21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Рэктар БДУ, прафесар Васiль СТРАЖАЎ: «У асяроддзi «iнфармацыйнага цунамi» неабходна навучыць вучыцца

25.08.2009 22:06 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

30 кастрычнiка Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт адзначае 85-гадовы юбiлей

БДУ — найстарэйшы класiчны ўнiверсiтэт краiны, буйны вучэбна-навукова-вытворчы комплекс. У яго складзе — 17 факультэтаў, Дзяржаўны iнстытут кiравання i сацыяльных тэхналогiй, Iнстытут бiзнэсу i менеджменту тэхналогiй, Iнстытут тэалогii iмя Святых Мяфодзiя i Кiрылы, лiцэй i юрыдычны каледж. А таксама: 3 навукова-даследчыя iнстытуты, 5 нацыянальных навуковых цэнтраў, 14 унiтарных навуковых i вытворчых прадпрыемстваў. Ва ўнiверсiтэце працуюць больш як 8,5 тыс. супрацоўнiкаў, у тым лiку каля 400 дактароў навук i больш як 1600 кандыдатаў навук. Па 57 спецыяльнасцях i больш чым 200 спецыялiзацыях навучаюцца звыш 24 тыс. студэнтаў.

На працягу трох гадоў на «капiтанскiм мосцiку» — рэктар БДУ, доктар фiзiка-матэматычных навук, прафесар Васiль СТРАЖАЎ. Цiкавая дэталь: сёлета спаўняецца 40 гадоў, як Васiль Iванавiч скончыў БДУ. Вяртанне ў Аlmа-Mаtеr было для яго сапраўды як вяртанне ў родны дом.

Пастаянныя чытачы «Звязды», пэўна ж, памятаюць, што мы прадстаўлялi Мiнiстра адукацыi Рэспублiкi Беларусь Васiля Стражава (на гэтай пасадзе ён працаваў больш як 7 гадоў) у колiшняй нашай рубрыцы «Пра палiтыкаў — без палiтыкi». I на гэты раз дамовiлiся, што гутарка не будзе традыцыйна-«датскай» (да юбiлейнай даты). Бо юбiлей — нагода не толькi для справаздач аб зробленым, але i падстава для роздуму над праблемнымi i перспектыўнымi пытаннямi адукацыi — сферы, дзе «першую скрыпку» iграе менавiта БДУ.

— Расце колькасць студэнтаў у БДУ i ўвогуле колькасць студэнтаў у краiне. Масавая вышэйшая адукацыя — цi ёсць у гэтым патрэба?

— Масавая вышэйшая адукацыя — неабходнасць сённяшняга часу. Да гэтага iдзе ўвесь свет. Змяняецца сацыяльнае асяроддзе грамадства, нарастае iнфармацыйнае «цунамi». Сацыяльную структуру эканамiчна развiтых краiн усё часцей называюць грамадствам ведаў, падкрэслiваючы тым самым прыярытэт навукi i адукацыi. Перад беларускiмi ВНУ ставiцца задача ўдасканалення падыходаў да зместу i ўвогуле да рэалiзацыi вышэйшай адукацыi. Абазначаная праблематыка сур’ёзна асэнсоўваецца. Мы — у пошуку. Аднак, паўтараю, масавая вышэйшая адукацыя — адна са складовых iнфармацыйнага грамадства ХХI стагоддзя.

— 27 кастрычнiка адкрываецца музей БДУ — пасля амаль 10-гадовага спынення працы. Чаму музейныя «канiкулы» былi такiмi доўгiмi?

— Цяжка адказаць на гэта пытанне. Музей зачынiўся ў 1997 годзе. Калi я пачаў працаваць рэктарам у лiстападзе 2003-га, захацеў наведаць музей. «Няма музея», — гавораць. Здзiвiўся: «Як — няма?! Заўсёды ж быў!». Паставiлi задачу аднавiць музей. Але не проста паўтарыць тое, што раней было (гэта, пасутнасцi, было i немагчыма, i не трэба), а зрабiць музей ужо на прынцыпова новай аснове. У нас ёсць гiстарычны факультэт, кафедра музеязнаўства, вядзём падрыхтоўку студэнтаў па адпаведнай спецыяльнасцi. Сказаў: калi не будзе створаны выдатны музей, закрыем кафедру! Канешне, гэта быў жарт, але, як гаворыцца, у кожным жарце ёсць... доля жарту. I нашы спецыялiсты сапраўды паказалi сябе: музей вельмi добры, канцэптуальны. Дый сродкi ўкладзены немалыя. Але музей варты гэтага.

