Героi, таленты i прыхiльнiкi першаканальнага «прайм-тайму»Спроба «жорсткай размовы» радавога тэлегледача з Аляксандрам ЗIМОЎСКIМ У тэлежурналiстыцы (як i ўвогуле ў СМI) «дзiця нараджаецца» пастаянна — тым не менш ужо сёння актыўна абмяркоўваюцца навацыi Зiмоўскага на Першым канале. I што адметна: нават самыя заўзятыя яго крытыкi-апаненты прызнаюць, што ўзровень вяшчання iстотна палепшыўся, iнфармацыя стала больш разнастайнай i цiкавай, падаецца больш аператыўна i эфектна. Сам жа Зiмоўскi, нягледзячы на гранiчную занятасць, не абмежаваўся роляй кiраўнiка тэлеканала. З пачатку года яго можна было пастаянна бачыць у тэлеэфiры — у аўтарскай праграме «Жорсткая размова». ...Колькi разоў уяўляла чарговае iнтэрв’ю з Зiмоўскiм: у студыi яго праграмы «Жорсткая размова» я падладжваюся пад фармат... жорсткай размовы. Але праграма знiкла з эфiру, i засталося толькi сумна ўздыхнуць. ...Дамаўляючыся з Аляксандрам Зiмоўскiм пра iнтэрв’ю, не ўцярпела, па тэлефоне спытала пра лёс яго аўтарскай праграмы. Аказваецца, праграма на «творчым перапынку». — Дык вы гатовы да... жорсткай размовы? — пытаюся. — Кх, з вамi? — на свой любiмы з’едлiва-саркастычны манер перапытаў суразмоўца. — Як заўсёды: вы задаяце любыя пытаннi — я адказваю. То добра... — Учора на Першым канале (размова адбывалася ў сераду. — Т.П.) пачаўся серыял «Багiня прайм-тайму». А вас, мабыць, можна назваць калi не богам, дык гаспадаром прайм-тайму (па аналогii: калiсьцi вялiкай папулярнасцю карыстаўся фiльм «Гаспадар тайгi»)? — Ды не, не думаю, што я гаспадар прайм-тайму. — А хто ж, як не вы?! — Калi хочаце, назавiце мяне «управляющий эфиром» — так будзе больш дакладна. Бо гаспадаром у нас з’яўляецца дзяржава... Але яркiя загалоўкi мне сапраўды падабаюцца — таму i кнiгi добра прадаюцца, i серыялы добра iдуць з такiмi кiдкiмi назвамi, як «Багiня прайм-тайму». (Прайм-таймам, нагадаем, звычайна называюць самы «глядзельны» час тэлеэфiру. — Рэд.) — А хто на Першым багiня альбо бог прайм-тайму? — Ой, няма яшчэ... У грэчаскай мiфалогii, вы ведаеце, ёсць богi i героi. — У вас — толькi героi? — Так, вяршыню Алiмпа iм яшчэ трэба заваяваць! *** — Чаму Першы нацыянальны ператварыўся проста ў Першы? — Я ўжо шмат пра гэта гаварыў. Калi коратка — па праву нараджэння. — Магчыма, лагiчна было б: БТ-1? Дарэчы, учора нечаканую рэкламу пачула: вечарам ехала ў маршрутцы, не ведала пра пачатак серыяла на вашым канале, не заўсёды ёсць магчымасць глядзець тэлевiзар... — Шчаслiвы чалавек! А я гляджу адразу тры каналы — Першы, «ЛАД» i «Беларусь-ТВ». I яшчэ адным вокам «НТБ-Беларусь» падглядаю. — Жанчыны ў маршрутцы непакоiлiся, каб да васьмi вечара трапiць дадому: «Сёння ж па БТ серыял пра тэлебачанне». Усё роўна ў народзе — БТ? — Беларускае тэлебачанне не абмяжоўваецца Першым каналам. Усё тэлебачанне, якое iснуе ў краiне, — беларускае. Гэтаксама як i ўсё тэлебачанне Германii — нямецкае... А самi назвы каналаў, канешне, павiнны несцi пэўную сэнсавую нагрузку. Каб у канкурэнтным асяроддзi людзi — асэнсавана цi падсвядома — аддавалi перавагу менавiта Першаму. У маiм выпадку... — Быў Першы нацыянальны — зараз ад вызначэння «нацыянальны» адмовiлiся... — Паколькi раней ён быў адзiным нацыянальным каналам (па ахопу вяшчання) — так, гэта было лагiчна. Зараз жа фактычна ўсе буйныя тэлекампанii з’яўляюцца нацыянальнымi вяшчальнiкамi. Увогуле, цяпер адкрыты рынак, адкрытая тэлевiзiйная прастора. I, безумоўна, можна быць Першым ва ўсiх адносiнах, а можна (маючы гучную назву) заставацца ў адрыве ад калег, якiя выходзяць наперад. Спадзяёмся, з намi так не здарыцца. — Аляксандр Леанiдавiч, калi б вам прапанавалi напiсаць вызначэнне для энцыклапедыi: «Сучаснае тэлебачанне — гэта...»