельмi часта ўжывала словы «добрасумленны чалавек i працаўнiк». Пабываўшы разам з галоўным заатэхнiкам на працоўных месцах многiх з iх, мы ўвачавiдкi пераканалiся ў тым, што так тое i ёсць. Трэба было бачыць, з якой адказнасцю i сур’ёзнасцю ставяцца да выканання сваiх абавязкаў начальнiк комплексу «Цiмкавiчы» Уладзiмiр Шэйпак i слесар Сяргей Бельскi, загадчыца фермы «Красiна» Валянцiна Фурык i даяркi Наталля Корзун, Алена Чэркас, Галiна Слепакурава, Святлана Вярбiла, даглядчыкi Сцяпан Чыгiр, Сяргей Мiронаў, Уладзiмiр Кавальчук.

З нявырашаных пакуль што праблем малочнай жывёлагадоўлi Тамара Барысаўна адзначыла адсутнасць сучаснай стацыянарнай даiльнай устаноўкi. «Такой, якая ёсць у «Снове», — дадала яна. — Няма пакуль што ў нас грошай на яе набыццё, так што тут мы разлiчваем на дапамогу з бюджэту...»

3. ... ПЛЮС РАСЛIНАВОДСТВА

«Затрымаць» галоўнага агранома «Капыльскага» Уладзiмiра Мацэля нават для невялiкага iнтэрв’ю аказалася справай складанай i нялёгкай. Ну, нi пры чым тут ён, Уладзiмiр Юсцiнавiч — мiлы i абаяльны чалавек, здаецца, наскрозь абветраны i «прадзьмуты» няхай сабе i лагоднымi, але ж усё-такi выпрабавальнымi вятрамi, дажджамi i iншымi нягодамi Капыльшчыны. Ну, няма ў яго часу... Няма (ён, дарэчы, так нам не казаў: мы ўбачылi i зразумелi гэта самi)! Убрала гаспадарка збажыну (не дабрала, дарэчы, з-за вядомых катаклiзмаў прыроды, шмат, аднак — i гэта мы хочам падкрэслiць асаблiва! — нiхто ў ЗАТ «Капыльскае» на гэта не скардзiцца i не спасылаецца, што, на нашу думку, яшчэ раз сведчыць: хто дбае, той i мае!). Аднак спраў жа не паменела...

Мы сустрэлiся i, нарэшце, больш-менш грунтоўна пагутарылi з iм прама ў полi, на палетку цукровых буракоў — на мiрнай i стваральнай перадавой. Адразу ж запрыкмецiлi: Уладзiмiр Мацэля — не толькi галоўны аграном, але i ў не меншай ступенi ...зямны чалавек. Падчас нашай гутаркi патэлефанавалi родзiчы i «нагадалi» (а ён пра гэта i так добра памятаў) — юбiлей у цябе, бацька!..

Залiшняе «сюсюканне»?! Не скажу! Трэба менавiта т а к шчыраваць на зямлi, як Уладзiмiр Юсцiнавiч, i тады многiя рэчы «стануць» больш зямнымi i праведнымi...

Але ж блiжэй да справы!

Цэх раслiнаводства, за якi ў ЗАТ «Капыльскае» i адказвае Уладзiмiр Мацэля, роўны 7374 гектарам зямлi, у тым лiку 5474 гектары — ворыва. На плошчы 3100 гектараў гаспадарка вырошчвала збожжавыя i зернебабовыя; 1084 гектары займала кукуруза; 495 — цукровыя буракi; 200 — рапс.

— Ужо сёння мы маем звыш 40 цэнтнераў кармавых адзiнак на адну галаву жывёлы, — сказаў Уладзiмiр Юсцiнавiч. — Нарыхтавалi па 11 тысяч 500 тон сенажу i сiласнай масы, нарыхтоўка апошняй працягваецца. 120 гектараў кукурузы ўбяром на зерне... Iнакш кажучы, двухгадовы запас кармоў для грамадскай жывёлагадоўлi мы гарантуем!

Я асабiста слухаў i глядзеў на гэтага чалавека i адначасова захапляўся iм i здзiўляўся: Божухна, няўжо ў нас ёсць яшчэ такiя, самаахвярныя, самаадданыя i шчырыя Людзi-працаўнiкi?! Значыцца — ёсць! Не-не, я не патрабую ставiць iм помнiкi пры жыццi: але ж давайце даражыць, шанаваць, ганарыцца iмi!

Уладзiмiр Мацэля, дарэчы, не баiцца i праблем, нявырашаных пытанняў. Не тое што не баiцца, а проста ведае iх!