— Дзе знаходзiцца музей i цi змогуць выпускнiкi БДУ розных гадоў (а iх дзесяткi тысяч) свабодна наведаць яго?

— Музей размяшчаецца на першым паверсе галоўнага корпуса БДУ. Дзверы яго адчынены для ўсiх наведвальнiкаў. Мы разглядаем музей адначасова як цэнтр выхаваўчай працы з моладдзю. Глыбока перакананы: калi ты не патрыёт унiверсiтэта, дык не будзеш i патрыётам сваёй краiны. Мяркуем праводзiць вучэбныя заняткi ў музеi. Каб студэнты праз гiсторыю ўнiверсiтэта спасцiгалi «канкрэтную» гiсторыю краiны.

— Васiль Iванавiч, вашы бацькi сустрэлiся на фронце, удзельнiчалi ў вызваленнi Беларусi. Мабыць, невыпадкова ў вас такiя чуйныя адносiны i да гiсторыi, i да ветэранаў?

— Так. У мiнулым годзе ў БДУ выйшла цудоўная кнiга «Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт у гады Вялiкай Айчыннай вайны»: дакументальныя матэрыялы, успамiны былых выкладчыкаў i студэнтаў, цiкавыя iлюстрацыi... Усе ветэраны атрымалi кнiгу ў падарунак — там змешчаны фотаздымкi кожнага, кароткiя аўтабiяграфiчныя звесткi. Зараз iдзе праца над новым, больш пашыраным выданнем.

— Не так даўно публiкаваўся спiс 100 вядучых ВНУ свету (Маскоўскi ўнiверсiтэт займае там 93-ю пазiцыю). Якое месца ў сусветным адукацыйным рэйтынгу за БДУ? Наколькi паспяховая дынамiка яго развiцця?

— З аднаго боку, гэта даволi простае пытанне. Можна сказаць: мы та-акiя ўплывовыя!.. Прынамсi, дастаткова прыкладаў гэтага iснуе. У 2004—2005 гадах каманды БДУ былi сярод чэмпiёнаў студэнцкiх сусветных першынстваў па iнфарматыцы i па матэматыцы. Гэта дае падставу сцвярджаць, што наш факультэт прыкладной матэматыкi i iнфарматыкi адзiн з лепшых у свеце. Iншыя факультэты — фiзiчны, хiмiчны, бiялагiчны, геаграфiчны — таксама сусветнага ўзроўню, проста па гэтых дысцыплiнах не праводзяцца студэнцкiя чэмпiянаты свету. У апошнiя гады, калi Беларусь стала суверэннай дзяржавай, ёсць прыкметныя станоўчыя змены i на гуманiтарных факультэтах.

Адносна месца БДУ. Пытанне i простае, i складанае. Увогуле не ведаю, па якiх паказчыках ствараўся рэйтынг. Нярэдка робiцца такiм чынам. Бярэцца 10 працэнтаў лепшых студэнтаў i 10 працэнтаў... не самых лепшых. Дык вось, па лепшых студэнтах мы — на ўзроўнi наймацнейшых унiверсiтэтаў свету. Але ў параўнаннi з горшымi студэнтамi пакуль не зусiм добра выглядаем.

I яшчэ немалаважны фактар. Некаторыя ўнiверсiтэты маюць шматвяковую гiсторыю. А нам усяго толькi 85.

...Калi я з’явiўся ва ўнiверсiтэце не як мiнiстр, не як выкладчык, а як рэктар, было нечакана ўбачыць, што, па сутнасцi, падыходы да арганiзацыi навучальнага працэсу засталiся на ўзроўнi тых гадоў, калi я сам быў студэнтам. Безумоўна, савецкая вышэйшая школа была моцная, добра арганiзаваная. Але ж час iдзе, зусiм iншыя патрабаваннi, велiзарны аб’ём iнфармацыi i ведаў — на ўсё жыццё не навучыш. Вiдавочна: трэба вучыць вучыцца. Акурат у гэтым наша слабiна.

Усе студэнты ўнiверсiтэта таленавiтыя. Але, акрамя таленту, трэба мець жаданне засвойваць веды, уседлiвасць. Маладога чалавека трэба ўвесь час падштурхоўваць, каб ён «прыгнуў вышэй галавы». А для гэтага неабходна стварыць пэўныя ўмовы — чым я i пачаў займацца. Вельмi карпатлiвая, непрыемная праца, у чымсьцi нават няўдзячная, адчуваецца i неразуменне некаторымi выкладчыкамi... Бо каб належным чынам арганiзаваць самастойную працу студэнтаў, патрэбна вялiкая праца выкладчыкаў. Мы абапiраемся на iнфармацыйныя тэхналогii. Зробiм электроннае навучальнае асяроддзе i на базе гэтага арганiзуем кантроль за самастойнай працай студэнтаў. У БДУ ўжо працуюць тры медыятэкi. Зараз камп’ютар для студэнтаў — як для нас калiсьцi аўтаручка была.

* * *

— БДУ — будуецца. На Прывакзальнай плошчы «расце» корпус факультэта мiжнародных адносiнаў...

— Будынак будзе мець 14 паверхаў, калi лiчыць ад узроўню зямлi. Пад часткай будынка мяркуецца ўзвесцi яшчэ два падземныя паверхi. Плануецца, што аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю ў першым квартале 2008 года. Будаўнiцтва вядзецца ў крэдыт, якi ў адпаведнасцi з Пастановай Савета Мiнiстраў ад 2001 года i ўмовамi, падпiсанымi БДУ, аплачваецца як дзяржавай, так i унiверсiтэтам. На сёння затраты БДУ на гэтае будаўнiцтва склалi 4 859 436 еўра, затраты Мiнiстэрства фiнансаў — 4 947 154 еўра.

— Корпус на Кальварыйскай — даўгабуд. Снег, мароз, спёка, дождж... Хадзiлi чуткi, што ў сувязi з гэтым быццам бы ёсць праблемы з самiм будынкам?

— Не, зараз усё нармальна. Два гады як паставiлi вокны, ужо ёсць цяпло. Iншы клопат: вельмi вялiкiя плошчы, але для заняткаў iх не так i шмат. Будынак праектаваўся для навукова-даследчага iнстытута. Стараемся максiмальна прыстасаваць яго для вучэбных мэтаў. Туды пераедуць факультэты журналiстыкi, фiласофii i сацыяльных навук, а таксама Iнстытут бiзнэсу i менеджменту. Агульнабудаўнiчыя работы будуць скончаны ўжо ў пачатку наступнага года. Але ж сучаснаму ўнiверсiтэцкаму корпусу патрэбна сучаснае «напаўненне», абсталяванне. Каштуе гэта вельмi дорага...

— У планах БДУ — будаўнiцтва i спарткомплексу?

— Думаю, тут вялiкага галаўнога болю не будзе, спарткомплекс пабудуем да 2009 года ў Шчомыслiцах. Там тры факультэты (радыёфiзiкi, бiялагiчны i гуманiтарны), навучаюцца каля трох тысяч студэнтаў — павiнны быць свае спартыўныя плошчы. Ужо зроблены прыкiдкi: у мiльён долараў укладзёмся.

— Ходзяць размовы аб стварэннi адукацыйнага тэлеканала на базе БДУ?

— Гэта цалкам рэальна. Канцэпцыя зразумелая: гэта будзе ў першую чаргу адукацыйны канал, якi можна разглядаць у тым лiку як калектыўны рэпетытар у падрыхтоўцы да тэстаў. Не ўсе, асаблiва вясковыя выпускнiкi, маюць магчымасць займацца iндывiдуальна з рэпетытарам. На базе ўнiверсiтэта мы паспрабуем дапамагчы кожнаму сельскаму школьнiку. Акрамя гэтага, будзе створана i сiстэма дыстанцыйнага навучання з дапамогай тэлебачання, з’явяцца перадачы, арыентаваныя на студэнцкую i навучэнцкую моладзь, забаўляльныя перадачы.

— Нiша не запоўнена. У савецкi час на БТ была рубрыка «Тэлебачанне — школе» (абiтурыенту)...

