СТАЯЦЬ!Па-за гульнёй Сённяшнi матч адборачнага цыклу да Еўра-2008 выклiкае ў беларускiх балельшчыкаў не толькi вялiкую цiкавасць, але i пэўны неспакой з-за варатарскага аспекту. Беларуская нацыянальная зборная сустракаецца з камандай Румынii на стадыёне «Сцяўа». Нагадаем, што менавiта за аднайменны клуб некалькi гадоў гуляў адзiн з нашых галкiпераў — Васiль Хамутоўскi. Праўда, ён, на жаль, не зможа заняць месца ў варотах з-за траўмы. Аднак у саставе «нацыяналкi» ёсць i яшчэ адзiн «румын», Уладзiмiр Гаеў, галкiпер бухарэсцкага «Дынама». Наколькi вялiкiя яго шанцы выстаяць на «нуль» 7 кастрычнiка, i наогул аб спецыфiцы падрыхтоўкi варатароў да матча даведаемся з першых вуснаў, ад трэнера галкiпераў нацыянальнай зборнай Юрыя Петухова, якi акрамя таго i сам быў надзейным «цэрберам» варотаў, а зараз перадае свой вопыт не толькi «паставым» варотаў галоўнай зборнай Беларусi, але i дубля футбольнага клуба «Масква».— Да блiжэйшай гульнi рыхтуюцца Жаўноў, Гаеў i Амельчанка, — расказвае Юрый Аляксандравiч. — Хто дакладна стане ў вароты, не скажу, бо ўсё залежыць ад формы галкiпераў непасрэдна перад гульнёй. Юрый Жаўноў зноў пачаў трэнiравацца ў асноўнай групе i скаргаў у яго не было, таму ён можа выйсцi на поле, калi нiчога не зменiцца. Праўда, перад ад’ездам на зборы ён пашкодзіў iкраножную мышцу, але спадзяюся, што ўсё будзе добра. Калi паставiць у «браму» Гаева, яму будзе лягчэй у тым плане, што ён больш ведае мясцовую атмасферу, бо звыкся ўжо гуляць пры вялiкай колькасцi румынскiх балельшчыкаў, а нацыянальную каманду там падтрымлiваюць вельмi моцна. У Гаева ёсць i яшчэ адзiн козыр: у апошнiх матчах ён стаiць у аснове, а Жаўноў толькi аднавiўся пасля траўмы, таму ў «Маскве» часцей гуляе Казко. — Вы працуеце з дублем «гараджан», але пэўна, ведаеце, чым растлумачыць тое, што Жаўнова пакуль не выпускаюць на поле ў асноўнай камандзе? — У нас хоць i адна база, але мы трэнiруемся ў розны час, ездзiм на розных аўтобусах, таму не надта перасякаемся з галоўнай камандай. Хутчэй за ўсё, Жаўнова не выпускаюць, таму што ў трэнера няма нагоды мяняць Казко. Са спартыўнага пункту погляду было б няправiльным выпускаць Юру, калi Казко з работай спраўляецца, не дапускае памылак. Калi ж ён дапусцiць вялiкую памылку, мяркую, зноў выйдзе Жаўноў. — Юру вы ведаеце яшчэ па працы ў БАТЭ, з Васiлём Хамутоўскiм знаёмы нават з яго першых крокаў у футбольнай школе «Змена», зараз пад рукой i Антон Амельчанка. Значыць, ведаеце iх, як свае пяць пальцаў. Тады скажыце: хто з нашых галкiпераў самы працавiты? — Напэўна, гэтая якасць асаблiва ярка выражана ў Хамутоўскага. Яго можна ноччу разбудзiць i той заўжды гатовы. У свой час у спартшколе «Змена» i потым у барысаўскiм БАТЭ Вася мне нават адпачываць не дазваляў: у каманды выхадны, а ён заязджаў за мной i ехалi трэнiравацца. Дарэчы, ён яшчэ i больш за астатнiх перажывае за прапушчаныя мячы i, магчыма, у гэтым прычына, што ён зноў атрымаў траўму, бо заўжды iмкнецца дастаць мяч, нават самы неверагодны. Гэта, калi не памыляюся, яго трэцяе страсенне мазгоў, а «павiнна», каб была цотная колькасць страсенняў, каб мазгi прайшлi поўны круг i сталi на месца, але ўжо на iншым узроўнi (усмiхаецца). У мяне ў самога чатыры было. З аднаго боку, калi Хамутоўскi так самааддана кiдаецца на мяч галавой, — гэта мужнасць, але з iншага — так можна атрымаць сур’ёзную траўму. — А што вы можаце сказаць аб галкiперы Гаеве? — Шчыра кажучы, мы толькi пачынаем працаваць разам, не скажу дакладна, на што ён зараз здатны. Спадзяюся, раз ён зараз стаiць у бухарэсцкiм «Дынама», значыць, усё з формай нармальна. — Каго б вы паставiлi ў вароты, калi б ведалi, што ад гэтага матча залежыць усё, трэба абавязкова не прапусцiць мяч? — Складана сказаць (думае), бо ў нас вельмi добрая падборка галкiпераў. Яны непадобныя i антрапаметрычна, i па тэхнiцы, але гуляюць прыкладна аднолькава. Галоўнае, каб траўмаў не было. А калi не разважаць i адказаць адразу, то сябе, пэўна, паставiў бы ў вароты. — Вы ўзгадалi антрапаметрычны аспект. У Юры Жаўнова быў калiсьцi такi своеасаблiвы комплекс з-за невялiкага росту, хоць гэта яму не надта перашкаджае гуляць на добрым узроўнi... — Мы часта з iм гутарылi наконт гэтага. Нават разглядалi чэмпiянаты, дзе гуляюць нiзкiя варатары. Напрыклад, Францыi. Я заўжды ставiў Юру ў прыклад iтальянца Перуццы. Жаўноў казаў, што гэта — выключэнне з правiлаў. Цiкава, што яны нават стаялi адзiн супраць другога на адным полi ў матчы са зборнай Iталii. Калiсьцi нам здавалася гэта нерэальным. На самай жа справе высокi рост — не гарантыя блiскучай аховы варотаў. У прыватнасцi, варатар яраслаўскага «Шыннiка» Сафонаў, ростам каля двух метраў, а нядаўна яго каманда прайграла з лiкам 1:6. Трэба ж i ўдача, i правiльны выбар пазiцыi, i рэакцыя, i яшчэ шмат чаго. — Як жа правiльна выбраць пазiцыю? — Мне бывае смешна, калi нашы каментатары кажуць, што галкiпер правiльна выбраў пазiцыю. У маiм разуменнi ён там i павiнен стаяць, бо гэтаму яго вучыць вопыт i ўсё адбываецца аўтаматычна. Сiтуацыя ж на полi змяняецца вельмi хутка i няма часу на роздум, куды ступаць. — Балельшчыкам застаецца толькi здзiўляцца, калi варатары бяруць пенальцi. Няўжо сапраўды ўгадваюць цi можна зразумець, куды паляцiць мяч на такой адлегласцi? — Пенальцi для варатара — маленькi стрэс. Нават калi ў матчы паўза, варатар не расслабляецца, з-за нервовага напружання губляе за гульню па два кiлаграмы, хоць не бегае па ўсiм полi. Пенальцi звычайна б’юць з сярэдняй i большай сiлай, таму часу, каб вiзуальна прасачыць траекторыю палёту мяча, недастаткова. Я заўжды раiў сваiм падначаленым пачынаць скачок, калi нага iграка толькi кранае мяч. Яшчэ важны момант: лепш ведаць, куды часцей б’е той цi iншы футбалiст. Напрыклад, пасля кожнага тура ў расiйскiм чэмпiянаце я пазначаю, хто ў якi вугал часцей б’е. Як правiла, iгракi, што б’юць у сваiх камандах 11-метровыя, рэдка мяняюць свае напрацоўкi. Галкiперу дапамагаюць разбег iграка, вугал удару, нават нага, якой б’юць. У прыватнасцi 8 чалавек з 10 ляўшэй (гэта маё шматгадовае назiранне) будуць бiць у левы ад галкiпера вугал. Магчыма, гэта неяк звязана з iх анатомiяй, фiзiялогiяй, працай пэўнага паўшар’я мозга. — Наколькi цяжка парыраваць удар галавой? — У прынцыпе, такi ўдар цяжкi для варатара, ён непрадказальны: галавой жа б’юць з блiзкай адлегласцi, таму складана зрэагаваць. — Нядаўна Олiвер Кан паскардзiўся на... мяч, маўляў, яго проста немагчыма было адбiць. Няўжо прафесiянал не можа справiцца з iм? — У мой час быў адзiн вiд скуранога мяча, венгерскi, а зараз iх вельмi шмат. Рэагаваць на ўдар трэба хутка, а на рэакцыю паўплывае нават колер мяча. Патрэбны час, каб звыкнуцца з новым, таму за дзень да гульнi на выездзе выдаюцца мячы, якiмi будуць гуляць. У прынцыпе, было б правiльна, як у англiйскай прэм’ер-лiзе, гуляць толькi адным афiцыйным мячом. Канешне, варатары хацелi б, каб ён ляцеў марудней, а нападаючыя — каб хутчэй. У гэтай сiтуацыi меркаванне варатароў улiчваецца менш, бо галоўнае — вiдовiшчнасць, а для гэтага робяць мячы, якiя ляцяць хутчэй. Варатарам застаецца толькi прыстасоўвацца да розных мячоў, раз выбралi гэту прафесiю. — У чым спецыфiка падрыхтоўкi галкiпераў? — Варатар мае права гуляць рукамi (усмiхаецца i працягвае больш сур’ёзна). Галкiпер — асобная прафесiя. Я прыхiльнiк таго, каб на пачатковым падрыхтоўчым этапе варатары таксама ўдзельнiчалi ў агульнафiзiчнай падрыхтоўцы разам з астатнiмi футбалiстамi, але далей займалiся сваёй працай. У мой час трэнераў варатароў не было, а зараз не толькi ў зборных, але i ў клубах ёсць i нават па некалькi спецыялiстаў. — Што, па-вашаму, сапраўдны варатарскi характар? — У першую чаргу гэта якасцi лiдара: нездарма ж у ранейшыя часы капiтанамi часцей былi менавiта варатары. Iм я заўжды не раю спрачацца з суддзямi, абвiнавачваць сваiх таварышаў па камандзе, бо трыццацiгадовы галкiпер можа пакрыўдзiць маладога перспектыўнага iграка, а гэта — толькi дарма губляць нервы i сiлы. Прафесiянал ведае, каго з iгракоў трэба падбадзёрыць, на каго нават прыкрыкнуць, але злавацца нiколi не трэба, бо справа галкiпера iншая — не прапускаць мяч. Гэта i ёсць варатарскi характар. Аднак паўплывае ж i чалавечы характар галкiпера: агрэсiўнаму, выбухному цяжка хаваць свае эмоцыi на полi. — Не шкадуеце, што ў свой час сталi галкiперам? — Навошта зараз гэта рабiць? Спачатку я год змагаўся, каб быць палявым iграком: мяне ж зрабiлi галкiперам не па сваёй волi. Я займаўся ў ДЮСШ № 5 у Вячаслава Мiкалаевiча Аўтушкі. Неяк у нас не было варатара, i трэнер сабраў нас перад гульнёй у парку Горкага на лаўцы i спытаў, хто ўмее стаяць у варотах. Усе маўчалi, але мой сябар сказаў: «Юрый Петухоў». У двары мы сапраўды гулялi ў футбол, i я добра лавiў мяч. Аднак з дзяцiнства ж марыў быць нападаючым. Так прайшоў год, потым яшчэ адзiн i я звыкся, ды i астатнiя ж хлопцы ўжо далёка пайшлi наперад у майстэрстве, таму вырашыў, што на полi гуляць ужо не стану. Забiць мяч у матчы мне так i не ўдалося, а вось наш Жаўноў змог, выбiваючы яго ад сваiх варот. У мой жа час часцей выкiдвалi мяч з рук, а зараз, наадварот, iмкнуцца хутчэй даставiць мяч нападаючым, таму i выбiваюць. Дарэчы, у Юры была крыху падобная на маю гiсторыю, ён добра гуляе нагамi i спачатку таксама як i я шукаў сябе на iншых пазiцыях. Паводле яго слоў, у варотах аказаўся, бо быў самым маленькiм. — Калi вы апошнi раз стаялi ў варотах? — Дзесьцi два тыднi таму, калi мяне папрасiлi згуляць за клуб ветэранаў з нагоды адкрыцця стадыёна ў падмаскоўным Селяцiне. Матч завяршыўся ўнiчыю 2:2. Я нават пенальцi ўзяў, хоць даўно не трэнiруюся сам. — Чула, што ў вашай кар’еры быў дагаварны матч... — Вельмi даўно. Гулялi з камандай Чымкента, а яна заўжды мела грошы, прэтэндавала на выхад у першую лiгу, клiмат там адрознiваецца ад iншых рэгiёнаў. Яны паставiлi другога варатара, таму нашы забiвалi яму i з цэнтра поля. Лiк быў 3:0 на нашу карысць пасля першага тайма, а трэба было прайграць. Я, шчыра скажу, спецыяльна не прапускаў, бо, калi цябе спецыяльна навучылi лавiць мяч, цяжка перастаць гэта рабiць. Два мячы мне забiлi з пенальцi, ды i разоў дзесяць я выратоўваў. Так што нiякiх прэтэнзiй быць не можа. — Дзякуй за гутарку! Будзем спадзявацца, што вашы выхаванцы нас не падвядуць. P.S. 8 кастрычнiка галоўнаму трэнеру зборнай Юрыю Пунтусу споўнiцца 46 гадоў. Вiншуем i жадаем перамог яго падначаленым i плёну ў працы. Размаўляла Iрына ПРЫМАК. 
 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код: 
							
							На вашем ресурсе это будет выглядеть так 
							Сённяшнi матч адборачнага цыклу да Еўра-2008 выклiкае ў беларускiх балельшчыкаў не толькi вялiкую цiкавасць, але i пэўны неспакой з-за варатарскага ас 
  | 
 
		
		
		 
     |