Хваробы суставаў: як з iмi змагацца?
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказвае доктар медыцынскiх навук, прафесар, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта Мiкалай Фёдаравiч САРОКА
Скажу адразу: дыялог чытачоў «Звязды» з госцем рэдакцыi аказаўся, бадай што, як нiколi задушэўным i цёплым. Па-першае, асобныя з тэлефанаваўшых i аўтараў пiсьмаў у газету асабiста ведаюць Мiкалая Фёдаравiча; па-другое, вельмi i вельмi многiя чулi пра яго практычную дзейнасць у медыцыне, так што перш чым паведамiць яму пра свае праблемы i хваробы, шчыра дзякавалi прафесару, прасiлi пры гэтым, вядома ж, аб парадах i пажаданнях... — Добры дзень, паважаны Мiкалай Фёдаравiч! Турбуе Ганна Iванаўна ПРЫЗМА з Гомеля. Мне 68 гадоў, пенсiянерка. Не дае спакою артроз тазасцегнавых i каленных суставаў, кiсцяў рук. Што рабiць, чым i як лячыцца? — Ганна Iванаўна, а што вы робiце? — Прымаю структум, зрэдку нацiраю суставы... — Вам абавязкова трэба прымаць таблеткi, якiя змяншаюць боль, запаленне. Напрыклад, дыклафенак, iбупрафен, нiмесулiд, мовалiс. Любое з гэтых лякарстваў, якое вашаму арганiзму больш падыходзiць. Другое. Вы назвалi структум, так, гэта патрэбна, але ён боль змяншае мала, а ў больш значнай ступенi аднаўляе храсток. Што ж датычыцца тазасцегнавых суставаў, то там бываюць такiя змяненнi, якiм нiякiмi лякарствамi, на вялiкi жаль, ужо не дапаможаш, i патрэбна толькi аперацыя. А для гэтага трэба паглядзець здымак... З iншых сродкаў трэба карыстацца палачкай для разгрузкi тазасцегнавых суставаў. Карысна i любое цяпло: у выглядзе кампрэсаў, шарсцяных накаленнiкаў, сагравання каля печкi i г.д. — А чым параiце карыстацца з мазяў? — Усё, што я пералiчыў, вырабляецца як у выглядзе таблетак, так i ў выглядзе мазяў. Можна карыстацца i iмi, плюс фастум-гель. Аднак што датычыцца тазасцегнавых суставаў, то там iмi не пакарыстаешся... Можна таксама прыкладваць лапухi, лiсты капусты. — Турбуюць са Жлобiна. Завуць мяне Марыя. Непакояць суставы, каленi, iкраножныя мышцы. Няма на мне месца, дзе б не балела... Боль такi, што немагчыма цярпець! Прымаю дыклафенак, на каленi прыкладала макрыцу... Доктар, што рабiць далей? — Калi, акрамя каленяў, баляць iкраножныя мышцы, значыць ёсць у вас болi i ў паяснiцы. Таму трэба прымяняць лякарствы, што змяншаюць боль. Паспрабуйце дыклафенак памяняць на нiмесiл, нiмесулiд, iбупрафен, мовалiс... На суставы кладзiце кампрэсы з мазямi: вальтарэна, далгiта, фiларана — iх шмат. Старайцеся трымаць хворыя месцы ў цяпле. — Турбуе Нiна Уладзiмiраўна МАНКЕВIЧ з Мiнска. Мне 75 гадоў. Вельмi моцна баляць у мяне каленi. Дыягназ — двухбаковы гонартроз правага i левага суставаў другой i трэцяй ступеняў, варыкозная дэфармацыя каленных суставаў. У Навукова-даследчым iнстытуце траўматалогii мне рэкамендуюць iсцi на аперацыю. Вось i задумалася я: а цi варта рабiць гэта, цi дапаможа? Узрост жа ўжо... — Нiна Уладзiмiраўна, калi вам прапаноўваюць аперацыю i калi вас у Iнстытуце траўматалогii прымуць, раздумваць i сумнявацца не трэба: пагаджайцеся. Гэта — адзiнае выратаванне ў вашай сiтуацыi. Калi ў вас насамрэч ёсць дэфармацыя каленных суставаў, нiякiмi лякарствамi iх ужо не выпрамiш. Гэта стадыя, якая «зайшла» ўжо вельмi далёка... Выйсце адно: замянiць зношаны сустаў штучным. — А мой арганiзм вытрымае, перанясе? — Вытрымае, Нiна Уладзiмiраўна, абавязкова вытрымае. Вам давядзецца пачакаць, пакуль падыдзе ваша чарга на аперацыю: гэтыя штучныя суставы дарагiя i iх закупляюць у абмежаванай колькасцi. — Дзякуй, доктар. Дай вам Бог здароўя! — Са Жлобiнскага раёна турбуе вас Зоя Канстанцiнаўна. З’яўляюся iнвалiдам першай групы. У мяне артроз тазасцегнавых суставаў. Прымала i прымаю многiя лякарствы, аднак боль не сцiхае. Мiкалай Фёдаравiч, чым i як лячыцца, парайце, калi ласка?! — Зоя Канстанцiнаўна, перш за ўсё трэба ўстанавiць, якiя з лякарстваў вам найбольш дапамагаюць. Iх шмат: ёсць таннейшыя, ёсць i дарагiя. Вы прымаеце мiлапсiкам, але гэта замяняльнiк, паспрабуйце мовалiс. Ёсць яшчэ тэлебрэкс, дыклаберл... Выкарыстоўваеце вы i сабельнiк — таксама можна: i пiць, i прыкладваць да суставаў, гэта добры дапаможны сродак. «Прамую лiнiю» падрыхтаваў i правёў Анатоль МЯСНIКОЎ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказвае доктар медыцынскiх навук, прафесар, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта Мiкал
|
|