? Пасля даволi працяглай паўзы: — Гэта: людзi, грошы, тэхнiка. Усё. — Першы канал — гэта сучаснае тэлебачанне? — Так. Цяпер — так. — Крыху больш за год таму, калi мы сустракалiся на СТБ, вы гаварылi: «Самая сучасная тэхнiка менавiта ў нас. Навейшага нiчога i нi ў кога ў краiне няма». А зараз усё найноўшае — у Першага? — На 70 працэнтаў — безумоўна. Але не забудзьцеся, я ж яшчэ не скончыў, толькi пачынаю! 30 працэнтаў трэба дабраць, i тады пры нашай наступнай сустрэчы, я ўпэўнены, змагу вам сказаць, што самая лепшая тэхнiка — на Першым канале. — Яна ўжо зараз забяспечвае i прамыя ўключэннi, i аператыўнасць iнфармацыi... Увогуле, у плане iнфармацыйна-аналiтычнага вяшчання — несумненна, вы здолелi «схапiць жар-птушку». — Дзякуй. Рад, што вы заўважылi ўсё гэта. Нiхто, акрамя нас, не робiць прамыя ўключэннi. I тэлемасты з Масквой, Кiевам, Варшавай. — Адзiн з абазначаных вамi складнiкаў сучаснага ТБ — грошы. У асноўным выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкi на набыццё абсталявання альбо знаходзяцца i iншыя фiнансавыя варыянты? — Дзяржаўная тэлекампанiя фiнансуецца дзяржавай. Аднак мая дакладная пазiцыя: можна фiнансавацца дзяржавай, але нахлебнiкам у дзяржавы быць нельга. Бюджэт распiсаны паартыкульна, ажно да набыцця сашчэпак. I калi ў тэлекампанii (не толькi нашай) не будзе свабодных сродкаў, якiмi кiраўнiк зможа аперыраваць для тактычных i стратэгiчных рашэнняў, дык ён так i застанецца ў рамках бюджэту. Ведаеце, як яшчэ жартаўнiкi расшыфроўвалi БТ? Бюджэтнае тэлебачанне. А гэта дрэнна. Таму што, дапусцiм, на ваша наступнае пытанне «Чаму няма такiх i такiх праграм i серыялаў?» я адкажу: «Грошай няма, бюджэт абмежаваны». Калi тэлекампанiя стала прывабнай для гледачоў, гэта адразу заўважыў i рэкламадаўца. З’явiлiся дастаткова добрыя пазiцыi па продажу рэкламы. — Абмяркоўваецца новая рэдакцыя Закона аб рэкламе, выказваюцца прапановы аб змяншэннi, абмежаваннi ў прайм-тайме рэкламы ў тэлеэфiры... — Дэпутаты — людзi разважнага сэнсу. Не думаю, што ў нас з’явяцца праблемы... Канешне, ёсць тут элемент i папулiсцкi — заўсёды, калi гавораць пра тэлебачанне, футбол, сельскую гаспадарку: усе разбiраюцца ў гэтым. — У некаторых краiнах уведзена абаненцкая плата за тэлебачанне. Беларускаму гледачу гэта не пагражае? — Не пагражае — калi дэпутаты будуць паважлiва ставiцца да Закона аб рэкламе. У многiх краiнах «грамадскае тэлебачанне» фiнансуецца за кошт абаненцкай платы. Яна бярэцца не з антэны, а з кожнага тэлевiзара. Калi ў кагосьцi дома тры тэлевiзары — адпаведна, з кожнай «скрынкі». Напрыклад, у Нарвегii ўладальнiк тэлевiзара плацiць прыкладна 100 долараў у год за тое, што глядзiць дзяржаўную тэлекампанiю. Але i там пасля доўгiх дэбатаў дзяржтэлекампанii дазволiлi ўсё-такi размяшчаць рэкламу, хоць раней «грамадскае тэлебачанне» было пазбаўлена такога права. — Якая рэклама вам больш за ўсё падабаецца? — «Гэта — Першы!» Любiмы ролiк! *** — Вы значны час працавалi кiраўнiком СТБ. Не шкада было сыходзiць: ужо шмат ажыццёўленых праектаў, задум, у якiя, адчуваецца, вы ўклалi шмат энергетыкi... — Шкада было сыходзiць, дый прызначэнне на новую пасаду было досыць нечаканым. Але служба ёсць служба. — Ваш галоўны канкурэнт зараз — менавiта СТБ? — Не. Не!.. Галоўнымi канкурэнтамi Першага застаюцца расiйскiя каналы. На ўнутраным полi ў нас канкурэнтаў проста няма. — Частка каманды пайшла з СТБ разам з вамi? — Не назваў бы гэта пераходам каманды. Былi людзi, якiх я запрасiў перайсцi ў Белтэлерадыёкампанiю пазней, чым атрымаў гэтае прызначэнне. Частка супрацоўнiкаў проста вярнулася ў Белтэлерадыёкампанiю, па розных прычынах яны сыходзiлi адсюль некалькi гадоў таму i скарысталi магчымасць, якая iм прадаставiлася (калi хочаце працаваць, адчуваеце сябе творча не стомленымi — калi ласка, прыходзьце!). У асноўным, паўтараю, гэта людзi, якiя раней працавалi тут, а з СТБ iх звязваў перыяд нашай сумеснай работы. — Iнакш кажучы, гэта ўжо сапраўды члены ВАШАЙ каманды? — Не-не, яшчэ раз кажу: нiколi не займаўся фармiраваннем каманд, а проста ствараў надзейныя творчыя i арганiзацыйныя структуры. — Аляксандр Леанiдавiч, вы ўвогуле супраць паняцця «каманда»? — Не вiтаю гэта паняцце. — Бо атрымлiваецца штосьцi падобнае на кланавасць? — Не, кланавасць — гэта ўжо зусiм цiкава!.. (Смяецца.) Можна сказаць так: мы — за працоўныя дынастыi. — Раней у модзе былi толькi дынастыi хлебаробаў, даярак, шахцёраў... — Ёсць i журналiсцкiя дынастыi, i што ў гэтым дрэннага? Аграноўскiя, напрыклад. — Ваша дачка сёлета скончыла школу, але не пайшла па вашым шляху? — Яна сама выбiрала. — Як бацька нiчога не раiлi? — У яе мой характар, таму — дарэмна нешта раiць. — Дачка вучыцца на перакладчыцкiм факультэце? — Паняцця не маю. Ведаю толькi: унiверсiтэт замежных моў, платная форма навучання. А дэталiзацыя-спецыялiзацыя... нават не ўяўляю. — I не цiкавiлiся, як дачка здавала тэсцiраванне? — Канешне, заходзiў на сайт. Усе ўступныя iспыты яна здала годна, таму i паступiла. *** — Размова нечакана павярнулася да асабiстага, але, як гаворыцца, «вернемся да нашых баранаў»... Зiмоўскi — з непрыхаваным задавальненнем: — Да нашых герояў! Я б папрасiў!.. (Смяецца.) А то як загучыць загаловак: бараны прайм-тайму?! Такi «разняволены» гумар, прызнаюся, амаль што паставiў у тупiк. I суразмоўца, вiдавочна, быў рады гэтаму. — Вы ўзгадалi пра маршрутку... — Прыехала дадому — i ўключыла Першы канал. — Вось бачыце, мы прывучаем людзей глядзець Першы. Дакладней, прываблiваем гледача, вяртаем яго на Першы. — На якую аўдыторыю разлiчваеце? — На сегмент «18+». Дакладна ведаю: пачынаючы з лета, i моладзь глядзiць БТ — у той частцы, якая ёй цiкавая... Не павiнен малады чалавек днi i ночы праводзiць перад тэлевiзарам! Яму трэба быць на свежым паветры, гуляць з дзяўчатамi, займацца спортам, актыўна вучыцца i адпачываць. У маладосцi я наогул тэлевiзар не глядзеў — толькi фiльмы, якiя глядзела ўся краiна. — Пытанне пра мову тэлевяшчання. «ЛАД» усё больш скiроўваецца на родную мову? — Мая просьба была да Сяргея Аляксандравiча Кухто: каб праграмы ўласнай вытворчасцi, якiя выходзяць на тэлеканале «ЛАД», рыхтавалiся на беларускай мове. Я не кажу, каб гэта стала рэальнасцю ўжо сёння цi заўтра. Магчыма, камусьцi трэба падвучыцца, аднавiць моўныя навыкi. Але тым не менш гэта патрабаванне застаецца ў сiле, i, думаю, Кухто яго выканае. — Тры гады таму Першы нацыянальны стаў у пераважнай большасцi рускамоўным. Вядомы даследчык тэлебачання прафесар Нiна Фральцова, прааналiзаваўшы культуру рускай мовы на беларускiм тэлеэкране, адзначыла, што праз тэлебачанне распаўсюджваюцца грубыя граматычныя, арфаэпiчныя, моўныя i сэнсавыя памылкi, прычым «маштабы распаўсюджання непiсьменнасцi супастаўляльныя з зонай распаўсюджання тэлесiгналу»... — Гэта датычыцца не толькi тэлебачання. Дастаткова пачытаць газеты, сучасныя лiтаратурныя творы — столькi памылак! Гэта адбываецца таму, што культура рускай мовы бяднее ўвогуле, i не толькi на беларускiм экране. Але я разумею «падаплёку» вашага пытання. Вы лiчыце: калi перайсцi на беларускую мову, будуць менш заўважаныя агаворкi?.. — Аляксандр Леанiдавiч, ну вы ж цудоўна разумееце, што размова не пра гэта! — Я прапаную пачакаць, пакуль скончыцца моўная рэформа. — Па тэлефоне спытала наконт вашай «Жорсткай размовы»... — Праграма рыхтуецца да вытворчасцi. Будзе выходзiць, як i раней, у чацвер вечарам. На Першым канале вiзуальна яна не павiнна паўтараць ранейшую (сюжэтная схема захаваецца) i не павiнна выйсцi сырой. — Многiя з задавальненнем глядзяць праграму НТБ «Да бар’ера!» Уладзiмiра Салаўёва, дзе спрэчка iдзе на мяжы фолу. Падобнае шоу на Першым не плануецца? — Не. У нас, выбачайце, няма такой колькасцi «городских сумасшедших». *** — Аляксандр Леанiдавiч, думаю, для вас не сакрэт, што апаненты нярэдка папракаюць: маўляў, у Зiмоўскага больш не iнфармацыi, а прапаганды — прычым у дастаткова жорсткай, адыёзнай, нават ваяўнiчай форме? — Сфармулюю вызначэнне прапаганды — i яно адкажа на ўсе гэтыя папрокi. Прапагандай называецца iнфармацыя з крынiцы, якая нам не падабаецца. — Журналiсты, аналiтыкi, эксперты, палiтыкi ў тэлеэфiры ўсё часцей аналiзуюць магчымыя сцэнарыi сусветнага развiцця. «У нас ёсць сваё бачанне агульнасусветных працэсаў», — сказалi вы. А цi ёсць мiжнародны рэзананс пасля гэтых праграм? Магчыма, дыпламаты цi палiтыкi iншых краiн дзеляцца сваiмi думкамi, пярэчаць, спрачаюцца? — Як правiла, рэзананс — гэта... амаль скандал. Зразумела, калi з’яўляецца нейкая «гарачая» iнфармацыя, i яе маюць магчымасць бачыць людзi, якiя жывуць за межамi Беларусi i якiя разумеюць, пра што расказвае канал «Беларусь-ТБ», — адпаведная рэакцыя, натуральна, узнiкае. Нядаўнi прыклад — у Лiтве адключалi «Беларусь-ТБ». Адбыўся суд — мы аднавiлi статус-кво. Жыхары Лiтвы будуць глядзець «Беларусь-ТБ», таму што маюць на гэта права. У Расii часам таксама ўзнiкаюць праблемы з вяшчаннем «Беларусь-ТБ». То лiцэнзiю дзесьцi затрымаюць, «пад сукно пакладуць» выдачу (мы ж усё па закону робiм), то папросяць у якой-небудзь федэральнай акрузе спачатку «з Масквой парашаць гэтыя пытаннi, а потым ужо мы вам дазволiм»... — Нават так?! — Канешне. Вы ж разумееце: рускамоўны канал, якi рэальна працуе, для асобных палiтычных сiл проста небяспечны. Таму што на «Беларусь-ТБ» (як i на Першым канале, «ЛАДзе») гавораць пра такiя рэчы, пра якiя ў тых краiнах даўно ўжо не гавораць. Мы ж не пацёмкiнскiя вёскi паказваем, а