— Каб поўнасцю забяспечыць сябе, нашай гаспадарцы патрэбны яшчэ i зямныя ўгоддзi, i грашовыя крэдыты. Думаю, пасля заканчэння сельскагаспадарчага года да нас прыслухаюцца... Мы трымаем раўненне на агракамбiнат «Сноў» — значыць, iдзём верным курсам...

Не прамiнулi мы, каб галоўны аграном ЗАТ «Капыльскае» Уладзiмiр Мацэля назваў напярэдаднi дажынак сваiх лепшых працаўнiкоў.

— Мяркуйце самi: звыш 500 гектараў кукурузы ўбраў ужо Вiктар Чарняўскас. А колькi старанняў прыкладаюць штодзень Мiкалай Струшка на трамбаваннi сiласу, Казiмiр Шышко i Дзмiтрый Паўлюшчык на адвозцы кукурузнай масы; Уладзiмiр Федаровiч, Мiхаiл Дымаў, Аляксандр Гарашчэня, Сяргей Кахановiч, Валерый Раскавiнскi, Сяргей Маскалiк, Мiхаiл Рыдзька, Аляксандр Чомаў на ўборцы цукровых буракоў ... Гэта мой самы сапраўдны перадавы атрад, i якую працу не прапануй кожнаму з iх — зробiць ад шчырага сэрца, без халтуры...

4. НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ — ЧАЛАВЕК

Шмат гадоў таму ў прапагандысцкiх i журналiсцкiх колах у «пашане» быў тэрмiн — «На першым плане — чалавек». Нiбы i не надта «мудрыя» цi мудрагелiстыя словы, аднак жа змест у iх укладваўся наколькi просты, настолькi i вялікі: лёс кожнай справы, задумы i памкнення вызначаў, вызначае i будзе вызначаць ЁН — чалавек!

Думаю, наўрад цi будзе хто-небудзь адмаўляць гэта. Ды i выкладзеныя вышэй факты сведчаць: усё ў руках яго, чалавека, шчырага i сумленнага працаўнiка.

Але для таго, каб гэты чалавек не толькi самааддана працаваў, патрэбны яшчэ i ўмовы для жыцця, працы, адпачынку, нарэшце — для праяўлення сябе як асобы!

Жыллёвай праблемы, якая, на вялiкi жаль, яшчэ вельмi i вельмi хвалюе i непакоiць сельскага жыхара, у закрытым акцыянерным таварыстве «Капыльскае» сёння проста не iснуе. Мы, напрыклад, доўга не маглi паверыць, як на працягу менш чым паўгода гаспадарка «змагла» пабудаваць на цэнтральнай сядзiбе адразу 41 жылы домiк-катэдж! I гэта пры тым, што яшчэ летась 10 такiх домiкаў уступiлi ў строй дзеючых у вёсцы Лешня, яшчэ 8 — у Быстрыцы.

— Праблем з жыллём у нас сёння абсалютна няма, — канстатавала нам намеснiк дырэктара па iдэалагiчнай рабоце ЗАТ «Капыльскае» Галiна Пашко. — За больш чым 15 гадоў работы ў гаспадарцы я не памятаю такой спрыяльнай сiтуацыi. Механiзатары, спецыялiсты, даяркi i даглядчыкi жывёлы — усе нашы людзi жывуць у надзвычай спрыяльных умовах. I не толькi жывуць, але i штодзённа адчуваюць клопаты i ўвагу да сябе. Лепшым працаўнiкам у гаспадарцы — пашана i ўганараванне. У iх гонар узнiмаем Флаг пашаны, уручаем граматы, грашовыя прэмii, каштоўныя падарункi. Гаспадарка выкарыстоўвае шэраг сацыяльных iльгот, гарантуе многiя перавагi i стымулы. Плюс даплаты за стаж i бездакорную працу, на прадукты харчавання, прадастаўленне дадатковых водпускаў i аказанне матэрыяльнай дапамогi... Iнакш кажучы, шчыры чалавек працы ў нас нiколi не быў у крыўдзе!

Анатоль МЯСНIКОЎ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Капыльскi раён.

Так жыве, працуе i дзейнiчае калектыў закрытага акцыянернага таварыства «Капыльскае». Някiдка, аднак даволi ўпэўнена i надзейна крочыць ён у заўтрашнi дзень. Дзень, якi, несумненна, стане для яго днём новых набыткаў, знаходак, працоўных перамог. Гарантыя i залог гэтага — упэўненасць людзей у правiльнасцi абранага шляху. Значыць, i набыткi наперадзе яшчэ больш важкiя i адметныя. Патрэбныя ўсiм нам — вяскоўцам, гараджанам, людзям зямлi беларускай.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Багатымi працоўнымi набыткамi сустракае свята дажынак адна з лепшых гаспадарак Мiншчыны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика