Застацца ў жывых. Жыць дастойнаВяртаючыся да надрукаванага ВОЛЬГА Пра гiсторыю Вольгi Вацкель з вёскi Дуброва Драгiчынскага раёна наша газета расказала тры гады таму, пасля таго, як бяда здарылася. Коратка напомню, як гэта было. Гарачым жнiвеньскiм днём мацi сямейства Марыя Кiрылаўна i яе дочкi Вольга i Люда пайшлi мыць вокны ў новы дом. Вялiкi прыгожы дом быў ажыццёўленай марай iх шматдзетнай сям’i. Будавалi яго за свае грошы амаль дзесяць гадоў. Чацвёра дзяцей практычна выраслi ў двухпакаёвай кватэры. Таму наваселле наблiжалi з радасцю. I заставалася да галоўнага сямейнага свята прыбраць ды памыць. Быў пятнаццаты дзень жнiўня. Мацi наводзiла парадак у пакоях, дзяўчаты мылi шыбы, калi ўбачылi, што недалёка ад iх сядзiбы дымiцца трава. Крыху далей, на калгасным полi ляжала ў валках салома. Як расказвала тады Вольга, яна падумала, што агонь можа перакiнуцца на салому або дабрацца да iх двара, i вырашыла патушыць, пакуль ён маленькi. Захапiла з сабой лiст тоўстага кардону, каб збiваць языкi полымя, i пабегла туды, адкуль iшоў дымок. Але да злашчаснага месца дзяўчына не дабегла: яе нiбы схапiла невядомая страшная сiла, агарнула нясцерпным болем i пачала трэсцi. Вольга трапiла пад кантактнае напружанне абарванага провада высакавольтнай лiнii. Провад гэты, як спрут, пацягнуў да сябе i амаль iмгненна спапялiў пальцы, далонь. Яна i цяпер, праз тры гады, не можа расказаць, як гэта невыносна, калi праз цябе праходзiць аграмаднай сiлы ток, камяк падступае да горла. Ды i цi можна наогул такое перадаць словамi? Люда заўважыла, што меншай сястры няма некалькi хвiлiн i пайшла паглядзець, як тая змагаецца з агнём. Мусiць, нейкае ўнутранае чуццё прымусiла мацi пакiнуць работу i пайсцi следам за дочкамi. Як толькi Марыя Кiрылаўна выйшла з дома, адразу пачула пранiзлiвы крык Люды, якая была каля Вольгi. Волечка ляжала на зямлi, спрабавала адпаўзцi i цiха прасiла выратаваць яе. У гэтыя хвiлiны суседка Вацкеляў тэлефанавала дзяжурнаму дыспетчару электрасетак, каб сказаць, што чалавек трапiў пад высокае напружанне. Вольгу адразу завезлi ў Драгiчынскую раённую бальнiцу, праз суткi яна была ўжо ў рэанiмацыi Брэсцкай абласной бальнiцы. Затым доўгае, цяжкае лячэнне ў апёкавым аддзяленнi. Левая рука дзяўчыны згарэла на вугаль, яе давялося ампутаваць амаль па локаць. Пацярпелi пальцы ног, засталiся сляды ад апёкаў на iншых частках цела. Электратраўма не прайшла бясследна амаль для ўсiх органаў дзяўчыны. Пяць аперацый, перавязкi пад наркозам, вядома ж, здароўя не прыбавiлi. Вольга пачала хадзiць недзе праз два месяцы пасля здарэння. Потым былi курсы лячэння ў санаторыях, раз у год ёй патрэбны прафiлактычны курс у раённай бальнiцы. Цяпер ёй неабходна лячыцца практычна ўсё жыццё. Была вялiкая надзея ў 19-гадовай дзяўчыны пазбавiцца ад шрамаў на шыi, на руцэ ў сталiчнай спецыялiзаванай клiнiцы, дзе пластычныя аперацыi робяць з дапамогай лазера. Але мiнскiя медыкi развялi рукамi: паабапал рубцоў амаль не засталося жывой тканкi. I за аперацыю нiхто не ўзяўся. Цяпер Вольга працуе ў абаненцкiм аддзеле райэлектрасетак. Два гады таму ў яе нарадзiўся сын Кiрыл. Сынок для яе зараз — галоўны сэнс iснавання, стрыжань, вакол якога будуецца жыццё. Тады яна не змагла скончыць сярэднюю школу. Сёлета паступiла ў 10 клас завочнай. Мае намер вучыцца сур’ёзна, а праз тры гады, калi атрымае атэстат, паступаць далей, каб мець хоць бы сярэднюю спецыяльную адукацыю па свайму профiлю. I мацi гаворыць пра Вольгу, што не ў яе характары адчуваць сябе на працы iнвалiдам, да якога паставiлiся са спагадай. Яна хоча мець адукацыю i стаць паўнацэнным работнiкам. I абавязкова iм стане. БАЦЬКI I хоць дзяўчынка стала зусiм дарослай, бацькi ўсё роўна застаюцца яе апорай i падтрымкай, крынiцай усiх яе жыццёвых сiл. У сям’i шмат чаго змянiлася з той пары. Двухпакаёвую кватэру, на жаль, давялося прадаць. Многа грошай пайшло на лячэнне i рэабiлiтацыю дачкi. Старэйшыя сын i дачка Вацкеляў займелi свае сем’i. Сыну даводзiцца дапамагаць, бо ён будуе свой дом. Марыя Кiрылаўна зараз за няньку двум унукам. Даглядае Кiрыла i гадавалую дачушку сына, бо нявестка паехала на сесiю. Смяецца: «Вой, у мяне амаль што двойня. I абое такiя жвавыя, толькi бегай за iмi, каб якую шкоду не зрабiлi, або самi не патузалiся. Але ж нiчога, неяк справiмся». Кiрыла ў тры гады плануюць аформiць у дзiцячы садок, а сама гаспадыня хоча ўладкавацца на працу, трэба ж пенсiю зарабляць. Тады, як з Вольгай здарылася, мацi пакiнула работу i пакуль не было магчымасцi туды вярнуцца. Спачатку даглядала дачку, цяпер — яе сына. Дом iхнi — поўная чаша. Са сваёй гаспадаркi, агарода маюць не проста падмогу, а аснову харчавання ўсёй вялiкай сям’i. А ўжо саленняў, варэнняў гаспадыня за лета столькi нарыхтоўвае, што сапраўды ўсiм хапае. Дзяцей Марыя Кiрылаўна i Мiкалай Паўлавiч выгадавалi добрых. Нi за аднаго з чацвярых нiколi не было сорамна. Змалку дапамагалi бацькам, ведалi цану капейчыне. Цяпер уся гiсторыi сям’i дзелiцца на да i пасля Вольгiнай траўмы. Дык вось, раней дзяўчаты (малодшая ж яшчэ зусiм дзiця была) ездзiлi ў Польшчу, каб нешта зарабiць i ўнесцi свой сцiплы ўклад у будаўнiцтва дома. Старэйшы сын, як толькi дасягнуў паўналецця, ездзiў разам з бацькам на заробкi ў Пiцер. I цяпер бацькi за сыноў спакойныя: не п’юць, з сумнiўнымi кампанiямi нiколi не вадзiлiся. Галоўным клопатам старэйшых Вацкеляў застаецца i будзе заўсёды, вiдаць, Вольга. ЛЮДЗI I для яе яны робяць усё, што магчыма зрабiць. А яшчэ яны вельмi ўдзячныя людзям, тым, хто не застаўся раўнадушным да чужога гора. У гэтай сям’i заўсёды добрым словам будуць успамiнаць загадчыка, дактароў, медсясцёр i нянечак апёкавага аддзялення Брэсцкай абласной бальнiцы, дзе лячылася Вольга. Тут не толькi лячылi, але падтрымалi маральна, унушылi адчуванне, што можна i з адной рукой забяспечыць сабе пэўную якасць жыцця, калi захацець. Асобная размова пра кiраўнiка РУП «Брэстэнерга» i калектыў раённых электрасетак. Тады, пасля здарэння, былi праверкi пракуратуры, суд. У Вацкеляў узнiкла шмат пытанняў i да службовых асоб электрасетак, i да юрыстаў, што праводзiлi праверку па факту няшчаснага выпадку. Давялося звяртацца i ў абласную пракуратуру. Але ўсё гэта ў мiнулым... Цяпер, з вышынi перажытага, Марыя Кiрылаўна кажа, што нiхто на свеце не застрахаваны ад няшчасця. Але важна, як потым паставяцца да цябе людзi, якiя мелi прамое цi ўскоснае дачыненне да здарэння, або проста тыя людзi, якiя могуць нечым дапамагчы. Па-першае, Вольгу Вацкель, як ужо гаварылася, узялi на работу, што для райцэнтра вельмi многае значыць. Генеральны дырэктар РУП «Брэстэнерга» нiколi не адмовiў у любой просьбе аб дапамозе. Вользе выдзялялi пэўныя сумы i на лячэнне ў санаторыi, i пасля нараджэння сына. Не так даўно Вольга была ў Брэсце на кароткатэрмiновых курсах i зайшла да Уладзiмiра Мiхайлавiча пагаварыць наконт сваёй жыллёвай праблемы. Кiраўнiк «Брэстэнерга» дэпутат абласнога Савета сенатар Шышко сказаў ёй, што абласное энергетычнае прадпрыемства бярэ на сябе фiнансаванне будаўнiцтва кватэры для Вольгi Вацкель. Потым Вольга пайшла на прыём да старшынi Драгiчынскага райвыканкама Васiля Хвацiка, i ёй паабяцалi ўключэнне ў спiсы членаў кааператыва, якi будзе ўзводзiцца налета. Вельмi чула да праблем дзяўчыны з Дубровы ставiцца старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Верамейчык, дапамагае i парадай, i справай. Цяпер Вольга жыве марай пра iх з Кiрушам асобную кватэру, пра тое, як шчаслiва i хораша яны будуць жыць. А бацькi бязмежна ўдзячныя Уладзiмiру Шышко, яго калегам, таварышам па рабоце Вольгi за разуменне, за спагаду. У гэтай сiтуацыi можна сказаць, што з дачкой абышлiся ў адпаведнасцi з законамi чалавечай маралi. Святлана ЯСКЕВIЧ. Драгiчынскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зараз Вольга, як усе, ранкам бяжыць на работу, вечарам хутчэй стараецца прытулiць да сябе двухгадовага сыночка Кiрыла. Трэба паспець у магазiны, у шко
|
|