рэальнае жыццё рэальнай краiны, якая абышлася без значных эканамiчных, людскiх, фiнансавых i iншых страт... Людзi бачаць кантрасты свайго жыцця з тым, што адбываецца ў краiне, якая побач, — толькi рэчку ўброд перайсцi. Таму, зразумела, такi канал небяспечны, не заўсёды «на ўра» нас сустракаюць. — Якi працэнт тэрыторыi Расii мае магчымасць прымаць «Беларусь-ТБ»? — Да Урала. Самая населеная частка Расii можа глядзець наш канал. Рэальна ў Расiйскай Федэрацыi ў нас каля пяцi мiльёнаў гледачоў. Адпаведныя сацдаследаваннi праводзiлiся i будуць праводзiцца да канца года сiламi расiйскiх сацыёлагаў. Ёсць у нас i зваротная сувязь. I я, i мае калегi атрымлiваем водгукi: маўляў, мы ўсё пра вас ведаем i ваш Бацька нам вельмi падабаецца... — Цяпер зразумела, чаму Прэзiдэнт на нядаўняй прэс-канферэнцыi пытаўся ў расiйскiх журналiстаў пра вяшчанне «Беларусь-ТБ»... — Ён праводзiў сваё асабiстае блiц-апытанне. Кiраўнiк дзяржавы праверыў нашу iнфармацыю. Лiчу, гэта было зроблена правiльна, хоць... можа, i не надта ўтульна было мне як тэленачальнiку: думаю, а раптам з’явiцца iнфармацыя, што, дапусцiм, у Бранску «Беларусь-ТБ» не iдзе... — Калегi сведчылi: iдзе. — Мы нiколi не падманваем, гэта галоўны прынцып. Да Урала жыве каля 80 працэнтаў насельнiцтва Расii. Я мог бы сказаць, што ў нас там 60 млн гледачоў. Гэта — магчымая, патэнцыяльная аўдыторыя. А рэальная — 5 млн чалавек. Дык гэта ж палова Беларусi! *** — Не магу не спытаць пра паказаны летам сюжэт аб iнтымным жыццi замежнага дыпламата — акурат у прайм-тайм, у прамежку з 21 да 22 гадзiн. Калiсьцi расiйскi канал апоўначы паказваў «чалавека, падобнага на генпракурора» з папярэджаннем: калi яшчэ не спяць дзецi, просьба адвесцi iх ад тэлевiзара... — У нас таксама было такое папярэджанне перад сюжэтам! — У адным з iнтэрв’ю вы пракаментавалi сюжэт як «немного с перцем». I спыталi журналiста: «Вас не устроило качество гомосексуального акта?» А вас?.. — Ды як вам сказаць, я ж не спецыялiст, мяне больш тэхнiчныя дэталi турбуюць: асвятленне, ракурс i г.д. — Размова аб маральна-этычных аспектах. Ёсць табу (не толькi ў СМI), якiя нельга перакрэслiваць, таму што — нельга. Хiба не? — Этычныя пытаннi заўсёды вельмi складана абмяркоўваць. Таму што ёсць катэгорыi «iнфармацыя», «аператыўнасць» — i ёсць «этычна», «неэтычна». Напэўна, неэтычна паказваць горы трупаў у Iраку, але многiя сусветныя агенцтвы паказваюць (жэст у бок вялiкага экрана, на якiм транслюецца канал сi-эн-эн). Масавае атручэнне ў метро ў Японii i вынас цел... Генацыд у Афрыцы... Усё паказваюць. Смерцi людскiя — з усiх пунктаў гледжання, у тым лiку з этычнага, — гэта больш страшна i ненармальна, чым эпiзод прыватнага жыцця двух грамадзян. Думаю, не варта ўсё змешваць i абводзiць адным паняццем «этыкi». — Згаданы сюжэт вашага «прайм-тайма» — цалкам прымальны, мяркуеце? — Ёсць умовы iнфармацыйнай барацьбы. Для беларускага гледача — так, гэта выглядала шокам. А для амерыканца шокам была гiсторыя з сенатарам, якi рассылаў пасланнi па Iнтэрнэту. Эфект успрымання! У краiне, дзе можна ўбачыць буйства плоцi на кожным кроку... — На шчасце, Беларусь захавала спрадвечныя маральныя каштоўнасцi i традыцыi!.. Дый калi раптам апаненты Зiмоўскага змесцяць яго выяву — ну, гэткую... «прыперчаную»? — Для любога чалавека, якi займаецца публiчнай дзейнасцю, заўсёды ёсць рызыка, што яго зловяць з прыспушчанымi штанамi. Прычым гэта адносiцца i да мужчын, i да жанчын. Не так даўно была гiсторыя са спадарыняй Меркель: папарацы зняў яе на пляжы ў час пераапранання. — Гэта значыць, вы... гатовы да падобных сюжэцiкаў? Ад душы рассмяяўся: — Да гэтага нiхто не бывае гатовы. Але не ўлiчваць гэтага нельга. *** — Аляксандр Леанiдавiч, вы не толькi кiраўнiк, журналiст, тэлевядучы, але i сенатар — член Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу РБ. Цiкава было б пачуць ваш прагноз адносна праблемы, якая актыўна абмяркоўваецца не толькi ва ўладных кабiнетах, але i ў грамадстве, на кухнях: што будзе з цаной на газ? — Ну, лiчбу назваць не змагу! — У прынцыпе — наколькi гэта будзе прымальна?.. Зараз холадна ў кватэрах, людзi хвалююцца, каб не змерзнуць зiмой... — Цяпло ў кватэрах будзе — адназначна. Гэта не мая епархiя, камунальшчыкi ведаюць дакладна, калi, што i як уключаць. Прычым, думаю, наша iнтэрв’ю яшчэ не будзе апублiкавана, а ў дзiцячых садках, школах, бальнiцах ужо пачнуць уключаць ацяпленне. А што датычыцца цаны на газ... Кожны тавар, у тым лiку газ, каштуе столькi, колькi за яго можна атрымаць. Калi партнёры лiчаць, што яны змогуць атрымаць з Беларусi $200 за тысячу кубаметраў газу, — магчыма, так... Можна «садраць» з любога што заўгодна, а калi яшчэ з нажом да горла — дык i сам аддасi... Мяркую, рызыка ўзвiнчвання цаны для «Газпрама» намнога большая, чым выгада, атрыманая шляхам узвiнчвання цаны. Цана газу будзе расцi, гэта працэс аб’ектыўны. Але наколькi скачкападобна?.. Наўрад, гэта могуць быць толькi спробы. Упэўнены: перакладваць праблемы «Белтрансгаза», «Газпрама» i адносiны гаспадарчых суб’ектаў на людзей, якiя ацяпляюцца гэтым газам, нiхто не будзе. *** — Крыху пра асабiстае, калi вы не супраць... Вы ўжо скончылi Пiнскi вышэйшы банкаўскi каледж або яшчэ з’яўляецеся студэнтам-завочнiкам Палескага дзяржаўнага ўнiверсiтэта? — Я вучуся на апошнiм курсе. Шчыра скажу: калi паступаў у Пiнскi вышэйшы банкаўскi каледж, нават не думаў, што буду заканчваць Палескi дзяржаўны ўнiверсiтэт. — Летась быў грандыёзны канцэрт на Кастрычнiцкай плошчы сталiцы, прысвечаны Дню вызвалення Беларусi. Вы так заўзята танцавалi, падпявалi ўсiм артыстам — камеры неаднаразова паказвалi вас буйным планам. У будзённым жыццi вы менавiта такi — вясёлы, любiце спяваць, танцаваць?.. — Танцаваць — не ўпэўнены. — Але ж вы не спецыяльна «пад камеру» танцавалi? — Не, ну што вы, — разам з усiмi! Потым толькi ўбачыў, што «гуляюць» гэтыя здымкi. А спяваць — сапраўды, люблю добрыя песнi, вясёлыя застоллi. — Напрыканцы размовы пытанне з разраду «вернемся да нашых герояў». Якiя перспектывы ў Першага канала «пад эгiдай» Зiмоўскага? — У Першага надзвычай добрыя перспектывы пры любым раскладзе. Людзi, якiя тут працуюць i звязваюць сваю будучыню з лiчбай «адзiн», зробяць (незалежна ад мяне) усё, каб гэтая «адзiнка» была не толькi лагатыпам Першага канала, але i знакам лiдарства. I гэту першую пазiцыю ўжо нiкому не аддадуць. — Шчыра зычым поспехаў Першаму, а нам — прыемных тэлепраглядаў! Таццяна ПАДАЛЯК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спроба «жорсткай размовы» радавога тэлегледача з Аляксандрам ЗIМОЎСКIМ
|
|