— Зараз гэта бярэцца рабiць унiверсiтэт, у складзе якога працуе адзiны ў краiне факультэт журналiстыкi, якi якраз i рыхтуе кадры для тэлебачання. Дык нам i карты ў рукi!

* * *

— Пры Савецкiм Саюзе вузаўская навука ў некаторых аспектах была нават на больш высокiм узроўнi, чым акадэмiчная. Ды i сусветная тэндэнцыя зараз — развiццё ўнiверсiтэцкай навукi. А як у нас?

— Апошнiм часам расце значнасць БДУ як вытворча-iнавацыйнага цэнтра. Распрацоўкi вучоных унiверсiтэта ў мiнулым годзе на мiжнародных выстаўках узнагароджаны 21 медалём i 11 дыпломамi — за стварэнне высокатэхналагiчнай навукаёмiстай прадукцыi. Калi паглядзець на лiчбавыя паказчыкi — усё цудоўна. Але ж, зразумела, ёсць пытаннi як у акадэмiчнай навукi, так i ва ўнiверсiтэцкай. Трэба мець на ўвазе, што ў савецкi час большая частка заказаў на навуковыя даследаваннi зыходзiла з Мiнiстэрства абароны — па сутнасцi, фiнансавалася ваеннымi. Сёння зусiм iншая сiтуацыя — у тым лiку i з фiнансаваннем. А навуку без грошай развiваць немагчыма.

— Раней папулярным быў афарызм: навука — гэта задавальненне ўласнай цiкаўнасцi за дзяржаўны кошт.

— Можна, канешне, развiваць гуманiтарныя навукi, але што датычыцца хiмii, фiзiкi, бiялогii?.. У краiны абмежаваныя магчымасцi, трэба вызначыць прыярытэты — што мы рэальна зможам развiваць.

Асаблiвасць сапраўднага ўнiверсiтэта ў тым, што тут непарыўная даследчая i выкладчыцкая дзейнасць. У БДУ неблагая навукова-даследчая база, гарант нармальнага развiцця навукi i адукацыi. Выкладчыкi бяруць удзел у навуковых даследаваннях, а студэнты, засвойваючы навуковую метадалогiю, паралельна далучаюцца i да навуковых пошукаў.

— У краiне ствараецца Парк высокiх тэхналогiй — цi наладжаны кантакты з гэтай структурай? Магчыма, якое-небудзь унiверсiтэцкае падраздзяленне з’яўляецца рэзiдэнтам гэтага парка?

— Пакуль што не. Але многiя з «рэзiдэнтаў» — выпускнiкi БДУ, галоўным чынам факультэтаў прыкладной матэматыкi i iнфарматыкi, радыёфiзiкi i электронiкi.

* * *

— У гэтым годзе адбылiся сур’ёзныя змены ў арганiзацыi прыёму студэнтаў на завочную форму навучання: у конкурсе на бюджэтныя месцы маглi ўдзельнiчаць толькi тыя абiтурыенты, якiя працавалi па спецыяльнасцi або скончылi сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы па адпаведнай спецыяльнасцi. У сувязi з гэтым у рэдакцыю звярталася нямала грамадзян, якiя выказвалi прэтэнзii. Напрыклад, не ўлiчаны iнтарэсы выпускнiкоў з малазабяспечаных сем’яў, якiя хочуць вучыцца завочна, бо не маюць матэрыяльнай магчымасцi вучыцца на дзённым нават «на стыпендыю». А таксама: жанчын, якiя знаходзяцца ў водпуску па догляду дзiцяцi; юнакоў пасля армii i г.д.

— У правiлы прыёму ў ВНУ адносна завочнай формы навучання, на маю думку, варта было б дадаць больш шырокiя тлумачэннi. Яны могуць фармулявацца самой ВНУ i зацвярджацца Мiнiстэрствам адукацыi краiны.

— Не вельмi прыемнае пытанне: на некаторых спецыяльнасцях фiзфака i факультэта радыёфiзiкi i электронiкi сёлета быў недабор — з чым, па-вашаму, гэта звязана?

— Тры прычыны. Калi б БДУ быў па-ранейшаму ў першай групе ВНУ, як i ў апошнiя 10 гадоў, праблемы недабору не iснавала б. Сёлета паралельна з нашым унiверсiтэтам, у тыя ж тэрмiны, праводзiлi ўступныя iспыты амаль усе ВНУ краiны. Таму частка абiтурыентаў, якая ў мiнулыя гады мела магчымасць у першую чаргу выпрабаваць сябе пры паступленнi ў БДУ, а потым, у выпадку няўдачы, паўтарыць спробу ў iншыя ВНУ, была вымушана вызначыцца са сваiм выбарам адразу ў лiпенi.

Аднак калi б я абмежаваўся толькi гэтым тлумачэннем, дык, па сутнасцi, не адказаў бы на ваша пытанне. Таму што на прыкладзе БДУ мы сутыкнулiся з тымi ж з’явамi, якiя ў Заходняй Еўропе iснуюць ужо добрае дзесяцiгоддзе. На прыродазнаўчых факультэтах вучыцца вельмi цяжка, дый гэтыя спецыялiсты атрымлiваюць зарплату не такую высокую, якую маюць магчымасць атрымаць, напрыклад, юрысты цi эканамiсты. Таму абiтурыенты з прыкладна аднолькавымi здольнасцямi i выбiраюць «больш лёгкiя» спецыяльнасцi.

— Такiм чынам, узнiкае сацыяльная праблема?

— Безумоўна. Гэтая «хваля» з краiн з рынкавай эканомiкай i да нас прыйшла... Сацыяльная праблема дзяржавы — яе трэба бачыць i асэнсоўваць. Неабходна рабiць захады па падтрымцы студэнтаў, якiя жадаюць быць матэматыкамi, фiзiкамi, хiмiкамi. Таму што пры ўсёй маёй павазе да гуманiтарных спецыяльнасцяў... Трэба мець на ўвазе, што сучасная прамысловасць — гэта не толькi вытворчасць, але i сур’ёзныя навуковыя распрацоўкi.

— А трэцяя прычына?

— Профiльны экзамен. Многiя абiтурыенты пабаялiся ўдзельнiчаць у профiльным унiверсiтэцкiм экзамене, маючы на руках гарантаваныя балы сертыфiкатаў цэнтралiзаванага тэсцiравання. Чыста псiхалагiчна я iх разумею: прайшоў амаль месяц пасля тэсцiравання — многiя адчувалi сапраўдны «паслястрэсавы шок»...

Некаторыя ў БДУ прапануюць, каб не было профiльных экзаменаў. Ведаеце, для ўнiверсiтэта гэта вельмi лёгкае рашэнне. Але я глыбока перакананы: гэтае «лёгкае рашэнне» будзе надзвычай шкодным для сiстэмы класiчнай унiверсiтэцкай адукацыi. Мы можам страцiць узровень студэнтаў.

А зараз крыху статыстыкi. Тэарэтычна пры паступленнi ў ВНУ абiтурыент можа набраць 400 балаў (тры тэсты плюс сярэднi бал атэстата). Першакурснiкi БДУ, якiя паступiлi на бюджэт, набралi ў сярэднiм па 300 балаў, тады як у сярэднiм па краiне — толькi 200. I гэтым усё сказана.

Хачу звярнуць вашу ўвагу i на вынiкi вераснёўскага сацыялагiчнага апытання першакурснiкаў. Было прапанавана пытанне: «Як вы лiчыце, у якой форме павiнна адбывацца паступленне ва ўнiверсiтэт?». 26,3 працэнта — за ўступныя экзамены, 33,5 — за спалучэнне ўступных экзаменаў i тэсцiравання i толькi 29,8 працэнта — за адзiнае тэсцiраванне.

Разам з тым, мяркую, трэба значна ўзмацнiць прафарыентацыйную работу.

— Каб захаваць прынцып сацыяльнай справядлiвасцi, суадносiны памiж сельскiмi i гарадскiмi абiтурыентамi, уведзены пэўныя квоты пры паступленнi ў ВНУ выпускнiкоў сельскiх школ — i гэта правiльна. Але наша газета неаднаразова ўзнiмала пытанне аб тым, што нiбыта выпалi з поля зроку хлопцы, якiя выканалi грамадзянскi абавязак — прайшлi тэрмiновую службу ў армii. У СССР на працягу дзесяцiгоддзяў iснавалi льготы пры паступленнi...

— На гэта пытанне абавязкова трэба шукаць пазiтыўны адказ.

— Звярталася ў розныя ВНУ, каб высветлiць, колькi чалавек пасля службы ў армii паступiлi на дзённую бюджэтную форму. Мне гаварылi: улiк не вядзецца, але хутчэй за ўсё — нiхто не паступiў. Таму што... будзем гаварыць адкрыта: гэта немагчыма. Немагчыма падрыхтавацца да тэсцiравання, праходзячы тэрмiновую службу ў армii, i на роўных канкурыраваць з выпускнiкамi школ, многiя з якiх год займалiся з рэпетытарамi?

— Немагчыма — згодны. Тут можа нарадзiцца яшчэ адна сацыяльная праблема. Неабходна выпрацоўваць падыходы, каб абаранiць сацыяльную справядлiвасць у дачыненнi да юнакоў, якiя прайшлi ваенную службу. Прычым гэта нiякiя не льготы!..

— «Утварылася дыспрапорцыя памiж патрэбнасцямi рэспублiкi ў эканамiстах i юрыстах i рэальным аб’ёмам iх падрыхтоўкi», — пiсалi вы ў часопiсе «Беларуская думка». Выпускнiкi названых спецыяльнасцяў размяркоўваюцца або маюць «свабодныя» дыпломы?

— Значная частка размяркоўваецца. Не ведаю прыкладаў, каб нашы выпускнiкi не мелi працы.

— Калi ў краiне лiшак юрыстаў-эканамiстаў, цi ёсць сэнс працягваць iх падрыхтоўку за бюджэтныя сродкi? Магчыма, лагiчна было б зрабiць гэтыя факультэты платнымi?

— Па ўнiверсiтэту «бюджэтных» студэнтаў 55 працэнтаў, «платных» — 45. А на гэтых факультэтах бюджэтнiкаў толькi 25—30 працэнтаў. Так што абазначаная схема, па сутнасцi, ужо дзейнiчае.

— Васiль Iванавiч, многiя студэнты-платнiкi неразумеюць: чаму вырасла плата за навучанне?

— Адразу скажу: памыляюцца тыя, хто лiчаць, быццам бы яны поўнасцю аплачваюць сваю вучобу. Грошы платнiкаў iдуць на зарплату выкладчыкаў, накладныя выдаткi i вельмi невялiкi працэнт рэнтабельнасцi, пры гэтым не ўлiчваюцца капiтальны рамонт iснуючых будынкаў i ўзвядзенне новых, закупкi абсталявання i г.д. Вось i лiчыце: паднялася заработная плата работнiкаў ва ўсёй краiне (а значыць, i выкладчыкаў БДУ) — прыбавiлася нешта i да кошту навучання. У сярэднiм па БДУ плата за навучанне для студэнтаў II—IV курсаў павысiлася на 6 працэнтаў. Сёлета 93 студэнты БДУ былi пераведзеныя на бюджэтную форму навучання, скiдкi па аплаце атрымалi 808 чалавек, што складае 16 працэнтаў ад агульнай колькасцi платнiкаў (кожны шосты).

— З’явiлася iнфармацыя, што ў БДУ ўзнята плата для першакурснiкаў. У адным з iнтэрв’ю старшыня Пастаяннай камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Уладзiмiр Здановiч сказаў: «Не ведаю, наколькi абгрунтаванае павышэнне аплаты вучобы для толькi што паступiўшых студэнтаў у БДУ. Гэта быў удар i для студэнтаў, i для iх бацькоў. Яны ж пры паступленнi разлiчвалi на адну суму, а ўсяго праз месяц iх «абрадавалi» зусiм iншай!».

— Гэта iнфармацыя не адпавядае сапраўднасцi. У канцы лiпеня абiтурыентам паведамiлi, якiя будуць сумы аплаты, — i праз месяц яны не змянiлiся.

Прыкметнае павелiчэнне аплаты вучобы адбылося там, дзе... няма платнiкаў. Бо раней на такiя цяжкiя факультэты, як прыкладная матэматыка i iнфарматыка, матэматычны, радыёфiзiчны, iшло мала студэнтаў-платнiкаў, хоць аплата i была невысокай. Прынцып быў такi: чым менш жадаючых, тым меншая i аплата. Зараз на гэтых факультэтах аплату прывялi ў адпаведнасць з затратамi на навучанне.

— Цi не абясцэньваецца вышэйшая адукацыя праз павелiчэнне колькасцi платнiкаў? Калi студэнт плацiць грошы, як жа яго выключыць, нават калi ён «не цягне»?

— Павялiчылi колькасць набору на платнае навучанне — i адначасова павышаем патрабавальнасць. У працэсе навучання няма нiякага падзелу на платнiкаў i бюджэтнiкаў. «За грошы» дыпломы нiхто не выдае.

* * *

— Мiнiстэрства адукацыi пад вашым кiраўнiцтвам рыхтавала «лiчбавую рэформу» — перавод на 10-бальную сiстэму ацэнкi ведаў. Магчыма, у гэтай навацыi i не было патрэбы: усё роўна ж застаюцца ацэнкi не ад 0 да 10, а ад 4 да 9?

— Не, толькi ў вышэйшай школе залiковыя ацэнкi — пачынаючы з 4. Пры паступленнi ў ВНУ дастаткова атрымаць 3 балы, гэта ўжо здавальняючая адзнака... Усё зроблена правiльна, перакананы ў гэтым. Толькi трэба ўводзiць практыку сярэдняга бала за кожны школьны год. Калi сярэднi бал вельмi нiзкi, то варта правучыцца ў гэтым жа класе яшчэ год... Дадам, што ў рамках 5-бальнай сiстэмы ў ВНУ немагчыма было б арганiзаваць вучобу па так званай «модульнай» сiстэме.

— Васiль Iванавiч, iдзе будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы, прадугледжваецца стварэнне адзiных падыходаў у тым лiку да адукацыi. Наколькi ведаю, у Расii не збiраюцца адмаўляюцца ад «пяцiбалкi» — магчыма, мы будзем вяртацца назад?

— Мне здаецца, «пяцiбалка» засталася толькi ў Расii. На Украiне — 12-бальная сiстэма, у Прыбалтыцы — 10-бальная, у Малдове, калi не памыляюся, — 20-бальная... У Расii шэраг школ працуе ў эксперыментальным рэжыме па 10-бальнай сiстэме, на сустрэчах з расiйскiмi вучонымi чую: «Трэба змяняць!». Але Расiя вельмi вялiкая краiна, таму доўга рыхтуецца да кардынальнага кроку. Напрыклад, там прадугледжваецца пераход на 12-гадовую школу, але пакуль застаецца 11-гадовая. Прычына банальная: калi мы захавалi будынкi дзiцячых садкоў, выкарыстоўваем iх для пачатковай школы, дык у Расii гэтага не захавалася, адсутнiчаюць неабходныя матэрыяльна-тэхнiчныя ўмовы.

— Будучы мiнiстрам, вы выкладалi ў БДУ. I зараз лекцыi чытаеце?

— Выкладаю ў Рэспублiканскiм iнстытуце вышэйшай школы, вяду дзве тэмы. Першая — тэндэнцыi развiцця сярэдняй i вышэйшай школы ў сусветным маштабе, на постсавецкай прасторы, а таксама асноўныя вектары развiцця айчыннай адукацыi. Другая тэма пачыналася з майго заўсёднага хобi, а зараз мае пэўнае дачыненне i да прафесiйных iнтарэсаў — развiццё нашага ўяўлення аб Сусвеце.

— З фiзiчнага пункту гледжання?

— Так. Нядаўна два мае артыкулы апублiкаваны ў «Беларускай думцы»: «Цi адзiнокiя мы ў Сусвеце?», «Да тайнаў Сусвету». У адным з блiжэйшых нумароў з’явiцца публiкацыя «Чалавек i Сусвет». Завяршаю працу яшчэ над чатырма артыкуламi. Летась выкарыстаў свой адпачынак i яшчэ суботы-нядзелi некалькiх месяцаў — па сваiх нататках зрабiў кнiжку «Тайны Вселенной». А ў 2004-м зрабiў сабе падарунак на дзень нараджэння: выйшлi дзве кнiгi.

«Непазбежнае пытанне аб суадносiнах навуковай i рэлiгiйнай карцiн свету. Я вырашыў яго з дапамогай квантавай фiзiкi, у межах уяўленняў якой працягваю працаваць, i ў мяне няма ўнутраных супярэчнасцяў».

«Навука пакуль што не дае адказу на пытанне, як Розум можа быць «саўдзельнiкам» нараджэння Свету, у якiм ён рэалiзуе сябе. Трэба будзе яшчэ пра многае даведацца, каб з’явiлася надзея на спасцiжэнне неспасцiжнага.

Цi адзiнокiя мы ў Сусвеце? Адназначнага адказу на гэта пытанне не iснуе. Мы шукаем пазаземных братоў па розуму. Але iх можа i не быць. На жаль. Асабiста я схiляюся да меркавання, што чалавецтва не адзiнокае ў Вялiкiм Сусвеце, але ў «роднай» Галактыцы, на Млечным Шляху, акрамя нас, нiкога няма. Разам з тым думаю, што ў нашым «выпадковым» Сусвеце жыццё на Зямлi ўзнiкла зусiм не выпадкова».

(З артыкула «Цi адзiнокiя мы ў Сусвеце?» «Беларуская думка», 2006, № 9).

— Васiль Iванавiч, калiсьцi вы расказвалi, што ў дзяцiнстве марылi стаць прафесiйным футбалiстам, займалiся ў маладзёжнай футбольнай школе... Гуляеце ў футбол i зараз?

— На жаль, апошнi раз гуляў у футбол два гады таму, таму што тады зноў сур’ёзна пашкодзiў калена... Зараз — плаванне, настольны тэнiс. Люблю хадзiць па лесе.

— Ваша жонка па-ранейшаму працуе старшым выкладчыкам у лiнгвiстычным унiверсiтэце?

— У наступным годзе споўнiцца 40 гадоў, як яна там выкладае. Рэгiна Аркадзьеўна вельмi добры выкладчык — я бачу гэта па адносiнах студэнтаў да яе. I былых студэнтаў, якiя скончылi «iняз» 30—35 гадоў таму, — на 1 верасня i Дзень настаўнiка тэлефануюць людзi, якiя самi праз пару гадоў пойдуць на пенсiю. Помняць!.. Дарэчы, праз яе рукi прайшлi ўжо i дзецi яе першых студэнтаў.

Дарэчы, у сёлетнiм снежнi спаўняецца 40 гадоў, як я скончыў БДУ (мы вучылiся пяць з паловай гадоў).

— Збiраецеся адзначыць гэту дату з сакурснiкамi, увогуле цi ёсць у вас традыцыя сустракацца?

— Яна была раней: збiралiся праз 5, 10, 20, 25 гадоў. Спадзяюся, сустрэнемся i на гэты раз. У БДУ зараз працуе 6 аднагрупнiкаў. У нас была незвычайная вучэбная група. Дэкан факультэта радыёфiзiкi i электронiкi Сцяпан Мулярчык, доктар навук, прафесар — з маёй вучэбнай групы. Антон Руднiцкi i Яўген Варапай — дактары навук, загадчыкi кафедраў — таксама аднагрупнiкi, як i акадэмiк Мiкола Казак. У нас яшчэ быў Аляксандр Бельскi — доктар навук, прафесар, увогуле ўнiкальны чалавек, якi ўжо ў сталыя гады вывучыў 10 замежных моў, яму было цiкава (на жаль, ён ужо пайшоў з жыцця)... Шэсць дактароў навук з адной вучэбнай групы — кожны чацвёрты. Мне здаецца, у гiсторыi ўнiверсiтэта яшчэ не было падобнага.

— Ваш старэйшы ўнук таксама будзе паступаць у БДУ?

— Мiша вучыцца ў 11-м класе, яго iнтарэсы звязаны з гуманiтарнай сферай. Але i з будучай прафесiяй, i з ВНУ ён пакуль не вызначыўся.

— Як будзе адзначацца юбiлей БДУ?

— Багатая праграма юбiлейных мерапрыемстваў ужо ў разгары. 30 кастрычнiка адбудзецца ўрачысты сход i святочны канцэрт у канцэртнай зале «Мiнск».

Карыстаючыся магчымасцю, шчыра вiншую студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнiкаў i ўсiх выпускнiкоў БДУ! Традыцыi ўнiверсiтэта захоўваюцца i працягваюць развiвацца.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 кастрычнiка Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт адзначае 85-гадовы юбiлей
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика