Сяргей IВАНОЎ:
Мiкола ДЗЯБЁЛА
«У сталiчнай пракуратуры следства вядуць знаўцы сваёй справы»
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 14 кастрычніка.) — Якое злачынства вас асабiста ўзрушыла i запомнiлася на ўсё жыццё? — Хоць прайшло ўжо больш за 12 гадоў, да гэтага часу памятаю карцiну забойства двух чалавек, мужа i жонкi, у Заводскiм раёне. Гэта была мая першая справа, своеасаблiвае баявое хрышчэнне. Увогуле, у памяцi застаюцца многiя крывавыя эпiзоды са следчай практыкi. Мы ж — жывыя людзi, а не бяздушныя робаты. — Што адчувае следчы пасля ўдала завершанай справы? — Вялiкае задавальненне ад сваёй працы. У такiя iмгненнi забываюцца i бяссонныя ночы, i ўсе iншыя нязручнасцi, прычыненыя работай. — А калi злачынцy ўдаецца пазбегнуць пакарання... — Значыць, дзесьцi недапрацаваў следчы. Можна, вядома, спаслацца на хiтрасць i вынаходлiвасць злачынцы, у рэшце рэшт, на цэлы шэраг аб’ектыўных прычын, якiя перашкаджаюць паспяховаму расследаванню. Але я лiчу, што найперш следчаму трэба спытаць з самога сябе. Бо нераскрываемых злачынстваў не iснуе. — У нашай размове немагчыма абмiнуць забойства журналiсткi Веранiкi Чаркасавай. 20 кастрычнiка споўнiцца роўна 2 гады як у сваёй кватэры па-зверску яна была забiта, а злачынства да гэтага часу не раскрыта. Больш за тое, следства па гэтай справе прыпынена. Цi азначае гэта, што пошукi забойцы таксама ўжо не вядуцца? — Не. Аператыўная праца па гэтай справе працягваецца. А расследаванне i сапраўды прыпынена ў сувязi з тым, што не ўстаноўлены асобы, якiя здзейснiлi злачынства. На маю думку, гэтая крымiнальная справа — не безнадзейная, i яе расследаванне можа быць даведзена да лагiчнага канца. — З пункту гледжання прафесiянала, як вы лiчыце, наколькi грунтоўна было падрыхтавана гэтае забойства цi злачынца дзейнiчаў спантанна? — На маю думку, гэтае злачынства не было дакладна прадумана i загадзя падрыхтавана. Пра гэта яскрава сведчыць той факт, што забойца выкарыстаў нож, якi ўзяў на кухнi сваёй ахвяры. Калi б злачынца адразу ж меў намер забiць Чаркасаву, то ўзяў бы з сабой уласную зброю, а не спадзяваўся б на выпадкова знойдзены нож. Вось i ўсё, што я на дадзены момант магу сказаць наконт гэтага забойства. — Следчых нярэдка папракаюць за цяганiну, якая для змешчаных за краты падазраваемых сама па сабе пераўтвараецца ў пакаранне. Наколькi справядлiвыя такiя папрокi на адрас следчых сталiчнай пракуратуры? — У гэтым выпадку мне не даводзiцца чырванець за сваiх падначаленых. Яны не дапускаюць цяганiны цi проста наўмыснага прамаруджвання з расследаваннем спраў. Хоць укласцiся ў адведзены законам тэрмiн не заўсёды лёгка, бо, апроч правядзення следчых дзеянняў, патрабуюцца яшчэ шматлiкiя i складаныя экспертызы, на якiя затрачваецца многа часу. — А якiя праблемы iстотна перашкаджаюць рабоце следчых сталiчнай пракуратуры? — Безумоўна, у нас, як i ва ўсiх, ёсць свае праблемы, але мы вырашаем iх у рабочым парадку. Так што наўрад цi варта выносiць iх на суд грамадскасцi. — Добра. Пакiнем па-за ўвагай лакальныя праблемы. А якiм чынам, на вашу думку, можна ўдасканалiць работу следчага апарату наогул? — Не прэтэндуючы на iсцiну ў апошняй iнстанцыi, у дадзеным выпадку я магу выказаць толькi сваё прыватнае меркаванне. На маю думку, наспела неабходнасць рэформы ўсёй сiстэмы следства. У прыватнасцi, я лiчу, што следчыя падраздзяленнi ўсiх праваахоўных органаў трэба аб’яднаць пад адным дахам, а дакладней, у сiстэме пракуратуры. Толькi не падумайце, што я адстойваю ведамасныя iнтарэсы. Проста, менавiта такiм чынам можна iстотна ўдасканалiць працу следчых. I гэта не толькi маё меркаванне. Па такiм шляху, напрыклад, пайшлi нашы лiтоўскiя калегi. Там, дарэчы, пракурор, якi расследуе справу, прадстаўляе яе i ў судзе. Гэта не толькi робiць абвiнавачанне больш эфектыўным, але i павышае адказнасць следчага за канчатковы вынiк сваёй працы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«У сталiчнай пракуратуры следства вядуць знаўцы сваёй справы»
|
|